ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Як я пачаў друкавацца, мой сусед па сакратарыяце Валодзя Фрыдрыхсон часьцяком распачынаў гаворку пра літаратуру. Ён няблага ведаў расейскую клясыку ды і заходнюю, асабліва нямецкую літаратуру, успамінаў розныя літаратурныя калізіі 20-х гадоў. Мае вайсковыя апавяданьні ўспрымаў з добраю доляй сяброўскай іроніі, асабліва што да гераізму. I я, можа, упершыню адчуў іншы бок таго, на які разьлічваў ва ўспрыняцьці маіх твораў чытачом. Зрэшты, гэты ўвогуле разумны чалавек ці ня ўсю мінуўшчыну (ды і сучаснасьць таксама) успрымаў зь ледзьве прыхаваным скепсісам інтэлігента, сэнс якога я зразумеў шмат гадоў пасьля. Але ў найбольшай меры таго скепсісу ды іроніі даставалася ягонаму калегу, чые здымкі ён штодня рэтушаваў, — фатографу Віктару Косьціну. Гэты ветэран мінулай вайны, былы танкіст, шмат перажыў на вайне і зусім ня быў настроены на чыю-небудзь іронію ў адносінах да сябе. Не зважаючы на тое, Фрыдрыхсон доўга зьдзекаваўся зь ліста, які атрымаў Косьцін з Масквы ў адказ на просьбу пра мэдаль «За ўзяцьце Бэрліну». Ліст быў такі: «Грамадзяніну Косьціну В. П. На ваш зварот адносна ўзнагароджаньня вас мэдалём „За ўзяцьце Бэрліну“ паведамляем, што N-скі Жытомірска-Фастаўска-Бэрлінскі ордэнаў Леніна, Чырвонага сьцягу, Кутузава і Суворава танкавы корпус удзелу ва ўзяцьці Бэрліну не прымаў, і вы права на ўзнагароджаньне вас указаным мэдалём ня маеце. Начальнік аддзелу ўзнагародаў палкоўнік такі». Во, корпус-самазванец, іранізаваў Фрыдрыхсон. Косьцін абураўся.

Тою парой пазнаёміўся з гродзенскім празаікам Аляксеем Карпюком. Неяк сутыкнуліся на стромкай рэдакцыйнай лесьвіцы, і Карпюк кінуў мне ў яго звычайнай таропкай манэры: «Здароў! Кажуць, аповесьць пішаш?» — «Пішу, ага». — «Правільна, пішы». Сказаў і пабег уніз на падворак. Ён тады ўжо быў аўтарам кніжкі «У адным інстытуце», перажыў не адну жыцьцёвую драму і, здаецца, на той час ня меў працы. Пасьля жыцьцё на шмат год зьвяло нас з гэтым незвычайным чалавекам і пісьменьнікам, шмат гора і клопату было перажыта разам.

Гэтым часам ці трохі раней адбыліся два вядомыя партыйныя зьезды, якія добра ўскалыхнулі ўнутранае жыцьцё краіны. У літаратуры гэта найперш адчулася ў нечаканым узьлёце сатыры, якой за гады савецкай улады (асабліва пасьля вядомай расправы над М. Зошчанкам), здавалася, назаўжды выдралі зубы. У газэтах і часопісах сталі паяўляцца хлёсткія фэльетоны і мініятуры, зьявіліся новыя імёны сатырыкаў. З апошніх мне вельмі падабаўся рана памерлы А. Зьвераў(надпісы на шпіталі: «Савецкія хворыя — самыя здаровыя ў сьвеце», «Памятай: перажоўваючы страву, ты памагаеш дзяржаве» ды інш.). Беларускі «Вожык» неўпрыцям пачаў набываць характар, хаця ягоны крытычны пафас і не ўзьнімаўся вышэй пасады ўпраўдома. Гэты часопіс надрукаваў штось з маіх фэльетонаў, і галоўны рэдактар Павел Кавалёў запрасіў у Менск для знаёмства. (Тады асабістае знаёмства з аўтарам было абавязковым, перад тым вывучалася яго мінулае, сацыяльнае становішча, партыйнасьць.) Прыехаўшы аднойчы па ганарар, пазнаёміўся з Паўлам Нічыпаравічам, а каб замацаваць знаёмства, пайшлі ў рэстаран. Нашай кампаніяй не пагрэбавалі і іншыя працаўнікі «Вожыка», і ня толькі сатырыкі. Вынікам таго супрацоўніцтва празь нейкі час стала кніжачка сатырычных апавяданьняў пад характэрным назовам «Ход канём».

43. Зборы. «Трэцяя ракета»

Я пісаў апавяданьні, штораз мяняючы тэмы — то браўся за вайну, то за маладзёжныя праблемы. Адно «маладзёжнае» апавяданьне паслаў у Менск на фэстывальны конкурс і атрымаў першую прэмію ў галіне прозы. Такую ж прэмію ў галіне паэзіі атрымаў тады малады пачатковец з Воршы Уладзімер Караткевіч. Неяк у Менску мы зь ім бегла пазнаёміліся, але агульных сяброў у нас не знайшлося, і наступная сустрэча адбылася няхутка. Натуральна, я спрабаваў супрацоўнічаць з «Чырвонай зьменай», празь якую, кажуць, прайшла ўся маладая беларуская літаратура. Але дасланае туды апавяданьне было жорстка раскрытыкавана Iванам Калесьнікам, які па нейкай патрэбе прыяжджаў у Горадню, і я зь ім увогуле пагадзіўся. Затое дасланае ў «ЛіМ» апавяданьне на ваенную тэму было прыязна прынята намесьнікам рэдактара Раманам Сабаленкам, які сказаў, што гэтую тэму мне варта разьвіваць і паглыбляць. Акрылены гэткай парадай, за кароткі час напісаў невялічкую аповесьць «Жураўліны крык», якая неўзабаве была надрукаваная ў «Маладосьці» і выйшла ў маім першым празаічным зборніку. Гэты зборнік прывёз мне ў Горадню загадчык аддзелу выдавецтва Мікола Татур. Ды яшчэ з гасьцінцам — бутэлькай армянскага каньяку, які тады можна было дастаць толькі па блаце. То быў добры знак. Я адчуў сябе амаль шчасьлівым.

А ў рэдакцыі «Гродзенскай праўды» адбылася сумная падзея — раптоўна памёр Міхась Васілёк. Хавалі яго прынародна, з Дому-музею Элізы Ажэшкі. Быў цёплы дажджлівы дзень, народу сабралася надта шмат. Цяпер, калі ён памёр, аказалася, што гарадзенцы яго дужа любілі, некаторыя нават плакалі на паховінах — асабліва старэйшыя людзі, што памяталі сялянскага паэта з польскіх часоў. Мяне як члена СПперавялі на ягонае месца ў рэдакцыі, і я перасеў з тлумнага сакратарыяту ў зацішны аддзел культуры. Toe было зручней для творчасьці, вольнага часу пабольшала.

У той час я захварэў. На апэндыцыт. Але каб тое вызначыць, спатрэбіўся час, а «хуткая» прывезла мяне ў бальніцу позна ўначы. Дзяжурны хірург пад той час ужо «хлопнуў» сваю дозу сьпірытусу і лёг спаць. Рэзаць мяне ўзяўся, як праспаўся, мабыць, час быў упушчаны. Як выпісаўся, пачаліся ўскладненьні. Дактары не маглі даўмецца, думалі, што брушны тыф. Добра, што папыталіся ў старога гарадзенскага лекара Нічыпарука, які адразу паклаў мяне на хірургічны стол і разрэзаў другі раз. Тым і ўратаваў, бо я ўжо не ўставаў.

Як і шмат для каго з нашых чытачоў, для мяне ў той час было дужа важным адкрыцьцё Э. Хэмінгуэя. У друку паявіліся ягоныя творы («Бывай, зброя», «Сьвята, якое заўсёды з табой», аповесьці і апавяданьні), ягоны «Стары і мора». Мне дужа імпанавала ягонае жыцьцялюбства, непадробны рамантызм лепшых старонак ягоных твораў, яго публіцыстыка, выказваньні пра літаратуру і літаратурныя справы. «Нешчасьлівае дзяцінства — лепшая школа для пісьменьніка», — прачытаў я ў ягоным артыкуле, і тое бы вытлумачыла штосьці ў маёй схільнасьці да літаратуры. А ён яшчэ пісаў: «Проза — гэта архітэктура, а не майстэрства дэкаратара» і «Вайна пакідае ў пісьменьніка рану, якая дужа марудна зажывае». Зноў жа і ягоны выкрутлівы літаратурны лёс. Пісаў вялікі раман з жыцьця на моры ў час сусьветнай вайны, ды спатрэбіліся грошы. Тады Хэм вылучыў з раману больш-менш скончаны разьдзел пра рыбака, які злавіў вялікую рыбіну і змагаецца зь ёю. Назваў той урывак «Стары і мора», які нечакана прынёс яму Нобеля. Не раман, ня ўся безумоўна выдатная творчасьць, а толькі невялікі ўрывак.

Не любіў тэатру, кіно… Дужа мкнуўся да натуральнага жыцьця простых людзей, да якіх і сам хацеў бы належаць. Калі б ня стаў пісьменьнікам. На пачатку творчасьці ня ўмеў засвоіць тагачасны літаратурны стыль, пісаў «не стылёва», па-свойму, што, аднак, дало падставу ўбачыць у ягонай мове асаблівасьць нейкага запачаткаванага ім хэмінгуэеўскага стылю.

Здавалася, у краіне ажывела ўся літаратура наогул, другое дыханьне набывала вайсковая проза. Пасьля «У акопах Сталінграду», «Валакаламскай шашы», дзьвюх аповесьцяў Эм. Казакевіча, адна зь якіх («Двое ў стэпе», яна ж самая лепшая) была разгромлена партыйнай крытыкай, можна было думаць, што тэма вайны вычарпана і не адновіцца. Аж аднавілася ды зазьзяла яшчэ з большым, чым раней, бляскам, галоўным чынам высілкамі маладых, аўтараў т. зв. лейтэнанцкай прозы. Сьпярша гэта былі Юры Бондараў зь ягонымі «Батальёнамі», затым Рыгор Бакланаў зь «Пядзьдзю». Увогуле там былі ня Бог ведае якія адкрыцьці, але была праўда і боль вайны, ад якіх савецкае грамадзтва амаль адвыкла. (Калі толькі і прывыкала.) Недзе ў гэты час мне давялося прачытаць невялічкую кніжку Р.Бакланава «На поўдзень ад галоўнага ўдару», якая мяне амаль аблавушыла. Рэч у тым, што аўтар падрабязна і праўдзіва апісаў там некалькі момантаў зь вядомых мне па ўласным вопыце баёў пад венгерскім горадам Секешфехерварам, дзе мяне параніла. Я быў зьдзіўлены, як простая праўда вайны рабілася высокім мастацтвам, якія, аказваецца, магчымасьці нясе з сабой банальны кавалак жыцьця. (Хаця вайна, канешне, не банальны кавалак…) А прачытаўшы ў «Новом мире» ягоную «Пядзь зямлі», адклаў усё, што на той час пісаў, і з жарам сеў за «Трэцюю ракету».

Скончыць яе за вясну не ўдалося, а на пачатку лета — зноў вайсковыя зборы. Ваенны гарадок пад Наваградкам, заняткі. Зноў — статуты, палітпадрыхтоўка, артылерыя, якую я пастараўся забыць. Але там усё напомняць. I ўсё ж болей захапляла мая няскончаная аповесьць. Мабыць, ніводную я не пісаў з такой апантанасьцю, як «Трэцюю ракету», сам ня ведаю, зь якой прычыны. Бывала, як толькі наставала пасьляабедзьдзе і па звыклым распарадку дня вайскоўцы клаліся спаць, я бег у ціхманы куток салдацкай курылкі і пісаў — алаўком у сшытку. Самапісак жа тады не было, тэхнічны прагрэс нашую аргтэхніку яшчэ не кранаў. Немалой праблемай было перадрукаваць напісанае. Друкаркі меліся толькі ва ўстановах, іхні ўжытак строга кантраляваўся кіраўніцтвам і КДБ. На выхадныя і сьвяточныя дні машбюро звычайна апячатвалася. Даводзілася неяк выкручвацца, перадрукоўваць амаль нелегальна. I тут мяне выручала машыністка Станіслава Фадзееўна, а пасьля Iрына Міхайлаўна, якая прытым стала першым і дужа прыдзірлівым крытыкам усяго мной напісанага. Цяпер я ёй за тое вельмі ўдзячны, хаця тады часам і крыўдзіўся.

Часопіс «Маладосьць», зь якім я ўжо наладзіў сталае супрацоўніцтва, неўзабаве надрукаваў аповесьць. Галоўны рэдактар Пімен Панчанка сказаў мне з гэтага поваду трохі ласкавых словаў. Яны, ведама ж, узьнімалі настрой, дадавалі жаданьня пісаць і яшчэ. На нейкай нарадзе да мяне падышоў малады навуковец і пачынаючы празаік Алесь Адамовіч, які павіншаваў з праўдай вайны, што зьявілася на старонках і беларускага друку. Я быў удзячны абодвум.

У краіне паяўлялася новая літаратура з новым бачаньнем сьвету. I, у прыватнасьці, мінулай вайны. Галоўнай ідэйна-мастацкай адметнасьцю гэтай літаратуры стала прызнаньне наяўнасьці на вайне ня толькі зьнешняга, так бы мовіць, ворага — нямецкага фашыста, але і кагось унутранага, мала за немца лепшага. Раней гэта быў проста здраднік, часам трус, дэзэртыр. Цяпер стаў яшчэ і перастрахоўшчык, кар’ерыст, эгаіст. I лепшыя творы гэтага накірунку паказалі, што ва ўласных шэрагах здаралася барацьба, якая па вастрыні мала ўступала барацьбе на перадавой. У вайсковай прозе ўпершыню паявіўся злачынцаасабіст, недацёпа-палітрук. Тое было з энтузіязмам успрынята пэўнаю часткай літаратурнай крытыкі, хаця і ня ўсёй. Партыйная крытыка пагрозьліва прыжмурыла вочы. Такога яна трываць не зьбіралася, яна толькі чакала сыгналу. Хрушчоў сваім рэвізіянізмам падкопваў традыцыйны падмурак культуры, замуціў яе ідэалягічную стэрыльнасьць. Нават дазволіў Твардоўскаму надрукаваць «Адзін дзень Iвана Дзянісавіча», гэтую калядную казачку пра лягернае жыцьцё. Сьпярша належала прыбраць Хрушчова.

Як яго прыбіралі, цяпер шырока вядома, — то была змова членаў палітбюро. Але ў палітбюро абмяркоўваліся і іншыя спосабы. Кіраўнік КДБ таго часу Сямічасны пасьля пісаў, што распрацоўваўся плян тэракту ў паветры, як Мікіта Сяргеевіч будзе вяртацца з Эгіпту. Той варыянт ня быў прыняты толькі таму, што маглі загінуць некалькі дзясяткаў «рабят з КДБ» — ахова Хрушчова. Таму зрабілі інакш — ціха і тайна. Руль дзяржаўнага караблю перакладвалі на іншы курс.

Не было яшчэ ніякіх пастаноў на гэты конт, ды людзі, блізкія да калідораў улады, зразумелі, куды трэба ісьці, і выскачылі, каб не апынуцца ззаду. У Менск на пасаду галоўнага рэдактара «ЛіМу» прыехаў з Маскоўскай ВПШ партыйны журналіст Нічыпар Пашкевіч. Натуральна, яму карцела праявіць сябе, засьведчыць партыйную хэнць, пераацаніць да яго ацэненае. Штосьці не задавальняла яго ў апошняй аповесьці Я. Брыля. Але Брыль ужо быў ляўрэатам Сталінскай прэміі, зноў жа нядаўна выдаў звонкагалосы нарыс «Сэрца камуніста». Мабыць, на ролю хлопчыка для біцьця Брыль мала гадзіўся. Затое цалкам гадзіўся малады празаік з Горадні Васіль Быкаў. I хутка ў «ЛіМе» паявіўся грамадны, на цэлы разварот артыкул пад красамоўным назовам «Героі ці ахвяры лёсу?». Пытаньне ў загалоўку стаяла, вядома ж, рытарычнае. Яшчэ не пачаўшы чытаць, можна было зразумець, што аўтар аповесьцяў — ёлупень і недарэка, а ягоныя героі — ахвяры і сьлюнцяі, зь якіх ні ў якім разе нельга браць прыклад. А калі яны створаны не для прыкладу, дык чаму ж у іх можна навучыцца? Чаму не відно адкрытага аўтарскага асуджэньня ягоных пэрсанажаў ды іхніх учынкаў?

Поделиться с друзьями: