ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

У дарозе, мусіць, найлепш, на вайне то будзе найменш фальшыва. Бо вайна — скрозь дарога. Ці туды, ці назад. Ці ў рай, ці ў пекла. А яшчэ больш тыпова, калі пойдуць у рай, а прыйдуць у пекла. Тут ужо не рамантызм, а самы жорсткі сучасны рэалізм. Iх поўнае і арганічнае спалучэньне.

Пачатак творчага працэсу ў мастацтве заўжды таемны, няўлоўны і невыразны, першыя ягоныя імпульсы зьяўляюцца падсьвядома, здаецца, без удзелу волі і розуму. «Творчасьць бесьсьвядомая», — пісаў некалі англічанін Карлейль. Так і ў мяне неўпрыкмет высьпеў намер «Альпійскай балады». Там сапраўды — ён і яна, абое гнаныя і прасьледаваныя ў самых драматычных абставінах, дзе, аднак, выяўляецца вечная праява жыцьця — каханьне. Вядома, што каханьне перамагае шмат што, бывае, што перамагае і сьмерць. Вобраз гераіні падказаў выпадак з вайны, той жа выпадак нагадаў антураж падзеяў — горы, зусім рамантычны, пачынаючы з назвы — Альпы. Што ж да героя, дык Iванаў як характары я ведаў добра, шмат іх пабачыў на вайне. Пэўныя складанасьці ўяўляла мова дзяўчыны, гэты кангламэрат зь дзьвюх-трох моваў, галоўнай зь якіх, ведама ж, была італьянская. Iтальянскай мовы я ня ведаў і пракансультавацца ня меў у каго. Але дапамог выпадак.

Аляксей Карпюк на той час уладкаваўся працаваць у агенцтва «Iнтурыст», меў на чыгуначным вакзале свой працоўны офіс — маленькую каморку на першым паверсе. Ужо тады мы зь ім сябравалі. Звычайна Аляксей сядзеў за друкаркай, чарговы раз перадрукоўваў свае аповесьці, на размову ў яго заўжды не хапала часу. Але во неяк пазваніў, кажа — зайдзі. Я прыйшоў і застаў у яго невядомага чалавека з разгубленым позіркам. Выявілася, што гэта італьянскі турыст, якога памежнікі зьнялі з варшаўскага цягніку, бо ў яго не аказалася пашпарту. Што зь ім рабіць далей, было невядома. Успомніўшы, аднак, пра мой клопат, Карпюк і патэлефанаваў мне.

Найперш мы завялі італьянца ў рэстаран, накармілі яго. Ён трохі гаварыў па-расейску і распавёў нам, што згубіў кашалёк, а ў кашальку пашпарт і грошы. Пакуль памежнікі вырашалі, што рабіць зь небаракам, мы пасялілі яго ў прывакзальным гатэліку, дзе ён нудзіўся дні тры ці чатыры. Клікалі яго Марыё, родам ён быў з Генуі, працаваў у мэдыцыне. Той час я браў у яго ўрокі італьянскай мовы — вядома, у межах патрэбы маёй гераіні, якую я ўжо назваў Джулія. (Iмя, дарэчы, не зусім італьянскае, але пра тое я дазнаўся пасьля.) Праз колькі дзён знайшліся дакумэнты італьянца, якія былі ў яго скрадзены ў Ленінградзе, мы праводзілі госьця на варшаўскі цягнік і разьвіталіся. Той паабяцаў болей не патыкацца ў краіну, дзе гэткія рукастыя зладзеі. Гісторыя гэта, аднак, празь нейкі час займела адмысловы працяг.

Сцэны ўцёкаў герояў ды інтымныя сцэны сярод альпійскіх лугоў пісаліся ўвогуле лёгка, паэзія каханьня захапіла б нават чэрствага аўтара. Але дзесь ён адчуў, што аднае паэзіі будзе мала. Усё ж у драматычны ваенны час нельга было выключыць зь сюжэту сацыяльныя акалічнасьці. Хоць Iван з Джуліяй і адасобіліся ў гарах са сваім каханьнем, вайна на іх не забылася. А нядаўняе мінулае ў перадваенныя гады зь іх сацыяльна-палітычнай драмай таксама не зьнікала зь Iванавай сьвядомасьці. На глебе мінулага і ўзьнік першы разлад адносінаў паміж чалавекам з Усходу і дзяўчынай іншай, заходняй культуры. Разлад, які мог быць улагоджаны толькі каханьнем, што і адбылося ў сюжэце пазьней. (Тыя сцэны пры друкаваньні ў Маскве выклікалі найбольшы супраціў рэдактуры.)

Як заўжды, аповесьць першым выданьнем выйшла ў «Маладосьці», якая працяглы час даволі ўважліва адносілася да маёй творчасьці. Чаго нельга сказаць пра «Полымя» — тады адмысловы орган, створаны для намэнклятурнай пісьменьніцкай эліты. Але мяне задавальняла і «Маладосьць», хоць мой узрост і перакрочыў маладзёвыя рамкі. У часе абавязковага тады папярэдняга абмеркаваньня на рэдкалегіі Пімен Панчанка сказаў: «Канешне, усё тое — няпраўда, а верыцца. Значыць, гэта — мастацтва».

Добрыя водгукі на аповесьць прыслалі шмат якія чытачы, звычайна скупы на пахвалы Янка Брыль, маладзейшыя пісьменьнікі. Атрымаў добры ліст з Зэльвы ад мала каму знаёмай тады Ларысы Геніюш, яна была ў захапленьні ад Iвана, пакутнага і шчырага беларуса, які сваёй ахвярнасьцю выратаваў эўрапейскага чалавека. А яе муж, доктар Iван Пятровіч Геніюш, неўзабаве завітаў да мяне ў Горадню, распавёў пра свой і жончын гаротны лёс. З таго часу ён часьцяком наведваўся да мяне на вуліцу Кашавога, калі прыязджаў па сваіх доктарскіх справах. Працаваў ён у Зэльве дэрматолягам. Увогуле ён мне падабаўся сваёй непадробнай беларускай шчырасьцю. З нашых гаворак я пазнаў нямала новага і нават неспадзяванага з жыцьця на акупаванай тэрыторыі, пад немцамі, а таксама ў Празе. Факты, пра якія распавядаў Геніюш, ня надта ўлагоджваліся з тымі, што мы засвоілі з савецкай прапаганды. Распавёў, як пасьля вайны Геніюшаў «бралі» ў Празе, як Ларыса Антонаўна не адчыняла кадэбістам дзьверы і абяцала выкінуцца ў вакно, а тыя расьцягвалі ўнізе брызэнт, каб яна не забілася. I м дужа патрэбна была яна жывая, бо празь яе мелі намер дазнацца пра архівы апошняга прэзыдэнта БНР Абрамчыка.

Было і яшчэ прыкрае здарэньне, якое прычынілася да лёсу Геніюшаў. Тут праявіўся яго вялікасьць выпадак. Ці правіць ён сьветам, як казалі французы, я ня ўпэўнены, а ўжо лёсам чалавека — пэўна. У маім лёсе было нямала лёсавызначальных выпадкаў, але болей за іншыя ўражвае выпадак з Іванам Пятровічам Геніюшам.

Іван Пятровіч — доктар, працаваў у Празе, быў далёкі ад палітыкі, якой болей займалася жонка Ларыса Антонаўна. Але, натуральна, будучы беларусам, належаў да беларускай абшчыны, якая часам наладжвала свае імпрэзы. Як пачалася вайна, ніхто зь беларусаў, вядома, не шчыраваў за Гітлера, але і ўхіліцца ад нейкай хоць бы сымбалічнай падтрымкі таксама не выпадала. Праводзілі сход, на які сабралася трохі народу. А Іван Пятровіч спазьніўся і прыйшоў, як ужо ўсе былі сабраныя. Хітры Ермачэнка, які кіраваў абшчынай, спытаўся, хто будзе старшынёй сходу. І нехта падказаў: «А во Геніюш, усё роўна яму няма дзе сесьці, апроч як у прэзідыюм».

А як зь ініцыятывы Ермачэнкі прынялі славутую тэлеграму Гітлеру, спатрэбілася яе падпісаць. Каму? Вядома ж, старшыні сходу. Іван Пятровіч казаў, што ў той момант у яго пацямнела ўваччу. І было з чаго. Тая тэлеграма пасьля вайны абышлася старшыні сходу ў 8 гадоў Варкуты і да сьмерці абвінавачваньнем у прыслужніцтве Гітлеру.

Геніюшаў зьвезьлі ў Варкуту, дзе адбылі восем год, але архіваў ня выдалі. I дагэтуль, кажуць, архівы ў надзейным месцы. Геніюшы ў Зэльве жылі ў рэжыме рэгулярнай аблогі, пад няспынным наглядам КДБ ды суседзяў. I ня дзіва. Ларыса Антонаўна адмаўлялася прыняць савецкае грамадзянства і прасілася адпусьціць яе з мужам у Чэхію, пісала лісты за мяжу. Iхні сын Юрка, якога яны знайшлі, вярнуўшыся з Варкуты, жыў у Беластоку, быў польскі падданы, і бацькі доўга ня мелі магчымасьці нават наведаць яго. (Пасьля сьмерці бацькоў ён таксама загінуў загадкавым чынам. Добра, што маці ўжо ня суджана было дазнацца пра тое.) Так зьвёўся некалі вялікі і слынны род беларускіх Геніюшаў.

46. Гарбачоў. Сьцяпанаў

Рэдакцыйныя справы на тую пару мяне ня надта даймалі. Звычайна на дні прымаў маладых паэтаў зь іх вершамі, пісаў адказы на іхнія допісы, рабіў агляды паэзіі, што дасылалася ў газэту. Раз у месяц або ў квартал газэта друкавала літаратурную старонку, на якую трэба было падабраць тузін вершаў і адно-два апавяданьні. Увогуле тое было няцяжка і не рабіла клопату. У Горадні няблага пісалі маладыя. Са сваім адметным голасам ішла ў літаратуру студэнтка Данута Бічэль і яе таварышы Ул. Шурпа, Ул. Васько. У дзіцячым доме падрастала спрытненькая школьніца Вольга Iпатава, на якую мы з Карпюком надта ж спадзяваліся. Часам у рэдакцыю заходзіў разважлівы менскі асьпірант Сяргей Габрусевіч, вершы якога сталі паяўляцца і ў рэспубліканскім друку. У Наваградку пачаў пісаць вершы ўласны карэспандэнт газэты Валянцін Блакіт. Аднойчы прынёс неблагую падборку на рускай мове выкладчык музычнага вучылішча Валянцін Чэкін, тым запачаткаваўшы наша зь ім працяглае таварышаваньне. Праўда, здаралася, што даймалі і некаторыя дужа актыўныя вершатворцы, асабліва зь ліку адстаўнікоў, былых вайскоўцаў. Адзін зь іх — падпалкоўнік Е. кожны панядзелак прыносіў два-тры вершы, напісаныя за выхадныя пад пэўныя даты наступнага тыдню. Ён не спазьняўся, тое было добра, але газэта не магла рэалізаваць усёй ягонай вершаванай прадукцыі, якая да таго ж была ня надта высокай якасьці. Часьцяком я ня ведаў, што яму адказаць, усе мае аргумэнты даўно былі вычарпаны. Тады я сказаў аднойчы: «Нашто вам харошыя вершы друкаваць у нашай правінцыйнай газэце? Пашліце куды ў Маскву». — «А што, думаеце, пройдуць?» — «Напэўна!» — «I ў „Правду“ падыдуць?». Ён забраў вершы і пабег, а я першы раз уздыхнуў з палёгкай — ужо адтуль яму дадуць адказ! I якое ж было маё зьдзіўленьне, калі праз даволі кароткі час Е. прынёс мне «Правду» са сваім вершам на першай старонцы. Выгляд ён меў трыумфатара і вельмі дзякаваў мне за параду. Праўда, болей ягоных вершаў у «Правде» не зьявілася. На вялікі мой жаль.

Тут здарыўся выпадак, які ў каторы раз пагражаў перайначыць мой лёс і, натуральна, дужа мяне занепакоіў.

Зноў, як і тыя разы, паклікалі ў ваенкамат і далі запоўніць вялізныя, на некалькі столак анкеты. Ды яшчэ ў шасьці экзэмплярах. Навошта — тое мне не сказалі, але праз слухі я неўзабаве дазнаўся, што зноў рыхтуюцца прызваць афіцэраў-рэзэрвістаў дзеля перавучэньня іх на ракетчыкаў. Праз мае атэставаныя матэматычныя здольнасьці, засьведчаныя ў асабовай справе, я трапіў у іхні лік. Тое мне зусім не падабалася, але што я мог зрабіць? Адзін наш журналіст быў знаёмы з афіцэрам ваенкамату, падпалкоўнікам і ўвогуле мілым чалавекам, якога мы аднойчы запрасілі ў рэстаран павячэраць. Аматар няблага выпіць яшчэ з часоў мінулай вайны, ён добразычліва паставіўся да нашай праблемы і спытаўся, ці няма каго ў мяне за мяжой? За мяжой, на жаль, у мяне не было нікога. Тады ён папытаў: можа, хто з родзічаў прапаў у вайну бязь вестак? Такіх, вядома, знайшлося, я прыпамятаў стрыечнага брата Міколу і ў адпаведнай графе той анкеты напісаў, што мой брат Мікола жыве ў Заходняй Нямеччыне. Таго хапіла, ад мяне адчапіліся. (Хай мне даруе мой няшчасны брат, які ў 19 год склаў сваю галаву на вайне. Ён, мёртвы, аднак жа паслугаваў мне жывому.)

Адклаўшы капітальную працу — пераклад вялікага раману Мележа, Гарбачоў даволі апэратыўна пераклаў «Баладу» на расейскую, і неўзабаве яна была надрукавана ў некалькіх нумарах часопісу «Огонёк». Iлюстрацыі да яе зрабіў знакаміты графік Пінкісевіч, гэта былі выдатныя ў сваім харастве ілюстрацыі літаратурнага твору, а не сумніўны плён самавыяўленьня мастака, як гэта спрэс робіцца зараз. Ну і, вядома, напомніла пра сябе Беларуская кінастудыя — сказалі, што можна зьняць вельмі прыгожы, рамантычнапатрыятычны фільм міжнароднага гучаньня. Я не знайшоў аргумэнтаў супроць. Мабыць, ранейшыя пакуты з «Трэцяй ракетай» пачалі забывацца, думалася, тут будзе інакш. Мабыць, у кіно, як і ў літаратуры, кожны наступны твор не падобны на папярэдні і мае ўласны лёс.

Як пісаць сцэнары, я ўжо ведаў, нешта даволі хутка накрэмзаў. Здымаць фільм узяўся вопытны рэжысэр Барыс Сьцяпанаў.

Некалі Алесь Адамовіч казаў, што ўсе савецкія рэжысэры аднолькавыя і адрозьніваюцца адзін ад аднаго хіба тым, як адносяцца да сцэнару. Адны бясконца перарабляюць яго самі, змушаюць на тое аўтара, а то і наймаюць памагатых. Другія, атрымаўшы сцэнар, кідаюць яго на сьметнік і здымаюць самі, як хочуць. Хто зь іх лепшы, невядома, але вынік заўсёды аднолькавы.

Мой папярэдні рэжысэр Рычард Віктараў, відаць, адносіўся да першай рэжысэрскай групы, ён выціскаў зь мяне ды іншых, хто да таго меў дачыненьне, усе сокі, дамагаючыся дасканаласьці. Другі ж, Сьцяпанаў, як толькі атрымаў зацьверджаны сцэнар, адразу ж кудысьці зьнік. I толькі калі група выехала на натурныя здымкі, запрасіў аўтара прыехаць, найперш каб адпачыць на прыродзе.

Поделиться с друзьями: