ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Там жа, на Падгорнай, напісаў першае пасьля звальненьня апавяданьне, якое аднёс у рэдакцыю. Там у адзьдзеле культуры пазнаёміўся з літкансультантам Міхасём Васільком і аднавіў колішняе знаёмства з літсупрацоўніцай гэтага аддзелу Iрынай Суворавай. Трохі знаёмы з ёй быў з 49-га, калі яна студэнткай прыязджала на газэтную практыку ў Горадню. Пра Міхася Восіпавіча я ведаў няшмат. Да нядаўняга часу гэты заходнебеларускі паэт жыў у Баброўні за Скідалем і за год перад тым перабраўся ў Горадню. Выглядаў ён дужа змарнелым, пакамячаным жыцьцём чалавекам, зрэдчас пісаў юбілейныя вершы, што зьмяшчаліся на першай старонцы газэты. З выпадку знаёмства мы выпілі зь ім на рагу Савецкай і Цэткін, я папытаўся, як яму жывецца, і ён заплакаў. На ўсе мае пытаньні чаму, у чым справа, — ён толькі махнуў рукой. Ужо пасьля стала вядома, што ў той час (як, зрэшты, і пасьля) яго ці ня кожнага дня цягалі ў КДБ, чагось дамагаліся. Але чаго — Міхась Восіпавіч так і не сказаў да самай сваёй сьмерці ў шасьцідзясятым годзе.

Ужо пасьля сьмерці Міхася Васілька стала вядома яго ваенная драма. Змабілізаваны ў польскае войска напачатку Другой сусьветнай вайны ён разам са шматлікімі жаўнерамі трапіў у нямецкі палон, адкуль выбавіўся пасьля нападу гітлераўцаў на Савецкі Саюз. Вядома, як папулярны ў народзе беларускі паэт, ён ня мог прамінуць увагі да сябе нацыянальных сілаў, таксама як і савецкай партызанкі. Міхась Васілёк ухіляўся ад абодвух бакоў, хацеў заставацца нэўтральным, жыць разам зь сям’ёй у сваёй роднай Баброўні. Але тое не ўдавалася. Як ён мне распавёў аднойчы, зь «вялікай зямлі» за ім быў прысланы самалёт, каб вывезьці яго ў Маскву, дзе на той час жылі ягоныя сябры-пісьменьнікі Максім Танк, Піліп Пястрак ды іншыя. Але Васільку позна паведамілі пра тое, ён спазьніўся на партызанскае лётнішча, замест яго ў Маскву паляцеў іншы. З таго моманту ў паэта-селяніна пачаліся вялікія беды. Яго змусілі прыняць удзел у мясцовым зьезьдзе БЦР, які адбываўся ў Беластоку, што стала падставай для арышту Васілька сьмершам пасьля вызваленьня, і ён дужа пашкадаваў, што разам зь іншымі не падаўся на захад. Нейкі час патрымаўшы ў Лідзкай турме, пасьля допытаў і катаваньняў яго, аднак, выпусьцілі. Але не пакінулі без увагі цераз увесь час да самае сьмерці, падазраючы ў ім калябаранта, нямецкага агента.

Між тым, як мне распавёў з крыўдай другі гарадзенскі пакутнік Г. Цьвятніцкі, яўныя агенты хадзілі побач па гарадзенскіх вуліцах, ніхто іх не лавіў. Рэч у тым, што ў 41-м годзе немцы вельмі хутка захапілі Горадню, а слаўныя чэкісты так порстка ўцяклі, што не пасьпелі зьнішчыць картатэку ўласных агентаў. Завалодаўшы ёю, гестапа зусім ня рупілася расстрэльваць савецкіх сэксотаў — яно іх хуценька перавербавала і змусіла працаваць на нямецкія ўлады. Так яны і працавалі аж да вызваленьня ў 44-м годзе. А як прыйшлі «другія саветы» (так мясцовыя жыхары называлі тагачасную рэстаўрацыю савецкай улады), чэкісты прывезьлі з Масквы захаваныя там дублікаты даваенных картак, і тыя самыя людзі зноў пачалі працаваць на старых-новых гаспадароў. Тое доўжылася шэраг гадоў, іх пасьпяхова выкарыстоўвалі без увагі на іх нядаўняе гестапаўскае мінулае, аж пакуль яны былі патрэбны. Пасьля прыбралі патроху — бяз гвалту і шуму. Але ж людзі ўсё бачылі. Толькі не абураліся. Прывыклі за гады ліхалецьця.

У кватэры было малаўтульна і сьцюдзёна, па ваду трэба было хадзіць праз тры двары. Але я ўвесь дзень быў вольны і пачаў пісаць. Пазьней, калі ўжо стаў аўтарам кніжак, у мяне пыталіся: як і чаму сталася тое? Што хацеў сказаць чалавецтву, якой ісьціне яго навучыць? Мабыць, — ніякіх ісьцін; адразу адчуў, што па натуры я не прапаведнік. Тады для мяне важна было намацаць свой шлях у жыцьці, неяк вызначыцца. Мне ішоў 32-гі год, а ў галоўных адносінах — пошуках свайго месца сярод людзей — я быў пачаткоўцам. Пэўнага месца ў жыцьці ў мяне не было, што, безумоўна, не магло не турбаваць мяне, як і кожнага чалавека ў гэткім становішчы. Тое ж, чым я займаўся зь юначых гадоў, аказалася зманам, пустэчай, поўнаю непатрэбнасьцю. Суцяшала хіба меркаваньне, што ўсё тое адбывалася не па ўласнай волі. На тое быў змушаны. Лёсам, жыцьцём, людзьмі — добрымі і злымі. А найбольш уладай, якая ў нас тады намагалася вызначаць усё — ад глабальных мэтаў да лёсу маленькага чалавека.

У тую зіму пісаў шмат, менш перапісваў і амаль усё рваў на шматкі. Мала што даводзіў да фіналу. Звычайна з ахвотай пачаўшы, неўзабаве траціў цікавасьць. Усё здавалася кепска. Даўшы паляжаць зь месяц, выбраў адно апавяданьне, аднёс у рэдакцыю. Міхась Васілёк сказаў, што будзе паседжаньне літгуртка, дзе і абмяркуем.

Toe паседжаньне абласных аматараў літаратуры было першым і апошнім, у якім я ўдзельнічаў. Прыйшло паўтара дзясятка чалавек розных узростаў — студэнтаў і пэнсіянэраў, адна дзяўчына. Галоўным арбітрам быў выкладчык пэдінстытуту, які няшчадна граміў нас, бы ворагаў прыгожага пісьменства, пасягацеляў на літаратурныя асновы. Iншыя раўняліся на кіраўніка. Мне там дасталося болей за ўсіх. Рэдакцыйны супрацоўнік пападкрэсьліваў чырвоным алоўкам усе займеньнікі ЁН, атрымалася дужа страката і ўражліва. Toe і вырашыла прысуд: дрэнна ва ўсіх адносінах. Зрэшты, у іншых было ня лепш. Пасьля Міхась Восіпавіч суцяшаў, што напачатку так бывае заўжды, хаця для мяне тое было слабым суцяшэньнем. Няхутка пасьля таго наважыўся паслаць новае апавяданьне ў часопіс «Маладосць», які нядаўна пачаў выходзіць у Менску.

Дзеля праўдзівасьці мушу зазначыць, што перад «Стратай» напісаў невялікую вайсковую аповесьць пад назовам «Апошні баец», якую паслаў у «Маладосьць». Аповесьць, на мой погляд, была беззаганнай у ідэйных адносінах, але ў друк яе не прынялі. Загадчык аддзелу прозы Іван Навуменка, паморшчыўшыся, сказаў аўтару, што для часопісу не падыходзіць. Тады я быў гатовы пакрыўдзіцца, а неўзабаве стаўся ўдзячны будучаму акадэміку і народнаму. Праўда, каб зразумець тое, спатрэбілася надрукаваць аповесьць — з працягам у «Чырвонай зьмене». Болей яе не друкаваў нідзе.

Па справах падпіскі ў Горадню прыехаў Георгі Шчарбатаў, беларускі пісьменьнік, намесьнік рэдактара часопісу «Маладосьць». Ён ужо чытаў мае першыя апавяданьні, адно зь якіх надрукавала і ягоная «Маладосьць». Увечары мы спаткаліся ў кафэ на Савецкай і добра пагутарылі. Георгій уважліва паставіўся да мяне, папытаўся, дзе, што? Дзе нарадзіўся, дзе вучыўся. Сказаў, што маеш талент, трэба толькі пісаць. Я сказаў, што філялягічнай адукацыі ня маю, ва ўнівэрсітэце не вучыўся. На тое Шчарбатаў заўважыў, што вучыцца, канешне, трэба, але тое не галоўнае. Галоўнае ўсё ж талент. Ні Талстой, ні Горкі, ні Бунін ня мелі ўнівэрсітэцкай адукацыі. У літаратуры ўсё дасягаецца працай. Таксама як нашыя Брыль або Танк. І калі Шамякін скончыў двухгадовую ПШ, дык ці так ужо шмат набраў там у галіне літаратуры. У партыйных школах літаратуры ня вучаць, вучаць зусім іншаму. Тыя ягоныя словы ўвогуле мне запомніліся, хоць Георгі Шчарбатаў зусім ня быў пісьменьнікам першай велічыні.

Праз колькі гадоў Я. Еўтушэнка напіша, што вялікія мала чым могуць дапамагчы пачаткоўцам, якім звычайна плённа дапамагаюць сярэднія таленты. Тое — праўда.

Першага жывога пісьменьніка-празаіка я пабачыў у Гародні, то быў Піліп Пястрак.

Неяк, будучы на Савецкай, згледзеў, як пажылы чалавек у саламяным капелюшы штось прыпыніўся на ходніку і азіраецца. Прытым з замілаваньнем вымаўляе адно толькі слова «кошык». Сапраўды, непадалёк пераходзіць вуліцу вясковая кабета з пустым лазовым кошыкам. У тым чалавеку я пазнаў знакамітага на той час пісьменьніка Піліпа Пестрака.

То быў ці не апошні з арыгіналаў — заходнебеларускіх пісьменьнікаў-камуністаў, шмат год сядзеў у Гродзенскай турме, дзе, дарэчы, студыяваў марксізм, выхоўваючыся як пралетарскі рэвалюцыянер. Ім ён і застаўся на ўсё жыцьцё.

Аднойчы, у час чарговае дэкады беларускай літаратуры, група беларускіх пісьменьнікаў езьдзіла па раёнах, дзе іх вадзілі па жывёлагадоўчых комплексах, паказвалі новыя сіласныя вежы. Як група ў белых халатах пайшла ў чарговы сьвінарнік, Піліп Сямёнавіч прытрымаў мяне за крысо — што, ты не нанюхаўся гаўна? Пойдзем у аўтобус.

Мы зайшлі ў пусты аўтобус, і Піліп Сямёнавіч адразу выпаліў: парадку ня будзе. — Чаму? — Бо ўладу захапілі ворагі. — Якія ворагі? — Клясавыя.

Пястрак памаўчаў. — У гэтага ж І. было аж 80 гектараў зямлі. А ў Б. — 40. А ў вашага Карпюка — 30. Во яны і кіруюць. Да чаго дакіруюцца…

Гэта быў даўні пункцік Піліпа Сямёнавіча. А ўвогуле ён быў чалавек прыстойны, нават чалавечны. На пісьменьніцкіх мерапрыемствах заўсёды выступаў у абарону слабых і пакрыўджаных. Ня ладзіў з начальствам. Любіў Барадуліна — можа, ня так за вершы, як за ягоную апалітычнасьць. У паездку заўжды выпраўляўся з старым пацертым партфелікам, зь якога, як толькі займаў месца ў купэ, выстаўляў бутэльку, клаў ладны шмат сала, пару цыбулінаў. І пачынаў пачостку з размовай. Калі здаралася наведаць рэстаран, замаўляў гарэлку на вагу — але не па 200 грамаў, а адразу на ўсіх — 800. Заўжды плаціў сам.

Ягоны канфлікт з уладамі пачаўся ў 39-м. Адразу пасьля вызваленьня з Гродзенскай турмы Пястрак кінуўся ствараць рэвалюцыйны камітэт, каб помсьціць палякам. Але чырвонаармейцы прывезьлі ў Горадню свой рэўкам, а шматгадоваму вязьню сказалі — асадзі назад. Ён, натуральна, пакрыўдзіўся, ды стрываў. Пасьля яшчэ шмат разоў крыўдзіўся, бо яго асаджвалі ўсё ніжэй і ніжэй. Памёр ён на адзіноце, ці ня ўсімі забыты, аўтарам ці не аднаго, хоць і таўстога, раману «Сустрэнемся на барыкадах».

Поделиться с друзьями: