Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
47. Тэберда. Чэкін
Я паехаў. Здымкі рабіліся ў раёне Тэберды, на Паўночным Каўказе. Прырода ўвогуле была прыгожая — парослыя лесам горы, бурная рэчка, хаця і не такая, як у аўстрыйскіх Альпах. Кожныя горы, напэўна, маюць свае адметнасьці, свой асаблівы характар. Несупадзеньне пейзажу было першай уступкай акалічнасьцям на шкоду мастацтву. Другой стала неадпаведнасьць акцёраў, найперш адзін аднаму. На ролю Iвана запрасілі ўжо знаёмага кіраўніцтву «Беларусьфільму» Станіслава Любшына, Джуліі — Любу Румянцаву. Абодва акторы — кожны сам па сабе, можа, і былі беззаганныя, а гарманічны дуэт ня склалі. Тым болей, што на здымках адразу ўступілі ва ўзаемны канфлікт, зь якога так і ня здолелі выйсьці да канца здымак. Натуральна, што тое рабіла свой нэгатыўны ўплыў на ўсю атмасфэру ў калектыве. Зноў жа неўзабаве пачаліся творчыя (перарослыя ў асабістыя) паядынкі характараў рэжысэра і апэратара Толі Забалоцкага. Апэратар, казалі, цягнуў творчую коўдру на свой бок, а рэжысэр спрабаваў не паддацца. Урэшце, здаецца, рэжысэр паддаўся, і фільм атрымаўся ні то, ні сё. А шкада. На маю думку, у тым сюжэце былі закладзены пэўныя кінэматаграфічныя магчымасьці, і пры належных умовах можна было б зрабіць прыгожую, паэтычную трагедыю каханьня. На жаль, таго не адбылося.
Неяк, прыйшоўшы ў рэдакцыю, Валя Чэкін сказаў, што купіў лодку з маторам, запрашаў пракаціцца па Нёмане.
Прыхапіўшы з сабой падрослага сына Васю, пайшлі цераз мост на той бераг Нёману, дзе было багата настаўлена маторак, там жа, на беразе, грувасьціліся мэталёвыя скрынкі з рачным начыньнем. Валя запусьціў свой «вецярок», і мы паціху пачухалі пад чыгуначны мост уверх па Нёмане. З вады я ніколі яшчэ ня бачыў ягоных берагоў, водмеляў, стром, прыбярэжных паселішчаў і бароў, усё мне было новае і прывабнае. Тады ж Чэкін, апроч маторкі, захапіўся рыбалкай і аднойчы паказаў мне фота — сваю «візытную картку»: ён з вудамі каля перакуленай гумовай лодкі, на якой — цэлая гара ляшчоў. «30 штук, — сказаў Валя. — За адзін ранак».
Мабыць, тое зачапіла ў маёй душы паўзабытую дзіцячую хэнць — я ж колісь таксама зь незвычайным захапленьнем вудзіў у сваім возеры плотачак. Празь нейкі час я таксама купіў матор (болей дужы «віхор») і лодку «казанку» з булямі; з пратэкцыі Валянціна займеў на лодачным прычале месца. Удвух зь ім мы пачалі гойсаць па Нёмане, лавіць рыбу. Аднойчы паехалі з начлегам на старыцу пад Масты, ды на юшку налавіў драбязы мой Вася, у нас жа з Валяньцінам нічога не ўзялося. Калі не рыбалка, дык рака нас захапляла, і аднойчы мы запрасілі зь Менску сяброў. Прыехалі Матукоўскі, Гілевіч, Бураўкін з заўсёды юнаю Юляй, мы знайшлі непадалёк на беразе ўтульны лужок і наладзілі пачостку. З шашлыкамі. Рыба ў Нёмане ўпарта не хацела лавіцца, мусіць, яе там і не засталося, асабліва як вышэй па цячэньні збудавалі азотна-тукавы камбінат. Казалі — нічога страшнага, сьцёкі ачышчаюцца. Але аднойчы раніцай на прычале мы ўбачылі мноства рыбін, што плылі ўгару жыватамі; на мэталёвых лодках да паловы аблезла фарба. Да рыбалкі я хутка астыў, зразумеўшы, што рыба мяне ня любіць.
Тады часьцяком даводзілася езьдзіць у Маскву — з выдавецкімі клопатамі і на розныя мерапрыемствы Саюзу пісьменьнікаў. На адным зь іх у Доме літаратараў пазнаёміўся з крытыкам і літаратуразнаўцам Лазарам Лазаравым, пра якога чуў раней, і тады ўпершыню паціснуў яго скалечаную на вайне руку. Пасьля зрэдчасу мы сталі сустракацца ў Маскве, ён прыяжджаў у Менск, я бываў у яго дома, пазнаёміўся зь ягонай мілай разумніцай Наяй. Лазар хутка стаў маім сябрам і праніклівым крытыкам, празь нейкі час напісаў грунтоўную кнігу пра маю творчасьць. Недзе тою ж парой у Маскве, здаецца, у рэстаране ЦДЛ, упершыню спаткаўся зь Юрыем Бондаравым, зь якім мяне пазнаёміў Рыгор Бакланаў. Тады гэтыя аўтары «лейтэнанцкай прозы» сябравалі, і ня можна было нават падумаць, што жыцьцё калі-небудзь іх разьвядзе. Але, як ні дзіўна, атрымліваецца так, што жыцьцё часьцей разводзіць, чым зводзіць.
На чарговым прэзыдыуме СП разглядалася нечарговае пытаньне — выключэньне з СП перакладчыка Васіля Сёмухі.
Васіль Сёмуха быў шмат каму вядомы ў Менску як добры перакладчык зь нямецкай. У свой час скончыўшы Маскоўскі ўнівэрсытэт, ён настойліва перакладаў нямецкую прозу і паэзію, нядаўна скончыў пераклад «Фаўста», але ня меў уласнай кватэры, бадзяўся зь сям’ёй па прыватных кутках. А між тым у час вайны немцы спалілі дом ягоных бацькоў. Шматлікія звароты ў СП наконт кватэры не давалі выніку, і Васіль у адчаі напісаў ліст да нямецкай амбасады ў Маскве. Ён прасіў пасадзейнічаць у выданьні «Фаўста» і ў набыцьці кватэры. Ліст, ведама ж, быў перахоплены КДБ і вернуты ў Менск для прыняцьця мераў.
Перад паседжаньнем прэзыдыуму пісьменьнікі між сабой абмяркоўвалі неардынарны выпадак. Ці ня ўсім было шкада харошага хлопца Сёмуху, які «зрабіў глупства». Хіба ж можна прасіць дапамогі ў ворага? Iван Чыгрынаў сказаў, што ён перад пагрозай сьмерці таго б не зрабіў, бо вораг заўсёды ёсьць вораг. Некаторыя казалі, што на першы раз Васілю трэба дараваць. Бураўкін злосна зазначыў, што гэты нумар з выключэньнем ня пройдзе, — ня тыя часы. Валя Тарас лаканічна зазначыў — усё тыя ж.
Пачалося абмеркаваньне. Пісьменьнікі з партбюро ледзь ня плакалі ад крыўды, якую нанёс партызанцы-рэспубліцы Васіль Сёмуха. Iван Новікаў, што працаваў спэцкорам газэты «Правда», патрабаваў яму самай суровай кары. (Гэта той самы Новікаў, які праз год скажа пра аўтара гэтых радкоў: «Мне б аўтамат у рукі, я б у яго ўвесь магазын…» Піліп Пястрак, які ніколі не служыў у войску, пачуўшы тое, выйшаў у калідор і папытаўся: «Хлопчыкі, а колькі патронаў у магазыне?» — «Пяцьдзясят два», — сказалі яму знаўцы. Пястрак шматзначна падняў палец угору: «Ого!».) У выніку галасаваньня Сёмуха быў выключаны з Саюза амаль аднагалосна. Устрымаўся адзін Васіль Быкаў.
48. «Мёртвым не баліць»
Прыехаўшы дадому ў Горадню, узяўся за новую аповесьць, назву якой знайшоў не адразу. Пра назву наогул думаецца ў апошнюю чаргу, звычайна як ужо твор напішацца. Зусім дарма некаторыя выхваляюцца: «Пачаў раман, ужо ёсьць назва — „Агнём гартаваныя“». Звычайна з такога гарту мала што атрымліваецца. Ведаю яшчэ такую на гэты конт асаблівасьць: у добрай прозе звычайна так сабе назва, а вельмі звонкая назва ёсьць знак прозы кепскай. Праўда, тое ўсё ж суб’ектыўна, і першыя выключэньні з таго — творы заходніх аўтараў, дзе і проза выдатная, і назвы нязвыклыя, прынамсі для нашага вуха.
Першы імпульс да аповесьці атрымаў, аднак, па дарозе з Масквы — у Менску. Паміж цягнікамі ў мяне быў вольны час, і я зайшоў у рэдакцыю «ЛіМу», дзе застаў аднаго толькі галоўнага рэдактара Нічыпара Пашкевіча. Пачалася размова, у якой Нічыпар праявіў поўны антаганізм да маіх думак-поглядаў, што я вёз з Масквы. Апроч хіба адной — пайсьці і разам выпіць. За рэстаранным сталом дыскусія працягвалася болей мірная, мы амаль паразумеліся і, калі зайшла гаворка пра вайну, я распавёў партызанукамсоргу Пашкевічу эпізод майго раненьня пад Кіраваградам. Гэта як доказ таго, што і на фронце хапала ліха. Змораны гаворкай і вячэрай, Нічыпар лагодна сказаў, мабыць, каб скончыць спрэчку: «Ну во, амаль гатовая аповесьць». Пасьля, едучы цягніком у Горадню, я пачаў над тым думаць і вырашыў паспрабаваць напісаць.
Я ня ведаў яшчэ, што гэта будзе — апавяданьне, аповесьць ці, можа, які ўспамін. Але намер напісаць засеў у галаве моцна.
«Мёртвым не баліць» пісаў у асноўным улетку і ня так таропка, як ранейшыя аповесьці. У мяне ўжо атрымлівалася раней і пасьля, што рэчы зь зімовай натурай пісаліся ўлетку і наадварот. Тое, канешне, ня надта добра. Добра, калі натура перад вачыма, і яе ня трэба ўзнаўляць у зрокавай памяці. Як у мастакоў. Некаторыя пісьменьнікі, як і мастакі, любяць пісаць з натуры: пра вясну — вясной, пра лес — у лесе. У мяне так не атрымлівалася. Мабыць, з тае прычыны і малая ўвага да антуражу, болей — да дзеі. Але пэўна ня ведаю, як лепш. Мабыць, як хто ўмее.
Тады ўжо я ведаў, што залішняй драматызацыі ваеннага сюжэту можа ня быць, што можа ня быць і ніякага сюжэту, аб чым колісь пісаў яшчэ Чэхаў. Драматызацыя на вайне — натуральная рэч. Крыху іншая справа — за кошт чаго? Якімі сродкамі? Вядома, найперш сродкамі выяўленьня сутнасьці барацьбы двух бакоў, што ўвогуле было надта традыцыйна, калі не сказаць руцінна. Мяне ж здаўна цікавілі канфлікты іншага кшталту — унутраныя, якіх хапала і на вайне таксама. Вайна зусім не спыніла (калі не абвастрыла) унутраную палітыку ў адносінах партыі (і асабліва яе карных органаў) да народу. Рэпрэсіўная палітыка працягвалася, хаця, можа быць, ня гэтак заўважна, як да вайны. Вядома, увага тады была адцягнена на іншую барацьбу. Але мне стаў вядомы лёс аднаго нашага аднапалчаніна, журналіста дывізійнай газэты. Ён пісаў вершы, якія рэгулярна паяўляліся на старонках нашай дывізіёнкі за подпісам малодшага лейтэнанта Д. Кугульцінава. А затым раптам зьніклі. Тады тое ня дужа зьвяртала на сябе ўвагу: людзі на вайне ўвесь час зьнікалі — хто на той сьвет, хто ў шпіталь. Пасьля вайны ўжо стала вядома, што калмыка Кугульцінава з фронту адправілі ў ссылку, куды выслалі ўвесь ягоны калмыцкі народ. Вярнуўся ён толькі празь дзесяць год і стаў слынным калмыцкім паэтам. Тое ж, дарэчы, адбылося з другім выдатным паэтам, балкарцам Кайсынам Куліевым ды з мноствам іншых. Пра пасьляваенныя пасадкі афіцэраў я ўжо апавядаў, тое тады было сьвежае ў памяці і ўражвала.
Пасьля выкрыцьця «культу асобы» ў расейскай літаратуры пачалі паяўляцца негатыўныя вобразы чэкістаў, энкавэдыстаў, здаралася, што і нядаўніх сьмершаўцаў. Але ўсё тое дужа ашчадна і нясьмела. Тады «Архіпэлаг ГУЛАГ» ня быў вядомы, А. Салжаніцын заставаўся аўтарам толькі «Аднаго дня Iвана Дзянісавіча». Але ў грамадзкай сьвядомасьці ўжо склаўся адыёзны тып гэтых людзей, пэўныя адносіны да якіх у мяне склаліся даўно. Карцела напісаць, хоць я пэўна ня ведаў, чым можа скончыцца такая спроба. Пэўнае адчуваньне, аднак, было, у паветры павеялі ўжо іншыя вятры, але думалася, можа, часова. Можа, тое, што адбылося ў грамадзкім жыцьці краіны, беззваротна, і краіна назаўжды скончыла з уласным крывавым мінулым. Вайсковыя пляны пісаў асобна, пасьля ў іх уставіў пасьляваенны сюжэт з маладымі людзьмі таго часу. То быў мой нерэалізаваны доўг маладзёжнай тэмы, і меў яшчэ адну прычыну. Як заўжды, друкаваць аповесьць меўся ў «Маладосьці», а ў Маскве Гарбачоў паабяцаў перакласьці яе для «Юности» — часопісу, які тады стаў дужа папулярны ня толькі сярод моладзі. Дзейнага сюжэту хапала аж занадта, па магчымасьці я стараўся яго скараціць. Памятаючы параду А. Чэхава, ад сюжэту адсек пачатак і канец, бо, як пісаў клясык, — там найбольш фальшу. Што ж да самага канфліктнага вобразу сьмершаўца, дык давялося нямала паламаць галаву над тым, якое даць яму прозьвішча? Было вядома, якія ў нас склаліся адносіны да нацыянальнай прыналежнасьці літаратурных пэрсанажаў, асабліва пэрсанажаў адмоўных. Звычайна на дадатныя рэагавалі моўчкі, бы так і трэба, а на адмоўныя слалі аўтарам і ў рэдакцыі пратэсты і рэклямацыі з крыўдамі за абразу. Шахцёры крыўдзіліся за шахцёраў, сталявары — за сталявараў, настаўнікі — за настаўнікаў. Толькі за адмоўных калгасьнікаў ніхто ня крыўдзіўся і не заступаўся. Чыста расейскае прозьвішча не падыходзіла з самага пачатку (не прапусьціць Галоўліт), сярэднеазіяцкае выклікала немалы сумнеў, азіяцкія «чытачы» на гэты конт былі яшчэ болей чуйныя. I я не без ваганьня выбраў амаль нэйтральнае — Сахно, якое хоць і несла ў сабе нейкі славянскі элемэнт, але, на мой погляд, ня мела выразнай нацыянальнай прыналежнасьці. Напэўна, аднак, тут да канца не дадумаў, некаторыя прызналі яго сваім, што мне пасьля каштавала нямала папсутай крыві. У тым ліку і ад маіх украінскіх сяброў — пісьменьнікаў.