ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Трохі зьбянтэжаны генэрал прачытаў тэкст і цяжка ўздыхнуў. Справа добрая, сказаў ён. Але хто падпіша? Сярод яго знаёмых цьвярозага генэрала яму не знайсьці. Можа, сярод пісьменьнікаў?..

Карпюк задумаўся. Канешне, ён разумеў, што двух подпісаў было замала для такога ліста, патрэбны быў трэці. Ды знайсьці яго сярод пісьменьнікаў таксама праблема. I раптам ён успомніў пра Адамовіча, які тады быў у Маскве на нейкіх курсах. (Стаўшы ўжо доктарам навук, той усё вучыўся.) Карпюк пабег па Маскве шукаць Адамовіча.

Ён шукаў яго цэлы дзень да вечару, аб’ехаў усе вядомыя рэдакцыі, абзваніў знаёмых. I высьветліў, што Адамовіч сёньня едзе ў Менск. Тады Карпюк купіў білет на вечаровы цягнік і, як той рушыў з Беларускага вакзалу, пачаў абход вагонаў. Ён іх абышоў усе, зазіраў у кожнае купэ і каля Смаленску сапраўды знайшоў соннага Адамовіча. Той выслухаў яго прапанову і сказаў: «Я гатовы ўступіць. Але толькі з умовай разваліць яго знутры». I лёг спаць. Карпюк аблаяў Алеся і выйшаў з цягніка. Раніцай прыехаў да Нікіцкіх варот і аб’явіў генэралу, што трэцяга цьвярозага чалавека ў Расеі не знайшоў. Так высакароднае таварыства не было створана. Hі тады і ніколі болей.

Карпюк, як ён пасьля распавядаў, дарма зьвязаўся з вайскоўцамі, хоць бы і з генэраламі. У сваім жыцьці ён пераканаўся, што з гэтым народам лепей справы ня мець. У вайну Карпюк камандаваў партызанскім атрадам, пасьля ваяваў на фронце, быў двойчы цяжка паранены, а афіцэрскага званьня так і ня выслужыў. У той жа час хлопчыкі, што прыходзілі з унівэрсытэту, так бы мовіць, авансам былі лейтэнанты. А некаторыя і пры ўзнагародах, заслужаных і ня надта. Карпюку ж не далі сабраць нават заслужаныя ім на вайне медалі.

Займеўшы аднойчы вольны час, ён узяўся напісаць лісты.

Адзін быў міністру абароны наконт таго, каб яму выдалі заслужаны ім медаль за ўзяцьце Бэрліну, другі — дзядзьку на Урал. Дзядзька пісаў даўно ўжо, што жыве кепска, з прадуктамі трудна, прасіў дапамогі. Дык пляменьнік яму напісаў: кінь ты гэта расейскае жыцьцё, прыяжджай у Беларусь, тут бульбачкі хопіць. Той жа дзень аднёс лісты на пошту.

I вось празь нейкі час прыбягае з ваенкамату пасыльны, прыносіць позву. Карпюк парадаваўся — ці не прыйшоў ад міністра мэдаль? Прыйшоў да палкоўніка-ваенкама. Той чамусьці глядзіць ваўком, а потым падае аркуш паперы і кажа: «На чытай». Карпюк моўчкі чытае. «Не, ты гучна чытай», — кажа ваенкам. А там на бланку Міністра абароны Саюза ССР напісана: «Загадваю. Параграф першы. Выклікаць і растлумачыць грамадзяніну Карпюку А. Н., што я ў сваяцтве зь ім не знаходжуся і дзядзькам яму не зьяўляюся. Параграф другі. Гродзенскаму аблваенкаму палкоўніку такому-та за нізкі ўзровень палітмасавай работы з асабовым складам аб’яўляю вымову. Міністр абароны маршал Савецкага Саюзу Г. Жукаў». — «Ты зразумеў? — пытаецца ваенкам. — Мне праз паўгода на пэнсію, хто мне цяпер гэтую вымову зьніме? Ці мне бяз пэнсіі ў адстаўку ісьці? Во што ты нарабіў, разгільдзяй!»

Прыгнечаны, з сапсутым настроем Аляксей вярнуўся дадому, дзе яго чакаў ліст ад дзядзькі. Той пісаў хімічным алоўкам на школьнай старонцы: «Дарагі пляменьнік, ці ты там з глузду зьехаў у сваёй Горадні, — які я табе маршал і дзе я табе вазьму гэны мэдаль? Я і ў войску ні дня не служыў…».

Зь дзядзькам, канешне, адносіны ўлагодзіліся, а прадстаўленьне на афіцэрскае званьне ў Карпюка ляснула. Карпюк быў у недаўменьні: падумаеш, напісаў! Я ж маршала не аблаяў. Дык праз тое да пяцідзесяці год хадзіць радавым? А гэтыя, што ў вайну ні разу па жывым немцу ня стрэлілі, ужо маёры запасу. Вунь як той Гаўрушка, што самагон на хутары для камбрыга гнаў. Цяпер ён член бюро гаркаму, — абураўся Карпюк. Тады ён яшчэ не прадбачыў, што прыйдзе час, і гэты брыгадны самагоншчык дасца Карпюку ў знакі…

63. Бітыя вокны

Я прыехаў зь Менску, куды езьдзіў па справах сваёей кніжкі. Рэч у тым, што некалькі год выдавецтва «Мастацкая літаратура» валыніла з выданьнем маіх дзьвюх аповесьцяў, нават не ўключала іх у плян. Калі я сказаў пра тое загадчыку адззелу Алесю Бажко, той нявінным позіркам уставіўся на мяне: «А дзе рукапіс? Рукапісу ж няма». Гады тры таму я асабіста прывёз рукапіс у выдавецтва і ў гэтым жа кабінэце аддаў сакратарцы. Тая паставіла папку ў шафу, мэханічна зірнуўшы на якую, я ўбачыў за шклом свой рукапіс. Дык во ж, рукапіс! Бажко шчыра зьдзівіўся: а мы так шукалі, шукалі… Рукапіс такім чынам быў знойдзены, але кніга ўсё роўна выйшла няхутка…

Дома, на Кашавога, яшчэ было ня позна, бліскаў тэлевізар, і раптам — удар у вакно, шыбіна — у друз, на падлозе кавалак цагліны. Я выбег на вуліцу — нідзе нікога. Назаўтра пасьля невясёлага роздуму пайшоў у міліцыю, напісаў заяву. Пасьля змусілі перапісаць, сказалі, будуць расьсьледаваць. Нейкі час чакаў выніку, пасьля перастаў чакаць. Пачаў чакаць іншых вынікаў, якія і пасьледавалі.

На той час Карпюк дамогся ад абласнога начальства, каб пісьменьнікам паставілі нарэшце тэлефоны, і тое было зроблена. Стала зручна куды пазваніць, ня трэба было бегчы на пошту ці да аўтаматаў, якія ніколі не былі спраўныя. Але пачалося іншае ліха, прынамсі для мяне. Пачалі званіць — з Горадні, Менску, Масквы ці чорт ведае адкуль, — не называючыся. То быў форменны тэлефонны тэрор, пэўна ж кімсьці арганізаваны. Але вядома, кім. У любы час дня і ночы трашчэў телефон, устрывожаны, я ўскокваў з ложку і чуў першае пытаньне: «Да якога часу вы будзеце падрываць савецкую ўласьць?». Або: «Многа вам заплаціла ЦРУ за паклёп на партыю і Чырвоную армію?». Удзень нярэдка званіў Дубавінкін — ветліва пра штось пытаўся, штось удакладняў і ненавязьліва выхоўваў. Чытаў мараль. Тую ж мараль некалькі разоў чытаў палкоўнік з палітупраўленьня БВА, які прадставіўся кандыдатам навук (праўда, не ўдакладніў, якіх) і актыўным удзельнікам ВАВ. Добра пастаўленым голасам ён з напорам даводзіў, што да тэмы вайны трэба падыходзіць вельмі ашчадна, каб не сказіць рэтраспэктыву. Сам ён мае надзвычай вялікія заслугі ў вайне, перажыў столькі, што, калі напісаць, хапіла б на «Вайну і мір». Але ён ня піша, бо ня мае часу. Увесь яго час займае служба па выхаваньні савецкага салдата, патрыёта сваёй краіны. Я слухаў тую лухту і думаў, ці гэта сур’ёзна? Ці ня ёсьць гэтая размова самаапраўданьнем чалавека, які дзесь саграшыў і цяпер папраўляецца? Як наш рэдакцыйны Яркін. Ён любіў закласьці, часам п’яны штосьці мог натварыць, і з тае прычыны на чарговым партсходзе першы браў слова і палымяна выступаў з падтрымкай чарговай пастановы ЦК ці абкаму або гаркаму. Для яго не было важна каго — важна было, што з падтрымкай. Toe яму залічвалася і ратавала да наступнага эксцэсу.

Маё жыцьцё ў Горадні, да якой я прывязаўся, рабілася, аднак, усё меней прывабным. Сьцяна адчужэньня між мной і рэдакцыйным калектывам расла ўсё болей. (Хаця, калі разважыць, магло быць і горш.) Пасада мая заставалася ранейшаю — літаратурны кансультант, але аплату для мяне зрабілі зьдзельную, — пачалі плаціць толькі за адказы аўтарам. Набіраліся за месяц капейкі. Сяброў там у мяне не было, ня стала нават з кім пагаварыць ці выпіць. Валянцін Чэкін, зь якім я меў нейкае сяброўства, «завязаў», іншыя хоць і не завязвалі, але дужа асьцерагаліся таго. У газэце, частка тыражу якой выходзіла на беларускай мове, нельга было пачуць ні слова па-беларуску. Усе размаўлялі па-расейску. Апроч хіба аднаго літсупрацоўніка Вячаслава Ката, які ўпарта з усімі, беларусамі і расейцамі, размаўляў толькі па-беларуску, што часьцяком выклікала зьдзіўленьне. Але Вячаслаў цікавіўся беларускай літаратурай, завочна вучыўся ў БДУ, дзе слухаў лекцыі прафэсара Навуменкі. Пасьля, вярнуўшыся дадому, заходзіў да мяне ў кабінэт і загадкава, бы са спачуваньнем пазіраў на мяне. Я здагадваўся, у чым справа, але ні пра што не распытваў.

Часам у рэдакцыю заходзіў былы камандзір батарэі Iван Ушчапоўскі, зь якім у нас усталявалася добрае ўзаемаразуменьне. Перажыўшы не адно ваеннае ліха і маючы добрую памяць, ён праўдзіва апісаў малавясёлую старонку вайны — пагібель некалькіх нашых армій пад Вязьмай і Ржэвам, што афіцыйная гісторыя вайны старанна замоўчвала. На жаль, аўтару не хапала літаратурнай пісьменнасьці, і я, шкадуючы матэрыял, зрабіў літаратурны запіс, на што патраціў зіму. Пасьля стараўся прыладзіць яго ў якое-небудзь выдавецтва, ды марна, — ні ў Маскве, ні ў Менску рукапіс не прынялі. Так тыя рэдкія паводле крывавай праўды вайны старонкі і засталіся ненадрукаваныя, аб чым шчыра дагэтуль шкадую.

Мала хто з маіх знаёмых распавядаў пра сваю вайну шчыра, не становячыся на прапагандовыя хадулі. Запомніўся, аднак, фельчар Хандобкін зь ягоным самаіранічным расповедам, як яго з Цэнтральнага штабу партызанскага руху паслалі ў партызаны — высьпяткам выкінулі з самалёту, і ён ледзьве жывы ад страху прызямліўся ў «логаве зьвера». Некалі штосьці падобнае распавядаў паэт Анатоль Астрэйка, які на пачатку вайны разам зь некаторымі іншымі беларускімі паэтамі жыў у гатэлі «Масква», дзе яны выдавалі газэту «Раздавім фашысцкую гадзіну». Астрэйка, аднак, там ня ўседзеў, бо быў беспартыйны, а там атабарыліся паэты-камуністы, якія і даседзелі да канца вайны. За сваю гераічную працу па натхненьні беларускага народу на барацьбу з захопнікамі яны былі ўзнагароджаны ардэнамі баявога Чырвонага сьцягу, Астрэйка ж, што перажыў не адну партызанскую блякаду, атрымаў мэдаль. Сапраўды, Бог няроўна дзеліць. Тым болей начальства — нават адносна жыцьця або сьмерці.

На партыйных і гаспадарчых мерапрыемствах у вобласьці з зайздроснай увагай і смакам абмяркоўваліся «ідэалягічныя дывэрсіі» гродзенскіх літаратараў. Нават патрабавалі адказу ў сакратара абкаму па ідэалёгіі А. Ульяновіча, які ня ведаў, як апраўдацца, але абяцаў «спусьціць штаны» з Карпюка і Быкава. Адна надта кіраўнічая дама, мусіць, хацела апраўдаць Быкава гэткім аргумэнтам: чаго ж вы хочаце ад чалавека, які нават ня скончыў ВПШ, бо ня член партыі? Да таго ж п’е. На тое ёй пярэчылі: але ж Карпюк скончыў інстытут, нават Вышэйшыя літкурсы і ня п’е. Дык куды ж глядзіць абкам КПБ?

Поделиться с друзьями: