Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
У выніку буйнай кампаніі дыскрэдытацыі твору Быкава аўтар пачаў атрымліваць шмат лістоў ад яго чытачоў. Пісалі зь Беларусі, з Масквы, зь Пецярбургу і нават зь Сібіры і Далёкага Ўсходу. Аўтары былі самыя розныя — ад ветэранаў былой вайны да моладзі і студэнтаў. Значная бальшыня пісьмаў была ў падтрымку пазыцыі аўтара, падзяка за праўду вайны. Тады ж празь лісты я пазнаёміўся зь некаторымі пісьменьнікамі, што былі, так бы мовіць, «укушаныя вайной», інваліды, якія самі пісалі пра яе. Гэта быў выдатны рускі пісьменьнік У. Тэндракоў, а таксама С. Круцілін, В. Ганчароў, [нечытэльная ўстаўка], Д. Гусараў зь Петразаводзку. Яны дзякавалі мне і пісьмова ціснулі руку. Тады і пасьля такіх лістоў у мяне набраўся не адзін чамадан. Частку іх пазьней я спаліў на дачы, як пабачыў, што іх могуць украсьці, бо дужа цікавяцца пэўныя людзі. Але ўжо тады заўважыў, што ўсе лісты былі пэрлюстраваныя, што ня надта і ўтойвалася пэрлюстратарамі. Вядома, што папера савецкіх купэртаў была благая, і сьляды гарачага адпарваньня на другім баку былі відавочныя. Пры тым некаторыя з лістоў пэрлюстраваліся па некалькі разоў, у розных інстанцыях. Асабліва пашкуматанымі выглядалі лісты да бацькоў, у вёску. Падобна, іх адпарвалі ў Гародні, дзе я іх апускаў у скрынку, затым у Менску і, вядома ж, па месцы адрасата — усім трэба было ведаць, што піша Быкаў. Але я даўно ўжо не пісаў нічога падазронага, тым болей бацькам. Як, дарэчы, і яны мне, чые лісты былі ня лепшыя з выгляду. Калі трапляла якая бандэроль — кніга ці рукапіс, дык яна была бязьлітасна пашкуматаная (бы яе грыз сабака) і мела чорны паштовы штэмпель:
«Поступила в поврежденном виде».
Некаторыя лісты наогул не прыходзілі — мабыць, адразу ішлі ў «справу». Тады ксэраксаў яшчэ не было, а на перадрук органы ашчаджалі працу «кваліфікаваных машыністак».
54. Сафія. Сьмерць бацькі
Яшчэ падчас паездкі Найдзена Вылчава ў Беларусь было дамоўлена, што балгарскі Саюз пісьменьнікаў запросіць мяне на госьці. На тое меліся падставы, і першая зь іх — мае «Трэцюю ракету» і «Альпійскую баладу» пераклалі на балгарскую мову і выдалі ў Плоўдзіве. Значыць, я меў права на нейкі там ганарар. Але ў мяне не было замежнага пашпарту. Калі я зьвярнуўся ў менскі МВД, дык там доўга не адказвалі, штосьці цягнулі. Мінаў час, настала восень. I тады аднойчы пазванілі: можаце прыехаць па пашпарт. Праз тыдзень я ўжо ехаў цягніком з Масквы ў Сафію. Мне дужа карцела наведаць краіну маёй хай сабе і малашчасьлівай маладосьці, зірнуць на знаёмыя і мілыя мне мясьціны. Ну і, вядома, пагасьцяваць. Усё ж я ехаў паводле запрашэньня афіцыйнай арганізацыі, а не як бяспраўны прыватны паязджанін.
На памежнай станцыі Унгены, якую я некалі адваёўваў у немцаў, ужо добра функцыянавала пільная памежная служба, і мяне адразу папрасілі з вагону ў будынак вакзалу. Чамадан, сказалі, можна ня браць. Я нічога з сабой ня вёз, апроч бутэлькі гарэлкі ды пару кніжак. Яшчэ праўда, жонка Аркадзя Куляшова — Аксана Хведараўна — дала каробку цукерак для дачкі Валі, што была замужам у Сафіі.
У вакзале павялі на другі паверх, дзе ў прасторным габінэце сядзеў бляндыністы чалавек, што яўна мяне чакаў. Я адразу здагадаўся, хто гэта, хоць ён і не назваў сябе.
Пачалася размова — што, як? Адкуль і куды? Якія там у вас сябры? Якія зь імі сувязі — паштовыя ці асабістыя? Пасьля гаворка набыла болей эмацыйны тон — чаму вы гэтак тэндэнцыйна пішаце? У нас шмат вайсковых пісьменьнікаў, але ж іншыя пішуць добра, без скажэньня праўды вайны і працы органаў. Без арганізаванай працы органаў не было б і нашай перамогі ў вайне — ворагі і здраднікі хутка б здалі Савецкі Саюз Гітлеру. А так во вы маеце магчымасьць паехаць у Балгарыю, сустрэцца і выпіць зь сябрамі. У гэткай размове мінула гадзіна ці болей, і я пачаў баяцца, што магу адстаць ад цягніка. Пра тое яму і сказаў. Ён толькі ўсьміхнуўся — цягнік бяз вас ня пойдзе. I праўда, добра нагаварыўшыся і, мабыць, дарэшты выканаўшы свой абавязак, ён правёў мяне да вагону. Як цягнік перайшоў мяжу, я расчыніў свой чамадан і зьдзівіўся: усё там было ператрэсена. Адзін з суседзяў па купэ пасьля шапнуў у калідоры: чамадан яны таксама бралі туды. Што ж, дзякуй, што хоць не пакралі чужыя цукеркі…
Рэшта таго шляху па Румыніі і да самай Сафіі была азмрочана, я ўжо не хацеў і ехаць. Але неўзабаве ў Сафіі, якая спаткала мяне знаёмым пахам смажанай кебабчы, настрой памалу падняўся. Асабліва пасьля добрай чары грэнай ракіі ў сьцюдзёны час. Найдзен тут жа ўладкаваў мяне ў гатэль і папярэдзіў, што на тым афіцыйная гасьціна СП канчаецца, далей мной апекваюцца прыватна. У тым ліку і ён. Так загадала Масква, наогул хацела адмяніць візыт, але балгары палічылі такі акт бестактоўным і дазволілі прыехаць. Што ж, прыватна яны прымалі таксама няблага. Найперш добра пачаставалі на кватэры ў Найдзена зь яго мілай Мінкай, куды прыйшоў другі Вылчаў — Георгій, зь якім я знаёміўся ў час ягонага прыезду ў Менск і Горадню. Празаік Iвайла Пятроў пры сустрэчы на вуліцы пачаставаў віном і распавёў дужа палітычны анэкдот. У паветранай катастрофе загінулі тры нацыянальныя лідэры: Адэнаўэр, Эйзенхаўэр і Хрушчоў. Пытаньне: які народ найбольш шкадаваць будзе? Адказ: балгарскі. Чаму? Таму што сярод іх не было Тодара Жыўкава. Анекдот у алегарычнай форме ўсё вытлумачыў. Болей пра настроі і жыцьцё ў Балгарыі можна было не пытацца. Хаця жыцьцё тое было ва ўсіх адносінах куды лепшае, чым у нашай краіне. Я там меў гонар быць запрошаным на некаторыя госьці і памятаю, як гаварыў пра Менск рэдактар адной балгарскай газэты. Казаў, што, наведаўшы Беларусь, хацеў плакаць, бо ня ўбачыў на вуліцах ніводнай беларускай шыльды, не пачуў у Менску ніводнага беларускага слова і тады зразумеў, што чакае Балгарыю. Ён быў недалёка ад праўды…
У Сафіі зьезьдзіў на Плоўдзіўскую шашу, у былы наш вайсковы гарадок. Гарадок быў на сваім месцы — тыя ж драты агароджы, прахадная, будынкі і казармы. Але нешта і зьмянілася. У рамантычнай віле цераз дарогу, дзе жыў балгарскі генэрал, а пасьля наш камбрыг, цяпер месьціліся камунальныя гаспадары, у двары сушылася на вяроўцы бялізна, а ў доле два балгарыны смалілі кабана. Акурат, як на беларускай вёсцы. Вёска і там прыйшла ў горад. Гасьцінныя балгарскія пісьменьнікі хацелі пачаставаць мяне славутым іх каньяком «Пліска», ды марна. Шукалі па ўсім горадзе, завіталі ў фірменны гатэль «Пліска», але каньяку не знайшлі, сказалі — пайшоў на экспарт. Я падумаў тады: добра, што наш «сучок» не ідзе на экспарт, хоць ёсьць што выпіць.
На пачатку сьнежня, якраз на дзень сталінскай канстытуцыі памёр бацька. Паехаў на паховіны. Да Полацку ехаў цягніком, а адтуль — на таксі. Не даяжджаючы Кубліч, у Штундаравых гарах таксоўка забуксавала, давялося ісьці пехатой. Добра, было недалёка. Бацька перад сьмерцю доўга хварэў на нейкую ліхаманку, якую лячылі ў Селіцкай бальніцы, ды марна. Ён дужа пакутаваў — ад хваробы і яшчэ за сына. Як я прыяжджаў апошнім часам, пільна ўглядаўся ў мяне і цяжка ўздыхаў: дастаецца табе, сынок, лепш бы ты кінуў пісаць. Пад страхой хлеўчука ў яго даўно ляжала колькі хваёвых дошак, якія, мяркуючы па ўсім, чакалі свайго часу. Не дачакаўся мой стары бацька, калі я кіну пісаць. З тым і пайшоў у хвойнік пасярод вёскі, дзе сабраліся ўсе тамтэйшыя пакаленьні жыхароў. Жылі і адносіліся адзін да аднаго па-рознаму, але тут ляжаць цесьненька — у міры і згодзе. Мусіць, толькі на могілках тое і магчыма.
55. «Праклятая вышыня»
Усё апошнім часам перажытае, зьвязанае зь літаратурай, аднак, ня змусіла мяне адрачыся ад вайсковай тэмы. Хоць і даводзілася часам пакутна, парой безнадзейна. Але падтрымка сяброў — у Менску і Маскве — сьведчыла, што ў творчым сэнсе я на плённым шляху. Неяк у Маскве давялося добра і шчыра пагутарыць з Лазарам Лазаравым, які рабіўся ці ня самым аўтарытэтным дасьледчыкам вайсковай літаратуры і ўжо што-нішто надрукаваў у маю падтрымку. Як заўжды, на ўсіх калектыўных мерапрыемствах пахвальна і горача гаварыў пра мае аповесьці Алесь Адамовіч. Чытачы прысылалі масу водгукаў, пераважна з адабрэньнем аповесьці. Сярод іх аднойчы атрымаў добры ліст ад малазнаёмага тады, а пасьля аднаго з самых выдатных пісьменьнікаў Расеі Віктара Астаф’ева. Выдатны ліст у падтрымку майго погляду на вайну прыслаў камандуючы ЗАКВА генэрал арміі Стучэнка. Шкада, мала што з тых эпісталярыяў захавалася: частку я сам спаліў на лецішчы (не было дзе хаваць), частку раскралі. Што-колечы здаў у літаратурны музэй.
Тады ўлетку вольны час бавіў на Нёмане. Тут маім сябрам заставаўся Валя Чэкін, разумны музыка і паэт. Неблагія вершы яго часам друкаваліся ў абласной газэце. Зь ім можна было шчыра пагутарыць пра жыцьцё і літаратуру. Ён умеў слухаць, не любіў спрачацца — таксама, як я. Ну і рыбак быў адмысловы.
Стаўшы сакратаром абласнога аддзяленьня СП, Аляксей Карпюк імкнуўся актывізаваць працу гродзенскіх пісьменьнікаў, арганізоўваў усялякія вечары і сустрэчы — у школах, на прадпрыемствах, часам з выездамі ў раёны. Звычайна для таго запрашаў Дануту Бічэль, Вольгу Iпатаву, якая са школьных урокаў прыбягала куды-небудзь — у пэдінстытут ці ў рэдакцыю і бойка чытала вершы.
Карпюк звычайна ганарыўся маладымі і недалюбліваў старых — некалькіх дужа актыўных пэнсіянэраў-адстаўнікоў. Да майго сяброўства з Чэкіным ён адносіўся даволі стрымана, але я лічыў, што ён памыляецца. Toe маё меркаваньне яшчэ ўзмацнела пасьля аднаго выпадку.
У адзін зь першых сонечных дзён лета мы дамовіліся з Чэкіным спаткацца на Нёмане, каб пераабсталяваць нашы лодачныя прычалы. Напярэдадні Валянцін прыцяг дзьве таўшчэзныя дошкі, якія за бутэльку здабыў на недалёкай будоўлі. Прыйшоўшы да лодак, я доўга чакаў сябра, а яго ўсё не было. Нарэшце ён паявіўся, але выглядаў чымсьці заклапочаны і не адразу паведаміў мне паціху, што яго клікалі ў КДБ. Не на Урыцкага, дзе было іхняе ўпраўленьне, а ў гасьцініцу. I спрабавалі завербаваць, але ён адмовіўся. Toe ня стала для мяне вялікім сюрпрызам, але настрой сапсавала грунтоўна. Зноў жа я ня ведаў, як да таго аднесьціся, тым болей, што Чэкін сказаў, быццам яго папярэдзілі аб «неразглашэньні». Toe, што Валяньцін адмовіўся працаваць супраць мяне, рабіла яго ў маіх вачах яшчэ болей шаноўным сябрам. Болей, аднак, пра тое мы ніколі зь ім не гаварылі, і ён не казаў, ці былі ў яго новыя кантакты з КДБ. Я таксама нічога пра той выпадак нікому не сказаў, апроч як праз шмат год — Карпюку. Аляксей тады крыва заўсьміхаўся — то ж у іх гэткі прыём, а ты думаў… Я падумаў тады, што калі прыём, дык самы паганы і подлы. Бо тое прызнаньне сябра выклікала ў мяне самыя сяброўскія да яго пачуцьці і поўны давер. Думаў, што калі чалавек, не зважаючы на забарону, прызнаецца ў тым, значыцца, ён сапраўды адданы табе сябра. Аказваецца, — прыём…
За кароткі час, можа, за месяц, напісаў невялічкую аповесьць, названую «Праклятая вышыня». Гэта ўсё муляў у сьвядомасьці той выпадак вясны сорак чацьвёртага году на фронце. Думалася, там ёсьць штосьці новае, што можна выкарыстаць, прынамсі ў літаратуры. Хаця новае — вельмі адноснае разуменьне, тое, што я меў на мэце, даўно стала банальнасьцю ў нашым жыцьці, удоўж і ўпоперак пранізаным тымі самымі «органамі». Але напісаўшы, завагаўся, ці варта друкаваць? Хацелася з кімсьці параіцца, ды ў Горадні такіх людзей было мала. Карпюк, здаецца, на той час кудысь зьехаў, мой Валянцін беларускай мовы ня ведаў. Ды й наогул, будучы паэтам, ён ня надта цікавіўся маёй празаічнай творчасьцю. Але часам я сустракаўся (пераважна ў кампаніі Карпюка) з выкладчыкам мэдыцынскага інстытуту дацэнтам Клейнам. Барыс чытаў будучым мэдыкам гісторыю КПСС, быў эрудзіраваны навуковец, ведаў літаратуру і філязофію. Да нашай рэчаіснасьці адносіўся стрымана крытычна, і тое надало мне рашучасьці прапанаваць яму аповесьць. Ня надта ахвотна ўзяўшы, ён прачытаў яе за адну ноч і пры сустрэчы дужа хваліў. Сказаў, што гэткую рэч Твардоўскі з радасьцю надрукуе. Яна таго вартая.