ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

У Беларусь прыехаў балгарскі пісьменьнік Найдзен Вылчаў. Як заўжды гэта рабілася, пасьля нядоўгай гасьціны ў сталіцы яго скіравалі ў правінцыю — на гэты раз у Наваградак. Вылчаў быў першы раз у Беларусі і, мабыць, не чакаў такой увагі да сябе. Першай жа ноччу ў наваградзкім гатэлі яго абрабавалі, але ён нават не распавёў пра тое гаспадарам. Пасьля павезьлі ў Бярозаўку на шклозавод, дзе меліся быць выступы з удзелам мясцовых пісьменьнікаў. Мы з Карпюком паехалі на сустрэчу. Выступ адбыўся, як заўжды, у перапоўненай залі, усім цікава было ня толькі паслухаць вершы, але і паглядзець на паэта з далёкай братняй краіны. На абед, які наладзілі на прыгожым нёманскім беражку, зьехалася ўсё бярозаўскае і наваградзкае начальства ды яшчэ і гродзенскае таксама. Ежы і пітва прывезьлі цэлую машыну «хуткай дапамогі». Уздоўж Нёмана разаслалі абрусы, і загучалі тосты — у гонар партыі, перадавікоў вытворчасьці, за росквіт сацыялізму і дружбу народаў. Госьць сядзеў моўчкі, падобна, на яго ўжо забыліся, асабліва як высьветлілася, што ён ня п’е. Тое трохі засмуціла беларусаў, але ненадоўга. Да вечару ўсе бутэлькі былі пустыя, а над нёманскімі плёсамі далёка разносіліся «Подмосковные вечера». Найдзен ціха папытаў у мяне: «А што, у вас сваіх песьняў няма?».

У тых грозных грымотах, якія раздаваліся з поваду аповесьці Быкава, Саюз пісьменьнікаў доўга не прымаў ніякага ўдзелу, і я ўжо быў пры думцы, што ягонае кіраўніцтва на маім баку. Ды дзе там! Аказалася, што на партсходах таксама ішло бурнае асуджэньне, некаторыя камуністы патрабавалі прыняць меры. Асабліва абураўся Iван Новікаў, зь якім мы разам ваявалі ў Венгрыі. Другі Iван, які пры сустрэчы ветліва і дабражадана вітаўся, у сваіх лекцыях ва ўнівэрсытэце падвяргаў жорсткай крытыцы адступніка ад сацрэалізму. Толькі маладзейшыя былі абураныя тым, што вакол мяне адбывалася. Сустрэты мной у Менску малады, але паважаны крытык Віктар Каваленка моцна паціснуў руку і сказаў, што хлопцы з Акадэміі [навук] — на маім баку. I ня толькі з Акадэміі. Алесь Адамовіч, які тады быў звольнены з Маскоўскага ўнівэрсытэту за адмову падпісаць прафэсарскі ліст супраць Сіняўскага і Даніэля, ня раз тэлефанаваў зь Менску, каб я трымаўся і не ўпаў у паняверку. Праўда, сам ён тады ўжо абараніў доктарскую дысэртацыю, здаецца, у Кіеве з дапамогай масьцітага Леаніда Навічэнкі. Той жа Навічэнка аднойчы выпадкам завітаў у Горадню, каб сустрэцца са мной і падтрымаць. Шкада, мяне не аказалася дома. Затое іншыя ўкраінскія пісьменьнікі, у тым ліку і мае нядаўнія сябры, гатовыя былі наладзіць мне байкот. Пры сустрэчы на маскоўскім пленуме Алесь Ганчар папытаўся, хто даў гэткае імя прахвосту-сьмершаўцу Сахно? Я сказаў, што аўтар. Тады ён абурыўся: «А мы чулі, што тое зрабіў нейкі жыдок з „Нового мира“. Ад цябе таго не чакалі…». Празь нямала гадоў, як у Кіеве абмяркоўвалася магчымасьць друку гэтай аповесьці на ўкраінскай мове, той жа Ганчар сказаў: толькі цераз мой труп! I я думаў: няўжо тут уся справа ў хай сабе і адыёзным прозьвішчы? А можа, яшчэ ў чым, болей глыбінным, пра што, аднак, не гавораць? Саромеюцца ці што? Дзякуючы, аднак, прынцыповай пазыцыі маіх сяброў, славутых украінскіх пісьменьнікаў У. Яварыўскага, Д. Паўлычкі, I. Драча аповесьць выйшла на ўкраінскай мове ў перакладзе нашай мілай Тані Кабржыцкай.

Неўзабаве пасьля прыезду да нас Найдзена Вылчава прыехаў другі Вылчаў — Георгі, навуковец, унівэрсытэцкі выкладчык. Ён аказаўся дужа кампанейскім чалавекам, няблага гаварыў па-расейску. Рыгор Барадулін узяў яго і яшчэ мастака Барыса Заборава ў Вушачу, на госьці да маці. Я наведаў іх па дарозе з дому ў Менск. Бацькоўская хата Рыгора хавалася ў засені пасаджанага бацькам вяза, ззаду за ёй быў садок. А на ганку стаяла мілая кабета Акуліна Iванаўна — Грышкава маці, тыповая ўшацкая аўдавелая з вайны гаротніца, у якой адзіная ўцеха ў жыцьці — сынок. Геніяльны нацыянальны паэт, што для маці, аднак, мала значыла. Для маці значыла ўсё толькі тое, што ён — сынок. I жыла яна тым вялізным пад неба пачуцьцём, вышэй ад якога не бывае нічога. Памятаю, там ці, можа, пазьней я паспрачаўся з Барысам Заборавым, які ў адрозьненьне ад некаторых з нас ня дужа надаваў хвалы калегу Міхасю Савіцкаму, што тады шпарка і ўпэўнена ўзыходзіў на беларускі мастакоўскі алімп. Час, аднак, паказаў, што Забораў меў рацыю, а я памыляўся — на вялікі мой жаль.

У Горадню зь Менску прыехаў Васіль Буран, які рыхтаваў да абароны кандыдацкую дысэртацыю па творчасьці Быкава. Дысэртацыю не прымалі, бо там даваліся ня тыя ацэнкі некаторым момантам маёй творчасьці. Васіль біўся над ёй колькі месяцаў і ўсё марна. Я сказаў яму: «Напішы ты, што ім патрэбна». Але Васіль, які аказаўся слаўным украінскім хлопцам, маім аднагодкам, упарціўся. Дык мы разам сядзелі вечар, і я памагаў яму рабіць фармулёўкі ўласных творчых хібаў. Здаецца, тое памагло, дысэртацыю прынялі.

53. Шосты зьезд СП БССР

Так сталася, што маімі літаратурнымі сябрамі ў Менску сталі маладзейшыя пісьменьнікі, народзінаў 30-х гадоў. Сяброў зь ліку аднагодкаў (апроч хіба Алеся Адамовіча, маладзейшага за мяне на 3 гады) амаль не было нікога. Увогуле тое зразумела. Маё пакаленьне ці ня спрэс засталося на вайне, а тыя нешматлікія зь яго, што ўцалелі, занадта навучыліся на вайне і пасьля. «Філялягічнае ж пакаленьне» пісьменьнікаў, мабыць, яшчэ ня страціла сваіх маладых памкненьняў да праўды і справядлівасьці і часам, можа нават міжволі, канфліктна рэагавала на нэгатыўныя праявы літаратурнага жыцьця.

Напярэдадні чарговага зьезду Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі арганізавалі збор подпісаў пад лістом у абарону Быкава. Як пасьля яны пра тое апавядалі, цікава было паназіраць за рэакцыяй шмат якіх пісьменьнікаў на прапанову падпісаць ліст. Некаторыя адразу адмовіліся, іншыя абяцалі падумаць (г. зн. параіцца з кімсь). Бальшыня, аднак, не раздумваючы, падпісала ліст, і мяне ўсьцешыла, што сярод іх нямала старых, вельмі шаноўных пісьменьнікаў: Міхась Лынькоў, Iван Мележ, Янка Брыль, Аркадзь Куляшоў. (Дарэчы, Аркадзь Куляшоў, які быў у даўняй дружбе з Твардоўскім, адзін зь першых павіншаваў мяне з надрукаваньнем у «Новом мире».) Але ні Шамякін, ні Броўка, ні Танк ліста не падпісалі. Ведама, той ліст мала чым дапамог апальнаму аўтару (ды і ня мог памагчы), але вэрхалу нарабіў нямала. Тое, што вакол яго адбывалася, дало зразумець партыйнаму кіраўніцтву, што ў надта апекаваным калектыве пісьменьнікаў няма былога сцэмэнтаванага адзінства. Што пісьменьнікі, як ні дзіўна і не зважаючы на шматгадовы ўціск і рэпрэсіі, здольныя да пратэсту. Ліст, зразумела, ня быў нідзе надрукаваны, а арганізатараў яго ня раз выклікалі на допыты і разьбіральніцтвы у розныя інстанцыі (у тым ліку і ў КДБ). Але справа была зробленая, пісьмень-нікі ўпершыню засьведчылі, што могуць не падпарадкавацца грознай партыйнай волі. Toe ўжо было небясьпекай, якая дайшла да Масквы і якую належала прадухіліць.

Зусім нечакана ў Горадні паявіўся мой перакладчык Міхась Гарбачоў. Ранкам проста зь цягніку ён прыбег да мяне на Алега Кашавога, сказаў, што прыехаў інкогніта, бо мае дужа пільную справу. Праз публікацыю маёй аповесьці, да якой і ён прычыніўся, у ЦК КПСС падняўся вялікі скандал, рыхтуецца закрытая пастанова на гэты конт, якая чорт ведае што можа нарабіць. Таму трэба папярэдзіць — прызнаць крытыку і павініцца. Найлепш таемна, у выглядзе асабістага ліста ў ЦК. Я, натуральна, не пагадзіўся, Міхась пачаў націскаць. Мы ўсчалі спрачацца, сварыцца і, вядома, піць. Спрачаліся і пілі ці ня суткі запар, але да згоды так і не прыйшлі. Сказана было шмат усялякай п’янай лухты, але нямала і прынцыповага, што неадольнай мяжой разьдзяліла мяне з маім перакладчыкам. У канцы ён сказаў: што ж, аповесьць, канешне, цяпер ня выдадуць, будзе ляжаць, бы запасны капітал у сэйфе. Можа, калі-небудзь… Апроч шмат чаго іншага, яму як перакладчыку, канешне, было шкада ўласнае працы, якая прападала марна, і ён спадзяваўся на калі-небудзь. На жаль, ягоныя спадзяванкі ня спраўдзіліся, Гарбачоў памёр, так і не дачакаўшыся выданьня адыёзнага твору.

Правёўшы Гарбачова на маскоўскі цягнік, я засеў за прамову. Нячаста я выступаў на пісьменьніцкіх зборышчах такога роду, але тут рашыўся. (Пасьля некаторыя з маіх дужа інфармаваных апанэнтаў абсалютна дарэмна звальвалі гэта на невінаватага ў тым Гарбачова.) Ды й Алесь Адамовіч сказаў па тэлефоне: прамаўчаць ты ня маеш права, асабліва калі за цябе могуць пацярпець іншыя. За дзень я накідаў выступ з маімі поглядамі і маімі нязгодамі. Прыехаўшы ў Менск, даў прачытаць тое некаторым маскоўскім гасьцям — Аскоцкаму і Лазараву, яны не пярэчылі. Хіба толькі Лазараў, які крыху ведаў маю ня надта спрактыкаваную манеру выступаць, сказаў: не затараплівай. Тое было правільна: я стараўся прачытаць напісанае як мага хутчэй, і тое выглядала кепска. Чытаў у вялікім нэрвовым напружаньні, пры абсалютнай цішыні ў залі, а як скончыў, заля нечакана грымнула воплескамі. Некаторыя ў задніх шэрагах нават усталі. Начальства ў прэзыдыуме, вядома, сядзела з каменнымі тварамі. Але начальства ведала тое, чаго ня ведалі іншыя — недарма яно рыхтавала зьезд доўга і старанна. Пасьля перапынку адразу выступіў Алесь Савіцкі, які незадоўга перад тым прыехаў з асьпірантуры Літаратурнага інстытуту і таксама пачынаў кар’еру. Цьвярдым, разьмераным голасам пераконанага артадокса ён умомант прыгвазьдзіў да ганебнага слупа рэнэгата і антысаветчыка Быкава за яго паклёп на Савецкую армію і яе авангард — партыю камуністых. Савіцкаму таксама апладзіравалі, а я там жа ў залі напісаў яму запіску: «Далёка пойдзеш, Алесь!». I бы ў ваду глядзеў. Не мінула і месяца, як мой зямляк і аднагодак апынуўся на хлебнай і ганаровай пасадзе ў ЦК КПБ. Праўду казалі: «Галоўная ісьціна веку: сябра зьеў — сам таўсцейшым стаў».

Ворагаў той прамовай я, вядома, набыў нямала (усё кіраўніцтва, якое пасьля доўга пазьбягала са мной вітацца), але паболела і сяброў. На сустрэчах і ў рэстаранным застольлі вельмі прыязна аднесьліся да таго факту Рыгор Бярозкін і яго маладзейшыя таварышы — Валя Тарас, Навум Кісьлік, Хведар Яфімаў. Зь імі ж часьцяком быў і няп’ючы Алесь Адамовіч, тым ня менш ці ня самы актыўны ініцыятар застольных сустрэч. Пакуль мы хмялелі, ён разумна і зьмястоўна гаварыў пра татальны ўціск літаратуры і нязломнасьць асабістай волі. У абставінах звыклай несвабоды тое было няпроста. Але неабходна. Iнакш справа літаратуры ператваралася ў банальную паліцэйскую справу сыску і пакараньня. Я казаў, што тое вельмі важна было б давесьці нашаму кіраўніцтву СП, на што Адамовіч толькі іранічна хмыкаў — яны тое ведаюць лепей за нас. Бо ў тым непасрэдна ўдзельнічаюць. Што ж, як заўжды, Саша меў рацыю, бо ўжо быў навучаны скандальнай гісторыяй у Маскоўскім унівэрсытэце.

Тэкст майго выступу на зьезьдзе трапіў у Маскву, адтуль на Захад. Радыё «Свабода» передало яго ў эфір. А неўзабаве я атрымаў з Бэрліну цудоўна выдадзеную кніжку «Мёртвым не баліць» на нямецкай мове. Дырэктар заходнебэрлінскага выдавецтва «Propіleen» пытаўся, якім чынам ён можа заплаціць мне ганарар. Мы з Аляксеем Карпюком доўга раіліся над адказам і вырашылі пакінуць гэтае пытаньне нявырашаным. Iнакш не абярэшся бяды. I, мабыць, зрабілі правільна, бо ўсе замежныя ганарары тады ішлі праз адмысловую дзяржаўную структуру, абыходзіць якую было небясьпечна. Яшчэ нядаўна паведамлялася пра суд над нашчадкамі Барыса Пастарнака — быццам бы за парушэньне правілаў валютных апэрацыяў.

Неўзабаве пасьля зьезду я атрымаў першы ліст ад Твардоўскага. Пасьля ён прысылаў мне нямала лістоў і паштовак, але той самы першы стаўся для мяне самым важным ва ўсіх адносінах. Аляксандр Трыфанавіч найперш абгрунтаваў уласную пазыцыю ў дачыненьні да сучаснай літаратуры і засьведчыў пэўную прыхільнасьць да майго выступу на зьезьдзе. Яму спадабалася, што я не апраўдваўся там, не вініўся, а хутчэй — наступаў і абвінавачваў. Пахвальнае слова рэдактара і мэтра расейскай літаратуры было для мяне важней за ўсе пагрозьлівыя напады ўсіх літаратураведаў у «штацкім». Я адчуў сябе яшчэ болей упэўнена, калі аднойчы пад восень атрымаў тэлеграму зь Ялты ад славутага аўтара «Акопаў Сталінграду» і таксама ўжо бітага крытыкай (за падарожныя нататкі з Захаду) Віктара Някрасава. «П’ём за ваша здароўе, жадаем новых кніг праўды пра нашу вялікую вайну», — значылася ў тэлеграме…

Поделиться с друзьями: