ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

I праўда, аповесьць спадабалася і ў «Новом мире». Як я прыехаў, Твардоўскі быў у добрым гуморы, сказаў, што гэтая аповесьць, можа, найлепшае з усяго, што я надрукаваў у расейскіх часопісах. Сьвежая тэма і высакародная ідэя. Мабыць, даўно б трэба прыгледзецца беларускім літаратарам да свае партызанкі, у якой далёка ня ўсё белае, а нямала і чорнага. Але хто іх спадзьвігне на тое? Гэты ваш Броўка, у якога даўно «зьліпліся вейкі», ці Грышкасьвінапас Шамякін? Я сказаў, што Шамякін — ня Грышка, а Iван. «Адна парода, — сказаў Твардоўскі, — я яе ведаю. У самога продкі адтуль, зь Беларусі. Ці ёсьць у вас там, у Саюзе, які мудры яўрэй? Вам вельмі не хапае мудрага старога яўрэя». Яшчэ ён сказаў, што трэба вучыцца і браць прыклад ня толькі з расейскай літаратуры, якая даўно задушана ідэалёгіяй, а і з заходняй літаратуры, дзе моцнага уплыву дасягла літаратура экзістэнцыялізму, Камю, напрыклад. Ягоны раман «Чума» — гэта ж эвангельле дваццатага стагодзьдзя. Канешне, мы — не французы, у нас свой боль, ды ўсё ж… Ён, Твардоўскі, вядома, паважае Пушкіна, але аддае перавагу Някрасаву. Хаця ўвогуле вершаў ня любіць і нават хацеў кінуць іх пісаць. Такая была размова перад публікацыяй «Круглянскага мосту» ў «Новом мире».

Бедны Аляксандр Трыфанавіч, ён не казаў, але, падобна, трошкі спадзяваўся, што мая адобраная беларускім ЦК аповесьць, можа, паправіць і рэпутацыю ягонага часопісу, якая тады дайшла да мяжы магчымага. Можа, ён разьлічваў на падтрымку беларускага партыйнага кіраўніцтва ў ягоным двубоі з бандай Сафронава, Кочатава, Палікарпава? Як спакваля выявілася, тыя яго спадзяванкі былі марныя. Наступныя падзеі не пакінулі ад іх нічога і ў рэшце рэшт давялі да адстаўкі наваміраўскага рэдактара.

Тады на Беларускім вакзале мяне праводзіў Алесь Адамовіч. Часу трохі было, і мы, седзячы ў зале чаканьня, добра пра ўсё пагутарылі. Адамовіч на той час выдаў дзьве аповесьці пра каханьне, якія, аднак, не зрабілі патрэбнага ўражаньня на маскоўскую крытыку. I ён захацеў паглядзець на мой вопыт — прачытаў рукапіс «Круглянскага мосту», які я яму даў напярэдадні. Быўшы партызанам, якім ня быў я, ён, мабыць, меў свае прэтэнзіі да аповесьці, але і сам штосьці згледзеў карыснае для сябе. Пра тое мы гаварылі. Beдама, для мастацтва патрэбны жыцьцёвы вопыт і культура, але што напачатку? Бо тое ды іншае разам рэдка здараюцца ў жыцьці, штосьці ідзе наперадзе. Прынамсі ў нашых літаратурах. На Захадзе там інакш. Але нам далёка да Захаду, у нас свой вопыт і свае крытэрыі. Пасьля выхаду з друку «Круглянскага мосту» першым з рэцэнзіяй выскачыў штотыднёвы «Огонёк», які шмат год рэдагаваў асабісты непрыяцель Твардоўскага Анатоль Сафронаў. Выхадзец зь Беларусі, ён меў у ёй некаторых сяброў — ведама ж, з ліку чэкістаў, партызанскіх генэралаў, партфункцыянэраў. Мабыць, тыя ў час прасыгналілі ў Маскву, і вось у «Огоньке» паяўляецца разварот за подпісам цэлай групы партызанскіх сакратароў і генэралаў. Самы першы стаіць подпіс двойчы Героя Савецкага Саюза партызанскага генэрала Фёдарава, за ім шэраг іншых. У артыкуле — плач і гнеў, гнеў і плач — на аўтара і часопіс, ягонага рэдактара таксама. Пасьля «Огонька» пайшлопаехала, ад Масквы да самых да ўскраін. Празь нейкі час ні Твардоўскага не засталося ў «Новом мире», ні Пілатовіча ў ЦК. Нядоўга пабыў на чале «ЛіМу» і непрадбачлівы Прокша. Ды і ў «Полымі» абачлівы Кавалёў таксама.

Узаемаадносіны пісьменьнікаў (ды іншых творцаў) заўсёды былі складаныя, чым, зрэшты, карысталіся ў сваіх інтарэсах улады. Што ж да нашых вялікіх папярэднікаў, дык дужа хацелася думаць, што тыя стаялі вышэй за асабістыя звады, вышэй за інтарэсы ўладаў. Для мяне, напрыклад, гаючай душэўнай музыкай гучыць даўні Коласаўскі радок «Мой мілы Янка, мой Купала…». У тым радку надта шмат засяродзілася — як асабістага паміж двума геніямі, так і агульнанацыянальнага. Значыць, насуперак усяму такое было магчыма, прынамсі ў мінулым.

Неяк завітаў да Міколы Матукоўскага, які адразу павёў мяне ў свой габінэт на новай кватэры па Бранявым завулку ў Менску. Там ужо быў Генадзь Бураўкін, зь якім яны вычытвалі гранкі набору, што атрымалі з «Известий». Гэта быў артыкул Матука пра Быкава — ці ня першы ў цэнтральным друку, які меў на мэце даказаць грамадзтву, што Быкаў — наш, савецкі пісьменьнік, не які там паліцай ці ўласавец. I што ягоныя пэрсанажы — патрэбныя і карысныя, бо на вайне былі ня толькі героі, але і баязьліўцы і здраднікі. Што ж, я быў удзячны маім сябрам, якія памагалі мне і раней (і яшчэ будуць памагаць пасьля) у маім літаратурным лёсе. Мабыць, і праўда, артыкул у цэнтральнай газэце недзе штось зрушыў, наступныя падзеі паказалі ягоны несумненны плён.

61. Танкі ў Празе. Карпюк

У мяне быў транзістарны прымачз кароткімі хвалямі — японскі «Панасонік», які я ці ня кожную ноч настройваў — лавіў «Свабоду», Бі-Бі-Сі, «Голас Амэрыкі». З усіх, аднак, аддаваў перавагу «Свабодзе». Добра пачуць яе рэдка ўдавалася — глушылі заўжды і шчыльна. Некаторыя раілі шукаць здатнае месца ў кватэры, каля водаправодных трубаў, паспрабаваць настройваць за горадам. Я спрабаваў і так, і гэтак — часьцей за ўсё нічога не атрымлівалася. Перадатчыкі былі за тысячы кілямэтраў, а глушылкі — во яны, побач, на ўскраіне горада. Няўдалымі былі ўсе мае спробы і ў тую ноч. А менавіта тады хацелася дазнацца пра падзеі, што высьпявалі ў адносінах да Чэхаславаччыны, на якую нацэліўся «крыважэрны блок HATА».

«Міралюбны» Варшаўскі блок рыхтаваўся яе ратаваць.

Раніцай, як заўжды, скіраваў у рэдакцыю і на пешаходным мастку цераз чыгунку спаткаў Клейна. Барыс здаўся нязвыкла маўклівы, на чымсь засяроджаны і толькі буркнуў: «Ну, чуў? Яны ўвялі. Танкі ў Празе…»

Toe, вядома, ашаламляла. Я тады зразумеў вэрхал, што ноччу не даваў спаць — на вуліцах штось адбывалася, ішлі калёны машынаў, даносіліся чыесь галасы, у пад’ездах грукалі дзьверы і бегалі нейкія людзі. Аказваецца, ішла мабілізацыя, як на вайну. У дапамогу перадавым часьцям, што ўвайшлі ў Чэхаславаччыну, на базе Гарадзеншчыны разгортвалася рэзэрвовая армія. Хапалі запасьнікоў, мабілізоўвалі транспарт, на ўскраінах у вайсковых гарадках фармавалі каманды. Як пасьля выявілася, тэлефоны гарадзкой сеткі ў тую ноч былі адключаны. Мы з Клейнам выправіліся да Карпюка.

Яшчэ на падыходзе да Дому Ажэшкі, дзе звычайна працаваў Карпюк, пачулі, як на ўсю вуліцу гучэла перадача Бі-Бі-Сі, распавядала, што савецкія войскі акупуюць Прагу. На вуліцы было нямала прахожых, некаторыя спыняліся, слухалі, а бальшыня хуценька кудысьці бегла. Мы тузанулі дзьверы Карпюковага офісу, тыя былі не замкнёныя, а ў пакоі на канапе ляжаў Карпюк. Ён быў у поўнай вайсковай форме, побач на стале ляжала яго партупея і кірзовая палявая сумка. Карпюк хутка ўскочыў, працёр вочы. Мы выключылі транзыстар. «Во, халера, праспаў», — мовіў змабілізаваны ваяка. Аказалася, што ён усю ноч прабыў у Фолюшы на фармоўцы, раніцай прыехаў сюды і заснуў. Цяпер хутка адпраўка на вызвольны паход у Чэхаславаччыну. «I ты пойдзеш?» — папытаўся Клейн. — «Абавязкова. Ужо я там напішу», — быў яго выразны адказ.

Карпюк хутка паехаў на зборны пункт, і што зь ім было далей, стала вядома празь некалькі дзён.

Вялізную мэхкалёну з мабілізаванымі выцягнулі на шашы ў напрамку польскай мяжы. Прыехала начальства з акругі, пачалі правяраць. Хадзілі адны, другія, трэція. Карпюк цярпліва сядзеў у кузаве МАЗа. I раптам паявіўся начальнік палітаддзелу акругі генэрал Дэбалюк. «А гэты нашто? — кіўнуў ён на Карпюка. Нейкі палкоўнік пачаў штосьці тлумачыць, але генэрал не даслухаў: Зьняць! Ён не паедзе». Давялося Аляксею злазіць з высокага кузава, на спадарожных машынах дабірацца да Горадні. Калёна пайшла да Чэхаславаччыны без Карпюка.

Карпюк, безумоўна, быў чалавек сумленны і, магчыма, нават хацеў быць сумленным камуністам. Але ня ведаў, як ім можна быць. I наогул, што гэта такое — сумленны савецкі чалавек? Што пэўна, ён не любіў хлусьні і не цярпеў непарадку — хоць у літаратуры, хоць у войску таксама. Таму, здаўшы ў Фолюшы сваю амуніцыю, пайшоў уздоўж калючага дроту агароджы паглядзець, ці не засталося што забытае ягонымі папярэднікамі. I — во дзіва! Убачыў у траве тры пакінутыя карабіны. Адчуваючы з вайны каштоўнасьць зброі, ён узваліў карабіны на плечы і панёс да капцёркі. Але тая аказалася ўжо зачыненай — усе пайшлі на фронт. Каб ня кідаць карабіны ў лесе, давялося іх везьці ў горад, у штаб арміі. Там, аднак, карабіны ўзяць адмовіліся — ня нашай часьці. А ўжо настала ноч, і ён змушаны быў несьці карабіны дамоў. Адтуль патэлефанаваў мне: во халера, што мне рабіць? Кажу: там за тваім домам цячэ Ванючка, бухні туды твае карабіны, і справе капец. Ён мяне аблаяў: ты быццам у войску не служыў, ня ведаеш, што такое аружжа. Я, кажу, ведаю. Гэтым аружжам загаўняны ўвесь сьвет. Тваіх трох там не хапае… Не паразумеліся тады мы з Карпюком, ледзь не пасварыліся. Назаўтра ён пачаў хадзіць з тымі карабінамі зноў, аж покуль у яго не запатрабавалі пісьмовага тлумачэньня: дзе і зь якой мэтай узяў і г. д. Ледзьве ён выбавіўся з таго канфлікту, які сам сабе і стварыў.

Цікава, што мяне ў тую мабілізацыю не ўзялі. Можа, прычынай таму — мой стрыечны брат, што паводле анкеты «пражываў у Заходняй Нямеччыне». А можа, і яшчэ што. Зрэшты, ня ў прыклад Карпюку, я туды і ня рваўся і думаў: можа, і лепш, што Карпюка вярнулі. Тыя, што туды паехалі, распавядалі пасьля, як іх у якасьці рэзэрву пратрымалі на чэхаславацка-польскай мяжы, чакалі рэакцыі блёку НАТА, які так і не праявіў ніякай рэакцыі. Toe выклікала захапленьне сярод пэўнай часткі гродзенцаў — ага, спалохаліся нашай магутнай Савецкай арміі! Пра чэхаў казалі: свабоды ім захацелася! Мы ж во жывём без свабоды, але не бунтуем. А ім — свабоды! Яшчэ чаго! I так гаварылі ня горшыя і ня самыя дурныя з нашых знаёмых. А можа, яны так толькі гаварылі, а думалі інакш? Але што карысьці з правільных думак, калі іх трэба выказваць няправільна, перакручана, наадварот. Мабыць, каб выказаць сумленную думку і ня выклікаць падазрэньня, трэба было мець дужа адмысловы розум, якім мала хто з нас валодаў. Мы былі надта прастадушныя ў думках і просталінейныя ў дзеяньнях, за што і цярпелі.

62. Карпюк і генэрал Гарбатаў

Седзячы ў Доме Ажэшкі, Карпюк прачытаў у «Новом мире» ўспаміны генэрала Гарбатава, дзе ягоную ўвагу прыцягнуў не расповед генэрала пра сваю кар’еру і франтавыя подзьвігі, а скупое паведамленьне пра тое, што генэрал ня п’е. I ніколі ня піў. Уражаны такім дзівам, Карпюк сунуў часопіс у кішэню і пабег на вакзал. Там, не пасьпеўшы сказаць нават жонцы, сеў у маскоўскі цягнік і ранкам быў ужо ў Маскве. Пасьля працяглых перамоваў з палкоўнікамі Генэральнага штабу раздабыў адрас Гарбатава, які жыў каля Нікіцкіх варот. Карпюк пазваніў у дзьверы, і папярэджаны з генштабу генэрал яго ўпусьціў. Карпюк ветліва прадставіўся — беларускі пісьменьнік, ветэран вайны. Генэрал пасадзіў госьця за маленькі столік, дастаў з шафы гранёны графінчык. Карпюк хацеў абразіцца і заўважыў, што ў часопісе генэрал напісаў, быццам ня п’е. Аказалася, сапраўды ня п’е, а графінчык — для госьця. Тады Карпюк горача паціснуў генэральскую руку, радасна паведаміўшы, што таксама ня п’е. I выклаў яму патрэбу, зь якой прыехаў у Маскву. Ва ўсіх краінах сьвету ёсць таварыствы цьвярозых, а ў нас няма. А між тым шкода ад п’янства… I г. д. Таму трэба зьвярнуцца да грамадзкасьці зь лістом, падпісаным аўтарытэтнымі людзьмі, вось як вы і я, і стварыць таварыства. Тэкст ліста ўжо гатовы, вось пачытайце…

Поделиться с друзьями: