Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Пасьля дазнаўся: на высьпе па-над ім было нейкае, яшчэ паганскае, збудаваньне, здаецца, расьлі дубы.
Так возера было са мной у дзяцінстве, на вайне, у чужыне — як асяродак Радзімы і вобраз хараства.
Усе хлопцы ў вёсцы былі старэйшыя за мяне — хто на два, хто на тры гады. Як адчынілася пачатковая школа ў Міхашонкавай хаце, пайшлі вучыцца. А я малы, мяне ня бралі. Тады было дужа маркотна, прасіў бацьку пусьціць у школу, і бацька аднойчы павёў. Настаўнік Аўласенка паглядзеў на малога, шасьцігадовага, і кажа: хай ходзіць. Валодзя Галавач зрэзаў на балоце трысьціну, уставіў у яе настаўнікава пёрка — пачалася вучоба.
Палітычныя ліхаманкі пэрманентна калацілі вёску. Яшчэ пры аднаасобніцкім жыцьці была ільнонарыхтоўка. Патрабавалі здаць усё і яшчэ болей. Хадзілі з вобыскам — ператрасалі лахманы, шукалі кужалі. Прымушалі раскручваць конскія путы — на здачу.
Мне было мо год пяць, як прыйшлі актывісты шукаць. Жылі тады яшчэ ў старой хаце, з істопкай, у якой правалілася столь, і маці ўсё палохала: ня лазь туды, правалішся. Шукалі-шукалі, нічога не знайшлі, паклікалі мяне:
«Мальчик, где отец спрятал лён?». Зласьлівасьць начальнікаў выклікала ў мяне адпаведнае пачуцьцё, і, помсьцячы, я ім сказаў: «На істопцы». Яны адразу палезьлі туды, а я зларадна думаў: хай праваляцца і заб’юцца. Аднак не праваліліся, а я ўцёк за сажалку.
У канцы вуліцы таго сяла жыў Азевіч Дзям’ян, аднарукі інвалід Першай сусьветнай вайны. Адною (цэлай) рукой ён рамантаваў гадзіньнікі, якімі ў яго былі завешаныя ўсе сьцены. Працаваў ён на падаконьніку і, як мне цяпер здаецца, рабіў цуды. Шкельцы для гадзіньнікаў, напрыклад, ён выразаў з бакавога лямпавага шкла. Здаецца, ён шмат іншага майстраваў з падручных матэрыялаў. Часам настаўнікі з Кублічаў перадавалі мне свае гадзіньнікі — то ўставіць шкло, то адрамантаваць. Дзёмка заўжды з платы ў адзін рубель даваў мне 20 капеек. Яшчэ ён выпісваў газету «Красная звезда», якая мяне тады дужа цікавіла: як жа, вайсковая газеціна.
Ці не праз тую газеціну ён у 1937 годзе лёг у Курапаты?
А ягоны сын Дзёмка Дзёмкаў стаў партызанам, нават ад’ютантам камбрыга.
Нашая хата была крайняй у вёсцы, далей было поле і — роў. Вялікая, даўгая аўражына, зарослая алешнікам, ляшчыньнікам. Там жа была і крынічка, у якой бралі ваду. Гэта ў маім дзяцінстве быў цэлы сьвет загадкавага, таямнічага, нязьведанага. Хоць зьведана там было ўсё: усе закуткі, сьцежкі, ручайкі і абрывы, кротавыя і барсучыныя норы, зарасьнікі крапівы, дзядоўніку, маліньніку. Зімой жа па сьцежках і кладках дабрацца да крынічкі было пакутна. І яшчэ горай — выбрацца з рову. Затое ўлетку гэта быў край хараства і таямнічасьці.
Белякоўская пачатковая школа разьмяшчалася, аднак, не ў Белякоўшчыне, а ў Двары-Слабодцы, у вялікім панскім доме, дзе яна займала два пакоі. У адным зь іх жыў настаўнік, у другім — састаўленыя ў два рады — стаялі парты. То былі трэцяя і чацьвёртая клясы. Пакуль настаўнік (Троцкі ці Крацёнак) займаўся з адным класам, другі працаваў самастойна. Бывала, я хуценька рабіў заданьне па мове ці арыфмэтыцы і слухаў, што рабілася ў чацьвёртай клясе. Гісторыю, напрыклад. Было дужа цікава. І калі настаўнік задаваў якое пытаньне, на якое ніхто з чацьвёртага клясу ня мог адказаць, тады я паднімаў руку з трэцяга. Сьпярша настаўнік зьдзіўляўся, а пасьля прывык. І вось аднойчы кажа: «Перасаджвайся ты, Быкаў, у чацьвёртую клясу». Я перасеў, скончыў чацьвёртую, але пятай тут не было, а я быў малы, каб хадзіць у Кублічы, і бацька пакінуў мяне яшчэ на год у чацьвёртай.
Гэтая кляса быў асаблівы, хоць бы па ўзросьце. Побач з дзесяцігадовымі, як я, там сядзелі хлопцы і дзяўчаты (асабліва дзяўчаты) пятнаццаціі шаснаццацігадовыя. Не скажу, каб старэйшыя ажыцьцяўлялі дыктат (як цяпер у школах) над малодшымі, але ўсё ж… Старэйшыя ўжо цікавіліся адносінамі паміж поламі, каханьнем. І вось неяк мяне пачалі дражніць каханьнем да Надзі Кананок, маленькай маўклівай дзяўчынкі са Слабодкі. Праўда, слаўненькая была дзяўчынка, але, здаецца, я зь ёй нават не загаварыў ніколі, як і ні з кім пра яе таксама. Між тым нешта прывярэдзілася нашым старэйшым, якія пры выпадку нязлосна кпілі зь мяне. Часам было дужа сорамна. І крыўдна. Яшчэ на той час клікалі мяне Базылём.
Мая мама, Ганна Рыгораўна, была родам зь вёскі Завулак, што на пару майго дзяцінства апынулася па той бок савецка-польскай мяжы, хоць і была ад маёй вёскі Бычкі праз якіх чатыры кілямэтры. Усю маладосьць сваю маці ўспамінала пра родныя мясьціны, пра брата Лявона, што застаўся па той бок, і дужа баялася, каб не надарылася бяда ў 1937–1938 гадах, калі забіралі шмат каго з тых, чые родзічы апынуліся за мяжой. Бог бярог, маіх бацькоў не забралі. Маці была дужа далікатная характарам, ня надта здаровая, часта хварэла. Я ня чуў ад яе якой сваркі з бацькам, ніводнага злосна-пагрозьлівага слова да дзяцей. Усё — ласкава, лагодна, зь нейкай застарэлай тугой у душы. Мусіць, таму, што жыцьцё аднеслася да яе даволі драпежна: у гады рэвалюцыі і грамадзянскай вайны яна страціла першага мужа, пасьля (ужо за маёй памяцьцю) памерла яе ад яго дачушка, шаснаццацігадовая Антунінка (ад прастуды). Маці была непісьменная (амаль). І колькі я яе памятаю, заўжды ў працы, у нязбыўным гаротным клопаце — як накарміць, у што апрануць нас, трох. І гэты свой клопат яна несла моўчкі. Толькі ўсё адбівалася на твары, і я змалку выдатна адчуваў усе зьмены яе настрою па выразах яе спакутаванага твару.
Тады па ўсім краі ішла калектывізацыя. Мужыкоў змушалі ўступаць у калгасы. Не зразумела, навошта была тая дабраахвотнасьць, тыя начныя сходы, якія вырашалі тое, што ўжо было вырашана бязь іх. Некалькі начэй ішоў сход і ў нашай вёсцы, і ўрэшце вырашылі абагульніць. Таго ж ранку пусьцілі па вёсцы актыў выгружаць збожжа (баяліся, што пахаваюць, ці што?), на золаку прыехалі і да нас. Я абудзіўся ад плачу маці, яна галасіла (чаго ніколі я ад яе ня чуў), бо зь істопкі выгрузілі ўсё — не пакінулі ні каліва. Чым было карміцца, што пасеяць у гародзе? А на двары стаяў яшчэ сакавік 1933 году, з якога пачынаўся вялікі голад аж да самай вайны. Толькі ніхто ня ведаў таго, што чакае людзей наперадзе.
Уладзімер Хведаравіч, мой бацька, паходзіў з гэтай жа вёскі, нават з суседняй хаты, у якой тады гаспадарыў старэйшы ягоны брат дзядзька Васіль. Была жывая і маці іх, Хвядорыха, якую мы не любілі з тае прычыны, што яна не любіла нас. Рэч у тым, што, як у маці, так і ў бацькі гэты шлюб быў другі — першая жонка бацькі памерла, здаецца, ад родаў. Бацька ў дзяцінстве скончыў царкоўна-прыходзкую школу ў Кублічах, лічыўся грамацеем у вёсцы. Да яго прыходзілі чытаць-адпісваць лісты непісьменныя салдацкія маці. У маладосьці ён сэзонна працаваў на цагельнях у Мітаве. Царскую службу правёў у Гародні, расказваў пасьля пра гэты горад, зь якім лёс зьвёў і ягонага сына. У час імпэрыялістычнай вайны будучы змабілізаваны ў армію генэрала Самсонава, трапіў зь ёй у нямецкі палон. Але ў палоне, казаў, яму пашэнціла: рабіў у баўэра, дзе да некалькіх «рускіх» парабкаў былі неблагія адносіны. Мусілі рабіць, але і кармілі, і апраналі. Прынамсі, пасьля ў калгаснай рэчаіснасьці ён успамінаў той час зь піетэтам, і, мусіць, меў падставу. Бо далей на ягоным жыцьці былі спрэс нэндза і катаклізмы: калектывізацыя, вайна, партызанка, трывога за дзяцей. Сын (я) у вайну быў няведама дзе, дачку Валю немцы некалькі разоў забіралі ў Нямеччыну (адзін раз яна выскачыла з цягніку). Але іншым дасталося болей, і гэта хіба суцяшала.
Характару ён быў не крутога, але зь дзецьмі абыходзіўся строга (прынамсі, мне так здавалася, можа, у параўнаньні зь мяккай маці). А ўвогуле, усё жыцьцё біўся як рыба аб лёд, і толькі на старасьці дажыўся да ладу і казаў, што хлеба даволі, ёсьць і да хлеба, і нейкая апратка — калі такое было? Толькі жыць ды жыць.
Але менавіта ў такую пару і прыйшоў канец. Памёр у 1966 годзе на дзень Сталінскай Канстытуцыі 5 сьнежня пасьля доўгай і цяжкой хваробы на расьсеяны скляроз.
Урэшце, я другі раз скончыў чацьвёртую клясу ў Двары-Слабодцы, далей трэба было падавацца ў Кублічы, дзе ўжо вучыліся мае сябры-аднавяскоўцы. Кепска — не было абутку. Сандалікі, што я насіў летась, сталі малыя і ня лезьлі на ступні. Тады бацька прыстасаваў іх арыгінальным спосабам: разрэзаў і надшыў заднікі. (Пята, праўда, не зьмяшчалася на падэшве, але тое не бяда.) Так я ў тых сандаліках дахадзіў да зімы. А зімой здарылася бяда: на лесанарыхтоўках у Пад’язеньні захварэў на тыфус бацька, паклалі яго ў бальніцу ва Ушачы. Дома не было дроў, каб згатаваць страву, трэба было ісьці ў лес, сьсекчы алешыну, прыцягнуць яе, насекчы. Гэта ўжо быў мой абавязак, часам дапамагаў Валодзя Галавач, мілы хлопец, старэйшы за мяне на тры гады, малодшы сын найдабрэйшай цёткі Анапкі. У лес і ў школу хадзіў я ў апорках, здаецца, гэткі адзін у клясе. Неяк на перапынку кліча мяне дырэктар і кажа: ідзі ў сяльмаг і выберы сабе чаравікі. Скажы, дырэктар прыслаў. Пайшоў, выбраў, а пасьля заняткаў дырэктар мне ўручыў новенькія, пахучыя чаравічкі, на якія я ня мог нарадавацца. Ідучы цераз Сатавізну дадому, дома таксама. Маці заплакала ад радасьці… Скураны пах тых чаравікаў я чую дагэтуль — такі ён мне быў мілы.
З абуткам ды й вопраткай была пастаянна нявыкрутка: то не было чаго купіць у сяльмагу, то не было за што. Кожны год у канцы лета, як трэба было зьбірацца ў школу, мама бедавала: у што апрануць дзяцей? Памятаю, аднойчы пашыла мне кашулю зь белых жаночых хусьцінак у кропачку. Але неяк не хапіла, і на грудзях трапіў шлячок, які выдаваў паходжаньне маёй кашулькі, ад чаго давялося дужа перажываць.
А з абуткам… Ледзь ня кожнага дня на золаку ўранку чуў я праз сон, як бацька пры газьніцы то падбівае, то зашывае мае чаравічкі, што дашчэнту ірваліся. Усё ж тры кілямэтры па макрэдзі, у сьнезе, цераз балота, па гразі. І кожны дзень. Неяк памарозіў пальцы на нагах, тыдзень ня мог абуцца. Зноў жа прастуды, кашаль. Асабліва дапякаў начны кашаль, які трывожыў бацькоў. Бацька звычайна бурчэў: казаў, не мачы ногі, ня йдзі праз аселіцу… Дык не! Неслух ты, Васька, цяпер во кашляй…