Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Руны Перуновы

Барадулін Рыгор

Шрифт:
ДОЎГА Свежую дошку трымаць, Як малога. Думаць, Што новая ляжа падлога. Чуць шчабятанне ўнучкі, Якая Сябе вярцікруцяю называе. Доўга збіраць яшчэ Грошы на плату За дошкі на безваконную хату...
А ТАМ... Жыву не тут, Дзе пражываю дні, А там, дзе дні мае раслі са мною, Атуленыя шчырай гаманою Расчуленай зялёнай цішыні. Імкнецца ўсё маё штодня туды, Дзе зябне ў ноч завейную Падпечнік. Дзе Хатнік Свой бярозавы падсвечнік Нясе на кут, каб бачылі Дзяды, Што ў хаце ён — руплівы гаспадар. Чакае. Не спяшаецца. Трывае. Тут халадаецца душа жывая, Забыць баіцца нетутэйшы сквар. Тут мамін сум глядзіць яе вачыма. Тут дні ў нябыт ідуць, Каб па вясне Нанова зарунець, Але не мне, А на мяне падобнаму, Магчыма...
КАБ НЕ РАЗМІНУЦЦА... Мама чула голас даўніны. Як свая З паганскімі багамі Снедала й вячэрала. Яны Давяралі крыўду й радасць маме. Крыўдавалі, Што на іх жывых Забываюцца на гэтым свеце. Маладзелі ад вачэй сваіх, Каб гарэла маладзець прыкмеце. Мама ўдзячная была жыццю, Немачы магла пазычыць сілу, Спажываць багатую куццю Клікала Ярылу й Маразілу. Сцежку саступала ёй імгла. Заікаўся пан Пярун на ўзгрыме. З печы ўзяўшы вугалёк, Пайшла, Каб не размінуцца са сваімі...
ТРЫПЦІХ Памяці Васіля Быкава І. Талент – гэта праклён Паласатага д’ябла. Намагаецца плён, Каб душа не азябла. Талент – гэта палон, Не ўцякаюць з якога. Б’ецца ў краты вакон Маладзік крутарога. Талент – гэта амбон, Дзе хацела б вініцца За бязмозгліцу дзён Старасць – смерці двайніца. Талент – ранішні сон, І яго прачынацца Не прыспешвае кон, Покуль рупіцца праца… ІІ. Людства – Рэха светлай даўніны. Літасць – Стомленая лютасць змроку. Цяжка чуцца ціхаму прароку На гандлёвішчы глухой маны. Хоць прарок Даваў сабе зарок Абыходзіць вір знявер’я бокам, Цяжка На зямлю сысці прарокам. Грэх ступае следам Крок у крок. Людства – Памяць маладой віны. Літасць – Спадкаемніца папроку. І чуваць далёкаму далёку Патаемнай кайнасці званы. ІІІ. Душою не крывілі крывічы, Бо крэўнасць з небадолам адчувалі. І валуны, спыніўшыся на ўзваллі, Нікуды не спяшаліся ўцячы. Пярун – вястун вясны – Аб валуны Вайстрыў маланак вывістыя стрэлы. Лясун, і аўдавелы, й астарэлы, Сніў сон, Як восеньскі туман, ляны. На ўскрайку вечнасці Крывіцкі край Абжыты быў паганскімі багамі. І гурбы снегу белымі стагамі Пагрэцца запрашалі зорны грай. Прагаліны сарок Зарокам зім Ратаяў ратных гоняў прывячалі. На гэты свет з’явіцца крывічамі Нябёсы дазвалялі, А не ўсім…
ЗАГАЙДАНАЯ Вусаты вугор у зябкім цяньку, Як шкарпэтка вывернутая, Пагойдваецца ціха. Гэта шкарпэтку звязала Вадзяніку З ціны цёмнае Загайданая Вадзянічыха...
ДЫМ Хоць дым умее гаварыць, Не скажа, што яму гарыць. Агонь глядзіць вачмі рудымі. Дым спавівае небакрай, Дарогу ў пекла, Сцежку ў рай. Цяплей дрыжыцца Зорцы ў дыме. Жыццё гарыць, а дым жыве I ў ногі сцелецца траве. I пагарэльца мроі прыме, Хто мог пераканацца ў тым, Што ўсё на гэтым свеце — Дым. I не відаць нічога ў дыме.
НА ПЛЯЧЫ Я з чорным катом на плячы, Як прашчур мой З сокалам лоўчым. Так чорна наўкол — Хоць крычы, Нібыта даведаўся, зло ў чым. Мірон сваю цягне курню — Мурклівую песню без словаў. I продак яго цішыню Люляў так, Вярнуўшыся з ловаў. Яшчэ ратаваў заадно I пеўня ад ласкі лісіцы. А рыбка нырала на дно, Не думала ў лапы прасіцца. Птушатнік, мышатнік, рыбак — Занятак кашынага роду. Хай іншы ўцякаў ад сабак, Дык толькі пародзе не ў шкоду. Я з чорным катом на плячы Стаю на парозе змяркання. Звыкаю да чорнай начы. I цені здаюцца звяркамі. Вяртаючыся Ішоў я, ішоў я З паўначы з карчмы. Знайшоў я, знайшоў я Салаўя ў карчы... З вушацкае песні Пад досвітак вяртаюся з карчмы, З карчмы жыцця Ні п'яны, ні цвярозы. Яшчэ ў душы Віюць гняздзечка крозы, А ў галаве не цішацца грамы. На панібрата піў са мною час. Плыла вясёла чарачка, як хмарка. I доля — Захмялелая карчмарка Мне налівала ўкоптур і няраз. Было, Што зблізку бачыў салаўя, Ды болей дзён Пражыў пад крумкачамі. Не дасыпалі сны мае начамі, Каб у карчме На ўсё забыўся я...
КАРЧМА А жыцьцё — карчма, А ў карчме здаўна Мёд-гарэлку п'юць, Прадаюць душу. Колькі ні даюць, П'юць усё да дна, Кожнаму ліюць Па яго каўшу. Па каму каму, Каму два камы, I ў карчмы таму Пасынкі й сыны. А каму куму, Каму дзьве кумы, Каму зорны шлях, Каму перуны. З рук у рукі йдзе Чарыца наўскач, Хітры мёд на дне, Хмель у берагах. I гудзе карчма, Тут і сьмех і плач, Цешыць страх сябе Ў чорта на рагах.
ДЗІКАЯ ТРАВА Затушыць дзікая трава Пажар цнатлівы сціплых красак. Заглушыць дзікая трава Вясёлы смех калёраў лугу. Задушыць дзікая трава Усё, што дыхае на волі. Ні развядзёнка, ні ўдава, Яна згарае ў думках ласых. Пустую галаву знава Шаленіць ветру-валацугу. Усё нябыцячы, Ніколі Не чэзне дзікая трава...
ЛЕГЕНДА Не сціхае Млечная залева, Толькі з-пад сузор'евых карчоў Клапатліва свеціць Зорка Крэва — Апякунка долі крывічоў. Аблачынкай — Ранішняй хусцінкай Вочы тоіць Ад свайго ж святла. А была дзяўчынкай-чарацінкай, Жрыцаю Дажбогавай была. Як вянок пусціла на Купалле, Залатым зрабіўся той вянок, Бо Дажбогавы пагляды ўпалі На ўчасаны месікам лянок. Час знікае беззваротна шпарка. З пасмаў Крэвіных да забыцця Усё прадзе — не абразае Парка Нітку крывічоўскага жыцця.
ПАТАЕМСТВА КУПАЛЬСКАЕ НОЧЫ У Купальскае ночы Дзявочы жах, Што ўспыхне ад жарсці Нябесны дах. У Купальскае ночы Жаночы страх, Што вочы заплюшчыць Нястомны птах. Ахінуўшыся недасяжным дахам, Можна ўпоцемку йсьці Спаконвечным шляхам, Што для нашчадкаў праклаў Адам, Згубіўшы лік I слядам, і гадам. Птах завецца па-рознаму Ў розных краёх. Толькі б спяваў ён, Толькі б не злёг. Абвяне птах — Зарасце адам'евісты шлях. I сумна задумаецца Працяг...
ЗАПРОСІНЫ Усе мае, Якія ўжо не тут, Прашу вас На маўклівую бяседу. З Дзядамі ўпоплечкі Саджу на кут, Даверыўшы Дарогу ўспомніць следу. Хай ён Сюды здалёку прывядзё I вёсны шчырыя, I смех забыты. Хай сум Даручыць пілнаваць бядзе Балючыя I камяні, і пліты...
ШЛЯХТА Гадоў маіх Шляхта вушацкая ўсмак Адфэсцілася, адбалявала. Даверу сарамлівы юнак З асцярогай пабраўся трывала. I засталася яшчэ са мной Гадоў няпэўная рэшта Штурхацца Спаміж гаманой і маной, Да канца Спадзявацца на нешта...
КЛАД На ўгарбелых паганскіх капішчах Ацішаныя крывіцкія клады. Бо ўдзячнакайлівы напамін — Клад да недаступнасці безабаронны. Дух продкаў заўсягды малады. Смутак вякоў не ачах яшчэ. Сцежкі дапытлівыя на размін Лёс раскручвае ў свет зялёны...
ЗБЕГ МІРОН Кот вяртаецца па сваіх слядах, Думка вяртаецца па сваіх азарэннях. Слова вяртаецца па сваіх складах. Боль вяртаецца па чужых азвярэннях. Вяртаюцца на ваду кругі Ад відушчага каменя з рукі тугі.
I... Мана і нябесная манна. Дзе манна, а дзе мана? Як сонная спёка, рахмана Людзкая гудзе гамана. Мана небасхілу й безмена, I праўда зямлі сырой. I рэха клянецца бяззменна Лагчынаю і гарой, Што перадае слова ў слова I думкі, й настрой Перуна. Журбоціцца праўда сурова. Лісліва якоча мана...
Поделиться с друзьями: