Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Руны Перуновы

Барадулін Рыгор

Шрифт:
ЗАСТАЛАСЯ... Нечысць на зямлю бяду наклікала. Перагарадзіла белы дзень гара. Засталася Беларусь без Быкава Беднай хатай Без гаспадара...
КАБ ЦЯПЛЕЙ БЫЛО... Цень Волі I ў пячоры на сцяне Хацеў акрэсліцца й дрыжэў азябла. Агонь няволі тлеў у зяпе д'ябла. . Гнеў ласкавеў яшчэ пры Перуне. Цень Волі Крылы птушак прымяраў, Каб асланіць бег часу несупынны. I горы гора прагіналі спіны. I хворы змрок паціху паміраў. Цень Волі Днеў і запрашаў святло Даверыць людству Позірк свой і подзіў. Дзень Волі Рос як пасынак стагоддзяў, Каб на зямлі Жыццю цяплей было...
ЯШЧЭ... Туды вярнуцца, Дзе снам нямулка, Дзе высакосна цёплым залевам, Дзе спіну не разгінае вулка, Дзе вуж дагэтуль Жыве пад хлевам. Пад неба Над мамінай хатай выйсці, У жаўталісці Згубіўшы крокі. Бо, як сказаў Караткевіч Калісьці: Зямля чакае I вечар яшчэ далёкі...
КОЦЯ-БРАЦЕ Вокам яшчэ не патухлым Зірнуў на мяне, Перш чымся яго патушыць, Міроне! Магу паскардзіцца Толькі сваёй віне, Што я зрабіўся самотнікам Сёння… Ты пайшоў, Каб спяваць Васілю курню Па-вушацку стрымана й прачула. Коця-браце, Адведай усю радню, Што ў вушацкай зямлі заснула. Там твой цёзка Мірон, Што на хутары пасвіў кароў, Бацькаў Вурдаль, Маміна Каця. А мяне ты пакінуў Без успомненых вечароў, Дзе сон з каптура Мякка скакаў на палаці… Зніякавеласць найшла, нібыта Запрошаная самой зімой… Дзякуй за тое, што быў ты, Апошні спагадца мой!
САМ Сам ворага свайго ствары, Зляпі яго з калянай гліны. Вазьмі яго сабе ў сябры І да апошняе хвіліны З ім шчыры будзь І не хітры. Мець ворага свайго лацвей. І на самоце, і ў застоллі Ён твой крумкач і салавей. Цябе ён не прадасць ніколі, Ты лагадней і суравей. Сябры, вядома, да пары. Наноў не выдумаеш порах. Усе бабры сабе дабры. Калі ты сам сабе не вораг – Дык ворага свайго ствары!
ПРАШЭННЕ Калі я адыду, пастаўце мне Валун сівы і крыж на валуне. Засведчыць крыж, Што адышоў з імшой Паганец кшчоны, Уніят душой. Крумкач, як чорны плач, На валуне Спачне і, значыць, Памяне мяне. І стрыж, як крыж здранцвелы, Прамільгне, Цень студзячы ў труне На самым дне. Калі я замаўчу, пастаўце мне Валун сівы і крыж на валуне…
ДОЛЯ Мамінае паданне Здарожаны Бог ішоў палыном, З сабою ўзяўшы зямную стому. Бачыць, А баба белым бліном Выцірае срачку малому. А ў тыя часіны ад самай зямлі На кожнай цыбатай сцябліне Багатыя каласы раслі І па чарназёме, й па гліне. І ў жменю сціснуў сцябліну Бог, І ўгору павёў рукою. І долу за коласам колас лёг, І неспакойна стала спакою. І голас прарэзаўся з нематы, І сілу ўзгадала бяссілле. З наўколля ўсяго сабакі й каты Завылі ды загаласілі. Абабегчы кожны ўзгорак і лог Рэху хапіла хвілінаў. І злітаваўся над жывацінамі Бог, І колас апошні пакінуў. Не зважыць той колас бясконцасць сама – Не стане зорных бязменаў. На сцябліне, дзе былі каласы, нездарма Засталося дванаццаць каленаў. Ці спіць цішыня, Ці прачнецца гром, – Не мусім забыцца ніколі, Што мы на гэтым свеце жывём На сабачай І на кацінай долі…
ЁСЦЬ! Ёсць душа і ў вераб’я. А душа, яна такая, Што ў яе журба ўцякае З маладога ручая. Маладога ад вады, Перакшчонай перунамі, Дзе нервуюць невады Вадзянік з зялёнай паннай. Глушыць гул млыны віроў, Змора змроку патакае. І журба з душы ўцякае Да зялёных вечароў.
НЕЛЬГА… Хрэснікі маланак утрапёных – Думаюць захмарна валуны. Згорбіліся спіны даўніны. Першасэнс заблытаўся ў імёнах. Зоры пазіраюць па-зямляцку, Як на доле зябкавата снам. Ані валунам, ні перунам Нельга ісціну застаць знянацку.
САКРЭТЫ НАСТРОЮ Заслаўе прыцішанае. Рыцарскія турніры. Адвячорак, як пратакол, сухі. Апантанец крывіцкае доблесці шчыры, Быў я не дзідамі ўражаны. Конскія кацяхі Сагрэлі настрой мой, У маленства вярнулі I ў шаленства, Дзе адпрыроднае ўсё было... Па-гаспадарску спакойныя У трэскаце й гуле Кацяхі Зялёнае выпраменьвалі святло.
ЖЫВУЦЬ! Пётру Кухарскаму Жывуць, пакуль і х помняць, I таму, Хто іх не выракся, дапамагаюць Паганскія багі I ўсю гурму Прыкмет і прымхаў За сабой цягаюць, Як немаўлят, Заплеччу ў хатулях Нясуць, Гарбацячы ўракліва цені. Зайздросліва глядзяць На іхны шлях Прыземленыя нашыя трымценні. Агонь, вада, I рунь, і гавяда Пад іх прыглядам Ад маленства свету. Слухмяніцца і радасць, і бяда Багам паганскім — Ключарам сакрэту.
ВЕРАСНЁЎСКАЙ ВЯСНЕ Не шкадуе табе святла Сама ягамосць мілосць, Покуль жарсны жар не астудзіш, Дзякуй тваёй цікаўнасці, Што ты была, Дзякуй супадзенню, Што ёсць, Дзякуй разгубленасці, Што будзеш!
СЯСТРА У Бліскавіцы не было сястры, I бацьку Перуна яна прасіла, Калі ягоная не счэзла сіла, Каб доўжыць род парупіўся стары. Нябесныя дрыжэлі хутары. Па цуду навальніца галасіла. Пад цёмным сэрцам ноч дачку насіла. Цякла жывіца па шчацэ ў кары. I ўраз сарочка неба затрашчэла. I Перунова меншая дачка Не захацела вогненнае цела Хаваць у воблачнае ахінала. I нарачонкаю Маладзічка Назвацца Бліскавіца пажадала.
САЛЯМ! ЧАЛОМ! Над небам мячэці маладзічок Займаецца колькі стагоддзяў. Нібыта адкінуты ўздыхам кручок З дзвярэй, Каб блуканец заходзіў У храм, Дзе яго падпяража Алах З карана суровай сурою. Блуканец імя сваё Знойдзе ў імглах I ўмые зарою сырою. I роспач сляпая захоча вячэць I сподзеў не ўпусціць Свой шанец. I будзе пакутна Глядзець на мячэць Апошні крывіцкі паганец...
ВЯДЗЬМАРСКІ ТРЫПЦІХ

Пётру Кухарскаму

I. Пярсцёнак ведзьмара негаваркі — Жывы ліхтар відушчае рукі, Што бачыць пад зямлёй I праз вякі Забыты клад і клопат незабыты. Клад рухаецца, Страх яго пасе. Іржава пад страхой імжы Касе. Заклёну не ўтаіцца і ў расе, Ад ведзьмара, Што слову здаў іспыты. Пярсцёнак, поўня, сіта, Кропля, гук Круглявяцца каля бяссонных рук. Наблізіцца да круга пнецца лук. Маўчыць вядзьмар. Задумаліся міты... II. I прачыстаеслова Шалёную ведзьму карае. Вывіваецца недзе ведзьма На запаленым тут агні. I на шыі з пякельнага жару каралі, I смала закіпае ў кожнае далані. I , як тымі гадзюкамі, Разняволенымі валасамі Пнецца ў злосці прыпарці Да збеглай зямлі. Звар'яцелымі ведзьмінымі галасамі Перахрыпла крычаць балючыя вугалі. Увабраўшы ў сябе насланнё, Вогнелобы Вугалёк, дагараючы, Робіцца, як валун, цяжкі. I да ведзьмы насланыя ёй хваробы Вяртаюцца, Лютую раздзіраючы на кузлакі. Вугальком тым прабіць Можна шыбу глухую У акне, дзе заклён Вяроўчыны цемрадзі ўе. Слова хоча маўчаць I само ўжо шкадуе, Што даверыла некаму таямніцы свае... III. I расчынілася дамавіна. Вабуля ў ёй маладзець пачала. I сукня чорная, як аблачына, Вядзьмарку зграбную абвалакла. I ўнук убраўся у белае белле, Сатканае з ранішніх туманоў. Галіны здранцвелыя адубелі — Арэлі хрыплыя цёмных сноў. ...I ўнук паходню ў руцэ трымае — Гарачую зорку высока нясе. Знікае ў незнань дарога крывая. I стыне раса на нябеснай страсе. На той дарозе, Што недзе ўнізе, Растуць плячыстыя валуны. I краю крывіцкаму У сонечнай рызе Паклоны шчыра б'юць перуны. Ахоўцамі наскіх багоў паганскіх Ступаюць следам Дванаццаць ваўкоў. I зорцы вятры не даюць пагаснуць. I ўсё зразумела гамоніць вакол...
Поделиться с друзьями: