Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Руны Перуновы

Барадулін Рыгор

Шрифт:
ЧОВЕН А мы з табой, як човен з хваляю, Адзін другога даганяем, То набліжаемся, то далеем, Вітаемся за небакраем. То хваля лашчыцца, то юшыцца, А човен хвалю працінае. То завірушна неба рушыцца, То цешыць цішыня начная. Надвор'е на душы няціхае, Бо мы дасюль не разгадалі, Ці хвалю човен ускалыхвае, Ці човен стрымлівае хваля. Ад суму сохне, рассыхаецца На беразе самотны човен, I хваля ў роспачы кідаецца Ў вір галавой ад цёмных змовін.
Я ЎСЁ СВАЁ ЖЫЦЬЦЁ... Я ўсё сваё жыцьцё да Вас ішоў, Але здарожыўся на паўдарозе. I зараз у маркоце і трывозе Хацеў бы ў раньні шлях падацца зноў. Ды гэты шлях дачасна зьвечарэў, Ён іншых вёў, ён іншым быў кароткі. Сьвяткуючы сваёй самоты ўгодкі, Мой цень туляўся ля бязгнёздых дрэў. А Вы не дачакаліся мяне, Бо пра мяне ня ведалі нічога. Што Вам мая маркота і трывога? Бо пазнаёміўся я з Вамі ў сьне. Мы не сустрэнемся — як вастравы, Спагады зорка не ўзышла над намі, Ня фэбуйце хаця маімі снамі, I ў сьне хаця мне вернай будзьце Вы
ЯК ВЕЧАР, СЬВЕЧКА... Як вечар, сьвечка сьветла дагарае, I мы чакаем, покуль дагарыць, Апошняя хвіліна дарагая Нам дазваляе ўсё дагаварыць. Нам дазваляе нашае расстаньне Расстацца сёньня, ды не назаўжды, Смуга растане, смутак — не растане, Чакаць нас будуць нашыя гады. I жыць мы будзем гэтымі гадамі, Што нас сустрэлі сьвятам на зямлі, Ліст жоўты нам пра восень нагадае, Зялёны — пра вясну, ў якой былі. I вечар дагарыць, і ноч настане, Ды ўжо не наша ноч упершыню. Нясьмелае, як першае каханьне, Сьвітаньне будзе слухаць цішыню.
ЯК СТРАШНА МНЕ НЕ ЎБАЧЫЦЬ ТЫЯ ВОЧЫ... Як страшна мне ня ўбачыць тыя вочы, Ў якіх плывуць хмурынкі даўніх дзён. I сорам Ваш жаночы і дзявочы Разгубленасьць маю бярэ ў палон. Сябе, як той агонь патухлы, грэю, Лаўлю з трывогай кожны сумны ўздых, Ці ў водмаладзь іду, а ці старэю, Што хочацца абдымкаў маладых? Мне Вашага паўслова дастаткова Каб я згубіў развагу і спакой. I галава мая ў пятлю гатова, Разьвязаную Вашаю рукой. Свой лёс цяпер нялёгка перайначыць. Я хоць надзею кволую тулю. Дазвольце слухаць Вас, дазюльце бачыць, Дазвольце не сьпяшацца у пятлю.
ПРАШУ СПАГАДЫ Ў ВАШАЕ РУКІ... Прашу спагады ў Вашае рукі — Вясельле мы згуляем баравое, Заручаць нас у небе жаўрукі, I срэбны ложак нам засьцелюць хвоі. Дагоніць рэха нашу цішыню, I чуткі не абразяць нашу згоду, I закалышуць хмары вышыню, Самота ўспомніць даўнюю лагоду. I цені пераблытаюць сябе, Сны крозамі, а крозы стануць снамі, Пачну наіўна верыць варажбе, Забудуся на ўсё на сьвеце з Вамі. Хачу напіцца з радаснай ракі, Удачу запрасіць хутчэй у госьці. Прашу пакорна Вашае рукі, Каб не адбіўся я ад рук мілосьці.
У ПОЎНЫМ КЕЛІХУ ВІНЫ... У поўным келіху віны Крычэлі вочы захапленьня, Мы ў ночы той былі адны Начлежнікамі лятуценьня. Чакаў у небе Валапас, Калі ў душу самота гляне. Лагоднасьці вучыла нас Сьляпая логіка каханьня. Было нам добра на зямлі, Нібы за пазухай у Бога. Мы ведалі, што мы былі I верылі, што будзем доўга. Гулі наіўнасьці чмялі, Пяшчотай поўніліся соты, Віно цьвярозае пілі Задыялектыку маркоты.
ЯК МАЛАДЗІК, Я СІРАЦЕЎ... Як маладзік, я сірацеў, Высока зорыліся Шалі, Я Вашым ценем быць хацеў, А Вы мяне не заўважалі. Шлях да сьвітаньня карацеў, Аблокі сьпёку жабравалі, Я Вашым смуткам быць хацеў, А Вы са сьмехам сябравалі. Як адзінокі птах ляцеў, Лічыў, як вёрсты, небасхілы, Быць Вашым вестуном хацеў, А Вы не блаславілі крылы. Мой цень забрала засень дрэў, Лісьцё надзеі ападае, Як летні дзень, я пастарэў, А Вы, як радасьць, маладая.
Я ЁСЬЦЬ ТАМУ, ШТО ВЫ БЫЛІ СА МНОЙ... Я ёсьць таму, што Вы былі са мной, Што ў думках Вас я называў сваёю, Я ціха сам дамовіўся з маной Спрыяць майму шалёнаму настрою. Ды я дапраўды зьнелюбеў мане, Яна Вам змоўцу выдала з ахвотай, Бяз Вас мяне няма, няма мяне, Апаленага Вашаю пяшчотай. Вы распалілі вогнішча ўва мне, Яно гарыць, і я ў ім дагараю. Няўжо ў траецкім ці ў грамнічным сьне Стаялі Вы на ганку небакраю? Смуга тугі ў душы не растае, I новы ганак чуе крокі раньня, Я дагару, пагаснуць дні мае, Ды не пагасьне вогнішча каханьня.
Я ВЫДУМАЎ ЦЯБЕ, ЦІ ЁСЦЬ... Я выдумаў цябе, ці ёсць Ты сапраўды на гэтым свеце, Як ёсць адчай, Як ёсць мілосць, Як ёсць спякота ў кожным леце? Калі не выдумаў, Тады Чаму цябе няма са мною Ля абначэлай чарады Пад аблачынай праліўною. Ля абначэлай чарады Маіх гадоў, што засталіся Шукаць забытыя сляды На доле і ў нябеснай высі. Пад аблачынай праліўной Маёй гаркоты і маркоты Па той адной, па той адной, Якую ведаеш даўно ты. Табой назвалася яна. Чыя мана, чыя віна...
Я НЕ СПЯШАЮСЯ ЗІМУ СУСТРЭЦЬ... Я не спяшаюся зіму сустрэць, Пакуль гасцюе лета ў сэрцах нашых, Пакуль шалее хмель у поўных чашах, Агню лагоды хочацца гарэць. Я Вас праводжу, як праводзяць ноч, Сцямнелую ад жарсці і знямогі, Кілімы ўдзячнасці сцялю пад ногі, Шлю рэха радасці ісці наўзбоч. Як раніцу, я сустракаю Вас, Ад суму адзічэлы і ўначэлы, Крылатага стральца сляпыя стрэлы Цаляюць у ратунак мой якраз. Баюся страціць Вас і пастарэць, Мая вясна і лета залатое, Мне варта жыць было б хаця б за тое, Каб Вас, неразгаданую, сустрэць.
УСПОМНІЦЕ ХОЦЬ РАЗ ТАГО ЗАБЫТАГА... Успомніце хоць раз таго забытага, Што незабытна помніць толькі Вас, Магчыма, і ня ведаеце Вы таго, Што сьвет далёкай зоркі не пагас. Успомніце хоць раз свайго няпершага, Якому першай засталіся Вы. У радасьць падарожжа не завершана, Расстаньне ў неба ўзьнесьлі журавы. Успомніце хоць раз таго наіўнага, Што верыў Вам, што верыць і цяпер, Успомніце хоць раз таго парыўнага, Што парываўся ўкрасьці Ваш давер. Успомніце хоць раз таго раўнівага, Што раўнаваў Вас да сябе самой, Успомніце хоць раз таго шчасьлівага, Які навек заручаны з журбой.
Поделиться с друзьями: