Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Руны Перуновы

Барадулін Рыгор

Шрифт:

* * *

Чалавек падобны дыханню...

Псальм 143:4
Бог уздыхнуў Над стварэннем слабым. Бог уздыхнуў – І ўдыхнуў дыханне. Дым, як туман, І туман, як дым, Папераблыталіся ў тое ранне. Першая недзе звінела аброць. Конь неаб’езджаны Цешыўся з волі. I, чалавека пакінуўшы доле, Сумна Падаўся ў неба Гасподзь...
* * * Ойча наш, што ў нябёсах, Хай свяціцца Імя Твае І ў зорах, і ў лёсах. Хай прыйдзе Валадарства Твае, Як спатоля, Хай Твая ўсёўладарная Збудзецца воля Як на небе, Гэтак і на зямлі. Хлеб наш надзённы пашлі, Жыццядар, сёння нам. І даруй нам нашы даўгі, Як даруем і мы даўжнікам. Адгарадзі ад нас Спакуслівыя лугі. І ў смутны час, І ў цёмныя дні Нас ад нячысціка аслані. Не зрушыцца Валадарства Твае. І рушаць рухава Ад Твайго цвярдога парога І сіла, і слава Твае мілаты і лагоды, Айца, і Сына, і Духа Святога Цяпер і заўсёды. І на вячніны вячнін. Амін.
* * * Багародзіца, Вечнадзева Марыя, Мы ўсе перад Табою малыя. Дабраслаўленая між усіх маладзіц, Не пярэч, каб Перад ценем ценю Твайго Мы ўпалі ніц. Дабраслаўлены плод Твайго ўлоння. Над ім мы ўзводзім Шатрамі свае далоні. Ты, ўсяго жывога краса і пакраса, У імя Вечнаіснага Бога Нарадзіла душ нашых Спаса. Пад міласць Тваю прыбягаем. Злітуйся над нашым краем – Хай пасвяцца душы нашыя На нябесных пашах. Багародзіца Дзева, Не адкінь у цярпеннях Малітваў нашых. Дабраслаўленая, адзіна чыстая, Уратуй ад бедаў, Дай моцы нам выстаяць. Каб агонь жыцця нашага Не пагас, Багародзіца Прасвятая, Душою нашчая, Уратуй нас.
* * * Веру ў адзінага Бога Айца, Усёўладара, Шчодрадаўцу дабра, Тварца ненасытнай зямлі І неба спадчыннага, І ўсяго бачнага й нябачнага. Веру несупынна Ў адзінага Бога Ісуса Хрыста, Адзінароднага Божага Сына, У кожны кіў Ягонага кста. Сын Божы народжаны над усімі намі, Над усімі вякамі: Святло ад Святла, Праўдзівы Бог ад праўдзівага Бога, Каб цёмную сілу зла Сіла богапаслужлівасці перамагла. Без Яго не было б нічога. Ён, каб вызваліць нас з грахоў, З чыстага неба На дол затаптаны сышоў. І смела прыняў тленнае цела Ад Духа Святога і Дзевы Марыі І чалавекам стаўся, Каб пераняць пакуты людскія. Гэта за нас пры Понціі Пілаце Аддаўся ў рукі зямное ўладзе. І быў укрыжаваны, І канаў, і быў пахаваны. І на трэці дзень уваскрос У згодзе з Пісаннем. І ўзышоў на неба Хрыстос Нябачным ззяннем. І сядзіць праваруч ад Айца. І прыйдзе зноў у славе нязмерклай Судзіць жывых і змерлых, І Валадарству Ягонаму не будзе канца. Веру ў Духа Святога, Што сыходзіць ад самога Бога, Каму нароўні з Айцом і Сынам Пакланяемся, не лічачы рокаў. І славім належным чынам, І які вяшчаў праз прарокаў. Веру, а значыць жыву, У Кефальную й Апостальскую Царкву. Веру, і тым жыву, Веру, і тым існую, У Богам дадзеную, А значыць святую Беларусь праўкрасную самую. Перад ёю, Як перад Мамаю, Хілю галаву, Верны паклону Да скону. Спавядаю адзіна кшчэнне Як ад грахоў збаўленне. Ані на кога не ў крыўдзе, Чакаю, як лепшых часін, Уваскрошання змерлых І жыцця тога веку, Што прыйдзе. Амін.
* * * Госпадзе, не забудзься ўранні, Узгадай увечары, Памяні словамі туманоў Смяротна заснулых у спадзяванні Уваскрошання да жыцця вечнага Нашых братоў і бацькоў, I ўсіх, якія волю Айчыны Мечамі праведнымі прывячалі, Якія і ў злыя часіны Заставаліся крывічамі, За кім зачыніліся зямныя дзверы, Якія жыццё сваё скончылі Ў пабожнасці й веры. Даруй ім волю й няволю віны, Якой правініліся перад Табою яны Словам, думкаю, справаю, Абвянчаныя з ганьбай і з славаю, Бо яны былі толькі людзьмі. Валадару, іх да сябе прымі. Дай ім і нам Тваю Гасподу І ўдзел у добрых дзеях Тваіх, І жыцця Твайго бясконцага І невыказнага насалоду, Бо Ты ёсць шчасце й жыццё, Ўваскрошанне ды спакой Тваіх змерлых слугаў. Ты, Хрысце Божа наш, Слых самы бяссонны той, Які ўсё пачуў, паслухаў. І мы, адганяючы сквапную скруху, Славу ўзносім Табе, І Айцу Твайму несканчатнаму, І жыццядатнаму Святому Духу З нагоды дагоды цяпер і заўсёды І на вечных вякоў зачын. Амін.
* * * Усёчуйны, пачуй Кайны наш лямант і плач. Тым, хто нас ненавідзіць і крыўдзіць, Чалавекалюбча, прабач. Тых, хто шчодрыць дабро, Узвяліч дары. Братам і крэўнікам нашым Правіны даруй І вечнае жыццё падары. Наведай нямоглых у чорныя дні. Ацалі іх і моцу вярні. Тых, хто ў моры, Не пакінь у горы. З тымі, хто ў падарожжах, Будзь і ў клопатах Божых. Тым, хто слугуе роднаму краю, Хто нашую мову мілуе, Пакажы сцяжынку да раю, Даруй і праграшынку малую. Тых, хто просіць нас Памаліцца шчыра за іх, Памілуй, бо маеш Вялікую літасць да ўсіх. Памяні, Госпадзе, Нашых бацькоў ды братоў, Што адышлі ў Твой край, Ад святла аблічча Твайго спагатоў Спакой ім, спачылым, дай. Памяні, Госпадзе, нашых братоў, Што й сёння Ва ўчарашняга дня ў палоне. Вызвалі ад кайданоў І душы іхныя, і далоні, Каб мелі галаву на плячах, А не неслі, як горб, за плячамі. Каб зоры займаліся ў смелых вачах, Каб пачуваліся вольнымі крывічамі. Памяні, Госпадзе, Ўсіх дабраплодных і дабрачынных У Тваіх святынях адчыненых. Выслухай просьбы іхныя аб збаўленні, Імем Тваім асвечаныя, І дай ім жыццё вечнае. Памяні, Госпадзе, нас, Рабоў Тваіх грэшных, рахманых, Тут, на задуманай Табою зямлі, І святлом Свае мудрасці прасвятлі Розум наш, што ўвечарэў у заганах. І скіруй на сцежкі святарныя Запаветаў Тваіх Малітвамі Прачыстае Багародзіцы – Нашае Валадарыні І Прыснадзевы Марыі і Ўсіх Святых. Будзем ісці да Цябе І ў радасці і ў журбе, З песнямі і з плачом, Покуль будзе сябе называць Крывічом Паслухмянец Твой хоць адзін. Амін.
* * * Устаўшы з пасцелі, як з дамавіны, Дзякую Табе, Госпадзе Трыадзіны, Што Ты, Даўца дабрыні й церплівосці, На мяне, лянотнага й грэшнага, Не ўтаіў ні гневу, ні злосці І за мае беззаконствы Мяне не прывёў да згубнасці, А падняў па Сваёй людалюбнасці Мяне, што ў бeспамяці спачываў, Каб я малітваю ранішняй Уладзе Тваёй слаў славу слаў. Прасвятлі вочы духу майго ў чысціні, Вусны мае адчыні Кожнаму Богаўслаўнаму гуку. Дай пазнаць мне Тваю навуку, Дай славіць у песнях Тваё ўсесвятое Імя, ды не глуха, Айца, і Сына, і Святога Духа, Пакуль цякуць бяссонныя воды, Пакуль ідуць дажджы з аблачын, Цяпер і заўсёды, І на вечны няспын. Амін.
* * * Святы Анёле, Заступніку Боскае волі, Ахоўца мае зямное няволі, І ў цішы, і ў гамане Не адыходзь ад мяне, Адвядзі ад душы мае стому, Не дай духу злому Смяротным целам маім Завалодаць самохаць, Не дай мой клёк запалохаць. Дай моцы сіле маёй, Зняможанай а слабой, Боль незаслужаны патушы, Застацца самім сабой Дазволь мне, ахоўца мае душы. На шлях збаўлення мяне скіруй, Калі дзе паддаўся мане, даруй. Як чым зграшыў мінулай начы, Гэтага дня заступіся, Дапамажы спакусу перамагчы. Каб груган зайздрослівасці Ў душы мае гняздо не савіў. Каб Госпада я не ўгнявіў. Каб верны быў я Крывіцкай святой старане, Мове матчынай – Як найраднейшай балючай радні. Анёле, маліся да Госпада, Каб зрабіў мяне Слугою Свае дабрыні. Каб палымнеў, а не палынеў Твой напамін. Амін.
НАШЧА Туман пакут скроні часу выбеліў. Кайнасць запозненая замаўчала. Мама – Мая небадарная Біблія, Якая мяне да жыцця прыручала. Грахоў неадольных Прадонная яміна Разяўлена, як галодная пашча. Жыве ўва мне Кожнае слова маміна. Бібліі ўдзячны, Малюся нашча…
КАЛЯДНЫ ВЕРШ У ноч калядную збяры Усіх здарожаных, халодных, Усіх забытых і галодных І раздары свае дары – Усё, што даў табе Гасподзь, Каб ты апошнім Мог дзяліцца, Бо ўдачы гладкая цяліца Пасецца, каб аддаць стокроць. Прасі на кут сваіх Дзядоў Абнашчыцца куццёю поснай, Каб не шукаць гадзінай познай У небе памяці слядоў. Як вогнішча, разварушы Тугу, Што пазірае нема. І ціха вока Бэтлеема Узыдзе ў поцемках душы.
СВЯТАЯ НОЧ З нямецкае Сон святы бачыць ноч. Свет увесь спіць, апроч Непаздзіўленай двойцы святой. Дзіцятка з кудзеркамі, засні У ясельках цішыні! Сон святы бачыць ноч. Зорка, прароч Вестку светлую пастухам. Блізіцца навіна ў кожны кут: Ад пакут Збаўца тут! Сон святы бачыць ноч. Слаўся радасцю, плоць, Цемра, збоч. Нарадзіўся Хрыстос — Нам збавенне прынёс!
У КАГО? Яе светласці Свечцы Цела згарае, Душа палымнее, Як і ў людзей. Мроям нябыт дакараць саладзей. Ля небакраю надзея рунее. Свечка спачатку зямлю засяляла. Людзі пасля. Цемра з патухлага вугаля Ў сэрцах журбу засяліла трывала. Самаспаленне Ці выйсце з адчаю? Як і ў людзей. Шлях да вяртання ў каго карацей? Неба жыцця для каго залачае?
Поделиться с друзьями: