Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Руны Перуновы

Барадулін Рыгор

Шрифт:
ПАЧУЙ… Дамінічка шэпча «Ойча наш» – Вечнасці пакорыцца ўніятка. Божа, Ты пачуй сваё ягнятка, Просьбу незапыленую ўваж. У турме жыцця Душа ў яе, Звонкая, як ранняя крынічка. З даланятак Кволая каплічка Чысцінёй да неба дастае. Слова беларускае знава Міласцівіць, першаадкрывае. Дамінічка – Краска лугавая. Не шумі, будзённая трава…
УНІЯЦКАЕ СЭРЦА Айцу Андрусю Абламейку Уніяцкае сэрца люляе надзею, Спавівае лагоду малітвай штодня. Не саб’ецца з дарогі ў людскую завею, Бо ў яго апякункай Сама вышыня. Уніяцкае сэрца ратуе з адчаю, Ад спакусы адводзіць, Як дым ад агню. Ніцай цемры знявер’я святло пазычае, Не зважае на зло, кволячы дабрыню. Горкадумны палын засяляе аблогу, Летуценна аблокі ідуць пехатой. Уніяцкае сэрца заўдзячнае Богу, Што Гасподзь яго поўніць Сваёй мілатой.
ВЕРАЮ Род людскі не злічыць вякоў, Свой узрост Ён згадкамі мерае. Ад навалы з усіх бакоў Беларусь засланялася вераю. Кожнаму па сваім каўшу. Як бабылка, Туга вячэрае. Д’яблу не прадала душу – Беларусь утрымалася вераю. У нябёсаў святла стае, Каб адпрэчыць хмурыну шэрую. Адмаліўшы грахі свае, Беларусь адродзіцца Вераю.
ДАРАДЦА ВЫСОКІ Дарадца высокі, святы Езафаце, Зірні на спаганены край, Адчуй сябе ў кожнай душы, Як на свяце, Знявераных не дакарай. У любасць да бліжніх – У моцныя латы Адданцаў сваіх апрані. Малітваю шчырай жывуць уніяты, Бароняць свае карані. Здымі з крывічоў багавейных пракляцце, Хай зоры адлічваюць час. Заступнік пакутны, святы Езафаце, Напомні нябёсам пра нас.
ВЕРНІЦА Маі Грыбоўскай Зло злом яшчэ чарнейшым вернецца, Дабро паўторыцца стокроць. Душой нябёсам Кленчыць верніца, Каб на зямлю зірнуў Гасподзь. I наплываюць словы хвалямі Неперапыненай ракі. За неспатоленымі далямі Малітву слухаюць вякі . Жыццё, як макавае зернетца, Даецца ўсім, у Каб расцвіло. Гаворыць з Панам Богам Верніца. Святло смяецца. Цьмее зло.

РЫМСКІ ДЫПЦІХ

УЗРУШЭННЕ

Яну Паўлу ІІ

І

* * * Укленчыць і прыпасці да рукі, Якая свет мудрэць добраслаўляе. Адчуць, як ціхамірацца вякі, Як у душы зняможанай світае. Прыняць ружанец з дарчае рукі – Замроеныя пацеркі Сусвету. Пачуць сустрэчы голас трапяткі, Ўваскрослы светла Ў словах Запавету. Сцяжынай з-пад ускрыленай рукі Ісці, ані зважаючы на стому, Да маладой нябеснае ракі, Якая смутак і ўзнясе на строму. Бо багавейна нагадалі ксты, Што недасяжна блізкі Дух Святы.
* * * Качае словы, быццам камяні, А не таму, што падупаў гадамі. Адзін ён чуе Голас вышыні І думкі небакрылыя гайдае. Ён бачыць нам нябачныя сляды. Ён Голас слухае душою нашчай. Уся зямля – Суцэльныя клады, А мы яе вялічым хатай нашай. Ён нашыя адмольвае грахі У Звышняга. І воляй незямною Зло хоча супыніць, Ды люд глухі І дзякуй не сказаў Дагэтуль Ною. Сагрэты сном сусветных завірух, У ім з’аблічваецца Вышні Дух.
* * * Калодзежы святла – Як нашы вочы. Калодзежы зняверанага тла Глядзяць у глыбіню І па-сірочы Чакаюць абяцанага святла. Яна халодная, Зямля сырая, – Надзейны схоў ад мітусні зямной. У вечную ўсыпальню забірае Труну душы, Спавітую маной, Спавітую наіўным спадзяваннем, Што цень жывы Свой цень перажыве. Усе мы на зямлі самохаць вянем, Зайздросцім вечна маладой траве. Здаецца, нашы цені ўжо былі У катакомбах – звілінах зямлі.
* * * Крыж – вольны птах, Застыглы на імгненне, Каб пераняць разнaсцежанасць рук. Цвікі напоўняць болем кожны рух. Саломай пераломіцца праменне. Паразумецца сподзеў і спакора Паспеюць, Быццам ядры спарыша. І адляціць у немаведзь душа, І захлыне мальбу людское гора. І ў далеч павандруюць небасхілы, І хмарамі прыкінуцца снягі, І ад знячэўнай роспачы й тугі У птаха ціха анямеюць крылы. Каб забыццё не ведала мяжы, Жагнаюць неба смутныя крыжы.
* * * Сабе самому любіць сон прысніцца. Не хочацца настрою быць старым. Як воклічы, Ўзляцелі камяніцы, Нябёсы ў здзіве выдыхнулі: – Рым! Тут Вечнасць прыдрамала на хвіліну. Ўсяму жывому трэба перадых. Спакою цяжка вырвацца з нахлыну Гадоў і парыванняў маладых. Зялёным сном пазасыналі стоды. І Тыбр прыручаны пазелянеў. Наблізіцца да ранішняй лагоды Не мае смеласці ўначэлы гнеў. Ратунак нашых душ, як пілігрым, Шляхамі выраяў імкнецца ў Рым.
* * * Белакрылы анёл І анёл чарнакрылы. Белакрылая чайка І чарнакрылы кажан. Дні відушчым святлом Маладзяць небасхілы. Ночы змрокам сляпым Смутак зводзяць у зман. Ад святла аддзяліў Усявышні цямрэчу, Надзяліў мілатой Нашых воч прамяні. І спяшаецца час З досвіткам на сустрэчу. І хапае для зор І для дум вышыні. Белата з чарнатой Узаемна жывыя. Рэха збытлівых мрой Б’ецца памяці ў скронь. Завіруха рашучасці Ўзрушана вые. Чым чарнейшая ноч, Тым зырчэйшы агонь. Прагне ўсё, што расце, Перш чым станецца тлом, Як даўжэй быць аблашчаным Ціхім святлом.
Поделиться с друзьями: