ЖАНРЫ

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Мы з Васілём, не адрываючыся, глядзелі на шымпанзэ. Не шымпанзэ, а сапраўдны генерал Курт. Магутныя рукі, ногі, доўгія пальцы, рост, напэўна, не меней чым сто пяцьдзесят сантыметраў. Такі пагушкае. Так пагушкае, што болей не захочаш.

— Даспадобы вам гэты сябар? — усміхнуўся Таран.

— Гэтаму сябру трэба па лесе бегаць, па дрэвах лазіць, а не ў цямніцы сядзець, — прагаварыў Васіль.

— Хлопчыкі, прызнайцеся. Адкуль вы? І яшчэ мне скажыце: як ільва напалохалі? — нечакана сказаў Таран.

Ага, цікавіцца. Значыць, Карп не ведае, што ў нас быў Мураш. Відаць, са страху ні ён, ні Таран, ні Курт, ні Саўка не заўважылі, як Мураш ільва казытаў. Есць надзея, што знойдзем.

— Акрыяў леў? — пацікавіўся я.

— Аддыхаўся. Ох і пажартавалі вы з ім! Свавольнікі, жэўжыкі…

Паглядзець збоку на Тарана — нішто сабе чалавек. Не злуецца, усміхаецца. Страчаюцца такія: цёсечка-цёсечка, а потым: стой, воўк цябе рэж! Я адчуваў, што выпусціць кіпцюры. І выпусціў:

— Не жадаеце казаць? Пашкадуеце, чэрці паласатыя.

— Не палохайце, — не вытрываў Васіль.

Таран, усміхнуўшыся, дастаў з кішэні доўгую, што верацяно, цыгарэту, прыкурыў. А шымпанзэ, чаго ніяк не чакалі, схапіў яе і сабе ў рот.

— Да пабачэння, хлопчыкі,— крыкнуў Таран, зачыняючы дзверы.

Нам з Васілём было не да яго. Мы вачэй не зводзілі з шымпанзэ. А той сеў у куток і давай смаліць. Зацягнецца, надзьме шчокі і выпусціць цэлы клуб дыму. Шэрымі воблакамі дым распаўзаўся па цямніцы. Васіль стаў кашляць, я — таксама. Аж слёзы з вачэй пацяклі. Шымпанзэ смаліць, не зважае.

— Эй, табакур! Кінь гэтую гадасць. Кінь, — замахаў рукамі Васіль.

— У-у-у… — закрычаў шымпанзэ і выпусціў цэлае воблака дыму.

— Курыць шкодна. Няўжо не разумееш? — стаў ушчуваць я.

— У-у-у… — адказаў шымпанзэ і зноў цыгарэту ў рот.

Я затуліў нос і рот далонню. Слёзы ручаём цяклі па шчаках.

— Да чаго давялі жывёлу! Курыць прывучылі,— прамовіў Васіль. — Знайшлі пацеху!

— У-у-у… — замахаў галавою шымпанзэ. Раптам адчыніліся дзверы. Мы з Васілём кулём выкаціліся з цямніцы. Далей, далей ад такога сябра.

Батанічны сад, дзе гуляюць маленькія слонікі

На калідоры стаяў Таран. Ен лагодна, па-сяброўску ўсміхнуўся:

— Хлопчыкі, не крыўдуйце на мяне.

— Навошта малпу табакурам зрабілі? — прамовіў Васіль.

— Так пану Карпу захацелася. Яго слова — закон. Шымпанзэ спярша ўцякаў, калі цыгарэту паказвалі. І кашляў, бедны, і чыхаў. А пасля сышло. Цяпер галавою аб клетку б'ецца, калі не дасі курыць. Крычыць, плача, што дзіцё малое. Глядзець немагчыма. Душа баліць.

Нам, памятаю, расказвалі ў школе, што шымпанзэ надзвычай кемлівыя жывёлы. У іх лёгка выпрацоўваюцца ўмоўныя рэфлексы. Шмат чаму можна іх навучыць. Але такому? Напэўна, дзень і ноч думаў бы, але не дадумаўся б. Няшчасны шымпанзэ. Калі б яго цяпер у лес выпусціў, то ўцякаў бы адтуль, што мыш ад ката. У лесе, як вядома, цыгарэты не растуць. Лес — даўні сябар шымпанзэ — болей не патрэбен яму. Вось як можна перавярнуць усё з ног на галаву.

— Варыць у вашага Карпа галава. Яго толькі ў бочку пасадзіць, засмаліць і ў рэчку кінуць, — не стрымаўся я.

— Цішэй, цішэй, — замахаў рукамі Таран. — Ціпун табе на язык. Пан Карп шчоўкне пальцам — і галава з плеч. Альбо легіянеры рэбры пералічаць.

— Няхай шчоўкае. Абрыдла тут, — агрызнуўся я.

— Антон, не трэба. Супакойся, — папрасіў Васіль.

— Вы з сябрам шымпанзэ сядзелі, а я за вамі праз акенца назіраў. Праз такое круглае-круглае, — нечакана паведаміў Таран.

— Назіралі? — не паверыў я.

— Назіраў. Не хлушу. Пан Карп загадаў, каб я даведаўся, што вы з сябрам шымпанзэ зробіце, калі пачне курыць. Нешта такое ёсць у вас. Вы льва перамаглі.

Вось яно што! Нездарма прывёў да нас няшчаснага шымпанзэ. Спадзяваўся, што не вытрываем, свой сакрэт адкрыем. Карп, відаць, гэтак прыдумаў. Хітры, хоць і галава нібы шар. Не здагадваліся, што ёсць акенца, праз якое можна назіраць. Трэба трымаць вуха востра. Як гаворыцца, і сцены вушы маюць.

— Патаемна назіралі за намі і раптам прызналіся? Чаму так? — пытаецца Васіль.

Вочы ў Тарана забегалі, што ў злодзея, на якім шапка гарыць.

— Нам… Хлопчыкі, нам мірна трэба жыць. І сам пан Карп гэтага жадае. Пабудзьце ў нас. Пагасцюйце. Адкуль вы з'явіліся? Не скажаце? Ну і не трэба. Хутка вам дзіўнае дзіва пакажу. Я аніякіх сакрэтаў ад вас не хаваю. Верце мне.

Васіль непрыкметна міргнуў. Маўляў, не вер. На мякіне хоча абвесці. Падводзіць міну. Але я і без яго скумекаў, што новую тактыку выбраў шпік. Каб усё-ўсё пра нас даведацца. Не скокам, дык бокам… Выбірай, выбірай! Прытворымся, што не разумеем.

— Якія дзіўныя дзівы хочаце нам паказаць? — звярнуўся я да Тарана.

Таран узняў угору выцягнуты палец.

— О-о-о, паважаныя хлопчыкі! У вас вочы разбягуцца. Паверце мне.

— Сёння пакажаце свае дзіўныя дзівы? — пытаецца Васіль.

— Цяпер жа пакажу, паважаныя, даражэнькія. Таран прывёў нас у вялізны батанічны сад, у тое спецыяльнае памяшканне, пра якое казаў Сакс. Чаго тут толькі не было! Сапраўдныя дзіўныя дзівы.

Спярша мы ўбачылі дуброву. Сотня, не меней, маладых зялёных дубкоў. У густой парыжэлай траве — баравікі. Усе адзін у адзін, што краменьчыкі. Убачыў бы такія ў нашым лесе — кінуўся б збіраць, забыўшыся пра ўсё на свеце. Радавалася б душа. А тут… Не падымалася рука, каб сарваць. Чаму так, і сам не ведаю.

Мінулі дуброву. Увайшлі ў змешаны лес. Бярозы, асінкі, альшыны, клёны, ліпкі… У густым лазняку дзінькалі, цёхкалі, цвіркалі, перасвістваліся птушкі, з-пад ног выскаквалі яшчаркі.

Затым убачылі пальмы, архідэі, кактусы, дрэвы, абсыпаныя апельсінамі, лімонамі, мандарынамі. На клумбах раслі самыя розныя кветкі. Мноства кветак. Здавалася, хтосьці распаліў вялізнае рознакаляровае вогнішча.

— Да чаго ж дадумаўся пан Карп! — прагаварыў Васіль. — Сам у зялёным царстве жыве, а людзям адзін раз у год траўку-мураўку паказвае.

Поделиться с друзьями: