ЖАНРЫ

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Было на што паглядзець. Адзін чорны, што галавешка, другая, што святлафор, трэці — сапраўдны волат-дуб.

— Пан Карп. Наш валадар, — кіўнуў галавою Таран, паказваючы на чорнага.

— Хай самі здагадаюцца, як мяне зваць, — падскочыла на троне жанчына-святлафор.

— Жонка пана Карпа, — шапнуў Таран.

Васіль адкрыў рот, каб нешта сказаць, ды мужчына-гігант як гаркне:

— Маў-чаць!

У нас з Васілём і насы апусціліся.

— Не бойцеся, — усклікнула жанчына-святлафор. — Наш генерал Курт забыўся ўсе словы, акрамя аднаго: маўчаць.

«Курт — ад слова «каракурт», — думаю сабе я. — Каракурт — ядавіты павук. На яго брушку трынаццаць плямінак белаватага альбо чырванаватага колеру. Так, здаецца, тлумачыў Сакс».

— Хто з вас здагадаецца, як мяне зваць? — падскочыла на троне жанчына-святлафор.

— Скажыце: Саўка, — шапнуў Таран. — Ей будзе даспадобы, што вы здагадаліся.

Смешна і пацешна. Жанчына, а імя мужчынскае — Саўка.

— Дык як мяне зваць?

— Скажыце: Саўка, — прашаптаў Таран.

Я зірнуў на Васіля. Аж калоціцца ад бязгучнага смеху — лапаткі так і ходзяць ходырам.

Я штурхнуў яго.

— Кажы: Саўка.

— Саўка… Ха-ха-ха… Саўка… — паехаў з рогату Васіль.

Мне думалася, што Саўка ўзлуецца, затупаціць нагамі. Але ж не. Захіхікала, трымаючыся за жывот:

— Хі-хі-хі… хі-хі-хі…

— Чаму яе зваць Саўка? — павярнуўся я да Тарана.

— Ад назвы кветкі — красаўка.

І праўда, ёсць такая ядавітая кветка красаўка… Адкінуць першыя тры літары — выходзіць Саўка. Цікава…

Саўка нарэшце перастала хіхікаць, звярнулася да Карпа:

— Гэтыя хлопчыкі мне даспадобы. Яны будуць маімі поні.

Поні, поні… Гэта ж конікі невялікага росту. Іх, здараецца, у цырку паказваюць. А яшчэ поні ў вазкі запрагаюць, і яны дзяцей возяць. Бачылі з Васілём, калі ў сталіцу на экскурсію ездзілі. Што ж выходзіць? Саўка загадае, каб зрабілі маленькія возікі, а мы з Васілём будзем яе вазіць. Да чаго дадумалася! Такое і ў сне не прысніцца.

— Не, — адкрыў я рот, каб запратэставаць. А Курт на ўсё горла:

— Маў-чаць!

— Дазволь, Карп. Я вельмі цябе прашу.

— Яны хочуць майму любімаму льву дапамагчы, — прагаварыў Карп, раздзельна вымаўляючы кожнае слова.

Яго голас гучаў роўна, аднатонна. Здавалася, што гэта гаворыць не чалавек, а добра адрэгуляваная машына.

Саўка, надзьмуўшыся, адвярнулася. «Не даспадобы. Так табе і трэба», — падумаў я.

Наперад выступіў Васіль.

— Каб…

— Маў-чаць! — гукнуў Курт.

— Няхай кажа, — прамовіў Карп.

— Каб другія львы не праганялі вашага любімага льва, трэба зрабіць яму парык. Парык закрые лысіну, — выпаліў Васіль, як выдатна вывучанае правіла.

— Таран, — шчоўкнуў пальцамі Карп, — маё слова: зрабіць майму любімаму льву парык і пусціць яго да другіх ільвоў. Паведаміш, ці дапамагло. Чакаем.

— Спяшаюся, пан Карп.

Таран умомант вока знік. Нібы таракан, які схаваўся ў шчыліну.

— Дазвольце запытацца, — звярнуўся я да Карпа.

— Маў-чаць! — гукнуў Курт.

— Дазваляю, — махнуў рукою Карп.

— На вашай планеце няма звяроў,— пачаў я. — Многія загінулі, а астатніх вы загадалі знішчыць. Вам не шкада іх?

— Ніколечкі.

— Чаму? Лысага льва шкадуеце…

— Леў — мой. А тыя, якія па волі бегалі,— усіх. Я не хачу, каб усе цешыліся. Адзін хачу. Леў — мой. І таму гляджу як вока.

— Ваша ўцеха можа хутка скончыцца, — сказаў Васіль. — У няволі звярам жывецца нясоладка. Вось і леў аблысеў.

Карп зыркнуў на нас вачыма. — На мой век хопіць.

Бач ты яго! Сабе — усё, іншым — гула асмаленая. Няма ў яго жалю. Закруціць у галаве — знішчыць і тых звяроў, якія ў няволі. Трэба ратаваць іх. Трэба. Што ж зрабіць? Піліп Макаравіч… Адзін ён здольны дапамагчы. Дзе ж ён цяпер? Чаму не пагадзіўся лес пасадзіць? Не хацеў… Баяўся, каб горай не было. Горай, відаць, не будзе…

— Вы чалавекам нарадзіліся, — прамовіў Васіль.

— Не вучы. Яшчэ малако на губах не абсохла. Я валадар. Усёй планеты валадар.

Невядома, да чаго мы дагаварыліся б. Ды побач з намі, як з-пад зямлі, вырас Таран.

— Што? — прыўзняўся Карп.

— Есць парык. Зрабілі. Леў скача, як малое кацянё.

— Прынялі яго другія львы?

— Прынялі. Як найроднага. Радасць, якая радасць у нас! Пан Карп, трэба аб'яву напісаць. Вялікімі-вялікімі літарамі. Няхай усе ведаюць пра вашу мудрасць.

— Хачу, каб гэтыя хлопчыкі сталі маімі поні. Я сама сабе гаспадыня, сама сабе пані. Хачу! Хачу! — прарэзліва закрычала Саўка.

Генерал Курт з перапуду:

— Маў-чаць!

— Маўчаць? Каму маўчаць? Усе здзекуюцца з мяне. Здзекуюц-ца-а…

У Курта задрыжэла ніжняя сківіца. Ен сагнуўся ў тры пагібелі.

— Здзекуюцца! Не хачу маўчаць! — расхадзілася Саўка, што халодны самавар.

Карп узяў Саўку за руку, прагаварыў ледзяным голасам:

— Супакойся, дарагая. Ты можаш забраць іх сабе.

— А слова? Ваша слова! — крыкнуў Васіль. — Вы паабяцалі, што адпусціце нас.

— Маў-чаць! — гукнуў Курт.

Ен зноў выцягнуўся, лыпаючы на нас вачыма.

— Мы ніколі не станем вашымі поні,— сказаў я, звяртаючыся да Саўкі.

— Дурань! — таўхануў мяне Таран. — Цябе будуць карміць і паіць. Чый хлеб ясі, таму і песню спявай. Не разумееце. Молада-зелена…

— Не будзем поні,— як адрэзаў Васіль. Саўка скрывілася.

— Карп, яны не хочуць.

— А мы іх нашаму любімаму льву. Хай пагуляе з імі ў кошкі-мышкі.

— Ой, як добра! — успляснула рукамі Саўка. — Кошкі-мышкі! Мне даспадобы.

Карп шчоўкнуў пальцамі.

— Таран, клетку з нашым любімым ільвом.

— Спяшаюся, пан Карп. Вельмі спяшаюся.

Мы з Васілём моўчкі пазіралі на Карпа і Саўку. Кінуцца на іх? Генерал стаіць што волат-дуб. Папрасіць, каб дараваў? Але ж мы ні ў чым не вінаватыя. Калі не вінаваты, то не апраўдвайся. Так людзі кажуць. Дый пасля Саўку вазі. Лепей хай леў разарве.

Я крануў Васіля за руку.

— Не бойся. Не заўсёды звяры на людзей кідаюцца.

Поделиться с друзьями: