ЖАНРЫ

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Антон, — прашаптаў Васіль, — я…

Апошнія словы я не дачуў. Легіянеры ўкацілі ў залу клетку. У клетцы важна сядзеў леў. Грыва як грыва. Не пазнаць, што парык.

— Пан Карп, адчыняць? Няхай заходзяць даражэнькія? — запытаў Таран.

— Няхай заходзяць. Я слоў на вецер не кідаю. Таран адчыніў у клетцы дзверцы, падскочыў да нас.

— Заходзьце, хлопчыкі. Міласці просім. Прывітайцеся з панам ільвом.

— Хі-хі-хі,— захіхікала Саўка. — Як радасна!

А вось у мяне не было радасці. Я ішоў як назаўтра трэба. Што ж, у клетку да льва — не да сябра на імяніны.

Зірнуў на Васіля. Усміхаецца. Можна падумаць, што не першы раз вось так на спатканне з ільвамі ходзіць.

Дзверцы за намі з грукатам зачыніліся. Леў сядзеў, касавурачы вочы.

— Калі ён разарве іх? — затупацела нагамі Саўка. Да клеткі падскочыў Таран і давай цкаваць ільва, як сабаку.

— Кусі! Кусі! Узяць іх!

Саўка: «Калі разарве?» А гэты: «Кусі! Кусі!» Як кажуць, такога і ворагу не пажадаў бы. Пашанцавала нам…

Леў устаў, за барабаніў хвастом, аблізнуўся. «З'есць, не пашкадуе. А мы стараліся для яго», — прабегла ў галаве.

— Падыдзі бліжэй. Затулі мяне, — прашаптаў Васіль.

Баіцца. Хоча, каб на мяне першага леў накінуўся. Хоча, каб мяне першага з'еў. А так смела ішоў у клетку. Што ж, няхай есць мяне. Першага…

Я ступіў наперад, затуляючы Васіля ад ільва. Васіль тузануў мяне за сарочку.

— Збоку стань. Каб тыя мяне не бачылі.

Каб тыя не бачылі… Значыць, прыдумаў штосьці. Няўжо выратуемся?

Я адступіў назад. Нават рукі расставіў, каб затуліць Васіля. А Васіль выняў з кішэні Мураша (зусім вылецела з галавы, што Мураш у Васіля ў кішэні), паднёс да рота, прагаварыў: «Ратуй нас, добры Мураш». Апусціў, скамандаваў:

— Наперад.

Бачылі б вы, як наш супер-міні-камп'ютэр накінуўся на льва! Нібы кот на мыш. І давай казытаць усімі лапкамі. Леў упаў што падкошаны. А Мураш стараецца, казыча, не дае перадыхнуць. Леў вырашыў схітрыць: то на адзін бок перакоціцца, то на другі. Ды хіба ўратавацца яму ад Мураша? Нават парык з галавы зляцеў. Галава непрыгожая, нейкая не львіная. Дрыгаў, дрыгаў лапамі, а пасля як зараве, нібы трактар, які заводзяць.

Пашкадаваў я беднага лысага льва.

— Васіль, хопіць. Правучылі.

— Кругом. Назад. Сеанс закончаны, — скамандаваў Васіль і, схапіўшы Мураша, прытуліў яго да грудзей. А леў ляжыць, што сноп, не варушыцца.

— Узяць. Схапіць. У цямніцу, — пачуўся голас Карпа.

Набеглі легіянеры, схапілі нас, павялі, штурхаючы.

— Не перажыву-у-у! — пачулі мы напаследак, як загаласіла Саўка.

Разам з шымпанзэ

У другі раз дапамог разумны Мураш. Памятаеце, калі дапамог нам першы раз? Калі ў цясніне праз гліняную сцяну не маглі пералезці. Тады перацягнуў вяроўку на другі бок сцяны, трымаў яе, пакуль не пералезлі. Цяпер жыццё выратаваў. Канешне, разарваў бы нас леў. Хіба льва адолееш? Цар звяроў. А маленькі Мураш перамог. Самога цара звяроў перамог!

Нас з Васілём зноў упіхнулі ў цямніцу. Ноччу было і сумна, і страшна. Цяпер жа мы не адчувалі ні суму, ні страху. Успамінаючы нядаўняе, жартавалі.

— Леў перакаціўся і лапамі дрыгае, — сказаў Васіль. — Мураш па жываце, што па дарозе, бегаў.

— Пасля леў ускочыў, на клетку кінуўся. Мураш яго дагнаў і за хвост, — дадаў я.

— Няпраўда, — не пагадзіўся Васіль.

— Дагнаў і да сябе цягнуў. Леў яшчэ ўпіраўся. На свае вочы бачыў,— прамовіў я, хоць, шчыра прызнаюся, не бачыў гэтага.

— Не ўпіраўся. Няпраўда.

Вядома, не ўпіраўся. Ды мне чамусьці хацелася распісваць, выдумляць, фантазіраваць.

— Упіраўся. Мураш яго на метр, не меней, падцягнуў.

Васіль, відаць, здагадаўся, што знарок выдумляю.

— Антон, усё-ткі шкада льва. Ен жа звер. Ен не разумее, добры чалавек перад ім ці кепскі.

— Шкада, — пагадзіўся я. — Яму і так хапіла. Аблысеў. Цяпер Мураш накінуўся. Ну, ды нічога страшнага. Гэта яму як прафілактыка. Будзе ведаць, як на чалавека кідацца.

— І пальцам… — пачаў Васіль.

— І лапай, — паправіў я яго.

— І лапай не кране, — сказаў Васіль. — Дзесятаму закажа.

— Давай напусцім Мураша на Карпа і Саўку, — прапанаваў я Васілю. — Хай паказыча. Выпусцяць і нас, і Сакса, і Піліпа Макаравіча. Нечага на іх хлуслівае слова спадзявацца.

— А гэта ідэя! — усклікнуў Васіль.

Ен хуценька засунуў руку ў кішэнь і… аж застагнаў:

— Няма Мураша.

— Жартуеш? — не паверылася мне.

— Антон, мне не да жартаў.

— Ты Мураша ў рукі ўзяў. Сам бачыў.

— Згубіў. Думаў, што ў кішэнь паклаў… Калі легіянеры вялі, то штурхалі… Упаў Мураш, а я не заўважыў.

— Эх ты-ы! — толькі і прамовіў я.

Што было рабіць? Аблаяць Васіля? Абазваць разявакам і другімі крыўднымі словамі? Але хіба гэта дапаможа? Дый Васілю і без таго кепска. Глядзіць на сцяну, а ў вачах слёзы…

Мураш… Ен выратаваў бы нас. Не толькі Карпа, Тарана і Саўку, але і ўсіх легіянераў разам з генералам Куртам паразганяў бы. Яшчэ не нарадзіўся такі чалавек, які козытаў не баіцца.

— Васіль, ты не бядуй, — я стараўся гаварыць спакойна, каб не выдаць сваёй трывогі.— Мы знойдзем Мураша. Недзе ляжыць. Ен не растане, як снег, які ў хату прынясеш.

Васіль глянуў на мяне з надзеяй.

— Знойдзем? Лічыш, што знойдзем?

— Канешне, знойдзем.

Я і сам пачаў верыць, што знойдзем. Гэтая вера быццам дала мне новыя сілы.

— Васіль, нікому ні гу-гу пра Мураша. Ні Карпу, ні Тарану. Калі даведаюцца, што ён такі здольны, то ні за якія грошы не аддадуць.

— Само сабой зразумела, — сказаў Васіль. — Як жа знайсці нам Мураша? Антон, давай памяркуем.

Але памеркаваць, як сказаў Васіль, не паспелі. Рыпнулі, расчыніўшыся, дзверы нашай цямніцы. Мы ўбачылі Тарана. Каля яго скакаў вялізны калматы шымпанзэ. У шымпанзэ, як і ў мяне, як і ў Васіля, вісеў балончык з кіслародам.

Таран увайшоў у цямніцу, і шымпанзэ за ім.

— Сябра вам прывёў,— паказаў на шымпанзэ. І дзе ён знайшоў такога калматага сябра? Штосьці

задумаў. Без дай прычыны не прывёў бы.

— Вы хочаце яго з намі пакінуць? — пытаецца Васіль.

— А як жа. Стараюся для вас. Каб весялей вам было. Мо добрым словам мяне ўспомніце. Так што прымайце. Цудоўны сябар. Можа на руках пагушкаць, можа ў шчаку плюснуць.

Поделиться с друзьями: