Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
— Антон, дай цюбік з клеем, — прагаварыў Васіль.
— Навошта? — здзівіўся я.
— Ты папільнуеш гэтых арыштантаў, а я пайду легіянераў прыклейваць. Думаю, што і ім захочацца самымі-самымі багатымі стаць.
— Клею на ўсіх легіянераў не хопіць.
— Хопіць. Я так зраблю, што яны будуць па трох ці па пяцёх да адной кропелькі прыклейвацца.
Канешне, ён так і зрабіў бы, але… Але ў залу ўбег Сакс. Спыніўся каля дзвярэй. У яго, мабыць, вочы на лоб палезлі. Што ж, было ад чаго здзівіцца. Мы з Васілём ходзім па зале, што гаспадары, а Карп, Саўка, Таран, Курт сядзяць, выцягнуўшы ногі, што малыя дзеці.
Мы падбеглі да Сакса, прытуліліся да яго. Некалькі секунд стаялі моўчкі.
— Чаму яны сядзяць, як вароны? Што з імі? — парушыў маўчанне Сакс.
— Прыклеілі,— пахваліўся Васіль.
— Клеем Піліпа Макаравіча?
— Тым самым. А Піліп Макаравіч дзе цяпер? Як вам удалося з цямніцы вырвацца?
— Лес вы пасеялі? — пытаецца Сакс.
— Мы, — кіўнуў галавою Васіль.
— Піліп Макаравіч адразу падумаў, што вы, — прамовіў Сакс. — З цямніцы нас людзі вызвалілі. Яны ўсіх-усіх легіянераў паразганялі. Легіянеры хацелі лес знішчыць.
Вось якая бура прайшла па планеце Сіз, калі мы Карпа, Саўку, Тарана і Курта прыклейвалі. Вядома, крыху было шкада, што не пабачылі, як людзі праганялі легіянераў. Пэўна, тыя так давалі драпака, што і пікі павыкідалі. Зашыліся, сядзяць, што мышы, не варушацца. Але ж і тут, пагадзіцеся, сапраўдны спектакль сыгралі.
— Чаму Піліп Макаравіч не прыйшоў? — пытаюся.
— За горад пабег. Баіцца, каб шкоды яго насенне не нарабіла.
Мы з Васілём пераглянуліся. Вядома, і Васілю Ўспомнілася прымаўка, якую так часта паўтараў Піліп Макаравіч: сем раз адмерай, а адзін раз адрэж.
Няўжо мы з Васілём бяды нарабілі? Няўжо з аднаго насення вырасце не сто парасткаў, а тысяча ці незлічонае мноства?
Сакс заўважыў, што мы спахмурнелі.
— Хлопцы, не вешайце носа. Піліп Макаравіч цудоўны вучоны. Веру, што ягонае насенне дасць нам жыццё.
— Трэба і нам за горад, — сказаў Васіль. — Сваімі вачыма на лес паглядзім.
— Крыху пачакайце, — усміхнуўся Сакс. — Хачу пана Карпа пабрыць. Зарос, што мядзведзь. Хай людзям свой сапраўдны твар пакажа.
Сказаў гэтак і з залы выйшаў. Неўзабаве бачым: нясе тазік з вадою, мыла, памазок, брытву.
— Цырульня прыехала, — пажартаваў Васіль.
— Брыць будзеш? — лыпнуў на Сакса Карп.
— Буду. Засвецішся, што медны самавар.
— Не трэба, — закрычала Саўка. — Я яго не пазнаю. Я тады:
— Рот склеім, калі хоць слова пачуем.
Саўка ўсхліпнула, апусціла галаву. А Сакс намыліў Карпу твар і пачаў брыць. Хутка, спрытна. Не ведаю, дзе ён так навучыўся. Магчыма, трэніраваўся. Магчыма, сніўся яму вось гэткі дзень.
Дзесяць хвілін не прайшло — засвяціўся твар у Карпа, як і абяцаў Сакс. Паглядзелі б вы на гэтага валадара! Шчокі маршчыністыя, старэчыя, носік маленькі, што кнопачка, губы выцягнутыя ў дудачку. Цяпер я здагадаўся, чаму ён так зарос. Хацеў, каб аднаго ягонага выгляду баяліся. І баяліся. Думалі, што сіла незвычайная. А выйшла што? Дзядок з ротам-дудачкай.
Карп сядзеў спусціўшы нос і скрыгітаў зубамі. А Саўка… Паціху плакала Саўка.
Мне не хацелася на іх глядзець.
— Пойдзем за горад, — паклікаў я Васіля.
— Пойдзем, — пагадзіўся ён.
Ці сустрэліся мы з Піліпам Макаравічам? Сустрэліся! Ен сам спяшаўся да нас. Усміхнуўся:
— Хлопцы, роўна па сто парасткаў з аднаго насення вырастае.
— А вы баяліся, — сказаў Васіль. — Сем раз адмерай, а адзін раз адрэж… Вашу прымаўку можна ў архіў здаваць.
— Прымаўкі ў архіў не здаюцца, — адказаў Піліп Макаравіч. А пасля дадаў: — Не забывайцеся пра гэта, хлопцы.
— Мы хутка паляцім дамоў? — пацікавіўся я.
— Хутка. «Альбатрос» Сакса чакае нас.
Мы ішлі па планеце Сіз. Як вясною, зелянела маладое лісце дрэў. Мне здалося, што дзесьці там, у гушчыні, нясмела цвіркнула птушка.
Прыгоды шасцікласніка Максіма
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Вушасцік
Дзе два, там трэці лішні
У суботу, якраз пасля ўрока матэматыкі, паклікаў мяне Косця Цітоў:
— Макс, выйдзі на хвілінку ў калідор.
Маё сапраўднае прозвішча і імя Талерчык Максім, а ён мяне заўсёды то Талеркай, то Максам называе — гэта ўжо як захочацца яму. Ну, а я яго альбо Цітам, альбо Костачкай.
З Косцем я ў сёмым класе вучуся. Мы хоць і вясковыя, але ў чатырохпавярховым доме жывём. У нас у кватэры і вада, халодная і гарачая, і газ, і электрычны званок ёсць каля дзвярэй. А вось у бабулінай вёсцы (ад нашай, Ліпені, да бабулінай, Прырэчча, трыццаць восем кіламетраў з хвосцікам — тата неяк знарок на спідометры аўтамабіля вымяраў) усе хаты драўляныя, аднапавярховыя. Аднаго разу бабуля папракнула: «У сяле жывяце, а нат курыцы не трымаеце». — «Хлеўчыка няма. Нам кватэру без хлеўчыка далі», — пачала адгаворвацца мама. А бабуля: «З дошак збілі б. Ці доўга гэта? Пад ляжачы камень вада не цячэ». Тут тата за маму заступіўся: «Нам і без курэй хапае работы. Вера цалюткі дзень у магазіне, а я дацямна на трактары».
Хацеў і я сваё слова сказаць. Сапраўды, у вёсцы жывём, а нават сабакі няма. Ды змаўчаў. Колькі разоў прасіў тату, каб хоць сабаку ўзяў. Усё абяцае…
Бабуля хоць на пенсіі, але яшчэ працуе. І прафесія ў яе самая патрэбная — паштальён. Учора бабуля ў нас была, папрасіла тату: «Пятро, памажы мне ягнят купіць. Многія людзі авечак трымаюць. Буду і я трымаць. Пашы ў нас многа». Тата прамаўчаў. Невядома, ці купіць. А добра было б, каб купіў. Прыязджаў бы я да бабулі ў нядзелю, карміў бы іх, прывучыў бы да сябе.
Мінулым летам я на рынку бачыў ягнят. Яны такія смешныя. З імі было б так цікава. Дый бабуля воўны настрыжэ, а пасля з нітак сабе цёплыя шкарпэткі звяжа. Скажы пра гэта тату — адразу накінецца: «Не сунь носа не ў сваё проса. Чаму тройкі дахаты цягаеш? Лянуешся? Перад Вольгай Пятроўнай чырванець з-за цябе даводзіцца…»
Не раз такое я чуў ад яго. Хлусіць, напэўна. Ен вунь які вялікі… Ну, а наша класная Вольга Пятроўна, як васьмікласніца. Адразу пасля інстытута ў нашай школе працуе. Яна на ўроку і сама чырванее.
Разважаю гэтак, седзячы за партай, а Косця зноў:
— Макс, ты не заснуў? Выйдзі на хвілінку ў калідор.
— Адчапіся, Костачка. Трэба гісторыю паўтарыць.
— Цябе не выклічуць… Учора выклікалі,— кажа Косця.
Гісторыю ў нас вядзе Вольга Пятроўна, наша класная. І праўда, учора яна мяне выклікала, чацвёрку паставіла. Хіба будзе яна кожны дзень выклікаць? Ці я адзін у класе?
Разважыўшы гэтак, я загарнуў падручнік гісторыі і пайшоў за Косцем на калідор. Косця завёў мяне ў самы кут калідора, стаў.