ЖАНРЫ

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Давай, — пагадзіўся я.

Мы, спяшаючыся, разгарнулі білеты, скручаныя ў некалькі столак.

— Клінковы сыр… — ніякавата ўсміхнуўся Косця.

— І ў мяне клінковы сыр…

Стаіўшы дыханне, зноў раскручваем білеты.

— Клінковы сыр! — усклікваю ў роспачы.

— Клінковы сыр, — збянтэжана мармыча Косця. — Ну й парадачкі ў іх! Мабыць, задумалі абкарміць клінковымі сырамі.

— Мабыць, — пагадзіўся я з ім. — Цяпер ты адзін правярай, а я пачакаю.

Косця асцярожна, быццам баючыся, каб не ўзарваўся, разгортвае латарэйны білет.

— А-а… — нарэшце вымаўляе, заікаючыся.

— Авечка? — аж падскочыў я.

— Не-а.

— Андатра?

Я ад хвалявання андатру з нутрыяй пераблытаў.

— Авёс. Кілаграм аўса. Косця нечакана зарагатаў.

— Ха-ха-ха… Кілаграм аўса! Ха-ха-ха… Талерка, ты свой правярай.

Спяшаючыся, я ледзь не разарваў білет і таксама гучна засмяяўся:

— «Гк» у мяне…

— Што? — не зразумеў Косця.

— Галоўка капусты.

На апошні білет Косця выйграў кілаграм яблыкаў, а я… сноп жыта.

— Што будзем рабіць? — пытаюся я ў Косці.

— Па выйгрышы пойдзем.

Пайшлі мы да наступнага павільёна, а там дзядзька даў нам чатыры клінковыя сыры, кілаграм аўса, качан капусты, кілаграм яблыкаў… і сноп жыта. Клінковыя сыры, авёс, капусту і яблыкі мы паклалі ў мяшок, а сноп жыта я каля прылаўка паставіў.

— Цяпер куды? — запытаў Косця. — Мо песні паслухаем? Чуеш, недзе спяваюць.

— Табе з мяшком можна ісці. А куды я свой сноп падзену? З ім не пралезем у натоўпе.

— Трэба было раней на рынак выбірацца, — прагаварыў Косця. — Усё лепшае без нас выйгралі. Надалей навука нам будзе.

Век жыві — век вучыся!..

І чорная хмара белым воблакам павернецца

Нарэшце мы выбраліся за горад. Замучыў мяне гэты сноп жыта. Пакуль з горада выйшлі, я яго і аберуч перад сабою трымаў, і на плячо клаў, і нават на галаву — адным словам, замучыўся. Увесь потам абліўся.

— Костачка, кіну я яго, — сказаў я ўжо за горадам, калі прыпыніліся адпачыць.

— А не шкада? — запярэчыў Косця. — Памятаеш, як мы ўлетку за камбайнам каласкі збіралі?

Чаму не памятаю! Канешне, памятаю, як гарачынёй хадзілі па ржышчы, як пасля палуднавалі ў цяньку разам з камбайнерамі (калгасная кухарка налівала нам наварысты суп нараўне з усімі). Каб не памятаў, то гэты сноп, напэўна, яшчэ ў горадзе кінуў бы.

Я глянуў на важкі сноп і ў адчаі прамовіў:

— Шэсць кіламетраў несці! Не данясу…

— А калі сноп вяроўкай абвязаць? — прапанаваў Косця. — У цябе вяроўка ў кішэні ляжыць. З вяроўкай лягчэй. Можна і за плечы закінуць.

Дастаў я з кішэні шнур, сказаў:

— Косця, гэты шнур я з балкона абрэзаў. Будзе мне…

— Відаць, дастанецца, — пагадзіўся Косця.

Мы абвязалі сноп, закінуў я яго за плечы, і пайшлі мы далей. Спачатку было лёгка, але потым сноп як пацяжэў… Здавалася, з кожным крокам новым важкім зернем наліваецца кожны ягоны каласок. Не ведаю, што рабіў бы, калі б Косця не падсобіў:

— Давай я паднясу…

Я не стаў яму пярэчыць. Так і ішлі мы гэтыя шэсць кіламетраў. Да самай вёскі, да сцежкі, што пратаптана праз раллю.

— Табе направа, а мне далей, — сказаў Косця, спыніўшыся. — Забірай свае сыры, капусту, і развітаемся.

— Яшчэ сыры і капусту? — спалохаўся я. — Сабе пакінь. І так потам абліваюся.

— Твой выйгрыш — ты і забірай, — не пагадзіўся Косця.

У кішэні маёй курткі Косця паклаў два сыры, паддаў на плечы сноп, а качан капусты ўмясціў пад паху.

— Глядзі, не спатыкайся, — пажадаў ён мне на развітанне.

— І ты не падай, — сказаў я і паціхеньку паплёўся дамоў.

Сяк-так ускарабкаўся на наш трэці паверх, пазваніў у дзверы.

Адчыніла мама — і аж рукамі ўспляснула.

— Што гэта?! — усклікнула яна.

— Не што, а хто, — глуха прагаварыў я з-пад снапа.

— Адкуль ты?

— З выстаўкі. Хутчэй капусту бяры, бо рука самлела.

Узяла мама качан, прапусціла мяне ў дзверы.

— Адкуль усё гэта ў цябе?

Я скінуў сноп з плячэй, уздыхнуў з палёгкаю.

— У горадзе ў латарэю выйграў. Яшчэ і два клінковыя сыры. Усяго за два рублі.

— Пеця, хадзі сюды! — паклікала мама тату. — Наш Максім з выстаўкі прыехаў.

— Няхай распранаецца, калі прыехаў. А мне адпачыць хочацца. Хутка зноў на ферму ісці.

— Ды наляжышся яшчэ. Хадзі сюды! — узлавалася мама.

Усё-ткі раскатурхала яна тату. Выйшаў тата ў калідор.

— Во колькі выйграў! — хвалюся яму. Зірнуў тата на сноп пшаніцы.

— Дык ты і вяроўку выйграў? — пытаецца.

— Там далі мне, — ледзь чутна прамовіў я.

— Не мяшала б табе і тут даць. Папругаю, — прагаварыў тата. — Хоць прызнаўся б, а то яшчэ выкручваецца. Не ведаю, што з цябе будзе далей. Хіба можна так? Гэты шнур ты ўсё роўна як украў.

Мне стала так горка на душы, ажно слёзы на вачах выступілі.

— Не плач, — заўважыў тата. — Сядай за стол. Усё па парадку раскажаш.

Мы селі адзін насупроць аднаго, і я мусіў расказаць усё: як дамовіліся з Косцем ехаць у горад, як хацелася мне выйграць авечку, як абразаў шнур, каб было на чым прывесці яе. Уважліва выслухаў мяне тата, сказаў:

— У нас, Максім, адна сям'я. А хіба можна ў сям'і адзін аднаму хлусіць? Сёння ты крадком вяроўку абрэзаў, заўтра мама крадком шторы з вокнаў па знімае, паслязаўтра я грошы забяру. Ці будзе ў нас лад, калі пачнём так жыць? У сям'і, Максім, трэба раіцца.

— Буду раіцца. Буду, — паабяцаў я. — Мне і самому было брыдка. Прабач…

— Ну, не будзем благое ўспамінаць, — палагоднеў тата. — Забудзем пра гэта.

— А куды мы сноп падзенем? — пасмялеў я. — Ледзь данёс яго дамоў — такі цяжкі…

— І правільна зрабіў, што дамоў прынёс, — сказаў тата. — Сноп мы ў хаце паставім, у куце. Няхай усю зіму ў нашай хаце хлебам пахне.

Павесялеў я, нават усміхнуўся. Вось як бывае. Спачатку сварыўся на мяне тата, а потым пахваліў. Праўду кажуць: і чорная хмара белым воблакам павернецца.

Поделиться с друзьями: