ЖАНРЫ

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Гм… — гмыкнуў тата, — заслужыў.

Гэтае «заслужыў» быццам са здзекам ён прамовіў. А я далей расказваю:

— Тата, мы ў суботу дзень самакіравання праводзім.

— Дзень самакіравання? — прыжмурыўся тата.

— Але, дзень самакіравання. Я праўду кажу. Настаўнікі хочуць, каб мы былі актыўнымі…

— Актыўнасці ў цябе хапае, — перапыніў тата.

Я на хвілінку разгубіўся, потым пачаў зноў даказваць:

— У нас вучні і ўрокі будуць праводзіць.

— Урокі праводзіць? — здзівілася мама.

— Будуць, мама! Усё-ўсё самі будуць рабіць. Іх хочуць да самастойнасці прывучыць.

Іх? — запытаў тата. — А цябе, мабыць, не?

— Мабыць, і мяне, — апусціў я галаву. Тата з мамай пераглянуліся.

— Цяпер мне зразумела, чаму ты без нас урокі вучыш.

«Чым яшчэ здзівіць тату? — думаю. — Пахвалюся… Хіба ён даведаецца, што схлусіў?»

— Тата, я таксама ў суботу ўрок праводжу.

— Ты-ы?! — здзівіўся тата. Я нават і вокам не міргнуў.

— Даверылі мне.

— Нарэшце выправіўся наш Максім, — усміхнулася мама.

Я таксама ўсміхнуўся. А тата сказаў:

— У суботу ў мяне вольны дзень. А Вольга Пятроўна даўно ў школу запрашае. Вось і прыйду ў суботу. Пасяджу на тваім уроку, паслухаю.

Я аж у крэсла ўціснуўся, як пачуў гэта.

— Тата, не трэба. Я засаромлюся.

— Не бойся, Максім. Усё будзе добра, — абнадзеіў мяне тата і пайшоў на кухню. А я застаўся сядзець як У здранцвенні.

І хто мяне за язык пацягнуў? Не раз казала мама: сем раз адмерай, а адзін раз адрэж.

Адклад не ідзе ў лад

Я вырашыў схадзіць да Косці, параіцца з ім. Убачыўшы мяне, Косця вельмі ўзрадаваўся.

— Прывітанне, Макс, сто гадоў цябе не бачыў! Гуляеш?

— Гуляю, — уздыхнуў я. — А ты што робіш? Косця пачухаў патыліцу.

— Правілы зубру. Чуў? Дзень самакіравання прыдумалі. Злавіла мяне пасля ўрокаў Валянціна Іванаўна, сказала, каб у суботу правёў урок роднай мовы. А тэма — ты паслухай: «Лексіка. Паўтарэнне і замацаванне». Я гэту лексіку амаль не памятаю. Сінонімы, амонімы, антонімы яшчэ летась з галавы вылецелі. Макс, хадзем на балкон. Там я клетку для нутрый майструю. Праўда, мама сварыцца, крычыць: «Я твае клеткі з трэцяга паверха павыкідаю!» Цяжка з дарослымі дамовіцца.

— Цяжка, — пагадзіўся я.

Косця ўважліва паглядзеў на мяне.

— Талерка, ты быццам горкай цыбулі наеўся. Нейкі не такі, як заўсёды. Зноў непрыемнасці ў сям'і?

— Яшчэ якія! — прызнаўся я.

Косця сеў на канапу, закінуў нагу на нагу.

— Расказвай. Я тваю бяду адною рукой развяду. Я расказаў Косцю ўсё па парадку, пачынаючы з пасяджэння.

— Не, Максім, — сказаў Косця, выслухаўшы ўсё Цярпліва, — лепей у другі раз падумаем. Галава сёння трашчыць, ніводная думка не затрымліваецца. Мабыць, перавучыўся. Пайшлі на балкон, клеткі пакажу.

Косцевы клеткі мяне ані не цікавілі. Я зразумеў, што дарэмна спадзяваўся. Косця мне не дапаможа. І ніхто не дапаможа. Заставалася адно: прызнацца тату, што схлусіў. Тата цяпер, напэўна, адпачывае.

Ен вельмі задаволены, што я нарэшце выправіўся. І мама радуецца. Размаўляюць, смяюцца…

Не, пакуль не трэба прызнавацца. Прызнаюся пасля. Няхай хоць некалькі дзён парадуюцца. А я за гэтыя дні выпраўлюся, абавязкова выпраўлюся. Папрашу Косцю, каб у суботу па роднай мове пацёрку паставіў. Павінен паставіць. Будзе ж у суботу настаўнікам. Будзе? А калі, напрыклад, захварэе? Што тады? Тады, вядома, дома застанецца. Тады я буду настаўнікам. Няхай ідзе тата на ўрок.

— Косця, — усхвалявана прагаварыў я, — захварэй у суботу.

Косця аж шыю выцягнуў.

— Што-о-о?

— Захварэй. Сам казаў, што галава трашчыць. Усяго на адзін дзень захварэй. На суботу. Ты не хвалюйся. Я скажу Валянціне Іванаўне, што табе кепска. Скажу, што за цябе ўрок правяду. Я «Лексіку» на памяць вывучу. Не верыш? Захварэй, калі ласка!.. Ніхто не здагадаецца, што мы дамовіліся.

— А мама?

— А ты кашляй. Скажы, што ангіна ў цябе. Косця, захварэй, калі ласка!

— Не магу.

Як яго пераканаць?

— Косця, ты абавязкова амонімы з антонімамі пераблытаеш. Аднакласнікі на смех падымуць.

— Не магу.

— Косця, я табе цукерак куплю.

— Не магу. Вось упарты!

— Косця, памятаеш, як ты мяне ў аўтобусе пад сядзенне пасадзіў? Я нікому не сказаў, што дамаўляліся разам у Гродна ехаць. А ты на адзін дзень не хочаш захварэць.

І Косця задумаўся…

— Добра. Захварэю. Угаварыў. Вучы «Лексіку». Каб на памяць ведаў. Сёння ж пачынай вучыць.

Нават не падзякаваўшы Косцю, я хуценька пабег дамоў. Адклад не ідзе ў лад.

Слова не верабей: выпусціш — не зловіш

Узяў падручнік, разгарнуў і пачаў чытаць: «Лексіка — гэта ўсе словы нашай мовы, яе слоўнікавы склад. Слова «лексіка» паходзіць ад грэчаскага «лексіс» — «слова».

Цікава… Даволі-такі цікава. Выходзіць, слова «лексіка» да нас прыйшло ажно з Грэцыі. Выходзіць, мы яго ўзялі ў грэкаў, пазычылі. У граматыцы такія словы называюцца запазычанымі. Вельмі цікава. Пазычылі… Але ж пазычанае трэба аддаваць. Цікава…

Я заплюшчыў вочы і ўявіў грэка — чарнявага, барадатага, з вялікім мяшком за спінаю, які нібыта прыехаў да нас у школу, каб забраць слова «лексіка». «Аддавайце маё слова! — крычыць. — Даўно-даўно вы яго пазычылі ў нас. Пара аддаваць!» І мех настаўляе, каб слова туды ўпіхнуць. А яму, гэтаму слову, не хочацца ў тую далёкую Грэцыю ехаць, у нас яму даспадобы, прыжылося яно тут, з іншымі словамі пасябравала. Затаілася ў падручніку, не варухнецца. Працягнуў грэк руку, каб адтуль яго забраць, а яно — скок, і ў другі падручнік пераскочыла. Там схавалася. А грэк хітры, заўважыў, што схавалася, туды руку цягне. Слова — скок, і ў трэці падручнік пераскочыла. Яшчэ і смяецца з грэка: «Дарма стараешся, дзядзька, не зловіш, хутканогае я, нездарма пра мяне кажуць: крылаў не маю, а хутка лятаю». Стаміўся грэк, закінуў мяшок за плечы і пайшоў прэч…

Я расплюшчыў вочы, пачаў далей гартаць падручнік. І ведаеце, захапіўся, чытаючы. Так захапіўся, што ўсе гэтыя словы, нібы жывыя, мне сталі. А можа, і сапраўды яны жывыя — кожнае са сваім характарам, з нейкай хітрынкаю? Вось як гэтыя, што загадку складаюць: туды рог, сюды рог, пасярод нібы пірог, а сама напхана пухам і ў мяне ляжыць пад вухам. Хіба не маюць гэтыя словы свайго характару? Хітрыя яны. Так спрытна адно да аднаго дастасаваліся, што адгадку іхнюю не адразу знойдзеш. А адгадка тут такая: падушка.

Поделиться с друзьями: