Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Я не стрымаўся і пазяхнуў. Так соладка, што аж нешта за вушамі хруснула.
Заўважыў Пеця, што я пазяхнуў, не спадабалася яму.
— Ты, Талерчык, мусіць, дома не выспаўся?
— Але, не выспаўся, — шчыра прызнаўся я. — Тата ўчора Вушасціка да бабулі завёз, а я ўсю ноч не спаў. Думаў.
— У нашага Максіма заўсёды не так, як у іншых: ён спачатку зробіць, а потым думае, — уела мяне Рая.
І чаму Рая так не любіць мяне? Пэўна, таму, што не слухаюся яе, што пад яе дудку не хачу скакаць. Не дачакаешся.
Я скоса зірнуў на Раю.
— А ты лепшая? Хто заўчора Ігару Бушуеву даў матэматыку спісаць? Хіба не ты? А ён цябе пасля цукеркамі пачаставаў. Можа, не так?
Не хацеў я казаць пра тое, што Рая дазволіла Ігару спісаць матэматыку. І пра цукеркі не хацеў. Але вырвалася. Неяк само сабою.
Я спачатку разгубіўся, нават спалохаўся, чакаў, што зараз Рая ўскочыць і пачне, і пачне… Чакаў, што не толькі ад Раі мне дастанецца.
Але Рая маўчала. Твар у яе быў барвовы, як бурак. І Пеця маўчаў, і Вольга Пятроўна маўчала.
У мяне зноў сарвалася з языка:
— Чыё б мычала, а тваё маўчала.
Рая войкнула. Штосьці хацела сказаць Вольга Пятроўна, ускочыла з крэсла, але зноў села. Першым апамятаўся Пеця Швайдзюк.
— Талерчык, ты ведаеш, чаго цябе сюды прывялі?
— Ну, ведаю, — неахвотна сказаў я. — Разбіраць.
— А калі ведаеш, то трымай язык за зубамі. І тройкі ў цябе, і розныя гісторыі, і дзяўчынак крыўдзіш.
Я ўздыхнуў. Так, трэба трымаць язык за зубамі. Нагавару на сваю галаву.
— Максім, ты любіш жывёлу? — нечакана запытаў Пеця.
— Ну, люблю, — адказаў.
— Вельмі добра, — Пеця аж рукамі пацёр, пэўна, задаволены. — Мы арганізоўваем школьнае звяно жывёлаводаў. Цябе, Максім, хочам звеннявым прызначыць.
Я паглядзеў на Вольгу Пятроўну. Вольга Пятроўна ледзь прыкметна ўсміхнулася. Напэўна, яе задума. Пеця не здагадаўся б звеннявым мяне прызначыць. А можа, смяюцца яны з мяне? Відаць, смяюцца. У нашай школе ніводнай жывёліны няма. Смяюцца — за тое, што Вушасціка ў клас прынёс. Ну і няхай смяюцца.
Пеця, пэўна, здагадаўся, пра што я думаю.
— Я табе, Максім, сур'ёзна кажу. Мы з Вольгай Пятроўнай раіліся. Хутка ў школу трусоў прывязуць. Ваш клас будзе іх даглядаць. А цябе звеннявым прызначым. Дык згодны?
У мяне як гара з плячэй звалілася. Усё-такі не смяюцца. А я так кепска думаў пра ўсіх…
Мне хацелася пабегчы на двор, расказаць пра ўсё Косцю, пахваліцца тату і маме. Няхай нарэшце і яны парадуюцца.
— Добра. Я згодны. Мне можна ісці? Усё?
— Яшчэ не ўсё, — сказаў Пеця.
«Зараз пачнуць разбіраць, — падумаў я. — Спярша пагладзілі, а цяпер наб'юць».
Пеця чамусьці сеў. Устала Вольга Пятроўна.
— Максім, — звярнулася Вольга Пятроўна да мяне, — у суботу ў нашай школе будзе дзень самакіравання. Вам, вучням, мы даверым школу. Усё-ўсё самі будзеце рабіць. І дзяжурыць, і ўрокі праводзіць. У гэты дзень мы вырашылі і суботнік правесці. Толькі самі яго арганізуеце. Будзеце макулатуру збіраць.
Пачуўшы такое, я ажно пырхнуў ад смеху.
— Мы — суботнік?! Мы — урокі?.. Вольга Пятроўна, а вы хіба паедзеце куды? Ведаеце, колькі пяцёрак у гэты дзень панастаўляюць?
— Рана смяешся, — не стрымалася Рая. — Не чакай лёгкіх пяцёрак. Я ў нашым класе ўрок геаметрыі праводжу. Пабачым, як смяяцца будзеш…
Як пачуў, што Рая ўрок геаметрыі ў нашым класе будзе праводзіць, у мяне адразу прапаў смех. Яна мне пэўна паставіць двойку. Вялікую, тлустую…
— Дзень самакіравання праверыць вашу самастойнасць, — сказала Вольга Пятроўна. — Памятай пра гэта, Максім. У гэты дзень мы і пабачым, ці можна табе даручыць звяно. Зразумеў?
— Зразумеў,— сказаў я. — Цяпер мне можна ісці?
— Цяпер можна, — усміхнулася Вольга Пятроўна.
На калідоры наша школьная тэхнічка цётка Надзя мыла падлогу.
— Добра цябе папарылі,— сустрэла яна мяне. — Вунь як упацеў. Ды асабліва не бядуй. Вазьмі сябе ў рукі. Мурашка невялікая, а горы капае.
Я хацеў расказаць цётцы Надзі, што хутка буду звеннявым, але стрымаўся: трэба яшчэ дзень самакіравання перажыць. Ну а потым… Потым мой фотаздымак цётка Надзя ўбачыць на Дошцы гонару. Правільна яна сказала: мурашка невялікая, а горы капае.
Сем раз адмерай — адзін раз адрэж
Дома я адразу дастаў падручнікі і сеў за ўрокі. Тры гадзіны сядзеў. Так зачытаўся, што нават не пачуў, калі тата і мама прыйшлі.
Заглянуў тата ў мой пакой, заглянула мама — абое пасталі і стаяць у дзвярах. Моцна я іх здзівіў. Не ведаю, колькі яны стаялі б там, калі б я не запрасіў:
— Вы праходзьце, не бойцеся. Я ўжо ўсе ўрокі вывучыў.
Не паверыў мне тата:
— Пакажы, што напісаў.
— Калі ласка, — падсунуў я да таты стос сшыткаў.— У гэтым задача па алгебры, а ў гэтым практыкаванне па белмове. А гэта контурная карта. Горы я замаляваў. Магу і вусна адказаць.
Праверыў тата мае сшыткі, і контурную карту праверыў, да мамы павярнуўся.
— Глядзі ты — усё зрабіў! Аказваецца, у яго і галава на плячах ёсць…
— А гэта не ўчарашняе? — запытала мама.
— У дзённіку паглядзіце. Там усё запісана… Тата ўзяў мой дзённік, пагартаў.
— Сённяшняе заданне ён выканаў. Трэба яго часцей на пасяджэнне выклікаць.
Цікава, ад каго яны пра сённяшняе пасяджэнне даведаліся? Але не дзіва. Усё-ткі вёска. У адным баку чыхнуў, а ў другім чуваць. Але што яны скажуць, калі Даведаюцца, што я звеннявым буду?
— Што табе казалі там? — запытаў тата.
— Дзе там? — прыкінуўся я, што не разумею.
— Ты дурнем не прыкідвайся, — строга сказаў тата. — Напэўна, вымову далі?
— Ды не. Звеннявым выбралі,— знарок абыякава адказаў я.
— Максім, ты не смейся. Недарэчныя смешкі,— прамовіла мама.
— Я зараз выведу ягоныя смешкі,— узлаваўся тата. — Вось толькі папругу вазьму.
Спалохаўся я. Як даказаць, што буду звеннявым?
— Нам у школу трусоў прывязуць. Будзем іх гадаваць, — кажу. — Жывёлагадоўчае звяно ў школе арганізоўваюць. А я — звеннявы…