Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
— Вам не надакучыла? Ля-ля-ля… Ту-ту-ту… Усю дарогу зубы чэшуць. Ужо перапонкі ў вушах баляць.
Звярнуўшы з шашы, аўтобус уз'ехаў на поле. Бульбяны палетак, шырокі і доўгі, як вокам акінуць, цягнуўся паўз яловы лес. Кашлатыя елкі падступалі да самай дарогі, наезджанай трактарамі і аўтамабілямі. За акном шнурамі пацягнуліся пераараныя палоскі.
— Вылазьце, верабейчыкі! — гукнуў Сцяпан. Мы дружна пасыпаліся з аўтобуса.
— Хіба тут будзем збіраць? — запытала Вольга Пятроўна ў Сцяпана. — Брыгадзір казаў, што сюды шэфаў прывязуць. А мы павінны ву-унь за той лясочак ісці. Ці не так?
Вольга Пятроўна паказала рукою на палоску лесу, якая падковаю выпіралася на поле.
— Правільна. Я вас завёз бы туды, — сказаў Сцяпан, — але там лужына. Самі разумееце. У Гродна еду…
— Вы не хвалюйцеся. Мы пойдзем. Каб толькі барозны не пераблытаць. Там не ўсю бульбу трэба збіраць. Розны гатунак пасаджаны.
— Дзе маё не прападала! — махнуў рукою Сцяпан. — Пакажу, дзе збіраць. Учора быў з брыгадзірам на полі. Яшчэ даімчыць мая ластаўка ў Гродна, не падвядзе.
Косця таўхануў мяне ў бок.
— У лес пабеглі. Схаваемся. А потым у аўтобус і — пад сядзенне…
— Не магу.
— Баішся? Тады я адзін паеду.
Хіба мог я пакінуць Косцю аднаго? Ды яшчэ каб ён думаў, што я баязлівец? Вядома, не. І я пагадзіўся з ім:
— Ну добра… Пайшлі.
Мы непрыкметна збочылі ў лес. Нейкі час ад дарогі чуліся, аддаляючыся, вясёлыя крыкі, а мы моўчкі стаялі, прытуліўшыся да шурпатага ствала елкі. А пасля, калі гамонка сціхла, мы як апантаныя кінуліся да аўтобуса.
Каля аўтобуса Косця аддаў мне сваё вядро, скамандаваў:
— Ты лезь, а я ў разведку схаджу. Можа, хапіліся, шукаюць нас. Трэба праверыць.
Я моўчкі таптаўся каля аўтобуса. Аднаму, без Косці, не хацелася пад сядзенне лезці.
— Ты не хвалюйся. Я хутка вярнуся, — супакоіў мяне Косця.
Паволі-паволі падняўся на прыступку.
— Не хвалюйся, хутка вярнуся, — крыкнуў Косця і пакрочыў па дарозе.
Я залез у аўтобус, паставіў вёдры, а пасля, падняўшы задняе сядзенне, лёг на ніз і накрыўся ім, як накрыўкай. Надзіва, пад сядзеннем было не мулка. Там ляжалі нейкія анучы, Сцяпанава ватоўка, якую я сунуў сабе пад бок. Лёг, памацаў каля сябе рукамі, правяраючы, ці застанецца месца Косцю. Здаецца, засталося, месца хопіць і яму. Задаволены, што ўсё так добра складваецца, я сцішыўся.
Прайшла хвіліна, другая, а Косці ўсё няма. Нешта доўга яго разведка цягнецца. Няўжо ён ашукаў мяне, няўжо знарок засадзіў сюды? Я пачакаў яшчэ некалькі хвілін. Косці няма… Не стрываўшы, я скінуў з сябе сядзенне, прыпадняўся і… адразу сеў. Ногі быццам самі сабою падагнуліся. Да аўтобуса кіраваліся Сцяпан і класная, Вольга Пятроўна.
Трэба ратавацца. Дзе ж Косця?.. Ратавацца, але як?..
А Сцяпан і Вольга Пятроўна ўсё бліжэй, бліжэй… Я ніцма ўпаў на падлогу, імкнучыся ўціснуцца ў яе. Я жадаў аднаго: стаць невідзімкам ці ператварыцца ў найменшага мураша.
Аўтобус злёгку ўзварухнуўся. «Яны зайшлі», — здагадаўся я. Яны — Сцяпан і Вольга Пятроўна — цяпер для мяне былі як найстрашнейшая небяспека.
Вось аўтобус завурчэў, крануўся. Я знячэўку балюча выцяўся галавою аб нейкую жалязяку. Напэўна, гузак набіў. Але цяпер я пра гэта не думаў. Недзе побач чулася гамонка. Размаўлялі Сцяпан і Вольга Пятроўна.
— Вольга Пятроўна, раней, мусіць, вучні лепшыя былі? — гудзеў бас Сцяпана.
— Нялёгкае пытанне вы мне задалі,— чуўся голас Вольгі Пятроўны. — Мы думаем у школе правесці дзень самакіравання. Хочам па-новаму школьнае жыццё арганізаваць.
Самакіраванне… Школьнае жыццё… Я нічога не разумеў з іхняй гаворкі. Дый цяпер мне было не да школьнага жыцця. Аўтобус матляла ў каляіне, ён падскокваў на калдобінах, а разам з аўтобусам падскокваў і я, і кожны штуршок балюча аддаваўся ва ўсім маім целе. Я прыкідваў — ці далёка яшчэ да шашы? Калі скончыцца гэтая праклятая дарога?
Я не стрываў. Асцярожна падняўся, зірнуў у акно. Непадалёку віднелася вёска. Такім утульным здалося мне яе знаёмае ваколле! «У акне добра, а за акном яшчэ лепей», — наплыло аднекуль у галаву.
— Не, Вольга Пятроўна, цяжка вам будзе, — гудзеў Сцяпан. — Вось ваш Максім з поля ўцёк.
— Але, уцёк, — прагаварыла Вольга Пятроўна. — Каб ведала, дзе ён цяпер, то…
Я прыслухаўся. Што хоча сказаць пра мяне Вольга Пятроўна?
Але гэтага я так і не даведаўся. Аўтобус рэзка затармазіў, і я, не ўтрымаўшыся, кульнуўся кудысьці ўперад і другі раз балюча выцяўся аб жалязяку. З вачэй пасыпаліся іскры, гарачым болем апякло нагу, а з грудзей міжволі вырвалася працяглае: «О-ой…»
Я кепска памятаю, што гаварыла Вольга Пятроўна. Але добра запомнілася мне (і сёння ў вачах стаіць), як падняў мяне Сцяпан, як весела ўсклікнуў: «Глядзіце, зайца злавіў!» А потым я мусіў расказаць Вользе Пятроўне, чаго залез у аўтобус. Выслухала мяне Вольга Пятроўна і кажа, што ніякай выстаўкі ў Гродне не будзе, а жывёлу з нашага калгаса павезлі не ў Гродна, а ў Маскву. На ВДНГ СССР. Вунь аж куды!
Чуў Косця звон, ды не ведаў, з якога боку ён.
Вольга Пятроўна хацела на аўтобусе завезці мяне на поле, Сцяпан ужо аўтобус пачаў разварочваць. Я ўявіў, як збяжыцца да аўтобуса ўся наша школа, як будуць глядзець на мяне, быццам на дзіва…
— Вольга Пятроўна, не вязіце мяне, — папрасіўся я. — Сам зайду. І не кажыце, што ў аўтобусе хаваўся. Калі ласка.
Уважліва паглядзела на мяне Вольга Пятроўна.
— Сорамна?
— Сорамна, — апусціў я галаву.
— Добра. Не скажу, — паабяцала Вольга Пятроўна. — Ідзі на поле. Толькі нідзе не баўся. Валянціне Іванаўне перадай, што я сама растлумачу, чаму ты так позна на поле прыйшоў.
Спыніўся аўтобус, а я не выходжу.
— Чаго стаіш? — здзіўлена паглядзела на мяне Вольга Пятроўна. — Я паабяцала, што нікому не скажу.
— Вы не скажаце, а ён скажа, — паказаў я на Сцяпана.
— Скажаце? — запытала Вольга Пятроўна ў Сцяпана.
Сцяпан зарагатаў.
— Канешне, скажу. Будзе смеху!
— Чуеце? — ціха прагаварыў я. Вольга Пятроўна звярнулася да Сцяпана:
— Не трэба казаць. Я вас прашу. Не трэба.
— Калі вы просіце, то буду маўчаць. Як рыба, — неахвотна пагадзіўся Сцяпан. І, падміргнуўшы мне: — Ну, заяц, пачакай жа!
Я саскочыў на зямлю і, кульгаючы (усё-ткі збіў калена), пабег на поле.
Прасторна і вольна было наўкол, і дыхалася лёгка, і благія думкі пакідалі мяне. Так, у акне добра, а за акном яшчэ лепей.
Без мукі не набыць навукі
Мінула некалькі дзён. Пра тую недарэчную паездку ў Сцяпанавым аўтобусе я, можна сказаць, забыўся. Ніхто не напамінаў мне пра тое. Вольга Пятроўна сваё слова стрымала, і Сцяпан маўчаў. Відаць, нялёгка яму давалася гэтае маўчанне, бо аднаго разу, сустрэўшы мяне на вуліцы, як тады, у аўтобусе, пагразіў: «Ну, заяц, пачакай!» Цяпер Сцяпана я абыходзіў за вярсту. І Косця Цітоў не прагаварыўся. Пэўна ж, адчуваў, што вінаваты. Тры дні хадзіў за мною, усё даказваў, што таксама паехаў бы са мною ў аўтобусе, каб не Валянціна Іванаўна. Заўважыла яна яго, калі ён у разведку пайшоў. Напэўна, так яно і было. Не атрымаўся з Косці разведчык. Праўда, мама пацікавілася, дзе я гузак набіў. Дык я ёй сказаў, што на полі бульбінай стукнулі. Паверыла мама. А аднакласнікі майго гузака не заўважылі. Усе гэтыя дні я чуб на лоб зачэсваў. І нага перастала балець. Хутка я бегаў нараўне з усімі, смяяўся, жартаваў, быццам таго прыкрага здарэння са мной і не было.