Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
— Можа, Максіму пісьмо паказаць?
— Заўтра скажаш. Няхай цяпер штаны прасуе. А ў калгас схадзі. Дзеці просяць.
— Трэба схадзіць, — пагадзіўся тата. — Такія пісьмы дзеці не часта прысылаюць.
Уздыхнуўшы з палёгкаю, я пачаў прасаваць штаны. Спачатку два канты ў мяне замест аднаго выйшла, а потым аж тры. Ледзь размачыў іх вадою. І ўсё-такі папрасаваў. Сам. Сапраўды: не такі страшны чорт, як яго малююць.
Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго
На другі дзень мой тата ў школу не пайшоў.
— Я, Максім, не змагу прыйсці ў школу, — сказаў ён мне. — Прабач. Пакуль не пытайся, чаму не прыйду. Сакрэт.
Тата, задаволены, засмяяўся. Я падумаў: дарослы чалавек, а на голы кручок папаўся. Ды яшчэ смяецца.
І Косцеў тата ў школу не пайшоў. Пра гэта мне Косця яшчэ па дарозе ў школу паведаміў.
Перад урокамі нас сабралі на лінейку. Спачатку выступіў Пеця Швайдзюк, наш сённяшні дырэктар.
Пеця гаварыў пра адказнасць, пра тое, каб настаўнікаў слухаліся, каб дружна на суботніку працавалі.
Яшчэ сказаў, што дэвіз нашага дня самакіравання — адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго. А потым пытаецца:
— Хто яшчэ хоча выступіць?
— Максім, выступі,— зашаптаў Дзяніс Гародка. — Ты хутка будзеш звеннявым!
— Сам выступі, а я паслухаю, — кажу Дзянісу. — Хітрыя вы ўсе.
Пеця пачуў, што размаўляю, відаць, падумаў, што я сам хачу выступіць.
— Калі ласка, Талерчык, выходзь на сярэдзіну. Тут паслухаем цябе.
Я хацеў сказаць Пецю, што не рыхтаваўся да выступлення, ды Косця падштурхнуў мяне.
— Выступі, Максім. Няхай ведаюць нашых.
Я ступіў на сярэдзіну калідора. Вунь колькі вачэй свідруе мяне! Усе вучні свае, знаёмыя, з кожным мо па дзесяць разоў на дзень сустракаешся, а тут, на лінейцы» У горле перасохла. Пра што ім сказаць? Якога слова яны чакаюць ад мяне? Я чамусьці зірнуў на Косцю і ўспомніў, як хацелася яму выйграць нутрыю, каб зарабіць грошай, каб за тыя грошы брату кніжак купіць. Не выйшла ў яго… А што, калі…
І я сказаў:
— Заўтра ў нас суботнік. Мы збяром макулатуру. Думаю, што нямала збяром. За макулатуру нам заплацяць грошы.
Пасля гэтых слоў усе чамусьці засмяяліся. Але я ўсё роўна гаварыў. Я не мог маўчаць. Мне абавязкова трэба было сказаць пра Косцевага брата.
— У нашай бібліятэцы многа кніжак.
Зноў усе засмяяліся. Ужо мацней. Няўжо яны не зразумеюць мяне?
— Мы можам узяць любую кнігу ў бібліятэцы. А вось у Косці Цітова брат працуе на поўдні. Яны ў пустыні ваду шукаюць. У іх няма бібліятэкі. Яны ў вагончыках жывуць. Нядаўна Косцеў брат пісаў, што хочацца цікавую кнігу пачытаць.
У горле ў мяне зусім перасохла. Я на хвілінку спыніўся. У калідоры было ціха-ціха.
— За заробленыя грошы трэба кніжак купіць і паслаць Косцеваму брату. Каб ведаў, што мы не забыліся пра яго. Вось так.
Я ўбачыў, як рукі нашых вучняў устрапянуліся, быццам па камандзе падняліся ўгору, і звонкі пошчак панёсся па калідоры, выліваючыся праз адчыненыя дзверы на двор. Доўга гучалі апладысменты, і ўсе чамусьці віншавалі не мяне, а Косцю. Быццам гэта ён так выдатна выступіў.
А пасля Пеця папрасіў выступіць нашага дырэктара Мікалая Аляксандравіча. Я думаў, што Мікалай Аляксандравіч, як і Пеця, будзе гаварыць пра вучобу, пра дысцыпліну, але ён пачаў нечакана:
— Я зараз прачытаю верш Янкі Купалы «Арлянятам».
Я ні разу не чуў, каб Мікалай Аляксандравіч вершы чытаў. Сёння, мабыць, незвычайны дзень. Мы затаілі дыханне.
— Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі,—моцна гучаў голас Мікалая Аляксандравіча. Мы стаялі не варухнуўшыся.
— Каб здабытую свабоду Зналі, шанавалі І у цяжкую прыгоду Ўсталі грознай хваляй.Гучна, прыгожа чытаў Мікалай Аляксандравіч. Вось ён абвёў усіх нас позіркам і закончыў:
— Каб рунела зерне тое Весела, яскрава Побач з нашай маладою Сакалінай славай.Доўга мы яму апладзіравалі. А потым да мяне падышоў Косця, папракнуў:
— Навошта ты пра брата і кніжкі сказаў? Грошы я сам зарабіў бы.
Я адказаў яму:
— А ў нас які дэвіз? Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго.
На мядзведзя ўсе шышкі валяцца
І вось ужо прайшло тры ўрокі, як пачаўся дзень самакіравання. Трэцім урокам у нас была геаметрыя. Геаметрыю праводзіла Рая. Яны выклікала мяне да дошкі. Тэарэму даказваць. Крыху памыліўся, але чацвёрку паставіла. У другі раз я, напэўна, абурыўся б, стаў бы даказваць, што няправільна адзнаку паставіла, але сёння мне было не да гэтага. Я сядзеў як на гарачых вуголлях. Раз-пораз падскокваў, пазіраў у акно, думаў: вось-вось мой і Косцеў таты з'явяцца, саджанцы прынясуць…
Пасля трэцяга ўрока я не вытрываў, на перапынку падышоў да Косці, ціха запытаў:
— Як ты думаеш, нашы хутка прыйдуць?
— Пасля абеду чакай, — сказаў Косця. — Гэта не ў магазіне: прыйшоў і купіў. Ім трэба знайсці старшыню, брыгадзіра, з бухгалтэрыяй дамовіцца. Так што асабліва не хвалюйся. Цяпер урок у мяне. Пабягу да Валянціны Іванаўны. Казала, каб у настаўніцкую прыйшоў.
Косця пайшоў у настаўніцкую, а я застаўся на калідоры.
«Урок у Косці,— разважаю. — Вунь як ён бегае. Пра ўсё забыўся. Цікава: выкліча ён мяне ці не выкліча? І чаму я не папярэдзіў яго? Можна было б цвёрда дамовіцца».
Стаю, гэтак разважаю, і тут мяне як токам працяла. Толькі цяпер я ўспомніў, што дамашняе практыкаванне па роднай мове не напісаў. Зусім забыўся… Спачатку з мамай спрачаліся, каму штаны прасаваць, затым з Косцем пісьмо складалі, пасля на лінейцы выступаў, а яшчэ ў акно глядзеў, майго і Косцевага татаў пільнаваў. Навалілася на мяне турботаў. Хіба ўспомніш пра нейкае практыкаванне? А Косця, відаць, выкліча мяне да дошкі: думае, што я некалькі дзён да ўрокаў рыхтаваўся. Трэба папярэдзіць, каб не выклікаў.