Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Ну, а калі ўзяць слова «грэбень»? Яго называюць мнагазначным. Грэбень у пеўня, грэбень гары, грэбень, якім расчэсваюцца, — вунь колькі паняццяў яно абазначае. Ну, а «кіт»? Кіт — марская жывёла, і кіт — замазка для акон. Таксама мнагазначнае? Не, напісана, што амонім. А чаму не мнагазначнае? Якая розніца між амонімамі і мнагазначнымі словамі? Нешта не магу дакумекаць. Нялёгка бывае ў характары некаторых слоў разабрацца.
Вось у антонімаў усё зразумела, ніякіх таямніц. «Тоўсты — тонкі», «мяккі — цвёрды». А калі дыялектныя і агульнаўжывальныя словы ўзяць? Калісьці, напэўна, былі сваякамі, а цяпер адчужыліся, паасобку жывуць. Нялёгкі лёс у дыялектных слоў. Прагналі іх з падручнікаў агульнаўжывальныя словы. Цяпер яны хіба толькі ў мастацкай літаратуры жывуць. Неяк шкада іх. Чаму іх прагналі? Ці яны горшыя за агульнаўжывальныя? Па-мойму, не. Вось у падручніках слова «бульба» напісана, а мая бабуля кажа: «картопля». Дык якое з іх на адценні багацейшае? Напэўна, дыялектнае, бабуліна. Яго і ў адзіночным, і ў множным ліку можна паставіць: картопля — картоплі. А слова «бульба» не паставіш у множным ліку. Зборны лік у яго. Зборны… Ні тое ні сёе, як ні рыба ні мяса. Ці яшчэ. Пра маю бабулю нядаўна ў газеце пісалі: «Паштальён Салевіч Марыя Піліпаўна спяшаецца да сваіх чытачоў». Гэта пад яе фотаздымкам такі надпіс быў. Паштальён… А ў вёсцы яе завуць «паштарка». Хіба няправільна? «Паштарка» — жаночага роду, а «паштальён» — гэта болей да мужчынскага падыходзіць. Так, дарма пакрыўдзілі дыялектныя словы. А чаму пакрыўдзілі? Бо нясмелыя яны, не могуць сябе абараніць. Вось фразеалагізмы дык самі любога пакрыўдзяць. Хіба не закране за жывое, калі раптам скажуць табе «бібікі б'еш» ці «прыблудная авечка»?
Чытаю падручнік, разважаю, уяўляю, і так добра ўсё запамінаецца, быццам сам яго напісаў. Дзіўна: чаму раней усяго гэтага не мог зразумець?
Стала лёгка, радасна на душы. Нібы ў незвычайнае падарожжа з'ездзіў. Вось каб так у класе ўрок правесці! Ці выйдзе ў мяне?
Я выглянуў у акно: на вуліцы, каля пад'езда, дзяўчынкі гуляюць. Зусім яшчэ малыя, дашкаляткі. Шмат дашкольнікаў у нашым доме жыве: сёлета яго засялілі. А калі з гэтымі дзяўчынкамі ўрок правесці? Такая трэніроўка не пашкодзіць.
Адклад не ідзе ў лад — гэта я добра запомніў. Апрануўся і хутчэй на двор. Выйшаў, азіраюся. Як да гэтых дашкалят падступіцца? Вось да гэтых, што купінкай селі, на пяску штосьці малююць, стараюцца, А тыя дык проста наперагонкі бегаюць. А там, відаць, паспрачаліся — крычаць, сварацца. Не, з такімі не правядзеш урок. Не зразумеюць яны сінонімаў ды амонімаў. Ім трэба ў лялькі гуляць. У лялькі? Ага, у лялькі… А калі ляльку за стол пасадзіць? Лялька паслухмяная, не такая, як гэтая малеча. З лялькі выйдзе выдатная вучаніца. Ды дзе ўзяць яе?
Ага, вунь ідзе Аленка, мая суседка, ляльку ў руках трымае.
— Аленка, — паклікаў я, — хадзі сюды. Падышла Аленка, прыклала палец да вуснаў.
— Тс-с. Насця спіць. Разбудзіш.
— Тваю ляльку Насцяй зваць? — здалёку пачаў я.
— Насця. Мы яе ўчора з мамай купілі.
— Прыгожае імя, — пахваліў я. — І банты ў яе прыгожыя.
— І сарафанчык у Насці ёсць, — пахвалілася Аленка.
— Прыгожы, — пакратаў я Насцін сарафанчык. — Яна і гаварыць умее?
Аленка нахіліла ляльку, і пачулася штосьці падобнае ці то на «ма-а», ці то на «я-а-а».
— Ты яе разбудзіў,— раптам закрычала Аленка. — Яна ўжо плача.
Яшчэ бяды не было. Зараз гэтая Аленка ляманту наробіць. Падумаюць, што пакрыўдзіў яе.
— Аленка, ты на мяне не крычы, калі ласка. Я незнарок тваю Насцю разбудзіў. Калі хочаш, я яе гаварыць навучу. Яна ніколі не будзе плакаць.
Аленка ад здзіўлення ажно вочкі паказерыла.
— Твая лялька толькі плакаць умее. Я-а-а, — перадражніў я Аленчыну Насцю. — А слоў зусім не ведае. Дай мне Насцю — я ўсім-усім словам яе навучу, навучу яе гаварыць.
Аленка мацней прыціснула ляльку да сябе.
— Не дам.
Вось упартае дзяўчо! З якога ж боку падступіцца да яе?
— Не бойся, Аленка. Я не назусім вазьму. Толькі да вечара ў мяне пабудзе. А вечарам прынясу. Я табе шакаладку дам.
— Цяпер дай.
Малое, а якое хітрае. Разумее, што потым магу не даць.
Я пабег дамоў, узяў плітку шакаладу. Гэты шакалад бабуля мне перадала, калі тата Вушасціка да яе вазіў. Прывёз тады тата шакалад, але загадаў, каб я яго датуль не еў, пакуль свае тройкі не выпраўлю.
Прынёс шакалад, кажу Аленцы:
— Давай мы шакаладам падзелімся. Палову табе, палову мне. Згода?
— Увесь мне, — адказала Аленка.
Я толькі галавою пакруціў, як пачуў гэткае. Ды не стаў таргавацца. Аддаў шакалад.
— Давай сваю Насцю.
— Не дам, — кажа Аленка і цісне Насцю да сябе.
— Дык ты не хочаш, каб я навучыў яе гаварыць? — закрычаў я.
— Ам-манваеш…
— Я абманваю?! Хлушу? — стукнуў я сябе кулаком у грудзі.— Ты, мабыць, забылася, як летам у нас лялечны спектакль паказвалі? Памятаеш, як там лялькі гаварылі?
Аленка наморшчыла лобік.
— Успамінай, успамінай. Цябе тата на спектакль прыводзіў. Пра Чырвоную Шапачку паказвалі.
— Успомніла! — узрадавалася Аленка. — Гаварылі яны. Нават воўк гаварыў.
— І я тваю Насцю навучу гаварыць. Яна Чырвонай Шапачкай будзе. Я вечарам табе спектакль пакажу.
— Насця будзе Чырвонай Шапачкай?
— Абавязкова будзе. Калі хочаш, дык я з яе і ваўка зраблю.
— Ваўка не хачу, — спалохана глянула на мяне Аленка.
— Не буду, не буду, — хуценька прамовіў я. — Толькі Чырвоную Шапачку. Табе ўсе сяброўкі пазайздросцяць.
Аленка ўздыхнула.
— Бяры. Але не сварыся на яе. Яна пакрыўдзіцца і не будзе цябе слухацца.
— Ты не хвалюйся. Я ведаю, як з лялькамі размаўляць.
Нарэшце можна патрэніравацца. Я пасадзіў Насцю ў крэсла, сам прымасціўся насупраць.
— Насця, чытай дамашняе практыкаванне, — кажу. А Насця сядзіць і вухам не вядзе.
— Што, не выканала? Сядай. Двойка.
Сядай… Але ж яна і так сядзіць. Трэба спачатку паставіць яе ў крэсла, потым ужо яна сядзе. Сядзе… А чаму яна павінна стаяць? Я яе яшчэ не выклікаў. Дык што яна павінна рабіць? Сядзець ці стаяць? Сядзець, стаяць… Зусім заблытаўся. Як толькі гэтыя дзяўчынкі з лялькамі гуляюць? Не, не хлапечы занятак з лялькаю трэніравацца. Я закінуў Насцю далей дый забыўся пра яе. А вечарам, калі тата і мама глядзелі перадачу па тэлевізары, у дзверы пазванілі. «Каго гэта поначы нясе? — думаю. — Няйначай, Косця».
Адчыніў дзверы — гурма малечы стаіць, і Аленка ўперадзе.
— Куды гэта вы? — дзіўлюся я. А яны лезуць проста на мяне.
— Хочам спектакль паглядзець.
— Максім, пакажы нам лялечны спектакль. Выглянула мама, рукамі ўспляснула.
— Адкуль вас гэтулькі назбіралася?
— Мы на спектакль прыйшлі,— важна прамовіла Аленка.
І тата не вытрываў, на калідор выйшаў.
— На які спектакль, дзеці? Загаманіла малеча, хоць вушы затыкай.
— Пра Чырвоную Шапачку.
— Максім у Аленкі Насцю забраў.
— Максім Насцю навучыў гаварыць. Тата таргануў мяне за плячо.
— Чаго стаіш як вады ў рот набраўшы? Зноў нешта ўтварыў?
— Нічога я не ўтварыў. Проста пажартаваў. Ляльку ў Аленкі ўзяў, сказаў, што навучу гаварыць, што спектакль пакажу, а яна паверыла. Патрэбна мне яе лялька…
Я пайшоў у пакой, прынёс ляльку і аддаў яе Аленцы. Аленка прыціснула сваю Насцю да грудзей, загаварыла да яе:
— А я думала, што ты будзеш Чырвонай Шапачкай…
Дзеці насупіліся, сціхлі. «Малыя, а гонар маюць», — падумаў я.