Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
— Максім, — сказаў тата, — ты абяцаў паказаць спектакль пра Чырвоную Шапачку?
— Ну, абяцаў,— мусіў прызнацца я.
— Дык навошта ты словамі раскідаешся? Слова не верабей: выпусціш — не зловіш. Ты мяне зразумеў?
— Зразумеў.
— Добра, што хоць зразумеў. Спектакль, канешне, ты не пакажаш. Табе трэба многа кашы з'есці, каб спектакль паказаць. А вось казку прачытай. Пра Чырвоную Шапачку. Як абяцаў. Дзеці, хочаце, каб Максім вам казку пра Чырвоную Шапачку прачытаў?
— Хочам, — дружна, як па камандзе, прагучала ў адказ.
— Дык заходзьце, — запрасіў тата гэтую грамаду ў пакой.
І давялося мне чытаць казку пра Чырвоную Шапачку. Пра тое, як яе воўк з'есці хацеў.
Слова не верабей: выпусціш — не зловіш!
Не такі страшны чорт, як яго малююць
Перад днём самакіравання я паспрачаўся з мамай. А ўсё з-за таго, што не захацела мама мае штаны прасаваць. Прыходзіць да мяне ў пакой і кажа:
— Сёння штаны і сарочку будзеш сам прасаваць. Я спачатку падумаў, што мама жартуе, і яе словы міма вушэй прапусціў. А яна праз паўгадзіны зноў напамінае:
— Не забудзься штаны і сарочку папрасаваць!.. Заўсёды прасавала, а сёння не хоча. Перад такім днём! Чаму яна так?
— Мне дыхнуць няма калі,— кажу. — Заўтра ўрок праводжу. Папрасуй ты мне.
А мама:
— У школе ты настаўнік, а дома дзіцё малое. Не, сваю самастойнасць ты і дома пакажы.
— Я не ўмею прасаваць…
— А ты павучыся. Адзін раз папрасуеш, другі — вось і навучышся.
— Ты хочаш, каб я заўсёды свае штаны і сарочку прасаваў?
— Хачу, каб заўсёды, — сказала мама. — А калі лянуешся, то можаш і так у школу ісці.
У другі дзень, вядома, я гэтак і зрабіў бы. Але ў дзень самакіравання… Не разумее мяне мама, не разумее…
Я вырашыў схітраваць. Узяў прас, посцілку на стале разаслаў, свае штаны на той посцілцы распасцёр. Няхай бачыць мама, што не сяджу склаўшы рукі.
Прас грэецца, штаны на стале ляжаць, а я побач сяджу, маму чакаю. Чую: ідзе яна да мяне. Я хуценька вады ў рот набраў і на штаны пырскаю.
— Цфу, цфу, не выходзіць. Цфу, цфу, мабыць, спалю гэтыя штаны. Ніяк кант не выходзіць.
— Выйдзе, — спакойна сказала мама і пайшла. Ну, а я на канапу лёг.
— Не выходзіць! — крычу праз пяць хвілін. А мама:
— Выйдзе, выйдзе…
Ляжу на канапе, разважаю, як маму перахітрыць.
— Максім, да цябе прыйшлі,— паклікала мяне мама.
«Зноў Аленка са сваёй малечай, — думаю. — Відаць, спадабалася ім казка пра Чырвоную Шапачку. Хочуць, каб яшчэ якую пачытаў. Толькі гэтага мне не хапала».
Я выйшаў з пакоя, бачу — Косця ў парозе топчацца.
— Заходзь, Косця, заходзь, — запрасіў я яго. Зайшоў Косця ў пакой і адразу:
— Бяда, Максім. Не змагу я захварэць… Я падумаў, што Косця жартуе.
— Што, кашляць не ўмееш? Навучыць? — смяюся.
— Кашляць я ўмею, — сказаў Косця. — Вось паслухай: кхы-кхы-кхы…
Я зайшоўся ад смеху.
— Хопіць, Костачка, хопіць. Болей не трэба. Я ўжо не магу. Скора пуп развяжацца.
— Перастань смяяцца! — закрычаў Косця. — Хутка будзеш плакаць. Кажу табе, што захварэць я не змагу.
Я адразу перастаў смяяцца, бо зразумеў, што Косця сур'ёзна гаворыць.
— Косця, што здарылася?
— Да мяне нядаўна прыходзілі Дзяніс і Рая. Я паскардзіўся ім, што кепска мне, сказаў, што заўтра ў школу не пайду. А яны змікіцілі: «Хлусіш. Пойдзем да фельчаркі. Яна праверыць». Я і кашляў, і чыхаў, а яны ўсё роўна не вераць, да фельчаркі цягнуць. Паабяцаў ім, што не захварэю. А яны папярэдзілі мяне: «Калі ў школу не прыйдзеш, то пра гэтыя хітрыкі бацьку раскажам». Вось тут і выбірай адно з двух: альбо табе ад бацькі дастанецца, альбо мне, — сумна закончыў Косця.
Мне стала сумна. «Адно з двух…» Сапраўды, як кажуць, трэцяга не дадзена. Будзе тату і маме сюрпрыз! І чаму не прызнаўся? Ну, паўшчувалі б, ну, крыху пахваляваліся б. А цяпер?..
— Косця, ты ідзі дамоў. Я буду прызнавацца, — ледзь не плачучы, прагаварыў я. — Ідзі, Косця, ідзі…
— Не хвалюйся, — сказаў Косця. — Я прыдумаў штосьці арыгінальнае. Я табе яшчэ не ўсё расказаў. У твайго бацькі заўтра вольны дзень, і ў майго бацькі заўтра вольны дзень. Твой бацька паабяцаў, што заўтра ў школу прыйдзе. І мой бацька мне паабяцаў, што заўтра ў школу прыйдзе. Дамовіліся яны, ці што? А мне здаецца, што ні твой бацька, ні мой бацька на ўроку зусім не патрэбны. Хіба дапамогуць яны нам?
— Без іх абыдземся, — пагадзіўся я. — Ты, Костачка, вельмі правільна разважаеш.
Косця нечакана засмяяўся.
— Я вось што прыдумаў, Максім: не трапяць яны на ўрок. Мы іх заўтра па саджанцы пашлём.
— Костачка, па якія саджанцы?
— Заўтра яблыневыя саджанцы ў калгас прывязуць, — пачаў тлумачыць Косця. — А мы і твайму бацьку, і майму пісьмо напішам. Нібыта ад вучнёўскага камітэта. Так і так, паважаныя, вельмі просім Вас. Вас — з вялікай літары. Зразумеў?
У маёй галаве ўсё пераблыталася, але я сказаў:
— Зразумеў.
— Пісьмо навуковым стылем напішам. Зразумеў?
— Зразумеў,— паўтарыў я як заведзены.
— Напішам, каб пайшлі ў калгас і папыталі ў старшыні саджанцы. Для школы. Старшыня не адмовіць. Калгас у нас шэфам. Зразумеў?
Вунь ён што прыдумаў! Гэта ж падробка. Яна горшая нават за хлусню.
— А як даведаюцца, хто пісаў? Па галоўцы нас не пагладзяць, — няўпэўнена запярэчыў я.
— Не такі страшны чорт, як яго малююць, — сказаў Косця. — Можа, і не даведаюцца. У дзень самакіравання будзе не да нас. А калі і даведаюцца, то яшчэ невядома, што скажуць. За гэта нас трэба пахваліць. Гадоў праз пяць яблынькі вунь якія вялікія вырастуць. Хіба гэта кепска? Лагічна я разважаю?
Так, у Косці логіка на ўзроўні. Сапраўды, хіба кепска, што яблынькі каля школы пасадзім?
Косця, як заўсёды, пераканаў мяне. Мы селі за стол і пачалі складаць незвычайнае пісьмо. Аж узмакрэлі, пакуль напісалі. Але складна выйшла, гладка, што не падкапаешся. Пасля старанна перапісалі гэтае пісьмо. Косця — майму бацьку, а я — Косцеваму. Сваё пісьмо Косця паклаў у канверт і кінуў у нашу паштовую скрынку, а маё забраў з сабой і, насвістваючы, пайшоў дамоў.
Неўзабаве прыйшоў з работы мой тата. Ен аб чымсьці доўга размаўляў з мамаю. Я не чуў, аб чым яны гавораць, бо тата зачыніў на кухні дзверы. Дый паціху яны гаварылі. Ужо пасля данеслася: