Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шляхам жыцьця

Купала Янка

Шрифт:

З мінуўшых дзён

Перайшло, мінула, Што калісь жыло, Ў курганох заснула, Зельлем зарасло. Пад магіл навалай Дрэме Русь, Літва, — За той тая з хвалай Легла галава. Не гудзе ў павазе Голас вечавы, Не шукаюць князі Славы і бітвы. Войска Усяслава Не ідзе ў паход На той бой крывавы За свой край, народ. Сьцены і запоры Палачан, Мянчан Леглі у разоры Зможаных палян. Ні сьвятых дуброваў, Зьніч пайшоў з вадой; Загасьціў лад новы, Ды ня той, ня свой. Слых адно праходзе Калі-нікалі У жывым народзе, На жывой зямлі. Баіць, гнучы шыі, Паднявольны люд: Мы ў сваім чужыя, — Край забраны тут! Так прайшло, мінула, Што калісь жыло, Ў курганох заснула, Зельлем зарасло.

Памяці Вінцука Марцінкевіча

Шмат лет не ручыла нам доля. Крывымі вяла пуцінамі, Ня маючы ласкі і жалю Над нашай старонкай, над намі. Хто мы, адбірала нам памяць, Чужыншчынай ціснула грудзі, Ня раз падцікалася з думкай, Што мы ўжо — ня мы і ня людзі. З нас самых і з гутаркі нашай I свой, і чужынец стаў кпіці. Ўсё роднае стала няродным, Прост хоць і на сьвеце ня жыці. Так ночка хацела быць паняй, Так сівер нас зводзіў і страшыў, Ды вось, як на тое, судзіў Бог I нам на сваім быць кірмашы. Нябожчык Вінцук Марцінкевіч Ня сьцерпіў такой нашай мукі, — Паслухаўшы сэрца, бярэ ён Дуду беларускую ў рукі. I песьню за песьняй парадкам Пусьціў, як жывую крыніцу: Пасыпалісь, проста як зь неба, «Дажынкі», «Гапон», «Вечарніцы». Як стораж, стаў сьмела на варце Радзімых запушчаных гоняў, Стаў сеяць па-свойску ўсё тое, Што мы далей сеем сягоньня. А кемкую меў ён натуру, — Спанатрыў, дзе праўду шукаці, У тахт беларусавай думцы Патрапіў запеці, зайграці. Калі засьмяецца, бывала, То хоць за бакі ты бярыся; Калі ж і разжаліцца сумам, Дык хоць ты зь сьлязою жаніся. Умеў ён прынадна настроіць Тон ёмкі ў дудзе-самагудзе, Што нам і цяпер яна грае, I вечна канца ёй ня будзе. Чвэрць веку, як бае ўжо недзе Сьвятым беларускія песьні, А быццам ён з намі талкуе Аб нашай зіме і прадвесьні. Жыве паміж намі дудар наш… Жыць кожны так будзе, мой братку, Хто родну старонку палюбіць, Маўляў добры сын сваю матку.

Памяці Мар'і Конопніцкай

I сышла ты, пясьнярка народаў, Божы сьветач жывых пакаленьняў, Ў новы край невядомага быту Ад жыцьцёвых няпраўд і цярпеньняў. I пакінула загадку сьвету — Ўсім няшчасным і зблізка, і здалі: Ці то сонца зайшло назаўсёды, Ці ім долю мо' іх пахавалі?.. Бо як песьня твая ўсемагутна Безгранічна зьвінела, будзіла, — Так няма ні граніцы, ні меры Ўсёй жальбе над тваёю магілай. I хаця сэрца сьціхла, заныла, Хоць, як зоры, ўжо вочы ня сьвецяць, — Голас думак тваіх яшчэ будзе Не з адным гаманіці сталецьцем. Дух твой зь сьветласьцяй неба сальецца I з праменьнямі сонца сьвятога Сьлёзы-росы высушываць будзе І паказываць к праўдзе дарогу. Памяць насып-магілку ўхарошыць З жывых кветак рукою сірочай, Як квяцісты былі твае песьні Сярод земскай і сьцюжы, і ночы. А зь мільёнаў грудзей набалелых Плысьці ўздох зь веку ў век не пакіне Па заступніцы ўсіх нешчасьлівых, Па вялікай пясьнярцы-княгіні.

Iгнату Буйніцкому

Важна рэй Ігнат Буйніцкі Ў танцах нашых водзіць, Аж здаецца — усё чыста Хадыром зь ім ходзіць. Калі пусьціцца скакаці, — Ажна сэрца скача; Лепшых танцаў і ўвесь Піцер Бадай што ня бачыў. Ці «Мяцеліца», ці «Юрка», «Мельнік», ці «Антошка», — Ўсё ў яго сыходзіць гладка, Не змыліць ні трошка. Пад дуду і пад цымбалы Топне, прысьпявае… Сьцеражыцеся, ўсе людзі: Беларус гуляе! Не ўнімайся ж і скачы нам, Покі сілы хваціць, Мо' пачнуць і думкі нашы Весялей скакаці!

Памяці Тараса Шаўчэнкі

25 лютага 1909 г.
Сягоньня на Ўкрайне вялікае сьвята: Ў дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара». На ўсіх і павага, і стройныя шаты, I песьні ня моўкнуць свайго песьняра. Праслаўнаму бацьку ўкраінскай свабоды Паклон б'е разбуджана ўся старана, Талкуюць аб гэтым Дняпровыя воды, I думае думу стэпоў цішына. Пясьняр кабзарысты нікім не забыты, Як жыў дзеля песьні, так зь песьняй ня ўмёр; Здабыў сабе славу ня з мармурнай пліты, А з слоў, што ня крыша ні век, ні тапор. Сын беднай сямейкі, нядужы рукамі, Штыхам і гарматам ён пострахам быў; Кавалі яго, як зьвяра, ланцугамі I кідалі ў лёхі, каб згінуў, ня жыў. Сьляпні! Ім і думкі адбеглі з трывогі, Што людзі — як ён — і ў магілах ня мруць, Што можна зьвязаць толькі рукі і ногі, А вольныя думы — хто важыўся скуць?! Бываюць упадкі — люд стогне балесьне; Пясьняр паявіўся, і ўцехі зьвіняць; Пясьняр умірае… а песьня?.. а песьня?.. Эх! каменю толькі ня дана паняць! Жыве гэта песьня, як віхар клакоча, Над лесам магілішч, над цьмою бяжыць, Зрывае запоры і брамы ламоча, I крыўда нямее, і змога дрыжыць. Калісь воклік песьні і сьвет нам адмене, Адслоне другія пуціны жыцьця, Шчасьлівасьці яснай узойдуць праменьні, Аквеціцца доляю лепшай зямля. Дык дай жа чэсьць песьні на Ўкрайне! За Ўкрайнай Той кожны, хто праўды ня здрадзіў жывой; І ўспомніце «бацьку», што пеў незвычайна, Што славе ўкраінскай служыў ўсёй душой. О, слаўны ўкраінча, сын верны народу! Ты роднага слова ў сабе не глушыў, Цярпеў і вучыў, як цярпець у нягодах, Аж люд твой паняў, чаго ты яго ўчыў. На поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца, На кобзах людскіх душ твой грае «Кабзар», У хатцы, ў падвале, ў цямніцы, ў карчомцы Калоціш ты сэрцы, як звонам званар. I к нам тваё слоўца ня раз далятала; Мы слухалі ўцешна, што бае сусед. Цяпер жа нясём ліст к вянку тваёй хвалы, Прымі, брат, і наш беларускі прывет!

Лірнік вясковы

Памяці Вл. Сырокомлі

Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі, Не аб славе забытаго краю, Не аб віхрах і бурах, што сьветы цярпелі, Гэту песьню сягоньня складаю. Выліць думку хачу — хай снуе у бязмеры— Думку-памяць, што ў сэрцы залегла, Аб тэй зорцэ, што некалі з добраю верай Над зямелькай ясьнела і зьбегла. Аб музыцэ, што лірай сваей чарадзейскай Мне ў душы сьветач выклікаў новы, Каб мсыла хоць на час красай кветкаў-пралескаў, Як жыве вечна Лірнік вясковы.
*
Над Вільёй, дзе сталіца была Гедыміна, На магілках, што Росса завуцца, Курганок там убачыш пакрыты дзярнінай, Над дзярнінай бярозкі трасуцца. Сумна шэпчуць галінкі зімою і летам Аб жыцьці пахаваным пад імі; Людзі ходзюць маліцца над насыпам гэтым, Пасьвенцаці сьлезамі жывымі. Пяцьдзесят раз у зелень весна спавівала Ніву нашу і насып жвіровы,— Над курганам тым сэрцаў мільёны шэптала: Дай Бог рай табе, Лірнік вясковы.
*
На зялёным цьвітучым лагу-сенажаці, Гэт пад лесам за вёскай бедачай Песьню-музыку сумную здаля чуваці: Пастушок там на дудцэ так плачэ. Звоне коскай касец, толькі водгалас льецца, Сам, як колас, хістаецца ў полі… На загоне жнея над снапочкамі гнецца; Сонцэ іхней дзівуецца долі. Пастушок і касец той, і жнейка-дзяўчына, Пахіліўшы маркотна галовы, Тую песьню пяюць, што мінуўшай часінай Ім аставіў іх Лірнік вясковы.
*
Песьні гэтай знаём і палац мураваны, Што ў хмяліных бялее повоях,— На пачэсным кутку заседае жаданай— Мілай госьцей ў багатых пакоях. I ў засьценку шляхоцкім, што з вёскаю блізкай Тую-ж долю-нядолю гадуе, Гэта песьня плыве над ліповой калыскай— Гэтак маці над дзіцем бядуе. З маткай рэчка і вецер па свойму запелі, Зашумеў бор зялёны, сасновы, Як-бы тые напевы яны зразумелі, Што злажыў чуйны Лірнік вясковы.
*
А калі ты, гаротнік, тулач беззямельны, Будзеш долей закінут у горад,— Ты пачуеш і там голас той непаддзельны, Што спаткаці, пачуць быў даўно рад. Ці сіроткі, к сьцяне прытуліўшысь халоднай, Ноч праводзюць, усходу чэкаюць, Ці нешчаснаго ўбачыш, як гнецца галодны— Ты спытай — яны Лірніка знаюць. Там і сіняя мгла, як настануць марозы, На муры сее пух брылянтовы, Быццам тые праўдзівые сьветлые сьлёзы, Што калісь выліў Лірнік вясковы.
*
Ўсюды Лірнік сваей чарадзейскаю лірай Думкі-чары, як кветкі разсеяў,— I ці ўмёр, ці жыве між людзьмі далей шчыра— Адгадаці малая надзея. Час патрапе усё пакрышыць, адалеці, Путы нават змарнеюць у плесьні,— Покі-ж будзе душа хоць адна жыць на сьвеце, Будуць жыці і лірнікаў песьні. Будзеш жыць! Будуць векі ісьці за векамі. Не забудуцца дум тваіх словы, Як і слоў беларускіх жывучы між намі Не забыўся ты, Лірнік вясковы.

Брату ў чужыне

Ці помніш ты, нядбалы дружа, Ўсё тое, дзе радзіўся, ўзрос? Дзе напявае зімка стужай, Ірдзіцца лета бліскам рос? Аздобнасьць неба — сонца, зоры, Спавіты месяц туманом; Русалак ночкай разгаворы, Шчасьлівых птушак песьні днём? Ці помніш ты пагляд нясьмелы Свайго радзімага сяла, Адкуль паплёўся ў сьвет той белы, Твая дзе моладасьць сплыла? Нямое поле сенажаці Лазой аквечаны дзірван; Магілкі, сьпяць дзе твае брацьці, На ўзьмежку прадзедаў курган? Ці помніш прызбу, плот з прасламі, Сваю хацінку, свой тачок, Тваймі стаўляныя бацькамі, Адвекам крыўлены набок? Паміж прысад гасьцінец біты — Пясчаны, ўзьвілісты пакат; Паводкай мост стары падмыты, Бяроз плакучых сумны рад? Ці помніш ты сваю матулю, Што над калыскаю тваей Пяяла песьню-байку «люлі», Снуючы ў думках рой надзей? Сьвятую песьню родных межаў, Няхітры мовы свойскай твор, Зь якой зьліваецца звон вежаў, А рэха ловіць цёмны бор? Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры, Начлег, агонь сярод кустоў; Палёты з выраю у вырай Буслоў, гусей і журавоў? Убор вясковы, невыдумны, Абычай сельскай прастаты… Край беларускі мірны, сумны, Свой родны край ці помніш ты?..

Песьняру-Беларусу

Пытаеш ты, якім быць трэба Зямлі забытай песьняру? Як у шуканьні вечным хлеба Знайсьці ясьнейшую пару? О, не хадзі к другім за радай, — У пушчы сонна не шукай! Дабудзь з сваёй душы ўсе праўды, Сваіх дум, сэрца запытай. Хай сэрца сэрца не баіцца, Душа з душою хай пяе; На думках братніх, як на скрыпцы, Ты песьні выгалась свае! За родну песьню будзь ваякай, Ня жджы заплаты ад людзей. Пясьняр — слуга слугі усякай, Пясьняр і цар усіх царэй! Дзе зор гуляюць хараводы, Зірні зухвала, без трывог, Прагледзь нябесныя ўсе ходы, Каб аж задумаўся сам Бог! Падслухай шэпты зямлі-маткі, У скарбы ўсе яе заглянь, Каб аж пайшла весьць ва ўсе хаткі, Як зь ніў найбольшую браць дань. Шчасьлівы ты ці нешчасьлівы, Будзі сыноў сваёй зямлі, Над беларускай соннай нівай Нязгаслы сьветач распалі! Глядзі — ўскалышыцца, прачнецца Мільённы прыспаны народ, I вокліч славы пранясецца, Пясьнярскай славы з роду ў род. Ты у сваім вянку цярністым Убачыш міртавы вянок, I важна слаўлен, песьнярыста, На той сьвет сойдзеш, як лісток. Памёр пясьняр. — Над белым крыжам За годам год перабяжыць; Няпамяць імя пяўца зьліжа, А песьня будзе жыць і жыць!

Наша песьня

Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун, Песьня наша, як воля, магучая! Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун, Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя! Хоць нуды ў табе шмат вылівана сьлязьмі, Дума-песьня ня хітра складаная, Але нашая ты: недруг, спробуй, вазьмі!.. Ты ня можаш быць, песьня, скаванаю. Як на небе зара ці як думка ў душы, Не скуесься няволі ты путамі: Ты, як той салавей, зазьвініш і ў глушы, — Запяешся людзьмі і закутымі. Пей жа, песьня, дзень, ноч, песьня, родная нам, Апявай жыцьцё наша праклятае, І зайграй ты па сэрцу хоць раз бедакам, Наўчы, як знайсьці шчасьце багатае. Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун, Песьня наша, як воля, магучая! Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун, Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!..

*** Падсякайце тое дрэва…

Падсякайце тое дрэва, Што ў корні ўсыхае; Не ўважайце таго сэрца, Што жалю ня мае. Страшце птушку, празь якую Свойская загіне; Забывайце песьню, што вам Вораг ваш накіне. Ой, гадуйце, падлівайце Гай жывы, зялёны: Сэрцу добраму давайце Добрыя паклоны. Паважайце тую птушку, Што крыўды ня робе; Не цурайцесь роднай песьні Ў шчасьці і ў жалобе.

Папросту

Простым мы словам зь сьветам гаворым, Песьні аб цяжкай творым нягодзе, З думкамі рвёмся к сонцу і зорам, Рвёмся к свабодзе. Простая нашых прадзедаў слава, Хоць апаганена мудрым чужынцам; Шлі, ідзём далей ўлева ці ўправа — Простым гасьцінцам. Сьвет там выдумкі хітрыя знае — Троны, кароны, вісельні, кулі, — Выдумаць гэта мы ў сваім краі Неяк мінулі. Летась нягодна, сёлета горай Проста жылося, проста жывецца, Красьці ж ня пойдзем, хоць у каморы Кожны к нам прэцца. Нас гадавалі віхры і ночкі, Крыўдай паілі нас ад пялёнкі — Толькі ж папросту мы ня йшлі ўпрочкі З роднай старонкі. Хочам папросту, каб лепш ручыла Нашым хацінам, нашым прыплодам, Каб стаць раўнёю славай і сілай Іншым народам. Проста жывём мы, як доля лучыць, I крывадушыць не прабавалі… Просім папросту: кіньце нас мучыць, Ляхі, маскалі!
Поделиться с друзьями: