Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сказ пра Робін Гуда

Фінемар Джон

Шрифт:

Амаль каля самай храпы шэрыфавага каня стаяў стралок у чырвонай світцы, абапёршыся на свой вялікі лук і шырока разявіўшы рот, нібы той вясковы дурань. Ён углядаўся адзіным вокам у далёкую мішэнь. Робін Гуд ледзь стрымаўся, пачуўшы кплівыя словы шэрыфа. Яму так і карцела павярнуцца і смела глянуць у твар шэрыфу. Але гэта было вельмі небяспечна, і ён не варухнуўся, толькі падумаў: «Хутка ты даведаешся, пыхлівы шэрыф, што перад табой стаяў Робін Гуд».

Першы ўскінуў лук Уільям з Йорка. Ён не спяшаючыся прыцэліўся і стрэліў. Дзве стралы трапілі ў белы кружочак усярэдзіне мішэні, а трэцяя ўваткнулася крышачку далей.

— Здавайся, Чырвоная світка! — закрычалі прыяцелі Уільяма з Йорка. — Лепш табе не пацэліць! Здавайся, аддай прыз пераможцу!

Але чалавек у чырвонай світцы шырока ўсміхнуўся і пакруціў галавой.

— I ўсё ж я паспрабую, — сказаў ён з моцным паўночным акцэнтам, а сам падумаў: «Ну, Робін, не зганьбі гонару слаўнага Шэрвудскага лесу!»

Ён узяў з калчана адразу тры стралы і пусціў іх адну за адной так хутка, што другая страла ўжо гула ў паветры, калі першая яшчэ не даляцела да цэлі, а трэцяя сарвалася з цецівы, калі другая яшчэ не ўваткнулася ў мішэнь. Гледачы на момант знямелі ад здзіўлення і захаплення — першая і другая стрэлы выбілі з яблычка абедзве стралы Уільяма з Йорка, а трэцяя трапіла ў самую сярэдзіну белага кружочка.

— Чырвоная світка! Чырвоная світка! — зароў натоўп.

— Чалавек у чырвоным — кароль стралкоў!

— Чырвоны стралок пераможца!

— Прыз — чырвонаму стралку!

Шэрыф уручыў стралку ў чырвоным каштоўны прыз і сказаў яму:

— Далучайся, добры маладзец, да майго атрада стражнікаў лесу. Я з радасцю вазьму да сябе на службу такога цудоўнага стралка.

Але Робін Гуд адмоўна пакруціў галавой і сказаў, што павінен вярнуцца да свайго гаспадара. Шэрыф падумаў, што ён прыгонны селянін нейкага феадала, які дазволіў яму пайсці ў горад на спаборніцтва, і больш не ўпрошваў яго.

Са срэбра чыстага страла, А кончык залаты — Прыз проста цуд. З ім Робін Гуд Вяртаўся ў лес густы.

З Нотынгема разбойнікі зноў пайшлі па два, па тры і без прыгод вярнуліся ў Шэрвудскі лес. Сабраўшыся ўсе разам, яны весела смяяліся і жартавалі, прыгадваючы свой смелы паход у горад і тое, што там было. Усе з захапленнем разглядалі сярэбраную стралу з залатым наканечнікам. Адзін толькі Робін Гуд хадзіў як у ваду апушчаны.

— Што з табой, атаман, чаму ты такі сумны? — спытаў яго Маленькі Джон. — Ты ж павінен весяліцца — такі прыз заваяваў! Да таго ж яшчэ і вакол пальца абвёў самога шэрыфа!

— Вось у гэтым і ўся справа, — адказаў Робін Гуд. — Мне не дае спакою думка, што ён не ведае, каму дасталася яго страла.

— Дык гэта ж вельмі лёгка паправіць! — усклікнуў Маленькі Джон. — Напішы яму пісямко, а я перадам.

— Ты пойдзеш у горад? He. Я не дазволю табе зноў рызыкаваць галавой.

— Навошта ісці ў горад? У мяне ёсць лепшы план, — сказаў Маленькі Джон і заліўся вясёлым смехам.

— Тваё пасланне начаплю Я на стралы канец, Як майскі гром, шэрыфу ў дом Наш прыляціць ганец.

Робін Гуду спадабаўся план Маленькага Джона. He трацячы часу, ён напісаў пісьмо шэрыфу, і Маленькі Джон як быў у сіняй куртцы, так і пайшоў зноў у горад.

Шэрыф жыў у вялікім асабняку адразу за гарадской сцяной. Адно акно абедзеннай залы не было яшчэ закрыта нанач аканіцай. Маленькі Джон начапіў пасланне Робін Гуда на наканечнік стралы і пусціў яе. Страла ўляцела праз акно ў залу. А Маленькага Джона і след прастыў.

Шэрыф якраз сеў за стол, каб павячэраць з прыяцелямі і адпачыць пасля дзённых турбот. У той момант, як ён паднёс да рота вялізны рог, да краёў поўны элю, у паветры прагула страла і ўваткнулася ў стальніцу перад самым яго носам.

— Што такое? — ускрыкнуў шэрыф. — Страла! Што гэта значыць?

— Пад наканечнікам паперка! — закрычаў слуга. — Мабыць, пісьмо!

— Знімі яе са стралы і падай мне, — загадаў шэрыф.

Слуга выканаў загад і падаў паперку гаспадару. Шэрыф узяў яе і разгарнуў, усё яшчэ трымаючы ў другой руцэ рог з элем. Усім, хто сядзеў за сталом, не цярпелася хутчэй даведацца, што там у пісьме. I раптам усе ажно здрыгануліся. Шэрыф закрычаў і шпурнуў на стол рог з такой сілай, што той раскалоўся напалам і эль ракой пацёк па стале.

— Што, дрэнныя весткі? — пачалі распытваць шэрыфа госці.

— Дрэнныя! — зароў шэрыф, калоцячыся ад шаленства. Горшыя не бываюць! Гэты хітры нягоднік, гэты ліхадзей стаяў сёння амаль побач са мною, але выслізнуў з маіх рук! Хто, вы думаеце, быў той стралок у чырвонай світцы? Гэта ж быў сам Робін Гуд!

Усе, хто быў у абедзеннай зале, здзіўлена вытрашчыліся на шэрыфа. Дык гэта тое пудзіла гарохавае ў чырвонай світцы і ёсць Робін Гуд! А што, відаць, гэта і праўда быў ён, бо вельмі добра страляў.

— Далібог, дарагі шэрыф, мы павінны былі здагадацца, — сказаў адзін з гасцей. — Такога майстэрства я ў жыцці не бачыў. Як ён страляў! Толькі Робін Гуд мог сагнуць такі магутны лук.

Але шэрыф нічога не чуў і не бачыў. Ён проста звар’яцеў ад шаленства. Як гаворыцца ў старадаўняй баладзе,

Як прачытаў пісьмо шэрыф, Што палатно збялеў, Ён вар’яваў, і бушаваў, I рыкаў, нібы леў.

— Больш ніякіх хітрыкаў прыдумляць не буду! — на ўсё горла крычаў шэрыф. — Я схаплю гэтага нягодніка сілай! Ніводнага дня больш не пацярплю! Заўтра ж пайду з войскам на гэтага шэльму. Клянуся, спачатку я выб’ю пыл з чырвонай світкі, не знімаючы з яго, а тады павешу злодзея на самай высокай шыбеніцы, якую калі-небудзь ставілі ў нашым слаўным горадзе Нотынгеме!

Раздзел дзевяты

Шэрыф i Гай Гізбарн ідуць на Робін Гуда

На другі дзень нотынгемскі шэрыф сабраў вялікі атрад салдат і лучнікаў, каб ісці ў паход на разбойнікаў. Але перш чым выступіць у Шэрвудскі лес, ён абвясціў, што за галаву Робін Гуда вызначаецца вялікая ўзнагарода — трыста фунтаў золатам.

Сярод прыяцеляў шэрыфа быў рыцар па імені Гай Гізбарн — добры воін, але чалавек злосны і распусны. Ён залез па вушы ў даўгі і за грошы гатовы быў пайсці на ўсё.

Калі Гай Гізбарн пачуў пра ўзнагароду за галаву Робін Гуда, ён наважыў што б там ні было атрымаць яе і лічыў, што на гэта ў яго ёсць шанц. Ён добра ведаў Шэрвудскі лес і таму спадзяваўся знайсці лагер Робін Гуда. Рыцар расказаў шэрыфу пра сваю задуму пераапрануцца і пайсці аднаму ў лес.

Перад адыходам ён сказаў шэрыфу:

— Няма ніякай патрэбы ісці адразу вялікаму войску шукаць Робін Гуда і яго шайку. Разбойнікі будуць пазбягаць сустрэчы з войскам. Я пайду ў лес раней і разведаю пра тайнае прыстанішча Робін Гуда і яго лясных разбойнікаў.

Поделиться с друзьями: