Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
Тым ранкам Робін Гуда паднялі з яго лясной пасцелі спевы дразда.
— Ноччу мне прысніўся нейкі брыдкі сон, — сказаў Маленькаму Джону Робін Гуд, праціраючы вочы. — Быццам я змагаўся з двума здаравякамі і яны добра намялі мне бакі, звязалі і забралі мой лук.
Маленькі Джон засмяяўся:
— Лухта гэтыя сны. Сон — нібы вецер: наляціць і знікне.
— I ўсё ж мы з табой зараз пройдземся па лесе, — сказаў Робін Гуд, — можа, і стрэнем каго з тых, што мне прымроіўся ў сне.
Пасля сняданку Робін Гуд і Маленькі Джон пайшлі ў глыб лесу, а Уіл Скарлет з двума таварышамі падаліся ў другі бок.
— Добра, каб мы ўспудзілі якую-небудзь дзічыну, — сказаў Уіл. — Адзін або два трацячкі нам не пашкодзяць — кладоўка ў нас сёння апусцела.
I два маленькія атрады разышліся ў розныя бакі. Неўзабаве Робін Гуд і Маленькі Джон выйшлі на край невялікай паляны сярод магутных дубоў і ўдалечыні ўбачылі нейкую дзіўную постаць.
— Чалавек гэта ці звер? — недаўменна спытаў Маленькі Джон. — А можа, злы дух? Ты, атаман, пастой тут, я зараз даведаюся.
Але Робін Гуд загадаў яму спыніцца: ён сам пойдзе паглядзець. Маленькі Джон пакрыўдзіўся, і яны з Робін Гудам абмяняліся двума-трыма рэзкімі словамі. Маленькі Джон раптам павярнуўся і пайшоў назад у лес.
— Пайду да Скарлета, — кінуў ён на хаду Робін Гуду. — Я ведаю паляну, куды ён з хлопцамі пайшоў здабыць дзічыны.
Неўзабаве ён убачыў іх. Але што гэта? Усе трое беглі так шпарка, што ногі ледзь краналіся зямлі, а за імі імчаліся шэрыф і сотні паўтары лучнікаў і кап’ёўшчыкаў. Вось якога звера паднялі няўдачлівыя паляўнічыя! Хмары стрэл са свістам ляцелі ўслед за ўцекачамі.
Маленькі Джон аж застагнаў, калі два яго сябры ўпалі з трыма стрэламі ў спіне. Але Уіла Скарлета яшчэ ніводная страла не зачапіла, і ён бег з усіх ног, усё шпарчэй і шпарчэй. Шэрыф крычаў сваім падначаленым:
— Пацэльце вунь у таго, мае малайцы! Жывым ці мёртвым схапіце нягодніка!
Але Скарлет уцякаў так шпарка, што Маленькі Джон зразумеў: ён уратуецца. Цяпер толькі адзін чалавек мог дагнаць яго. Гэты лучнік далёка апярэдзіў і шэрыфа і ўсё войска і гнаўся за Скарлетам, як ганчак за ланню.
— Гэта ж Уільям-а-Трэнт! — прамармытаў Маленькі Джон. Ён ведаў гэтага спрытнага бегуна. — Нельга дазволіць, каб ён насцігнуў Уіла і схапіў яго.
Маленькі Джон ускінуў лук і пусціў стралу. Уільям-а-Трэнт пранізліва крыкнуў і са стралой у грудзях грымнуўся на дол. Як гаворыцца ў старой баладзе,
Каб дома ў ложку Уільям спаў, He бег праз лес зялёны, Яго б на той свет не паслаў Стрэл меткі з лука Джона.Скарлет знік за густой сцяной дрэў, а Маленькі Джон роспачна войкнуў: яго лук, яго добры цісавы лук раптам трэснуў, і цяпер у руках Маленькага Джона была ўжо не зброя, а бескарысны кавалак дрэва.
— Чаму, чаму ты, здрадны лук, He трэснуў шчэ на дрэве? —прастагнаў Маленькі Джон і таксама памкнуўся ўцякаць. А што яшчэ рабіць бяззбройнаму? Але тут, прадраўшыся праз хмызняк, да яго падскочылі пяць чалавек з коп’ямі і загадалі спыніцца. Гэта былі разведчыкі, якіх шэрыф паслаў наперад войска. Яны пачулі шум і крыкі і паспяшаліся да сваіх.
Маленькі Джон зрабіў вялікі скачок убок і ўцёк бы, але адзін з кап'ёўшчыкаў шпурнуў доўгае ясеневае дрэўка кап’я яму пад ногі, і Маленькі Джон расцягнуўся на зямлі на ўвесь свой гіганцкі рост. Ворагі акружылі яго, схапілі за рукі, за ногі, стараючыся не даць яму падняцца. Іх было пяць супраць аднаго, але і такая перавага не памагла б ім, каб не прыбеглі яшчэ некалькі чалавек. Два разы ўставаў Маленькі Джон з зямлі з павіслымі на ім, як сабакі на льве, ворагамі, і два разы яны зноў валілі яго. Раптам ён вызваліў правую руку, размахнуўся — і два ворагі замерлі каля яго ног.
На шум прымчаліся яшчэ каля дзесяці шэрыфавых людзей і рынуліся на Маленькага Джона. Тут ужо нават такі волат, як ён, нічога не мог зрабіць. Маленькага Джона звязалі па руках і нагах, і ён бездапаможна ляжаў на зямлі ў поўнай уладзе ворагаў.
Падышоў шэрыф, засмяяўся і сказаў:
— Адзін ужо для шыбеніцы гатовы, і то добра. Ды яшчэ які вялікі! Падыміце яго, хлопцы, і прывяжыце да дрэва. Так будзе больш надзейна. Хай пастаіць адзін, пакуль мы не зловім яшчэ некалькі нягоднікаў. А потым, подлы шэльма, — павярнуўся ён да палоннага, — цябе павесяць на самым высокім узгорку.
Хоць смерць ужо глядзела Маленькаму Джону ў вочы, ён смела зірнуў на шэрыфа і дзёрзка засмяяўся.
— Па волі неба, — крыкнуў ён шэрыфу, — усе твае намеры, пыхлівы шэрыф, пойдуць прахам і сёння, і заўтра, і павек!
А цяпер пакінем на час Маленькага Джона ў руках бязлітаснага ворага і раскажам пра Робін Гуда.
Робін Гуд ішоў па паляне, углядаючыся ў дзіўную істоту, і неўзабаве ўбачыў, што, прысланіўшыся да дрэва, стаіць высокі, моцнага складу мужчына, захутаны ў нешта дзіўнае. Ды гэта ж высушаная конская шкура — з галавой, з грывай і хвастом! З-пад конскай галавы вызіраў твар незнаёмца, на плечы спадала конская грыва, а хвост матляўся за спінай. Відовішча было вельмі смешнае. Але чалавек, відаць, меў рашучыя намеры — у руках у яго быў вялікі лук, на поясе віселі меч і кінжал.
— Добрага ранку, мілы чалавек, — павітаўся з ім Робін Гуд. — Бачу, у цябе добры лук. Мусіць, ты паляўнічы.
— Так, лук у мяне добры, — адказаў незнаёмы, — ды сёння я пайшоў не на паляванне. Заблудзіў у гэтым густым лесе. А хто ты?
— Я ёмен з Локслі,— сказаў Робін Гуд. — Вёска ёсць такая на тым баку лесу.
— А ты добра ведаеш гэты лес, ёмен з Локслі?
— Без пахвальбы скажу, што ведаю ўсе сцяжынкі тут лепш за каго іншага. Калі хочаце, магу быць у вас за правадніка.
— Добра, — сказаў незнаёмы. — Я шукаю Робін Гуда. Правядзі мяне ў лагер да гэтага гордага разбойніка. Сустрэча з ім даражэйшая для мяне за сорак фунтаў золатам.
Робін Гуд уважліва прыгледзеўся да незнаёмага і пазнаў яго.
«Гэта Гай Гізбарн! — сказаў сам сабе Робін Гуд. — Пра яго ходзіць слава, што ён чалавек прадажны і вераломны. Ха-ха! Сорак фунтаў! Я ведаю, чаму Робін Гуд даражэйшы за сорак фунтаў. Калі б яму ўдалося захапіць мяне, ён атрымаў бы за маю галаву ў шмат разоў больш».
— Чаму ж не правесці, калі вам так хочацца ўбачыць гэтага разбойніка, — бадзёра сказаў Робін Гуд. — Я памагу вам сустрэцца з Робін Гудам. Толькі я не такі чалавек, каб быць за правадніка ў таго, хто, можа, хоць і носіць лук, a страляць з яго не ўмее.
— Гэта я не ўмею страляць з лука? — абурыўся Гай Гізбарн. — Пакажы цэль, ёмен, і ты ўбачыш, ці ўмею я страляць!
Якраз гэтага і дамагаўся Робін Гуд, бо каго б ён ні стрэў у Шэрвудскім лесе, яму абавязкова хацелася паспаборнічаць з ім у стральбе з лука.