Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

«Не карай мяне, Іван… Павел не сказаў ні слова. Мы паехалі ў розныя школы».

Не пакорлівая просьба, а бадай-што папрок:

«Не карай мяне, бо я пакарана ўжо жыццём, людзьмі, богам».

Аднак тады гэта мяне мала кранула. Зноў заплакала Віта — усё-такі малака не было. Але дзіцячае кугаканне больш не супакойвала, бадай-што раздражняла нават. Я сказаў тое, дзеля чаго прыйшоў:

«Заўтра вас завязуць на Украіну, за Дабранку… Там ён не знойдзе вас, — і — як выяўленне сваёй слабасці — апраўдальна: — Інакш я не магу. Зразумей…»

Прыняла ты прысуд гэты пакорліва. Уздыхнула толькі. Доўга маўчала. А потым папрасіла. Не за сябе, не за дзіця — дзіўна і незразумела! — за яго, былога мужа, начальніка паліцыі.

«Іван. Я напішу пісьмо… Перадай яму, — імя не называла. — І ад сябе напішы. Прашу цябе. Няхай ён з’едзе куды, калі не можа прыйсці да вас. Дзеля дачкі сваёй. За яе прашу. Няхай рамантуе дарогі, пілуе дровы… Што яму трэба? Быў жа, здаецца, чалавек як чалавек…»

Для мяне гэта не было навіной. Ты ўжо аднойчы прасіла напісаць яму, папярэдзіць, параіць… Пакуль не позна. І я, здаецца, абяцаў. Але ў той момант усё маё нутро апаліла такая твая просьба.

Нічога не спытала пра Паўла — як ён загінуў? У хвіліну расставання не знайшла слова суцяшэння мне. Нічога не просіш для сябе. А пра каго паклапацілася! Ты ўжо ведала мяне: бачыла ў радасці і ў гневе. Глянуў — і ты зноў сцялася, быццам я замахнуўся чымсьці смяртэльна цяжкім. Збялела.

Я кінуў тое цяжкае, пра што дагэтуль не гаварыў табе:

«Ён асабіста расстрэльваў яўрэйскіх дзяцей».

Як ты закрычала! Але тут жа задушыла свой крык, быццам вырвала яго з грудзей. Зразумела: гэта прысуд! І ён запісаны ў нашых сэрцах. І ніякай амністыі не будзе, ніхто яе не вымаліць. Можа ў цябе самлелі рукі і ты баялася, што ўпусціш дзіця. Можа спалохалася чаго яшчэ больш страшнага — не ведаю. Але ты паклала малую на нары. І — дзіўна! — яна змоўкла. (Якія дробязі запомніліся!) Ты ступіла да мяне, папрасіла вачамі: падтрымай мяне. Ды твая першая просьба зрабіла мяне жорсткім і бязлітасным.

«А хто падтрымае мяне?!» — трохі не крыкнуў у лютасці. Але не крыкнуў. Проста не глядзеў на цябе, у прыгожыя вочы, затуманеныя болем. Глядзеў у падлогу, на чыста вымытыя дошкі. (У вашай зямлянцы хлопцы зрабілі падлогу. Цябе любілі).

Ты адступіла назад у свой куток і адтуль папрасіла:

«Не адсылай мяне, Іван! У мяне нікога няма, акрамя…»

«Не!» — амаль крыкнуў я і падняўся з калодкі.

Ты ўчапілася ў рукаў, затрымала.

«Прашу цябе яшчэ аб адным, Ваня, родны мой… Але абяцай… абяцай… Ты не зробіш гэта сам. Сваімі рукамі. Не рабі гэтага. Прашу».

Не адразу дайшло, аб чым ты прасіла. Дайшло — адразу зразумеў, што тварылася ў тваёй кволай і мужнай душы: ты сама даўно асудзіла яго, але ўсё яшчэ не траціла надзеі неяк уратаваць. І вось мусіла падпісаць канчатковы прысуд. Цяпер аддавала ўсю цеплыню мне. Аднаму.

Лёд майго гора, роспачы пачаў таяць. Але я баяўся тваёй цеплыні, я адгароджваўся ад яе жорсткасцю. Трымаўся ўжо за клямку, нахіліў галаву, каб пралезці ў нізкія дзверы, калі ты сказала:

«Бывай, Іван… Развітаемся. Дзякуй табе за ўсё. Я мела кропельку шчасця».

Першы парыў — вярнуцца, абняць… Але тады я, напэўна, не адаслаў бы цябе. А я не мог не зрабіць гэтага: вельмі свежая была рана ад смерці Паўла. Я выйшаў, асцярожна, ціха зачыніўшы за сабой дзверы зямлянкі. Пачуў, як зноў закрычала дзіця.

Ціхаходны цягнік спыняўся каля кожнага, здавалася, слупа. Каля кожнай вёскі — напэўна. Састаў цягнуў паравоз. Яшчэ паравоз. Стары безадказны служака, якога шмат дзе ўжо выціснулі маладыя прыгажуны цеплавозы і электравозы.

Паравоз выкідваў цяжкія пасмы дыму. Яны аблытвалі дрот, слупы. Але святло з вагонных вокнаў рвала іх, гэтыя пасмы. Тады, як бы ад злосці, дым сцёбаў па вокнах. Зрэдку сыпаліся іскры. Яны ляцелі ўгору і згасалі ў каламуці ночы. Узняўся вецер, ці што?

Але калі поезд спыніўся на станцыі, дзе гарэлі ліхтары, Іван Васільевіч убачыў, як ціха і роўна падаюць рэдкія сняжынкі. Ён прачытаў знаёмую назву. Вельмі знаёмую. Праўда, прыязджаючы на магілу брата, ён сыходзіў не на гэтай станцыі. На гэтай не быў, бадай, з вайны — праязджаў міма. Але адгэтуль бліжэй да таго месца, дзе знаходзіўся тады лагер атрада. Калі пайсці, то гадзін за пяць можна дабрацца. Ён не збіўся б з дарогі і ўночы, снегу тут яшчэ мала, поле яшчэ чорнае, дарогі натораныя.

Захацелася сысці. Гэтак жа нечакана, як у Гомелі. Падумаў, што дзіўныя ў яго парывы ў апошні час. Самому сабе іх цяжка вытлумачыць. Што здарылася? Ніколі, здаецца, за дваццаць гадоў вобразы людзей, што былі тады побач, мясціны і падзеі не стаялі вось так ярка ў вачах, не бунтавалі душу, не роілі думкі. Дзіўна. З Надзяй ён толькі што гаварыў так, быццам яна стаяла там, па той бок акна. Бачыў яе вочы, чуў голас, чуў, як крычыць Віта. Віта…

Аднаго не мог уявіць, убачыць — Віталію такой, якая яна цяпер. Падумаў: а навошта яна спатрэбілася яму? І на нейкі міг здалася недарэчнай сама паездка. Так, быў час, калі ён цікавіўся Віціным лёсам гэтак жа, бадай, як і лёсам родных дзяцей. Але вось ужо сем год мала што ведае пра яе. Дзяўчына стала далёкая і чужая.

Надзя пісала, па сутнасці, адзін раз у год: кароткую паштоўку, віншаванне са святам — з Першамаем. Чамусьці акуратна — толькі з Першамаем. Разы два, праўда, прыслала навагоднія віншаванні, але ў адказ на яго. Аднойчы толькі напісала не да свята: паведаміла, што Віта паступіла ў інстытут. Пра тое, што скончыла вучобу, не пісала. Дзе Віта цяпер? Як ставіцца да яго? Забылася? Ці ўсё яшчэ ненавідзіць?

Усё-такі тады, сем год назад, яго закранула, пакрыўдзіла, калі Надзя сказала ў машыне:

«Не магу больш, Іван. Не трэба больш. Віта ведае. З якой знявагай яна гаварыла са мной! Дачка ўзненавідзіць мяне. І цябе…»

Вось гэта і закранула, што яна, дзяўчо, якую ён выняньчыў у лагерных зямлянках, можа ўзненавідзець. Астатняе нішто асабліва не кранула. Што ж, не трэба — дык не трэба. Так яшчэ лепей: нідзе і ні ў чым ён не будзе раздвойвацца. Не той узрост, каб хавацца і маніць блізкаму чалавеку — Вользе.

Іван Васільевіч падумаў пра чамадан, што паехаў у Мінск. Што чыгуначнікі робяць з такімі рэчамі? Калі адчыняць — напэўна, знойдуць там нейкі дакумент, канверт з яго прозвішчам і адрасам. Прыгадваў, што там ёсць, у чамадане. Пісьмо Васіля Ладзе, але яно, здаецца, без адрасу. Ёсць кнігі… Калі пазвоняць дадому, жонка і Лада спалохаюцца, узнімуць трывогу. Што ён скажа ім? Адстаў у Гомелі? Але з Гомеля лёгка пазваніць.

З’явілася думка: а можа вярнуцца? Бліснула, як кароткая ўспышка сумлення. Але была нейкая іншая, не асэнсаваная сіла, якая цягнула, вяла… Не ўпершыню ў жыцці аддаваўся ён гэтай сіле, гэтай душэўнай хвалі. Здаралася, што яна выносіла не туды ці не ў час. Але ні разу не вынесла ў адкрытае мора — на згубу.

Поезд зноў ішоў у ноч. Але чамусьці не стала дыму і іскраў. З цёмнага тамбура відно было поле, трохі ўжо зацярушанае сняжком. Мільгалі агні вёсак, блізкіх і дальніх. Цьмяныя агеньчыкі. Вулічныя ліхтары, ад якіх у неба ўзнімалася б зарыва, пра што так многа пісалі паэты, нідзе не ззялі. Аднак Іван Васільевіч адразу адзначаў, дзе вёска электрыфікавана, а дзе па-ранейшаму людзі сядзяць пры «карасіках». Вось і вулічныя ліхтары нават гараць — на ферме, безумоўна. А зусім па суседству, за які кіламетр, не больш. — напэўна, адзін і той жа калгас — скупа цэдзяць карасінавае святло вокны многіх хат — вёска немалая.

Поделиться с друзьями: