Снежныя зімы
Шрифт:
Пасля вайны горад разбудаваўся. У цэнтры амаль нічога не засталося ад таго, што было да вайны. Але ўсё рабілася на яго, Антанюковых, вачах, і таму ён ніколі не сказаў: «Не пазнаць Гомель».
Усё новае неяк паступова, непрыкметна і вельмі натуральна ўваходзіла ў яго ўяўленне пра родны горад. Гэтак жа натуральна, як і тое, што былы хлапчук Іванька Проськін (чамусьці ў вёсцы малых Антанюкоў клікалі па іх бабулі — Просі) стаў пенсіянерам Іванам Васільевічам. Але ў нечым ён усё той жа хлапчук-рыбак, юнак-рабфакавец, які таптаў у гэтым горадзе драўляныя тратуары, партызанскі камандзір — гаспадар лясоў у міжрэччы Дняпра і Сожа. А не пенсіянер!
Можа ў нечым, самым галоўным, нязменны і горад. У чым? Дзіўнае адчуванне. Рэканструявалі вакзал, зрабілі тунель, збудавалі новыя дамы там, за пуцямі, у залінейным раёне, і тут, каля прывакзальнай плошчы; дамы як блізняты, падобныя на тысячы такіх жа дамоў у іншых гарадах. І ўсё роўна гэты вакзал не падобны на другія, па-ранейшаму ён знаёмы і родны — да спазмаў у горле, да болю ў сэрцы. Што яго робіць нязменным, такім, які запомніўся з таго далёкага часу, калі Іванька Проськін упершыню прыехаў у горад, каб паступіць на рабфак? Можа вось гэтыя пераходныя масты з грымучымі жалезнымі ўсходцамі, на якіх ён страчаўся са сваім першым юнацкім каханнем? Дзе яна, тая дзяўчына, цяпер ужо бабуля? Смешна. Кажуць, першае каханне не забываецца. Не забываецца юнацкі агонь, тваё адчуванне. А не яна, што запаліла гэты агонь. Яна знікла з памяці, як толькі прыйшло другое каханне, больш сталае, больш сур’ёзнае… Адбылося адмаўленне. Нярэдка ён дзейнічаў, гэты няўмольны закон. Аднак калі другое каханне нарадзіла сям’ю, дзяцей, ён, Антанюк, не дазволіў, каб іх адмовіла тое, трэцяе… Але вось яно сапраўды не забываецца, гэтае апошняе, нічым не адмаўляецца, ні ранейшым, ні пазнейшым… Хаця пазней нічога ўжо не было, акрамя ўспышак усё таго ж агню.
Правадніца папярэдзіла:
— Спазняемся. Стаянку могуць скараціць. Не адыходзьце далёка.
Іван Васільевіч ішоў па пероне да цеплавоза. Сняжынкі садзіліся на рукі, на твар, прыемна казыталі цёплым халадком. Але, бывае цёплы халадок і бывае халоднае цяпло — у прыродзе, як у чалавечых сэрцах. А самае нязменнае з усяго нязменнага тут — гэты снег, гэтая ціхая завея над горадам, якая засыпае чарнату асфальту і, як нішто іншае, злівае горад з прасторамі палёў, з лясамі, з першароднасцю зямлі. Можа таму і думкі так нечакана, так раптоўна скіраваліся туды, за гэтыя прасторы, за гэтыя лясы? Хіба так ужо нечакана?
Але, пазней нічога ўжо не было, акрамя ўспышак усё таго ж агню. І вось яна, яшчэ адна ўспышка. Можа апошняя? Не, яна зусім не такая. І прычына зусім інакшая. Тады гэта з’яўлялася ад яго чалавечай слабасці. А цяпер?
Цягнік крануўся.
Антанюк стаяў і глядзеў, як праплываюць вагоны. Часцей стукаюць на стыках колы. Вось і яго вагон. Правадніца ляпнула плітой, што закрывае ўсходцы, убачыла яго, адкінула пліту назад, крыкнула:
— Эх! Чапляйцеся! Ды хутчэй жа вы!..
Іван Васільевіч, не скрануўшыся з месца, з усмешкай памахаў ёй рукой.
…Паўла пахавалі без мяне. Каткоў прыехаў пасля. Гэтага не магу дараваць яму. Каткоў зайздросціў славе майго атрада. Як многія прафесійныя ваенныя, ганарыста лічыў, што адзін ён умее камандаваць, і я перад ім — што лапаць перад ботам. Ён, здаецца, ні разу не прыехаў першы, пакуль атрад яго быў самастойны. Ездзіў я.
Чаму Павел выбраў яго атрад? На злосць мне?
У мяне не было да Каткова ні рэўнасці, ні непрыязні. Але калі Павел пайшоў, я чамусьці падумаў тады: лепш, каб ён перайшоў да Касача.
Можа таму я адразу зразумеў, што здарылася няшчасце, — у той жа міг, як толькі ўбачыў Каткова ў сваім лагеры. Ён зусім не па-вайсковаму саскочыў з сядла — споўз неяк па-старэчаму. Я вылез з зямлянкі-майстэрні, дзе хлопцы рабілі міны.
Каткоў баяўся падняць вочы.
«Калі?»
«Пазаўчора».
Варухнулася надзея.
«Ранены?»
«Не. Наскочылі на засаду каля Рудні. Скасілі ўсіх траіх. Двое там і засталіся, паліцаі пахавалі. Паўла конь вынес. У гарачцы; трымаўся, відаць, яшчэ нейкі час. Знайшлі яго ў лесе, за кіламетр ад месца засады. Дзве кулі ў грудзі. Тры — у спіну. Стралялі ўслед…»
Ужо ў дарозе, калі запараныя коні сцішылі бег і з натугай выцягвалі ногі з размоклай раллі, я, параўняўшыся, спытаў у яго:
«Чаму не паведаміў адразу?»
«Табе было б лягчэй?»
Не, мне не было б лягчэй. Не было б! І ты, Каткоў, не ведаеш, як мне цяжка было тады. І цяпер.
Гэта рана, якая не гоіцца. Ты не ведаў, чаму Павел перайшоў да цябе. Ці можа ведаў? Усё роўна. Нішто не перашкаджала табе зрабіць так, каб я сам пахаваў брата.
Я павінен быў глянуць апошні раз у яго твар перад тым, як навекі засыпаць зямлёй. Я такі не спытаў у цябе, Каткоў, дагэтуль не спытаў: ці зрабіў ты хоць труну? Я баюся, што ты адкажаш: не, не зрабіў, не да гэтага, маўляў, было. Ты заўсёды заставаўся вайскоўцам, неблагім камандзірам, але не заўсёды — чалавекам і другам. Ці можа ў нас зусім рознае разуменне гэтых паняццяў?
Што застыла на Паўлавым твары? Боль, роспач? Пэўна ведаю адно: не страх, не паніка. Была ў мяне пасля малюсенькая кропелька суцяшэння: брат не сам палез пад кулі; засада нечаканая, смерць выпадковая. Павел хацеў жыць, хацеў змагацца. Ніхто на вайне не ведаў, калі і дзе стрэне сваю кулю. Мае хлопцы гэтак жа наляталі на засады. Павел мог гэтак жа загінуць у маім атрадзе. У разведцы ці ў баі падчас блакады. Колькі загінула! Я не аберагаў брата. Нікога не аберагаў акрамя… Але, акрамя хіба дзяцей. Я сам амаль штодня ішоў на смерць. І вёў на смерць партызан. Вайны не бывае без ахвяр. Аднак у маім атрадзе людзі гінулі радзей, чым у таго ж Каткова. Страты мы неслі меншыя, хоць баявых спраў рабілі больш. Выходзіць, усё-такі нейкім чынам мы бераглі людзей. Я, Шугановіч, Будыка… Здаецца, я раблюся падобным да тых мемуарыстаў, якія імкнуцца давесці, што былі самыя разумныя, прадбачлівыя, непагрэшныя; я пачынаю даказваць гэта самому сабе, у душным вагоне, пад стук колаў і бестурботны храп суседзяў. Не, я нічога не даказваю ні сабе, ні каму іншаму. Дваццаць два гады я караў сябе за смерць брата. Не хачу больш караць. Не трэба. Веру: Павел, адзіны хто мае права судзіць мяне… цябе, Надзя, каму я дазволіў бы зрабіць гэта, — цяпер, каб лёс адпусціў яму столькі часу пажыць, паназіраць, зразумеў бы нас і… дараваў бы. Хоць навошта нам дараванне? Не хачу адчуваць сябе вінаватым! Ні перад кім! Нават перад Паўлам. Завошта?
Табе, безумоўна, адразу сказалі пра маё гора — чаму і куды паехаў я з Катковым. За дзень, які я праседзеў каля магілы брата, ты нямала перажыла. Калі я ўвайшоў у зямлянку, маленькая Віта — добра помніцца — надрыўна крычала. Ты трымала яе на руках. Памкнулася да мяне.
«Іван!..»
Не ведаю, што ты хацела сказаць, але я перапыніў:
«Не трэба!»
Ты спалохана адступіла ў куток, гушкала малую, шэптам прасіла:
«Цішэй, маленечкая мая, цішэй. Зараз, зараз…»
Што зараз? Што ты абяцала ёй? Нібы дзіця магло зразумець і супакоіцца.
Не помню, колькі прасядзеў я на калодзе, напэўна, доўга. Увесь час крычала дзіця. Яго крык, тваё мацярынскае гушканне не раздражнялі — наадварот, здаецца, супакойвалі, як напамінак пра жыццё і пра нашу мэту: змагацца за яго, за жыццё.
Чаму я нічога не сказаў тады табе, два тыдні назад, калі Будыка адкрыў мне вочы — з-за чаго Павел пайшоў з атрада? Чаго я спалохаўся? Можа збаяўся, што, даведаўшыся, што цябе кахае другі, маладзейшы, намнога маладзейшы, ты пачнеш думаць пра яго і я адступлю ў тваім сэрцы ў цень? У каханні, у рэўнасці мы заўсёды застаёмся гарачымі юнакамі, трапяткімі і неразумнымі.
Цяпер гэта было жорстка — для абоіх нас жорстка — і можа нават абразліва для Паўлавай памяці. Ва ўсякім разе недарэчна. І непатрэбна.
«Ты ведала, што Павел любіў цябе?»
Захлынулася, быццам гарачага паветра хапіла.
«Я здагадвалася… у тэхнікуме…
І… пайшла за… таго. Эх вы!.. Племя!»
Сцялася, як ад удару. Прытуліла дзіця. Потым падняла кофтачку і дала малой грудзі. Віта змоўкла. Усё натуральна. Але ў самы першы момант мяне чамусьці абурыла, што ты, калі такое гора, вось так проста агаліла перада мной грудзі. Я трохі не абразіў цябе. І было сорамна глядзець на цябе, на твае грудзі. Я апусціў вочы, панурыўся.