Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

Самазвал сёння сапсаваўся, стаіць ля Дзераўной, у БМУ, там i шафёр ды экскаватаршчык, рамантуюць яго; грузавік недзе на ніўнянскім полі, ён павінен вось-вось вярнуцца. Як будзе тут i дзяўчаты-грузчыцы скінуць каменне, тады мы пойдзем палуднаваць.

Толькі я, сёлетні выпускнік тутэйшай дзесяцігодкі, самы малады з нашай хлапеча-дзявочай брыгады, куды сабралася моладзь з блізкіх вёсак, падумаў, што трэба перасіліць сваю стому, узяцца зноў трамбаваць, як пачуў сярод назойнага шуму каткоў, грэйдэра і скрэпера далекаватае ціхае, але натужнае вуркатанне грузавіка, — сэрца маё, здаецца, спачатку прымлела, так заціхла, што не стала чуваць яго, а пасля так раптоўна азвалася, як вынырнула аднекуль з глыбіні, што я мусіў прыжмурыцца ад болю. Я адчуў, што разгубіўся i захваляваўся: едзе грузавік, едзе i яна, Вікця, у якую я за гэтыя два тыдні, што працую тут, вельмі закахаўся.

Закахаўся, праўда, не ўпершыню, бо з бояззю, тоячыся ад усіх, кахаў некаторых харошых з твару аднакласніц, але ніколі пра гэта ім не прызнаўся. Цяпер, як мне здавалася, кахаю зусім інакш. Ca сталасцю ды сур’ёзнасцю. Вельмі хачу пра гэта сказаць Вікці, бо вельмі хачу, каб i яна мяне пакахала. Зноў коса пазіраю на Антона: ці не прыкмеціў ён маё хваляванне. Але той, выціраючы аб плечукі спацелы твар, так i не прыпыніўся ні на хвілінку, тоўк i тоўк калодкаю каменне, большыў брук на невялікай бездарожнай лапінцы стаўбцоўска-налібацкага шляху. Ад моцных удараў аб зямлю з яго бярозавай калоды адлушчылася, абвісла i трасецца бела-рудая кара, а на ручцы пасярэдзіне ўсё больш вылазяць наверх цвікі, i ручка пачынае паднімацца-апускацца на ix, замінаць, але Антон, вельмі ядавіты да работы, хоць можна было на хвіліну якую прыпыпіцца i забіць каменем цвікі, не зважаў на гэта, усё трамбаваў.

«Ці два ў яго сэрцы? — з зайздрасцю падумаў я. — Адкуль толькі бярэцца ў яго сіла?»

Я зноў, адчуваючы яшчэ большую ад кароценькай перадышкі стому, пачаў гэтаксама трамбаваць: ніяк няможна, каб Вікця ўбачыла, што Антон працуе, а я стаю. Я не толькі баяўся яе насмешкі, без чаго яна, здаецца, i жыць не можа, але мне i самому хацелася пахваліцца, што я не гультай i не такі ўжо «маладзенькі» сярод усіх астатніх, на гады тры-чатыры старэйшых за мяне.

Грузавік пад’ехаў сюды абочынай дарогі ад Дзераўной, запыліў — следам за ім цягнулася шэрая пясчаная сцяна. Яе не зносіла ўбок, бо не было ветру, а пакрысе, жаўцеючы на сонцы, яна асядала долу. Ужо здалёку ўбачыў, што ў кузаве на каменнях сядзіць толькі рабаціністая, вельмі дужая Гэлька, a Вікця сядзіць у кабіне побач з Фэлікам.

Сэрца маё зноў спачатку заціхла, а пасля затрапяталася хутка-хутка. Можа, i ад таго, што я добра ведаў: нядаўна дэмабілізаваны Фэлік думае жаніцца i, здаецца, вельмі ўпадабаў Вікцю. I мяне каторы ўжо дзень палохае не толькi тое, што Фэлік, якога я цяпер ненавіджу, такі смелы, a i тое, што Вікця, здаецца, яго ўпадабала.

Машына пад’ехала i прыпынілася паблізу нас, ля саменькага неглыбокага рова, абціснула яго бераг, i я, не перастаючы трамбаваць, правым вокам убачыў задаволенага, са шчасліваю ўсмешкаю Фэліка, убачыў ля яго невялікую, з чорнымі валасамі галоўку, з круглаватым прыгожым тварыкам. Мне здаецца, што Фэлікава i Вікціна галовы вельмі блізка адна ад адной.

Фэлік, нарэшце вызваліўшы рукі ад руля, не асцерагаецца, што мы ўсё бачым, прыхінуўся, абняў Вікцю, i яна, мусіць, не зусім шчыра пішчучы, не адрывалася ад яго, сядзела побач, пакуль ён не пацалаваў яе ў шчокі. Толькі пасля выскачыла з кабіны, скокнула ў роў, шчасліва пасміхалася. У гэтую хвіліну яна — высакаватая, вельмі стройная ў трыко — была надта харошая, як красуня на карцінах.

Вікця, усё смеючыся, паднялася, стала адною нагою на задняе кола машыны — яе трыко пры гэтым яшчэ больш абціснулася, паказала, якія стройныя яе ногі,— ухапілася рукамі за борт кузава і, матлянуўшы кароткімі распушчанымі валасамі, перавязанымі ля галавы гумкай, ускочыла наверх. Адчыненыя дзверцы ўсё яшчэ хіляліся, рыпелі.

Сюды высунуўся Фэлік, прыжмурыў левае вока. Я не вытрываў гэтай пераможнай ухмылкі, адвёў позірк; маўклівы Антон нават не зірнуў на машыну сваім адным вокам, нібы нічога не бачыў i не чуў. Я ж коса кінуў яшчэ позірк на Вікцю: яна, седзячы на каменнях, глядзела на нас, пасміхалася («Няўжо так усцешыла яе Фэлікава заляцанне?»), а пасля, сустрэўшыся позіркам з маім, нечакана пасур’ёзнела.

— Малавата, малавата вы, хлапцэ, падагналі! — заківала яна галавою. — Можна было i далей умасціць. Відаць, болей сядзелі, чым рабілі.

Антон прамаўчаў, толькі, здаецца, яшчэ больш сярдзіта, раздзімаючы шырокія ноздры ды прыкусваючы сасмяглыя вусны, заляскаў калодкай, i я зразумеў, чаму ён сярдзіты: i ён, як i ўсе астатнія хлопцы, нядаўна гэтаксама заляцаўся да красуні Вікці, i яна спачатку яму, як i кожнаму, усміхалася, жартавала, заманьвала, а пасля высмеяла за гэтае кавалерства, асаромела. Хлопцы-няўдачнікі хутка перажылі гэта, па-ранейшаму ліпнуць да яе, а Антон зацяўся — не дакарае, не ліпне, але болей яе як не бачыць.

— Дзе дзядзька Стась? — спытала Вікця. — Трэба нацкаваць яго на вас — лепей будзеце таўчы… З такім спрытам мы i да зімы нейкую там вярсту не забрукуем i нічога не заробім… Таўкачы!

Антон зноў прамаўчаў. А я не ведаў, як трэба аджартаваць. A апраўдвацца, што мы добра працуем, стараемся, не варта: Вікця ўсё роўна яшчэ да печага прычэпіцца, скажа дасціпней, а то i асароміць, не дасць, каб яе перагаварылі.

Фэлік — невысокі, але плячысты, у вайсковых зялёных штанах i ботах, у чырвонай майцы — вылез з кабіны, адшчапіў бліжэйшы ад сябе борт — каменне абсунула, выгнула яго, як адшчапіў i з другога боку, адскочыўся, кінуўшы борт уніз: у кузаве было поўна камянёў, i палавіна ix адразу, абіваючы край борта i грукочучы, пасыпалася ў роў. Узбіла там перагрэты пясок, стукалася адзін аб адзін ды пырскалася дробненькімі адбітымі кавалачкамі. Некаторае, руда-чырвонае ўсярэдзіне, крохкае, каменне расколвалася папалавіне, а то i зусім на маленькія драбкі. Калі каменне далей само не падала, Вікця i Гэлька пачалі піхаць каменне нагамі — i яно адно за адным кацілася долу, на верх крушні.

— Не згружвайце ў адну кучу! — нарэшце, прыпыніўшыся, зірнуў на грузчыкаў i сярдзіта сказаў Антон. — Трэба думаць i пра тых, хто будзе ix тут разносіць.

Грузчыцы паслухаліся яго, намесніка брыгадзіра i вельмі сур’ёзнага хлопца, перасталі скідаць, прыхінуліся да таго борта, што — цяпер добра не змацаваны — перагінаўся i гайдаўся; Фэлік, пасміхаючыся сам сабе, як змаўляючыся, падміргнуў Вікці, падаўся ў кабіну i ад’ехаўся — як ехаў i машыну падтрасала, з кузава па адным падала долу каменне. Прыпыніўся за крокаў дваццаць, i грузчыцы рукамі пачалі ўжо браць i скідаць на дарогу астатняе каменне.

Калі зірнуў на янкоўскі прылесак, я ўбачыў, што сюды пешшу ідуць грэйдэрыст, скрэперыст i брыгадзір. Значыць, пойдзем ужо на полудзень.

Вадзіцелі прыпыніліся ля машыны i пачалі жартаваць з грузчыцамі, брыгадзір, дзядзька Стась — гадоў трыццаці васьмі, высокі лысы мужчына, адзеты ў новыя шэрыя штаны, жоўтую з кароценькімі рукавамі тэніску, у саламяным капелюшы — падышоў да нас з Антонам, зірнуў, колькі i як мы тут зрабілі без яго, пасля зайшоў на ўтрамбаваны намі брук, стаў на край уплясканага ў цвёрды дол каменя i пагойдаўся на адной назе, — але ні камень, ні пясок вакол яго нават не зварушыліся. Раней, як толькі я пачынаў брукаваць, было, што камень кратаўся, i мне прыходзілася вяртацца i перабрукоўваць. Дзядзька Стась патаптаўся яшчэ па некалькіх маіх i адным-двум Антонавых каменнях i ix не зрушыў, але нам нічога не сказаў. Падышоў затым да правага боку дарогі, дзе стаяў я, прысеў i паглядзеў, ці ладна — роўненька па нацягнутым шнуры — клаў я ля ўзбочыны каменне. Доўга пазіраў i зноў маўчаў.

— Хоць трыма вокамі глядзяць, але не крывяць… — вылезшы зноў з кабіны, захіхікаў Фэлік, скінуў майку i пагладзіў сваю дужую, загарэлую да колеру бронзы грудзіну.

Яму ніхто не адказаў; не ведаю, як у каго, a ў мяне паднялася лютая злосць на Фэліка, а пасля, калі ўбачыў, як успыхнуў сарамлівай чырванню Антонаў твар, — i нянавісць.

Дзядзька Стась раптоўна выпрастаўся, з гневам глянуў на Фэліка — i той, як i мы ўсе, вельмі паважаючы строгага, але справядлівага нашага брыгадзіра, зніякавеў, закруціўся, як вінаваты шчанюк. Пастаяў крыху навідавоку i схаваўся за машыну.

Поделиться с друзьями: