Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
23 сакавіка 1716 г. у Вільні была створана канфедэрацыя беларускай-літоўскай шляхты, якая выступала супраць абсалютысцкіх планаў караля і патрабавала вываду саксонскіх войскаў з Беларусі і Літвы. Да патрыятычнай паставы беларускай-літоўскай шляхты далучыліся беларускае-літоўскае войска, беларускія-літоўскія магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай і мелі поспехі. Тады пасярэднікам выступіў расійскі цар Пётр I, абапіраючыся на расійскія войскі ў Рэчы Паспалітай. Пасля доўгіх, з перапынкамі, перамоў пад ціскам расійскіх дыпламатаў 3 лістапада 1716 г. было падпісана пагадненне паміж каралём і Тарнагродскай канфедэрацыяй.
1 лютага 1717 г. у Горадні на «нямым» сойме (без спрэчак) пад ціскам расійскіх дыпламатаў было зацверджана гэтае пагадненне. На яго падставе саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада гетманаў абмяжоўвалася, забараняліся канфедэрацыі, каронная армія скарачалася да 18 тысяч, а беларускае-літоўскае войска — да 6 тысяч. А ў гэты ж час суседзі мелі войскі з многіх дзесяткаў і сотняў тысяч салдатаў. Такім чынам, Пётр I дамогся аслаблення абароннай моцы федэратыўнай дзяржавы. Гэта яшчэ больш аблегчыла ўмяшанне ва ўнутраныя справы дзяржавы з боку Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Адначасова расійскі пасол князь Р. Далгарукі дамогся захавання права ліберум вета (аднагалосся) у сойме і гарантыі Расіі захавання гэтага анархічнага правіла. Каб аслабіць апазіцыю Аўгусту II, расійскія дыпламаты дамагліся ад сойма абмежавання правоў дысідэнтаў (г. зн. некатолікаў, у тым ліку і праваслаўных!). Некаталіцкай шляхце было забаронена будаваць новыя храмы на ўласнай зямлі.
Апошнія гады панавання
Толькі цяпер Аўгуст II канчаткова зразумеў, што замест саюзніка ён стаў васалам цара. Адразу, з уласцівай яму энергіяй, ён спрабаваў вярнуць суверэнітэт і ўтварыць саюз з Аўстрыяй і Англіяй супраць Пятра I. У 1719 г. Аўгуст II падпісвае з Аўстрыяй і Англіяй Венскі трактат, у якім гаварылася пра абарону незалежнасці Рэчы Паспалітай. У адказ на гэта Расія і Прусія заключылі паміж сабой у 1720 г. дагавор, які гарантаваў захаванне слабага існуючага дзяржаўнага ладу ў Рэчы Паспалітай, а расійская дыпламатыя дамаглася адмовы ратыфікацыі Венскага трактата на сойме. Але шляхта ў Польшчы і Беларускай-Літоўскай дзяржаве не давярала каралю, які цынічна не адзін раз яе ашукваў, і таму не падтрымала яго. Тым не менш Аўгуст II яшчэ спрабаваў правесці рэформы, каб узмацніць цэнтральную, перш за ўсё каралеўскую, уладу. Дзеля гэтай мэты ён быў гатовы нават на саступку часткі тэрыторыі, напрыклад Прусіі, абы толькі на астатняй тэрыторыі ўсталяваць уладу сваёй дынастыі. Праўда, тады пытанне аб падзеле тэрыторыі Рэчы Паспалітай яшчэ не стаяла ў парадку дня еўрапейскай палітыкі, бо суседнія дзяржавы не згадзіліся, каб якая-небудзь з іх выключна адна займалася падзелам тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
Так, яшчэ ў 1709 г. кароль Прусіі Фрыдрых I выпрошваў у Пятра I тэрыторыі Каралеўскай Прусіі (у складзе Польшчы), Жмудзь і Курляндыю, але Пётр I пераканаўча яму адмовіў. Цар быў супраць узмацнення якой-небудзь нямецкай дзяржавы за кошт польскіх і літоўскіх зямель. Ягонай палітыцы лепей адпавядала слабая і залежная ад Расіі Рэч Паспалітая.
Аўгуст Моцны ў 1726 г. спрабаваў пасадзіць на курляндскі герцагскі трон у Мітаве (цяпер Елгава) свайго пазашлюбнага сына графа Морыца Саксонскага (пазней маршала Францыі). Аднак планы не ажыццявіліся. Расійскія войскі выгналі яго адтуль, хоць Курляндыя была васалам Варшавы. Адначасова кароль рыхтаваў глебу да выбару пасля сябе на каралеўскі трон у Варшаве адзінага законнага сына, таксама Фрыдрыха Аўгуста (1696–1763), імкнуўся прадухіліць вяртанне на трон Станіслава Ляшчынскага. А ў гэты час, паколькі стан здароўя Аўгуста II пагоршыўся, замежныя дзяржавы пачалі шукаць сваіх кандыдатаў на каралеўскі пасад у Варшаве. Францыя падтрымала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, які знаходзіўся ў эміграцыі ў Францыі і з дачкой Марыяй (1703–1768) якога быў жанаты (ад 1725 г.) малады французскі кароль Людовік XV (1710–1774). Расія і Аўстрыя ўжо ў 1730 г. заключылі патаемна дагавор аб супрацьдзеянні кандыдатуры С. Ляшчынскага і мелі на ўвазе выбранне каралём і вялікім князем саксонскага наследнага прынца (на ўмовах гэтых дзвюх дзяржаў) альбо каго-небудзь з польскіх шляхцічаў ці нават нямецкіх прынцаў. А няўрымслівы Аўгуст II працягваў спробы рэфармавання дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. У чэрвені 1730 г. ён сустрэўся з прускім каралём Фрыдрыхам Вільгельмам I і прыняў разам з ім парад войскаў. Мэтай сустрэчы была падрыхтоўка саюзу Саксоніі і Рэчы Паспалітай з Прусіяй.
У 1732 і 1733 гг. Аўгуст II зноў спрабаваў правесці рэформу дзяржаўнага ладу, абапіраючыся на моцную групоўку магнатаў, якую ўзначалілі князі Чартарыйскія. Але на сойме 1732 г. супраць рэформаў выступіла апазіцыя, у тым ліку Гурко і Тадэвуш Агінскі, віцебскія дэпутаты, Сапега і Бужынскі, смаленскія дэпутаты, Рудаміна, браслаўскі дэпутат. 2 кастрычніка 1732 г. сваім воклічам «Не дазваляю!» сойм сарваў дэпутат з Польшчы Дунін. Пасля гэтага «супраць» сойм быў распушчаны. Аднагалосся не атрымалася. На гэтую дзейнасць апазіцыі пайшлі грошы расійскага ўрада, якія былі перададзены праз Патоцкіх і Юзафа Мнішка, маршалка вялікага кароннага. На пачатку 1733 г. Аўгуст II прыехаў з Саксоніі ў Варшаву, дзе быў скліканы надзвычайны сойм. Хадзілі чуткі, што кароль зноў хоча змяніць дзяржаўны лад, узмацніўшы сваю ўладу, і захаваць такім чынам трон за сваёй дынастыяй. Але Аўгуст II моцна захварэў і ў ноч на 1 лютага 1733 г. памёр у варшаўскім каралеўскім замку. Апошнія ягоныя словы: «Усё маё жыццё было адзіным неперарыўным грахом». Так скончылася доўгае і неспакойнае панаванне караля Саса, як яго называлі, з саксонскай дынастыі.
Аўгуст II пакінуў шмат дзяцей. Некаторых з іх (ад больш-менш пастаянных каханак) ён узвысіў. Так, ягоны сын ад графіні Аўроры Кёнігсмарк — граф Морыц Саксонскі (1696–1751) быў нейкі час герцагам Курляндыі, а потым маршалам Францыі. Ён нарадзіўся праз 11 дзён пасля нараджэння кронпрынца Фрыдрыха Аўгуста. Пазашлюбная дачка Морыца Саксонскага — Марыя Аўрора — была маці Дзюпэна дэ Франсэйля (бацькі французскай пісьменніцы Жорж Санд). Другі пазашлюбны сын Аўгуста Моцнага — Ёган Георг (ад Уршулі Любамірскай) — стаў саксонскім фельдмаршалам. Фельдмаршалам быў і граф Фрыдрых Аўгуст Рутоўскі (ад турчанкі Фацімы). Сваіх пазашлюбных дачок кароль павыдаваў замуж за польскіх і нямецкіх арыстакратаў, а адну — графіню Ганну Ажэльскую — за герцага галштэйнбекскага. Дачка ад графіні Ганны Канстанцыі Козэль была выдадзена замуж за Яна Машынскага, вялікага падскарбія кароннага.
Пасля Аўгуста II засталіся помнікі архітэктуры ў Дрэздэне і Варшаве, дзе былі пабудаваны Саскі палац, палац Бруля, перабудаваны Уяздоўскі замак і пасаджаны Саскі парк. Цікавыя архітэктурныя пабудовы ўпрыгожвалі ў той час і землі Беларусі.
Станіслаў Ляшчынскі (1677–1766)
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі ў 1704–1709 і ў 1733–1736 гг.
Постаць гэтага караля польскага і вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага неадназначная. Нават гады ягонага кіравання часткова прыпадаць на час панавання двух каралёў Саксонскай дынастыі (Сасаў). Менавіта тады ў краіне былі два манархі, як гэта здарылася ў свой час у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім у 30-я гг. XV ст., калі нашы продкі мелі адразу двух вялікіх князёў — Свідрыгайлу і Жыгімонта Кейстутавіча, якія ваявалі паміж сабой за трон. Але адно можна з пэўнасцю сказаць: Станіслаў Ляшчынскі быў сапраўдным «сваім» каралём, са старажытнага магнацкага роду, чалавекам выхаваным, з добрай для свайго часу адукацыяй. Яшчэ адной адметнасцю Станіслава Ляшчынскага было тое, што ён паставіў рэкорд доўгажыхарства для каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх. Ён пражыў амаль 90 гадоў.
Паходжанне
Род Ляшчынскіх герба «Вянява» з'яўляўся адным з самых старажытных у Польшчы. Паводле радаводных крыніц і хронік, род Ляшчынскіх паходзіць ад чэшскіх феадалаў Перштэйнаў, адзін з якіх, Дабеслаў, быў маршалкам двара Дуброўкі, чэшскай князёўны, якая стала жонкай польскага князя Мешка I. З гэтага роду паходзіў Дабеслаў, які за часамі Ягайлы ўдзельнічаў у бітвах з крыжакамі. Другім вядомым прадстаўніком роду Ляшчынскіх быў Рафал, сын Рафала (памёр у 1501 г.), які стаў у 1489 г. маршалкам пры двары імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха III Габсбурга ў Вене, дзе выконваў розныя дыпламатычныя даручэнні. Рафал Ляшчынскі так спадабаўся імператару, што той надаў яму ў 1473 г. тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі «на Лешне» (горад, цяпер ваяводскі цэнтр на поўдзень ад Познані, у Вялікай Польшчы, які быў прыватнаўладальніцкім горадам роду Ляшчынскіх), а таксама адмысловы герб «Вянява» з залатым ільвом наверсе (замест страўсіных пёраў). Дарэчы, прозвішча Ляшчынскія было ўзята ад назвы іх уласнага горада. Але Ляшчынскія больш ганарыліся не графскім тытулам, а тым, што гэты Рафал падчас рыцарскага турніру ў Вене перамог венгерскага і чэшскага караля Мацея Корвіна, збіўшы яго дзідай з каня. Вацлаў Ляшчынскі (памёр у 1628 г.) быў канцлерам вялікім каронным (польскім) у час канцлерства ў нашай краіне Льва Сапегі, яго калегам. Гэты Вацлаў быў старостам генеральным Вялікай Польшчы. Ягоны сын Андрэй (памёр у 1658 г.) быў таксама канцлерам вялікім каронным і арцыбіскупам гнезненскім. Ян Ляшчынскі (памёр у 1678 г.) таксама быў канцлерам вялікім каронным і ваяводам кракаўскім (лічыўся першым па месцы і значэнні ў пасяджэннях сярод ваяводаў польскіх). Прадзед Станіслава Ляшчынскага Рафал (1579–1636) быў ваяводам бэлзскім, старостам гарадзельскім і грубяшоўскім, пісаў вершы, пакінуў артыкулы па механіцы, архітэктуры і музыцы, у 1621 г. Удзельнічаў у вайне супраць Турцыі на чале 100 коннікаў і 100 пехацінцаў, якіх выставіў са сваіх маёнткаў. Дзед Станіслава — Багуслаў (1614–1659) — быў старостам генеральным Вялікай Польшчы, потым падскарбіем вялікім каронным і, урэшце, падканцлерам каронным. Цудоўнага прамоўцу, яго тройчы абіралі маршалкам на соймах. Бацька Станіслава з'яўляўся ваяводам пазнанскім ад 1687 г., старостам генеральным Вялікай Польшчы, а з 1702 г. — падскарбіем вялікім каронным, быў удзельнікам паходу караля Яна III Сабескага пад Вену ў 1683 г. і ў Венгрыю супраць туркаў і ўзначальваў пасольства ў Канстанцінопаль.
Безумоўна, Ляшчынскія былі багатымі і ўплывовымі магнатамі, займалі найбуйнейшыя дзяржаўныя пасады, мелі сваяцтва з іншымі польскімі і беларускімі-літоўскімі магнацкімі сем'ямі — Апалінскімі, Пацеямі, Валеўскімі, Нямірычамі, Рэямі, Дэнгафамі, Радзівіламі, Вішнявецкімі, Чарнецкімі, Зяновічамі, Мнішкамі, Бжастоўскімі, Патоцкімі.
Станіслаў Ляшчынскі. Невядомы мастак, да 1709 г.
Маладосць Станіслава
Станіслаў Ляшчынскі, адзіны сын Рафала Ляшчынскага (1650–1703) і Ганны Ябланоўскай (1660–1727), нарадзіўся 20 кастрычніка 1677 г. у Львове. Бацька ў гэты час быў яшчэ стольнікам каронным (значны, але не галоўны дзяржаўны і прыдворны тытул). Больш у сям'і дзяцей не было, і бацькі ўсю сваю пяшчоту і любоў аддалі сыну. Адукацыю Станіслаў атрымаў у доме бацькі. Яго вучылі гувернёры, якія далі яму агульныя веды па розных прадметах, як таго вымагала выхаванне. Дадаткова навучалі французскай мове. Аднак Станіслаў, мусіць, не меў здольнасцяў да моў, бо пісаў з арфаграфічнымі памылкамі і так і не навучыўся пісаць па-французску правільна.
Далейшай ступенню адукацыі былі замежныя падарожжы. Малады Станіслаў Ляшчынскі аб'ехаў амаль усю Еўропу, пабываў ва ўсіх вялікіх еўрапейскіх дварах. І вучоба, і падарожжы, і асабістыя рысы характару зрабілі з яго чалавека куртуазнага, добразычлівага, які лёгка знаходзіў сяброў. Станіслаў Ляшчынскі быў на той час чалавекам высокай культуры і добрага выхавання. Пасля вяртання на радзіму ён увайшоў у магнацкую эліту Рэчы Паспалітай.
У 1697 г. 20-гадовы Станіслаў Ляшчынскі атрымаў ганаровы тытул падчашага кароннага, а праз год ажаніўся з 18-гадовай Кацярынай Апалінскай (1680–1747), адзінай дачкой Яна Караля Апалінскага, кашталяна пазнанскага. Яна прынесла яму ў пасаг багатыя маёнткі і добрыя грошы, падвоіўшы ягонае багацце. Ляшчынскі стаў адным з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. Праўда, сямейнае жыццё было не з лепшых. Жонка, не вельмі прывабная і без фантазіі, літаральна прывязала яго да сябе. Жыла не з ім, а пры ім, дзяліла яго ўдачы і няўдачы, але памочніцай, дарадцам у ягоных справах не была.