ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Палітычная дзейнасць

Пачатак палітычнай дзейнасці маладога магната адносіцца 1696 г., калі ён быў абраны паслом (дэпутатам) на канвакацыйны сойм пасля смерці караля Яна Сабескага. Потым быў дэпутатам выбарчага (элекцыйнага) сойма ў чэрвені 1697 г., дзе спачатку выступіў як прыхільнік сына Яна Сабескага Якуба, але, калі за яго выказалася меншасць, перайшоў на бок Аўгуста II Моцнага, які і быў абраны на каралеўскі трон. Падчас сойма выявіў своеасаблівыя здольнасці мірыць вяльможаў, гатовых узяцца за зброю.

За прыхільнасць новы кароль падчас сваёй каранацыі 15 верасня 1697 г. прызначыў Станіслава Ляшчынскага падчашым вялікім каронным (ганаровы тытул, які за некалькі стагоддзяў да таго абавязваў падчашага падносіць каралю кубак з віном, але спачатку мусіў пакаштаваць яго сам, каб упэўніцца, што там няма атруты). Праз два гады свайго валадарання Аўгуст II прызначыў Ляшчынскага ваяводам пазнанскім, даў яму пажыццёва Адалянаўскае, Дубенскае і Навадворнае староствы.

Бацька Станіслава ўзначальваў апазіцыю ў Вялікай Польшчы. Пасля ягонай смерці (1703 г.) Станіслаў Ляшчынскі ўзначаліў антыкаралеўскую апазіцыю сам. Сітуацыя ў Рэчы Паспалітай змянілася. У 1700 г. кароль Аўгуст II у саюзе з Пятром I пачаў вайну супраць Карла XII — караля Швецыі, але не як польскі кароль і вялікі князь літоўскі, а як курфюрст Саксоніі. Ён хацеў захапіць для сябе ў шведаў Ліфляндыю з Рыгай. Рэч Паспалітая спачатку заставалася нейтральнаю ў Паўночнай вайне. Саксонскія войскі каля Рыгі былі разбіты, і Карл XII з войскамі праз Літву ўвайшоў у Польшчу. Асноўнай мэтай Карла XII было пазбаўленне Аўгуста II трона ў Рэчы Паспалітай. Грамадства Рэчы Паспалітай было ў разгубленасці: адна частка выступала за тое, каб захаваць уладу за каралём Аўгустам II, другая частка патрабавала новых выбараў, трэцяя імкнулася да заканчэння вайны і замірэння з Карлам XII. Станіслаў Ляшчынскі становіцца прыхільнікам саюзу са Швецыяй і выступае за абранне каралём Якуба Сабескага. Ён — адзін з ініцыятараў Варшаўскай генеральнай канфедэрацыі, якая 14 лютага 1704 г. абвясціла дэтранізацыю Аўгуста II і бескаралеўе.

На каралеўскі пасад!

Карл XII схіляўся да думкі правесці на трон каралевіча Якуба Сабескага. Аднак Аўгуст II, прадухіляючы гэты крок, загадаў арыштаваць двух старэйшых сыноў Яна III Сабескага — Якуба (1667–1737) і Канстанціна (1680–1726), якія знаходзіліся ў Сілезіі. Яны былі пасаджаны ў саксонскую крэпасць Кёнігштайн. На волі застаўся іх брат Аляксандр (1677–1714), якому Карл ХІІ прапанаваў каралеўскую карону. Але той адмовіўся на карысць старэйшага брата. Тады шведскі кароль прапанаваў карону Станіславу Ляшчынскаму, якога высока цаніў.

Па загаду Карла XII на полі каля Варшаўскага прадмесця Воля сабраліся нешматлікія выбаршчыкі, якіх абкружылі шведскія войскі. У такіх абставінах 12 ліпеня 1704 г. Станіслаў Ляшчынскі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, пра што абвясціў біскуп пазнанскі Мікалай Свянціцкі. У наступным годзе, 4 кастрычніка, Ляшчынскі быў каранаваны ў Варшаве арцыбіскупам львоўскім Канстанцінам Зяліньскім. Тады ж Станіслаў Ляшчынскі заключыў з Карлам XII трактат аб прыязні, паводле якога Рэч Паспалітая знаходзілася ў поўнай залежнасці ад Швецыі. У Станіслава Ляшчынскага не было шматлікага войска і прыхільнікаў, і без шведаў улада яго была нетрывалая.

З абраннем новага караля грамадства Рэчы Паспалітай падзялілася на два лагеры: хаця Аўгуста II не любілі, але патрыятычныя колы мусілі пагаджацца з ім. Як казалі тады: «Адны пайшлі да Саса, другія — да Ляса» (Ляшчынскага). Калі Карл XII нанёс чарговую паразу Аўгусту II і расійскім войскам у Польшчы і перанёс ваенныя дзеянні ў Саксонію, Аўгуст Моцны вымушаны быў заключыць Альтранштэцкі мір (1706) і адмовіцца ад польскай кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага.

Толькі тады Ляшчынскі быў прызнаны каралём большасцю магнатаў у Польшчы, на Беларусі і Літве. Ад самага пачатку на Беларусі яго падтрымлівалі саюзнікі шведаў — Сапегі. Цяпер караля Станіслава падтрымалі таксама Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія, Чартарыйскія.

Аднак Сандамірская канфедэрацыя і генеральная канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага на чале з польным гетманам Грыгорыем Агінскім, якія падтрымаў Пётр I, працягвалі барацьбу супраць шведаў і Станіслава Ляшчынскага. Большасць шляхты, што найбольш цярпела ад шведскіх парадкаў, Ляшчынскага не прызнавала. Праўда, у 1707 г. расійскія войскі былі выціснуты з Польшчы, у 1708 г. — з Літвы і большай часткі Беларусі. Некаторы час здавалася, што Станіслаў Ляшчынскі стане каралём. Ён прызначыў новых саноўнікаў і намагаўся навесці парадак у дзяржаве. Аднак бітва пад Палтавай у ліпені 1709 г. перакрэсліла ягоныя планы. Прыхільнікі Станіслава Ляшчынскага сталі пакідаць яго ў масавым парадку, асабліва пасля таго, як з усходу на тэрыторыю Беларусі, а потым і Польшчы, зноў увайшлі расійскія войскі, а з захаду ў Рэч Паспалітую ўступілі саксонскія войскі на чале з Аўгустам II. З рэшткамі шведскіх войскаў Станіслаў Ляшчынскі адышоў на тэрыторыю Пярэдняй Памераніі, якая належала Швецыі, і застаўся ў Шчэцінскай крэпасці, а адтуль пераехаў у Швецыю. Яго маёнткі ў Польшчы былі канфіскаваныя.

У эміграцыі

Карл XII, які застаўся ў Бендэрах (Малдова) пасля паразы пад Палтавай, спрабаваў схіліць Турцыю да вайны з Расіяй. Адтуль ён прызначыў Станіслава Ляшчынскага камандаваць шведскай арміяй, якая ў 1712 г. павінна была пачаць наступ з тэрыторыі шведскай Памераніі на Польшчу.

Але фактычна арміяй камандавалі шведскія генералы. У Швецыі Станіслава Ляшчынскага не любілі, бо лічылі, што гэта менавіта з-за яго Швецыя вядзе бесперспектыўную вайну, на якую траціцца шмат грошай. Станіслаў Ляшчынскі бачыў, што і ў Рэчы Паспалітай яго не чакаюць. Ён вырашыў адмовіцца ад кароны.

Але дзеля гэтага трэба было атрымаць згоду Карла XII, і кароль Станіслаў з двума афіцэрамі паехаў у далёкае падарожжа ў Малдову. Пры сустрэчы Карл XII не згадзіўся з ягоным планам адмовы ад трона. Планы ўцягнуць Турцыю ў вайну скончыліся няўдачай, і ў 1714 г. абодва каралі адзін за адным вяртаюцца ў Швецыю. Карл XII перадае Станіславу Панятоўскаму ў кіраванне сваё спадчыннае графства ў Пфальцы (Заходняя Нямеччына) — Цвайбрукен (шведскі кароль па далёкай жаночай лініі паходзіў ад дому Вазаў, а па бацькоўскай — ад Вітэльсбахаў з Пфальца). Прадстаўнік шведскага караля — Станіслаў Панятоўскі (бацька апошняга караля і вялікага князя) абвясціў Станіслава Ляшчынскага мясцовым уладаром з захаваннем тытула караля польскага. Ляшчынскі меў шанцы зноў заняць трон у Варшаве — з-за вялікага незадавальнення Пятра I паводзінамі Аўгуста II, які спрабаваў пазбавіцца апекі расійскага цара. Да Аўгуста дайшлі звесткі, што шведскі міністр барон Гёрц, упаўнаважаны Карлам XII, вядзе перамовы з Пятром I аб міры і аб замене Аўгуста Станіславам Ляшчынскім.

Тады Аўгуст Моцны арганізаваў серыю замахаў на Ляшчынскага, намагаючыся захапіць або забіць канкурэнта. Саксонскі афіцэр Л. Лакруа з падкупленымі дванаццаццю салдатамі і крымінальнымі злачынцамі прыбыў у Цвайбрукен і запланаваў захапіць (або забіць) Станіслава Ляшчынскага 15 жніўня 1716 г. падчас ягонай паездкі ў капліцу Гравенталь са сталіцы графства. Аднак С. Панятоўскі выкрыў змову. Злачынцы былі арыштаваныя і судом прыгавораныя да смяротнага пакарання. Станіслаў Ляшчынскі памілаваў злачынцаў даў ім свабоду і нават грошы на выезд у Саксонію. У Еўропе гэты акт амністыі падвысіў аўтарытэт С. Ляшчынскага: вестка пра тое шырока распаўсюдзілася ў Рэчы Паспалітай. Аўгуст II вымушаны быў выдаць публічную пратэстацыю, у якой заявіў што нічога не ведаў пра змову і планы забойства Ляшчынскага.

Замах, смерць Карла ХІІ (загінуў у 1718 г. падчас аблогі крэпасці Фрыдрыхсгал у Нарвегіі), асабістае гора, калі Станіслаў Ляшчынскі страціў сваю любімую старэйшую 17-гадовую дачку Ганну, інтэлігентную і добрую дзяўчынку, — усё гэта прывяло Ляшчынскага і яго жонку ў роспач. Да таго ж пасля смерці Карла ХІІ графства Цвайбрукен перайшло да пфальцграфа Густава. Станіслаў Ляшчынскі звярнуўся з просьбай да французскага караля Людовіка XV даць яго сям'і прытулак у Францыі і атрымаў дазвол пасяліцца ў Эльзасе, у Вісэмбургу, куды сям'я пераехала ў 1719 г. Ад французскага караля ён атрымаў невялікую пенсію. Тут ён у асноўным займаўся навуковай працай і выхаваннем малодшай дачкі Марыі. Спробы ўзнавіць прэтэнзіі на польскую карону або пагадзіцца з Аўгустам II скончыліся няўдачай. С. Ляшчынскі лічыў ужо, што ягоная палітычная кар'ера скончылася.

Раптам усё змянілася. Каралеўскі ўрад Францыі пасля абвяшчэння паўналецця французскага караля Людовіка XV (1710–1774), якому споўнілася 14 гадоў, пачаў шукаць яму нявесту. Прыдворныя перш за ўсё паглядзелі ў еўрапейскі генеалагічны каляндар, у якім былі пералічаны ўсе члены каралеўскіх і княжацкіх сем'яў. Выбар упаў на каралеўскую дачку — Марыю Ляшчынскую (1703–1768), якой ужо быў 21 год. Разлічвалі, што яна — прыгожая дзяўчына, шчырая каталічка, добрага здароўя, значыць, можа даць каралю шмат дзяцей. Бралася ў разлік і тое, што яна бедная і яе сям'я не мае аніякіх уплываў на прыдворнае жыццё Францыі. Значыць, і каралева няздольная да прыдворных інтрыг, а будзе займацца толькі сямейнымі справамі. У гэтым яны не памыліліся. Каралю партрэт дзяўчыны спадабаўся, і ён вырашыў ажаніцца з ёй.

Поделиться с друзьями: