ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

12 верасня каля Вены адбылася бітва, у якой удзельнічалі і асобныя палкі беларускага-літоўскага войска, у тым ліку цяжкая конніца маршалка надворнага літоўскага Ю. Слушкі і брыгада кашталяна віленскага Э. Дэнгофа. Бітва пад Венай скончылася разгромам турэцкага войска. Вена і Аўстрыя былі выратаваны. Больш туркі сюды не прыходзілі. Неўзабаве пачалося вызваленне асноўнай часткі Венгрыі ад турэцкага прыгнёту. Для Рэчы Паспалітай таксама турэцкая пагроза была знята. Вайна працягвалася, і ў 1699 г. Польшча вярнула сабе Падолію і крэпасць Камянец.

Пасля гэтай перамогі ўтварыўся антытурэцкі саюз (1684), у які ўвайшлі Рэч Паспалітая, Аўстрыя, рымскі папа і Венецыя. Да саюзу трэба было далучыць і Расію. Дзеля гэтага ў Маскву накіравалася паўнамоцная дэлегацыя на чале з ваяводам пазнанскім К. Гжымултоўскім, якая 6 мая 1686 г. падпісала дагавор аб «вечным міры» з Расіяй, які пацвердзіў умовы Андрусаўскага перамір'я 1667 г. У Расіі засталася Левабярэжная Украіна, Кіеў, Смаленскае ваяводства. Рэч Паспалітая атрымлівала 146 тысяч рублёў, заключаўся саюз Рэчы Паспалітай і Расіі супраць Крымскага ханства. Дагавор прадугледжваў права рускага цара хадайнічаць за праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Менавіта гэты пункт дагавору выкарыстоўваўся рускімі царамі для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай у XVIII ст.

Маскоўскі дагавор быў настолькі непапулярны, што Ян Сабескі не хацеў яго ратыфікаваць. Ён быў ратыфікаваны толькі ў 1710 г. (праз 24 гады!), калі войскі Пятра I пасля Палтаўскай перамогі гаспадарылі ў Рэчы Паспалітай.

Астатнія гады панавання Яна Сабескага прайшлі пад знакам барацьбы з апазіцыяй, у складзе якой былі прадстаўнікі і «аўстрыйскай», і «французскай» партый. Караля падтрымлівала толькі прыдворная групоўка і сярэдняя (нават не багатая) шляхта. З шасці соймаў, якія збіраліся ў 1688–1695 гг» чатыры былі сарваныя.

У Беларускай-Літоўскай дзяржаве супраць Сапегаў выступіла групоўка пад кіраўніцтвам біскупа віленскага Канстанціна Бжастоўскага.

У 1688 г. канфлікт паміж каралём і Сапегамі абвастрыўся з-за спробы караля авалодаць багатым Слуцкім княствам. Кароль хацеў ажаніць свайго сына Якуба са слуцкай княгіняй Людвікай Каралінай Радзівіл (1667–1695), дачкой Багуслава Радзівіла, якая была замужам за маркграфам брандэнбургскім Людвігам (1666–1687), сынам «вялікага курфюрста» Фрыдрыха Вільгельма, але ў красавіку 1687 г. аўдавела. Калі б гэты праект удаўся, то на Беларусі і Літве каралевіч Якуб атрымаў бы багатыя маёнткі з цэнтрамі ў Слуцку, Капылі, Біржах і іншых месцах. Сапегі на сойме рэзка выступілі супраць гэтага плана караля, і кароль вымушаны быў адступіць. Віленскі ваявода і гетман вялікі літоўскі Казімір Ян Сапега быў абвешчаны апекуном слуцкай княгіні, але яна неўзабаве выйшла замуж за графа Нейбургскага Карла Філіпа і ўсе яе ўладанні перайшлі да гэтага нямецкага прынца, які, праўда, ніколі на Беларусь не прыязджаў.

Медаль да 200-годдзя Венскай бітвы. Аверс — бюст Яна Сабескага. Рэверс — трыумфальны ўезд Сабескага ў Вену.

У 1695 г. кароль цяжка захварэў. Усе яго планы былі парушаны. Яшчэ раней, выступаючы на адным з соймаў ён прадказваў няшчасці краіне, якая «не можа выкарыстаць перамогі ў войнах з-за пастаяннай барацьбы за ўладу паміж групоўкамі і супраць караля». 17 чэрвеня 1696 г. Ян Сабескі пасля апаплексічнага ўдару (інсульту) памёр. Зноў пачалося бескаралеўе. Зноў часова ўладу прыняў прымас (галава) каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай — да выбараў наступнага караля.

Аўгуст II Моцны (1670–1733)

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі ў 1697–1706 і 1709–1733 гг., курфюрст саксонскі ад 1694 г.

Колькі рысаў да партрэта

Ад канца XVII і амаль усю першую трэць XVIII ст. каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім быў Аўгуст II з саксонскай дынастыі Вэтынаў (з альберцінскай лініі). З ягоным імем гісторыкі звязваюць трагічныя для нашай краіны падзеі Паўночнай вайны, актыўнае ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, пастаянную барацьбу паміж рознымі групоўкамі, а таксама спробы ўзмацніць каралеўскую (г. зн. сваю) уладу.

Постаць Аўгуста II неадназначная. Ён і палкаводзец, і дыпламат, і мецэнат, любіў музыку і карціны. Гэта ён пабудаваў у 1710 г. у саксонскім горадзе Майсене фарфоравую фабрыку, якая з таго часу выпускае прадукцыю знакамітага саксонскага фарфору. Аўгуст цікавіўся алхіміяй і астралогіяй. Па веравызнанні, як і ўсе прадстаўнікі саксонскай дынастыі, лютэранін, ён па сутнасці быў абыякавы да рэлігіі.

Высокі і прыгожы, Аўгуст вызначаўся незвычайнай фізічнай сілай: мог, узяўшы ў руку падкову і сціснуўшы, зламаць яе. За гэта і атрымаў мянушку Моцны. Асабліва вызначаўся Аўгуст мужчынскім тэмпераментам. Ён не прапускаў ніводнай прывабнай кабеты — ні арыстакраткі, ні прыдворнай служанкі, ні акторкі, ні мяшчанкі, а калі здаралася, то і сялянкі. Яму прыпісвалі больш за дзвесце пяцьдзесят пазашлюбных дзяцей, хаця ад жонкі ён меў толькі аднаго сына. Сучаснікі жартавалі, што Аўгуст значна павялічыў колькасць насельніцтва ў Дрэздэне і Варшаве.

Узорам караля для Аўгуста II быў «кароль-сонца» Людовік XIV, абсалютны манарх Францыі. І Аўгуст намагаўся зрабіць сваю ўладу ў Рэчы Паспалітай неабмежаванай — насуперак законам і традыцыям.

Аўгуст II Моцны. Літаграфія Лессэра, адбіта ў тыпаграфіі Дзванкоўскага.

У Нямеччыне

Прынц Фрыдрых Аўгуст быў другім сынам саксонскага курфюрста Ёгана Георга III (1647–1691) і Ганны (1647–1717), дачкі караля Даніі Фрэдырыка III. Курфюрсты (на той час іх было восем) у Нямеччыне — князі-выбаршчыкі, якія выбіралі пажыццёва імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі (праўда, гэта была фармальнасць: выбіралі заўсёды галаву дынастыі Габсбургаў). Фрыдрых Аўгуст не прызначаўся для трона, бо жывы быў яго старэйшы брат Ёган Георг (1668–1694), які і стаў курфюрстам пасля смерці бацькі пад нумарам IV. Ёган Георг IV быў жанаты, але дзяцей не меў.

Фрыдрых Аўгуст нарадзіўся ў Дрэздэне 12 мая 1670 г. Ён атрымаў павярхоўную прыдворную адукацыю, якую складалі агульныя звесткі з розных навук. Аднак дадатковыя (і неблагія) веды набыў падчас падарожжаў у Еўропу («падарожжы вучаць»): у нямецкія краіны, Францыю, Іспанію, Партугалію, Італію. У 1689–1693 гг. браў удзел у вайне дзяржаў Аўгсбургскай лігі (Галандыя, германскі імператар, Саксонія, Баварыя, Швецыя, Іспанія, Англія) супраць Францыі. Войска пад ягоным кіраўніцтвам разгарнулася ў Нідэрландах і на Рэйне. У студзені 1693 г. Фрыдрых Аўгуст ажаніўся з Хрысцінай Эбергардынай (1671–1727), дачкой маркграфа Брандэнбургска-Байройцкага. Жонка была лютэранкай, узгадаванай у маральна-рэлігійнай чыстай атмасферы маленькага нямецкага двара. Яна не магла прымірыцца з распустай і норавамі дрэздэнскага двара, а найбольш яе засмучалі амурныя прыгоды мужа. У 1696 г. нарадзіла сына — Фрыдрыха Аўгуста, кронпрынца, і фактычна з мужам больш не жыла, хаця засталася пры двары.

27 красавіка 1694 г. Ёган Георг памёр, і Фрыдрых Аўгуст стаў курфюрстам Саксоніі. У 1695–1696 гг. ён камандаваў імператарскай і саксонскай арміямі ў Венгрыі, дзе вёў барацьбу з туркамі. Смерць караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна III Сабескага дала магчымасць Фрыдрыху Аўгусту выставіць сваю кандыдатуру на каралеўскі пасад. Пры гэтым ён дамагаўся дзвюх мэтаў. Па-першае, стварыць моцны саюз эканамічна развітай Саксоніі і Рэчы Паспалітай, а праз гэта дапяць імператарскай кароны для саксонскай дынастыі. Гэтай мэты ён не дасягнуў. Да другой жа імкнуўся ўсё жыццё: усталяваць у Рэчы Паспалітай моцную каралеўскую ўладу.

Абранне на каралеўскі трон

Перш за ўсё Фрыдрых Аўгуст (адбылося тое 2 чэрвеня 1697 г.) перайшоў у каталіцызм, бо пратэстанта на трон у Польшчы ніхто не выбраў бы. Потым ягоныя агенты пачалі агітацыю, падтрымліваючы грашыма прыхільнікаў саксонскага курфюрста. Больш уплывовым кандыдатам на трон быў французскі прэтэндэнт, якога вылучыла групоўка Любамірскіх і іншых магнатаў у Кароне (Польшчы) і Сапегаў у Беларускім-Літоўскім гаспадарстве. Французскі кароль Людовік XIV падтрымаў сваяка — прынца Франсуа-Луі дэ Канці (1664–1709) (па мянушцы Вялікі Канці), французскага палкаводца (з малодшай лініі Бурбонаў). Але супраць «французскай партыі» выступалі пэўныя колы шляхты як у Кароне, так і ў Літве, у тым ліку варожа настроеныя да Сапегаў Грыгоры Агінскі з беларускім-літоўскім войскам і шырокія колы шляхты на Беларусі, якім не даспадобы было самаўладнае ўмацаванне Сапегаў.

Поделиться с друзьями: