Страчаная спадчына
Шрифт:
З паўднёвага боку простакутнай алтарнай часткі, крыху вузейшай за цэнтральны неф, прылягала даволі вялікая купальная капліца святога Дамініка, якая, па назіраннях відавочцаў, нагадвала капліцу святога Казіміра ў Вільні, створаную прыдворным архітэктарам Вазаў К. Тансала. Бакавыя нефы глухімі сценкамі падзяляліся на шэраг невялікіх капэл. Пад капліцай святога Дамініка знаходзілася напаўасветленае памяшканне — крыпта з надмагіллем Фабіяна Малішэўскага, прыёра кляштара, памёршага ў 1644 г.
Інтэр'ер храма ўзбагачала стукавая ляпніна. Сакавіты ляпны дэкор у выглядзе паліганальных рам-кесонаў адвольнай формы дываном пакрываў скляпенні і купал бакавой капліцы, які завяршаўся светлавым ліхтаром. Спалучэнне натуральнага асвятлення з паўцёмнай сферай купала, аздобленай медальёнамі з выявамі святых, стварала ўражлівы мастацкі аптычна-ілюзіяністычны эфект. Партал увахода меў яшчэ пэўныя рэнесансныя рысы. А ўсхваляваная, дынамічная пластыка алтароў была выканана ў сярэдзіне XVIII ст. ужо ў стылістыцы позняга барока. Пазалочаная картушная рама з цякучымі ракайльнымі завіткамі аблямоўвала партрэт фундатара на адной са сцен касцёла.
Пасля скасавання кляштара і закрыцця касцёла ў 1880-ых гг. для капітальнай перабудовы ў псеўдарускім стылі храм прыстасаваны пад праваслаўную царкву. Пры гэтым над галоўным фасадам з'явілася шатровая званіца, а над алтаром — купал на глухім барабане, увенчаныя цыбулепадобнымі галоўкамі. Такія ж галоўкі завяршалі зменены на кубасты купал капліцы і прыбудаваны да партала ўвахода прытвор. Вялікія вокны з пругкімі лучковымі завяршэннямі заменены больш дробнымі падвойнымі арачнымі вокнамі і г.д.
У 1920-ыя гг. праводзілася рэстаўрацыя помніка, у выніку якой вежы чамусьці набылі рознае завяршэнне: адну з іх накрываў пакаты шацёр, другую — высокі гранёны купал «банька». Этапы пераўтварэнняў помніка адлюстраваны на фотаздымках ад пачатку XX ст. да канца 1930-ых гг., зробленых віленскім Таварыствам аматараў навукі.
У Другую сусветную вайну помнік быў часткова разбураны, а пазней разабраны. Разам з ім мы страцілі выдатны самабытны ўзор беларускага барока ў архітэктуры і манументальна-дэкаратыўным мастацтве.
Сведкі з XVІІ стагоддзя
Пасля Берасцейскага царкоўнага сабору 1596 г., на якім была заключана вунія паміж католікамі і праваслаўнымі і створана грэка-каталіцкая царква, у Вялікім Княстве Літоўскім больш за два стагоддзі суіснавалі некалькі галін хрысціянскага культу. Канфесіі вялі паміж сабою вострую барацьбу за палітычнае, эканамічнае і ідэалагічнае панаванне ў жыцці грамадства, што яскрава адлюстравалася ў сферы культавага будаўніцтва.
На пачатку XVII ст. праваслаўная царква яшчэ ўтрымлівала дастаткова моцныя пазіцыі, асабліва ва ўсходніх ваяводствах Вялікага Княства Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Смаленскім, дзе вунія насаджалася гвалтоўна, што выклікала народныя хваляванні, «частые бунты и разрухи». Падчас паўстання ў Віцебску 12 лістапада 1623 г. адбылося забойства вуніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча, пасля чаго праваслаўныя цэрквы былі запячатаны, разбураны ці пераведзены ў вунію. Мсціслаўскі кашталян Канстанцін Палубенскі хацеў прывесці жыхароў горада да вуніі «прозбою и грозбою», як адзначана ў адным з дакументаў таго часу. У кнігах полацкага магістрата ёсць шэраг накіраваных супраць схізматыкаў каралеўскіх указаў, забараняўшых праваслаўным будаваць і рамантаваць цэрквы. Указ караля Ўладзіслава IV ад 14 лютага 1641 г. адзначае, што «у Віцебску, Полацку і Наваградку ніколі ніводнай царквы невуніяты мець не будуць».
Аднак у другой палове XVII ст. сітуацыя мяняецца. «На працягу 69 гадоў ад стварэння вуніі, яна, з Божай дапамогай, пашырана была вуніятамі ў Літве і на Русі», — так зазначана ў «Данясенні холмскага вуніяцкага епіскапа Іакава Сушы рымскаму папе аб бядотным становішчы вуніяцкай царквы і ўціску вуніятаў католікамі». Пачаўся новы этап ідэалагічнай барацьбы, накіраваны на акаталічванне вуніі. Аб гэтым сведчаць. напрыклад, шматлікія магілеўскія акты «аб крыўдах вуніятаў ад каталіцкіх манашаскіх ордэнаў і польскіх чыноўнікаў». Мяжа XVII і XVIII стст. адзначана забаронай беларускай мовы ў дзяржаўным справаводстве (1697) і прыняццем соймавага закону (1712), адпаведна якому праваслаўныя канчаткова засталіся без аховы законаў Рэчы Паспалітай. Гэтыя сацыяльна-палітычныя працэсы як у люстэрку адбіліся ў характары і эвалюцыі культавага будаўніцтва Беларусі таго часу.
У пачатку XVII ст. рух супраць вуніі ў абарону праваслаўя ўзначаліў падкаморы мсціслаўскі Багдан Сцяткевіч, які заснаваў шэраг праваслаўных манастыроў Магілеўскай епархіі: ў 1623 г. Куцеінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр пад Воршай, у 1631 г. там жа — Успенскі жаночы манастыр, у 1633 г. — Богаяўленскі брацкі сабор у Магілеве, у 1641 г. — Баркалабаўскі манастыр каля Старога Быхава, у 1643 г. — Буйніцкі манастыр каля Магілева. Апошнія фундацыі пазначаны яго жонкаю Аленаю, з роду Саламарэцкіх.
Традыцый праваслаўя на той час прытрымліваліся і многія іншыя буйныя феадалы. У 1637 г. князь Леў Самуіл Агінскі заснаваў полацкі Богаяўленскі манастыр. Фундушавы запіс на заснаванне праваслаўнага Маркава манастыра ў Віцебску зроблены Л. С. Агінскім і яго жонкаю 6 жніўня 1642 г., але ўжо пасля пабудовы там саборнага храма, распачатай у 1633 г.
Багаты шляхціц Канстанцін Іпацій Маскевіч заснаваў у 1641 г. галоўны храм Святога Духа Тупічэўскага манастыра пад Мсціславам. Характэрна, што К.І.Маскевіч змяніў гвалтоўную тактыку сваёй рэлігійнай барацьбы, калі пераканаўся, што дзеянні і сродкі «лацінян» больш надзейныя і мэтанакіраваныя, а менавіта: адукацыя юнацтва, будаўніцтва храмаў, і стаў карыстацца імі ж.
Галоўныя саборныя храмы ўсіх вышэйназваных і іншых праваслаўных манастыроў таго часу былі драўлянымі. Выкарыстанне таннейшага будаўнічага матэрыялу ў пэўнай ступені абумоўлена палітычным уціскам, што вымушала праваслаўных вырашаць свае філасофска-рэлігійныя задачы больш простымі і даступнымі прыёмамі.
Найбольш раннія драўляныя саборныя цэрквы Богаяўленскага Куцеінскага манастыра пад Воршай і Святадухаўскага Тупічэўскага манастыра пад Мсціславам складаліся з чатырох зрубаў роўнай вышыні, размешчаных папарна па ўзаемна перпендыкулярных восях. Заходні зруб з уваходам ставіўся простакутным, а алтарны і бакавыя — пяціграннымі. Усе зрубы накрываліся вальмавымі дахамі з галоўкамі ў месцы злучэння схілаў, а прастора сяродкрыжжа ўвенчвалася светлавым васьмігранным барабанам з цэнтральным купалам. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя гэтых помнікаў мела план і сячэнне на ўзроўні карніза ў выглядзе роўнаканцовага грэчаскага крыжа. У ёй прагледжваецца генетычнае ўздзеянне кампазіцыйнай структуры мураваных крыжова-купальных храмаў старажытнарускага перыяду.
Ёсць падставы меркаваць, што аналагічную кампазіцыю атрымалі таксама саборныя цэрквы Баркалабаўскага і Буйніцкага манастыроў. У фундушавым запісе на Святадухаўскі манастыр у Буйнічах, які падпарадкоўваўся Богаяўленскаму Куцеінскаму пад Воршай, пазначана ўмова — заўжды залежаць ад канстанцінопальскага патрыярха. Пераважнае выкарыстанне пры будаўніцтве найбольш манументальных праваслаўных сабораў таго часу архітэктурнага тыпу чатырохзрубнага цэнтрычнага крыжова-купальнага храма мела на мэце падкрэсліць пераемную сувязь з візантыйска-рускімі традыцыямі.
Куцеінскі Богаяўленскі манастыр размяшчаўся на паўднёва-заходняй ускраіне Воршы ля сутокаў Дняпра і невялічкай рэчкі Куцеінкі, ад якой і пайшла назва не толькі манастыра, але і створанай пры ім друкарні, якая адыграла значную ролю ў развіцці беларускай культуры. Яна арганізавана ў пачатку 1630 г. сябрам Магілеўскага Богаяўленскага брацтва ігуменам манастыра Іаілам Труцэвічам. Літургічныя, маральна-павучальныя і вучэбныя выданні Куцеінскай друкарні былі разлічаны на праваслаўныя брацтвы і розныя пласты гарадскога насельніцтва. У хуткім часе кнігі друкарні сталі шырока вядомы і распаўсюджваліся таксама на Ўкраіне, у Літве і Маскоўскай Русі. Графічнае афармленне выданняў Куцеінскай друкарні вызначалася своеасаблівасцю, блізкасцю да традыцый беларускага народнага мастацтва, знітаваных стылістычнымі прыёмамі барока. У фармаванні самабытнай мясцовай школы кніжнай гравюры адметную ролю адыграў беларускі кнігадрукар Спірыдон Собаль, які выдаў першыя 5 кніг. У 1636–1654 гг. выйшла яшчэ 14 выданняў, пасля чаго абсталяванне і работнікі Куцеінскай друкарні былі перавезены ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам, а дакладней кажучы экспрапрыяваны.