Страчаная спадчына
Шрифт:
Аснову зацятай барацьбы канфесій складалі філасофска-тэалагічныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы, якім прысвечана значная колькасць навуковых даследаванняў па гісторыі феадалізму. Агульную карціну дапаўняюць помнікі культавага дойлідства, якія спецыфічнай мовай мастацтва іншы раз дакладней за гістарычныя крыніцы апавядаюць пра розныя аспекты гэтай барацьбы.
Вельмі паказальным з'яўляецца той факт, што ў XVII–XVIII стст. амаль усе праваслаўныя храмы, за рэдкім выключэннем, будаваліся драўлянымі, на мураванае будаўніцтва не хапала сродкаў ці не было дазволу. У той жа час узводзіліся вялізныя мураваныя ансамблі кляштараў шматлікіх каталіцкіх ордэнаў. Адны з іх, як, напрыклад, ордэны бернардзінцаў, францысканцаў, дамініканцаў, піяраў, езуітаў, мелі свае міссіі амаль што ў кожным буйным горадзе і нават у невялікіх мястэчках. Існуе піктаграфічная карта XVIII ст. з Нясвіжа, дзе пазначаны ўсе бернардзінскія кляштары ў Вялікім Княстве Літоўскім і дадзены іх архітэктурныя выявы. Рэзідэнцыі бернардзінцаў існавалі ў Горадні, Полацку, Магілеве, Віцебску, Іўі, Слоніме, Друі, Менску, Воршы, Пінску, Слуцку і іншых месцах. Сустракаліся кляштары даволі экзатычных і ўнікальных каталіцкіх ордэнаў, як, напрыклад, кавалераў мальтыйскага ордэна ў Сталовічах і картэзіянцаў у Бярозе. У адпаведнасці са статутамі розныя ордэны займаліся асветніцтвам, дабрачыннасцю, медыцынскай дапамогай, адукацыяй насельніцтва. Пры многіх кляштарах дзейнічалі друкарні, шпіталі, аптэкі, бурсы для дзяцей бедных гараджан і сялян.
Для эмацыянальнага ўздзеяння на веруючых пры будаўніцтве касцёлаў выкарыстоўвалі найбольш выразныя архітэктурна-мастацкія сродкі, што даваў пераняты з Рыма стыль барока. Супрацьборства канфесій парадзіла канкурэнцыю ў манументальным дойлідстве. Нягледзячы на саперніцтва ці нават дзякуючы яму, стыль барока стаў ужывацца пры будаўніцтве храмаў усіх канфесій. Менавіта пры знітаванні мастацкіх прыёмаў барока з візантыйскай традыцыяй, уласцівай праваслаўнаму культаваму дойлідству, паступова сфармавалася самабытная нацыянальная разнавіднасць сусветнага стылю. Атрымаў пашырэнне агульны тып храма — базіліка з дзвюхвежавым фасадам. Семантыка гэтай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі не была выпадковай — істотным ідэалагічным аргументам для розных канфесій служыла форма плана будынка ў выглядзе роўнаканцовага грэчаскага альбо выцягнутага лацінскага крыжа. Адпаведна вар'іравалася колькасць нефаў, апорных слупоў і аспід.
Эстэтычна-эмацыянальнае ўздзеянне манументальнага дойлідства ўзбагачаў магутны арсенал сінтэзу мастацтваў. У аздобе культавых інтэр'ераў арганічна спалучаліся фрэскавыя роспісы ў выглядзе разгорнутых ідэалагічна-праграмных цыклаў на біблейскія і евангельскія сюжэты, іканапіс, скульптура, аб'ёмная скразная разьба па дрэву, мастацкія вырабы з металу і інш. Літургічныя цырымоніі ўяўлялі сабою грандыёзныя паратэатральныя дзеянні, што спрыяла развіццю духоўнай музыкі розных канфесій.
На мяжы XVII–XVIII стст. умацавалася становішча вуніяцкай царквы і менавіта ў вуніяцкіх культавых пабудовах пачалі складвацца самабытныя рысы позняга беларускага барока, якое атрымала ў мастацтвазнаўстве 1930-ых гг. назву «віленскага», таму што Вільня як сталіца дзяржавы і яе культурны асяродак канцэнтравала духоўны патэнцыял усяго краю. Першыя і найбольш дасканалыя ўзоры віленскага барока на беларускай зямлі — гэта вуніяція цэрквы ў Полацку (Сафійскі сабор) і Беразвеччы пад Глыбокім, якія, быццам велічныя скульптуры, вылеплены з паслухмянага мяккага матэрыялу.
Віленскаму барока характэрна знітаванне ў кампазіцыі рамана-візантыйскіх уплываў і найбагацейшая пластычная распрацоўка фасадаў і інтэр'ераў. Фармаванню гэтых асаблівасцей спрыяла, безумоўна, сама сутнасць вуніяцкай царквы, якой уласціва спалучэнне традыцыйных элементаў праваслаўнай і каталіцкай абраднасці. У выпрацоўцы своеасаблівых дэкаратыўных прыёмаў віленскага барока не апошнюю ролю адыграла кананічная для вуніяцкіх храмаў арыентацыя галоўнага фасада на поўдзень, што дазваляла яшчэ больш узбагачаць яго светлаценевую мадэліроўку і мастацкую выразнасць. Рысы віленскага барока ў выніку ўнікальнай канфесійнай сітуацыі сталі ўласцівы і праваслаўнаму і каталіцкаму храмаваму будаўніцтву Вялікага Княства Літоўскага (напрыклад, Спаса-Праабражэнскі сабор у Магілеве і касцёл кармелітаў у Глыбокім). Аднак пры агульным мастацкім накірунку для архітэктуры многіх касцёлаў XVIII ст. характэрны больш сухаватыя ордэрныя формы, у якіх відавочны ўплыў паўночнаітальянскага барока.
У канцы XVIII ст. 88 працэнтаў беларускіх цэркваў былі вуніяцкія і пераважная большасць а іх — драўляныя. Драўлянае культавае дойлідства Беларусі — адна з вяршынь духоўнай творчасці нашага народа — найбольш пацярпела ад пажараў і войнаў, ад чалавечай бездухоўнасці і амаль цалкам страчана.
На працягу XVII–XVIII стст. пануючае становішча ў дзяржаве, відавочна, займала каталіцкая царква, якая ўсімі магчымымі сродкамі пашырала і замацоўвала свой уплыў у грамадскім жыцці, ад чаго ў першую чаргу цярпелі праваслаўныя, а пазней і вуніяты. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх земляў да Расейскай імперыі махавік рэлігійна-палітычных рапрэсій раскруціўся ў адваротны бок. Амаль адразу пачалі зачыняцца найбагацейшыя кляштарныя комплексы шматлікіх каталіцкіх ордэнаў. Але ў далейшым на іх лёсе яшчэ больш трагічна адбіліся паўстанні 1830–1831 і 1863–1864 гг. Былыя кляштарныя будынкі прыстасоўвалі пад вайсковыя казармы ці пакідалі безгаспадарчымі, што вяло да іх паступовага разбурэння. Ужо ў 1832 г. з 322 каталіцкіх і вуніяцкіх кляштараў зачынілі 202.
У лютым 1839 г. у Полацку быў падпісаны Саборны акт, у якім вуніяцкі архіепіскап «ад імя веруючых» паведамляў «о желании своем принадлежать к прародительской вере». На падставе гэтага сінод расейскай праваслаўнай царквы ў хуткім часе заканадаўча скасаваў грэка-каталіцкую царкоўную вунію. У 1842 г. выйшаў «высочайший» загад «Относительно устройства православных храмов». Пачалася актыўная рэканструкцыя каталіцкіх і вуніяцкіх храмаў у праваслаўныя, якія павінны былі стаць сведкамі «великой эпохи возрождения православия и русской народности в Северо-Западном крае искони русском, страдавшем так долго под гнетом латино-польской пропаганды».
Аднак і праваслаўныя беларускія цэрквы, якія вызначаліся мастацкай самабытнасцю, не задавальнялі артадаксальнае праваслаўе. Пры аглядзе і інвентарызацыі храмаў, пераважна чыноўнікамі ваенных ведамстваў, рабілася заключэнне, што яны «по своему безобразию, убожеству и ветхости требовали безотлагательной помощи», у выніку чаго падпадалі пад пераробку ў псеўдарускім стылі. Характэрны прыклад: з 1858 па 1862 г. у Магілеўскай губерні «капитально исправлено» 16 мураваных і 192 драўляныя царквы. Па Менскай губерні ў 1863 г., пасля агляду падпалкоўнікам генштаба, зацверджаны праекты на перабудову 100 храмаў, якія атрымалі новы выгляд і новую канфесію.
Такі моцны ідэалагічны нацыянальна-рэлігійны ўціск стаў адным з асноўных матываў паўстання 1863–1864 гг., але пасля яго задушэння гэты працэс яшчэ больш актывізаваўся. Сродкі, атрыманыя ад інсургентаў у выглядзе штрафаў і кантрыбуцыі, накіроўваліся на царкоўнае будаўніцтва і ўтрыманне праваслаўнага духавенства. Генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю М. М. Мураўёў, распрацаваў праграму «мероприятий, имевших в виду водворение и преобладание в Северо-Западном крае русской народности» і з гэтай мэтай запрасіў у расейскага імператара Аляксандра II 500 тысяч рублёў на аднаўленне старых і пабудову новых цэркваў у Віленскай і Гарадзенскай губернях. Яшчэ раней такія ж сродкі былі выдадзены губерням Віцебскай, Магілеўскай і Менскай. Да канца стагоддзя ў Гарадзенскай губерні ўзведзена каля 400 новых цэркваў, так званых «мураўёвак», і «рэканструявана» 63 старыя культавыя будынкі. Сярод іх каштоўныя помнікі архітэктуры барока XVII–XVIII стст.: касцёлы езуітаў у Крывошыне, бернардзінцаў у Слоніме, трынітараў у Лыскаве, дамініканцаў у Бухавічах, фарныя касцёлы ў Міры, Вішняўцы і інш. Адзін з найстарэйшых каталіцкіх храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім — фарны касцёл у Горадні, заснаваны яшчэ пры вялікім князю Вітаўце і змураваны ў цэгле ў канцы XVI ст., быў «рэстаўраваны» ў псеўдарускім стылі і прыстасаваны пад Сафійскі сабор — «лагерный храм трех полков русского воинства».
Аднак і старажытныя праваслаўныя драўляныя саборы Беларускага Падняпроўя і Падзвіння, перажыўшыя цяжкія часы каталіцкай экспансіі, чамусьці раптам амаль усе згарэлі ў канцы XIX ст. ці падпалі пад знос «за ветхостью», каб саступіць месца «истинно» праваслаўным псеўдарускім храмам. Папярэдне толькі некаторыя з іх былі зафіксаваны ў малюнках накіраванага сінодам мастака Дз. Струкава, шэрага краязнаўчых і клерыкальных выданняў, дзе галоўная ўвага аддавалася рэлігійнай гісторыі помнікаў. У гэты ж час з'явіліся і першыя мастацтвазнаўчыя працы, у якіх, аднак, адметныя нацыянальныя асаблівасці беларускага дойлідства ў лепшым выпадку адзначаліся са здзіўленнем альбо ацэньваліся негатыўна.
Але ўсе застарэлыя канфесіянальныя праблемы зніклі пад цяжкім прэсам атэістычнага варварства. У 1920-1930-ых гг. у Беларусі пад заклікам барацьбы супраць «рэлігійнага дурману» масава знішчаліся храмы ўсіх канфесій. Дашчэнту былі вынішчаны славутыя праваслаўныя манастыры ў Віцебску, Воршы, Полацку, Мсціславе, Баркулабаве пад Старым Быхавам і інш. У Магілеве з мэтай «сацыялістычнай рэканструкцыі» горада за адну ноч узляцела ў паветра 9 культавых ансамбляў, як каталіцкіх, так і праваслаўных.
У гэты час у Вільні, культурным асяродку Заходняй Беларусі, утвараецца таварыства аматараў навук, адной з мэт якога становіцца вывучэнне і захаванне культурнай спадчыны. Камісію па ахове помнікаў старажытнасці ўзначальваў Ф. Рушчыц. Ім разам з сябрамі таварыства Я. Булгакам, Ю. Ромерам, П. Багдзевічам і іншымі праводзіліся абмеры і фотафіксацыя шматлікіх помнікаў культавага дойлідства з мэтай аднаўлення іх аўтэнтычнага выгляду пасля вышэйпамянёных «рэстаўрацый» і разбурэнняў падчас першай сусветнай вайны. Гэтыя матэрыялы дазваляюць узнавіць мастацкае аблічча шэрага выдатных нацыянальных святынь, страчаных назаўжды ў пажарышчах Другой сусветнай вайны, а галоўным чынам пасля яе.