Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Пасля скасавання вуніі, нягледзячы на чароўную прыгажосць, храм чакаў бы незайздросны лёс, калі б не яго выключная гісторыя і надзвычайная мастацкая далікатнасць, праяўленая дойлідамі XVIII ст. пры пабудове новага сабора. У 1860-ых гг. мастак Д. Струкаў, накіраваны сінодам для вывучэння і фіксацыі праваслаўных старажытнасцей «Северо-Западного края», адным з першых адзначыў наяўнасць у сутарэннях вуніяцкага сабора рэшткаў першапачатковай пабудовы. У канцы XIX ст. існуючы будынак да такой ступені прыйшоў у заняпад, што праз абрушэнні тынкоўкі сталі відны фрагменты старажытнай муроўкі з плінфы і камення. Гэта ўзмацніла цікавасць да помніка з боку археолагаў і гісторыкаў архітэктуры (А. Паўлінаў, П. Пакрышкін, К. Шароцкі). У 1909–1913 гг. былі выяўлены зандажамі амаль усе ацалелыя старажытныя часткі і праведзены капітальны рамонт сабора.

Вывучэнне і аналіз архітэктуры помніка працягваліся і ў першыя гады савецкай улады (І.Хозераў, М. Брунаў, М. Шчакаціхін, А. Някрасаў). Аднак цяжкасць археалагічных даследаванняў выклікала шэраг спрэчных гіпотэз адносна аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі першай Сафіі полацкай. Розныя даследнікі прыводзілі свае вынікі абмераў пабудовы, якія значна адрозніваліся.

Археалагічныя раскопкі працягваліся ў 1947 г. (Я. Ашчэпкаў) і пазней, у 1967 г. (М. Каргер), калі адбылося раскрыццё значных фрагментаў фрэскавага роспісу. Найбольш грунтоўныя даследаванні праведзены археолагамі пад кіраўніцтвам В. Булкіна ў 1975–1980 гг., на падставе якіх канчаткова высветлены спрэчныя моманты ў аб'ёмна-прасторавай структуры полацкай Сафіі, што трактаваліся як яе асаблівасці. Устаноўлены час узвядзення заходняй групы апсід, а менавіта — XVIII ст. Нельга лічыць асаблівасцю і форму апсід, якую некаторыя даследнікі памылкова прымалі за гранёную, а не паўкруглую. Гэтая выснова не адпавядае сапраўднасці. Раскопкамі выяўлены таксама прыбудовы да храма, зробленыя ў XII ст. Яны ўяўляюць сабой разрозненыя памяшканні, далучаныя пераважна з паўднёвага і ўсходняга бакоў будынка. Сцены былі ўмацаваныя контрфорсамі. Вынікі шматгадовых архітэктурна-археалагічных даследаванняў прадстаўлены ў экспазіцыі музея, што працуе ў сутарэннях сабора. У 1970-ых гг. Сафійскі сабор у Полацку быў адноўлены беларускімі архітэктарамі-рэстаўратарамі пад кіраўніцтвам В. Слюнчанкі і зноў, як некалі, стаў духоўным цэнтрам і сімвалам старажытнага горада.

Вяшчункі дабра

У Беларусі сярод вялікай колькасці Троіцкіх, Святадухаўскіх, Пакроўскіх, Юр'еўскіх, Мікалаеўскіх і іншых праваслаўных храмаў тых, што асвячоныя ў гонар Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы, на здзіўленне, няшмат. Але ж затое якія гэта храмы! Яны займаюць пачэснае месца ў гісторыі хрысціянства і сусветнай культуры, вывучаюцца на старонках шматлікіх навуковых прац і спецыяльных даследаванняў. Дзве найбольш старажытныя і значныя ў гісторыі беларускага дойлідства Дабравешчанскія царквы пры розных абставінах загінулі ў сярэдзіне XX стагоддзя.

Дабравешчанская царква ў Віцебску, магчыма, першы на нашай зямлі культавы будынак ад часоў прыняцця хрысціянства, прысвечаны гэтаму цудоўнаму веснавому святу хрысталагічнага цыкла. Дакладны час узвядзення ў Віцебску першага мураванага храма не адзначаны ў летапісных крыніцах. Легенда, змешчаная ў познім «Летапісе Віцебска», сцвярджае, што Дабравешчанская царква змуравана ў X ст. па загаду княгіні Вольгі. Аднак першыя дакументальныя гістарычныя звесткі пра царкву з'яўляюцца толькі на старонках беларускіх летапісаў у XV–XVI стст. На іх падставе Мацей Стрыйкоўскі адносіць пабудову Дабравешчанскай царквы ў Віцебску да XIV ст., падчас праўлення вялікага князя Альгерда. Але большасць даследнікаў архітэктуры канца XIX — першай паловы XX ст. (А. Паўлінаў, А. Сапуноў, М. Шчакаціхін і інш.) лічылі, што ў XIV ст. была ажыццёўлена толькі перабудова храма, а дакладней, зроблены новыя скляпенні.

Даследаванні археолагаў (І.Хозераў, П. Бараноўскі, Г. Штыхаў, М. Каргер, П. Рапапорт, А. Трусаў) па шэрагу асаблівасцей будаўнічай тэхнікі і аналізу архітэктурных форм паказалі прыблізны час будаўніцтва віцебскай Дабравешчанскай царквы, а менавіта — другая чвэрць XII ст. У гісторыка-мастацтвазнаўчых працах яе адносяць да так званай полацкай школы дойлідства, аднак сярод кола помнікаў гэтай школы Дабравешчанская царква вылучаецца шэрагам своеасаблівых «віцебскіх» адметнасцей. Як большасць мураваных храмаў старажытнарускага перыяду, яна ў аснове мела крыжова-купальную кампазіцыю, але падкрэслена выцягнутую па падоўжнай восі, што надавала ёй базілікальны характар, асабліва ў інтэр'еры. Шэсць апорных крыжападобных у плане слупоў, пастаўленых у два рады, падзялялі ўнутраную прастору на тры нефы. Пры гэтым крок слупоў набліжаўся па даўжыні да пралёту паміж імі, таму прасторавыя ячэйкі цэнтральнага нефа ў плане прынялі форму квадрата, як у раманскіх базіліках, дзе кожная з ячэек перакрывалася аднолькавым крыжовым скляпеннем. Але ў віцебскай царкве квадратныя прасторавыя ячэйкі захавалі характэрныя для старажытнарускага дойлідства цыліндрычныя скляпенні-закамары, за выключэннем прасторы сяродкрыжжа, кампазіцыйнае і сімвалічнае значэнне якой падкрэслівалася светлавым барабанам на ветразях, завершаным шаломападобным купалам.

Дамінуючы ў інтэр'еры цэнтральны неф з усходняга боку завяршаўся вялікай паўкруглай алтарнай апсідай. Бакавыя нефы, амаль у тры разы больш вузкія за цэнтральны, замыкаліся невялічкімі паўкруглымі нішамі, схаванымі ў тоўшчы ўсходняй сцяны, і звонку былі прастакутнымі, што з'яўляецца адной з характэрных рыс полацкай школы дойлідства, якая выявілася ў гэтым помніку ўпершыню. Заходняе чляненне храма (нартэкс) займалі хоры, бакавыя часткі якіх служылі капліцамі, таксама з невялічкімі нішамі ў тоўшчы іх усходніх сценак (па абмерах П. Бараноўскага 1944 г.). На сённяшні дзень захаваліся толькі апоры скляпенняў, на якія абапіраліся хоры.

Першапачатковая аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя царквы вызначалася лагічнай яснасцю і дасканаласцю прапорцый, заснаваных на суадносінах «залатога сячэння». Размешчаныя па асях падкупальнага квадрата, больш высокія закамары ўтваралі ў плане роўнаканцовы грэчаскі крыж, чым аддавалася даніна візантынскаму паходжанню кампазіцыі храма. Арганічны і творчы сінтэз раманскіх і візантыйскіх элементаў — найбольш выразная адметнасць архітэктуры віцебскай Дабравешчанскай царквы.

Цікавасць уяўляе і тэхніка муроўкі. Будынак меў высокі цокаль — падлога храма знаходзілася амаль на 1 м вышэй тагачаснага ўзроўню зямлі. Фундамент складзены з бутавага каменю насуха і часткова на вапняковай рошчыне. Вышэй сцены змураваны з абчасаных блокаў (квадраў) мясцовага жаўтаватага вапняку, што перамяжаліся 2–3 радамі старажытнай цэглы-плінфы, на якой захаваліся знакі і клеймы. У муроўцы бачны сляды двух ярусаў дубовых сувязных канструкцый. Апорным слупам на сценах з абодвух бакоў адпавядалі шырокія і плоскія лапаткі. Звонку сцены ў той час не былі атынкаваны і мелі маляўнічы стракаты выгляд, унутры ж, наадварот, цалкам атынкаваны і ўпрыгожаны фрэскавым роспісам. Аздабленне ўваходнага партала выканана ў тэхніцы графіці. Частка партала з выявай старажытнага воіна захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.

На працягу стагоддзяў віцебская Дабравешчанская царква шмат разоў перабудоўвалася і мяняла знешні выгляд. У 1619 г. па загаду караля Жыгімонта III Вазы праваслаўны храм перадаецца вуніятам. У XVII ст. царква ўжо страціла аўтэнтычныя пазакамарныя пакрыцці — іх замянілі двухсхільныя дахі, але купал на светлавым барабане захаваўся, што можна бачыць на вядомым чарцяжы Віцебска 1664 г. Будынак царквы моцна пацярпеў падчас Паўночнай вайны і пэўны час стаяў напаўразбураны. Але ў 1714 г. адбыўся рамонт, а пасля 1759 г. — капітальная перабудова ў стылі позняга барока. Купал на сяродкрыжжы пры гэтым быў зняты, а над алтарная часткай узведзена вежачка са спічакам. На ўсю шырыню старажытнага галоўнага фасада прыбудавалі новы ўваходны аб'ём з дзвюма шмат'яруснымі вежамі па баках і высокім фігурным франтонам паміж імі. Гэтая перабудова прынцыпова змяніла характар архітэктуры старажытнай святыні, яе кампазіцыю, сілуэт і дэкаратыўнае аздабленне. У адпаведнасці з вуніяцкай абраднасцю ў інтэр'еры царквы з'явілася мураваная алтарная перагародка, як і ў полацкім Сафійскім саборы.

Да паўночнага фасада каля алтара далучылася рызніца, а да паўднёвага фасада — двухпавярховая прыбудова, на другім паверсе якой знаходзілася «цёплая» Пакроўская царква.

У 1832 г., яшчэ да скасавання вуніі, Дабравешчанскую царкву вярнулі праваслаўным, а праз 30 гадоў зноў капітальна перабудавалі. Але пры гэтым архітэктуры храма не вярнулі першапачатковы выгляд, а надалі рысы псеўдарускага стылю.

З галоўнага фасада знялі барочныя вежы і франтон, на месцы якога ўзвялі званічку з цыбулістай галоўкай. Над вільчаком двухсхільнага даха паставілі ненатуральна вялізны таксама цыбулепадобны купал на глухім барабане.

У выніку шматлікіх перабудоў царквы ўсе перакрыцці (разбураныя ў час Другой сусветнай вайны) не ўяўлялі вялікай гістарычнай і архітэктурнай каштоўнасці. Пры навуковай рэстаўрацыі помніка іх замянілі б на пазакамарныя. Але ў снежні 1961 г. па ініцыятыве гарадскіх партыйных і выканаўчых улад пры актыўным удзеле галоўнага архітэктара Віцебска Дабравешчанская царква была ўзарвана. Друз гэтага выбуху цяжка лёг на сумленне ўсёй нацыі. Ад помніка засталіся рэшткі, у якіх старажытныя часткі маюць месцамі вышыню да 5 м. У 1968 г. археолагам М. Каргерам праведзены раскопкі і частковая разборка друзу. У 1977 г. ажыццёўлена кансервацыя рэштак храма. У 1990-ых гг. пачалася распрацоўка праекта рэстаўрацыі Дабравешчанскай царквы ў яе аўтэнтычным выглядзе.

У сярэдзіне XX ст. зруйнаваны яшчэ адзін славуты Дабравешчанскі храм. Гэта выдатны помнік беларускага абарончага дойлідства — царква-крэпасць у Супраслі, што на Беласточчыне, былы Гарадзенскі павет Вялікага Княства Літоўскага. Яна была змуравана ў 1503–1510 гг. на беразе невялікай рэчкі Супраслі ў глухой Блудаўскай пушчы па фундацыі маршалка Вялікага Княства Літоўскага Аляксандра Хадкевіча, які да таго ж з'яўляўся старостам берасцейскім і ваяводам наваградскім. Пры царкве А. Хадкевіч заснаваў праваслаўны манастыр з мэтай: «Абы тот монастырь… на нашай отчизне твердо на веки стоял нашим вспоможением». У 1511 г. мураваны манастырскі сабор асвяціў архіепіскап смаленскі Іосіф Солтан, які садзейнічаў будаўніцтву храма, прыстасаванага як для рэлігійных рытуалаў, так і для абароны мясцовага насельніцтва ў час ваеннай небяспекі. Будынак праваслаўнага сабора захоўваў пэўныя элементы дойлідства старажытнарускага перыяду. Як і віцебская Дабравешчанская царква, ён уяўляў сабой крыжова-купальны, трохнефавы храм, завершаны трыма алтарнымі апсідамі, з якіх цэнтральная значна пераважала сваімі памерамі бакавыя. Але ў XVI ст. формы і канструкцыі праваслаўнага храма набылі зусім іншую трактоўку ў стылі беларускай готыкі. Простакутны, выцягнуты па падоўжнай восі кафалікон (малітоўная зала) чатырма слупамі (два васьмігранныя і два квадратныя) падзяляўся на тры нефы. Пры гэтым, як і ў віцебскай царкве, бакавыя нефы былі значна вузейшыя за цэнтральны, але ў адрозненне ад яе падкупальны квадрат размяшчаўся з заходняга боку і набліжаўся да ўвахода. Прасторавыя ячэйкі кафалікона перакрываліся разнастайнымі гатычнымі скляпеннямі: крыжовымі на нервюрах, сеткавымі, зорчатымі, сотавымі. Структура інтэр'ера мела ярка выяўленую падоўжнасць, такім чынам, крыжова-купальная кампазіцыя старажытнарускага храма спалучалася з базілікальнасцю заходнеэўрапейскіх гатычных сабораў, што яшчэ больш падкрэслівалі гранёныя формы трох кананічных для праваслаўных цэркваў алтарных апсід. Такі своеасаблівы сімбіёз рамана-візантыйскіх форм адлюстраваны і ў арганізацыі вонкавых мас будынка. Узаемна перпендыкулярныя двухсхільныя дахі ўтваралі ў плане папарна роўнаканцовы крыж, ужо не кананічна грэчаскі, але набліжаны да яго. На сяродкрыжжы масіўную кроквенную канструкцыю дахаў прарэзваў надзвычай высокі васьмігранны барабан, завершаны самкнёным купалам з распалубкамі, у якіх знаходзіліся светлавыя вокны-люнеты. Тарцы дахаў з чатырох бакоў закрываліся мураванымі франтонамі з арыгінальным дэкорам, які імітаваў апорныя паўцыркульныя аркі пад схіламі дахаў.

Поделиться с друзьями: