Страчаная спадчына
Шрифт:
Усе збудаванні ансамбля былі накрыты гонтай, за выключэннем купалоў, абітых бляхай. Па люстрацыі, адна мураваная вежа з купалам, вышыней роўная з дахам, узвышалася над алтаром «пры шчыце даха». На галоўным фасадзе меліся тры вежачкі: цэнтральная, «мураваная на 8 граней над дахам касцельным», перавышала яго на «адзін ярус з вокнамі сляпымі». Невялікі купалок над ёй таксама ў «адзін ярус з гонты» завяршаўся выявай Міхаіла Архангела «з бляхі медзянай». Франтон фланкіравалі дзве больш нізкія вежы «ў чатыры вуглы», накрытыя купалкамі з галоўкамі. Унутры неф перакрываўся «авальным» скляпеннем, купал у алтары быў мураваны, падлога цагляная. Пад касцёлам знаходзілася крыпта з двума выхадамі: унутр храма і на манастырскія могілкі. Хоры размяшчаліся над уваходам і над сакрысціямі.
У некаторых дэталях рэканструкцыя Е. Пашэнды не адпавядае апісанню, якім мы маглі карыстацца, і нашаму ўяўленню пра архітэктоніку помніка. Гэта сведчыць аб тым, што нават вельмі дакладна ідучы за інвентарамі іх можна разумець па-рознаму, таму што складаліся яны рознымі людзьмі, з рознай адукацыяй, тэрміналогіяй і сістэмай светапогляду. Таму хацелася б зрабіць некалькі заўваг да выдатна ў цэлым зробленага даследавання. Найбольш спрэчнымі з'яўляюцца архітэктурна — кампазіцыйныя аб'ёмна — прасторавыя суадносіны паміж элементамі будынка касцёла, прапорцыі і формы яго частак.
Па-першае, вышыні аб'ёмаў увогуле вызначаны на падставе вельмі спекулятыўных меркаванняў і прыватных густаў даследніка. На наш погляд, яны адрозніваюцца ад сапраўдных. Вышыня нефа, хутчэй за ўсё, павінна быць меншай, не ўзнімацца над двухсхільным дахам. Гэта зрабіла б больш рэальнымі суадносіны вышынь і памераў планаў прэсбітэрыя і крухты.
Па-другое, прапанаваная форма плана прэсбітэрыя (першапачаткова асобнага збудавання) у выглядзе няроўнабаковага шасцігранніка вельмі спрэчная. Яна заснавана на тым, што даследнік узяў даўжыню 13 локцяў па падоўжнай восі і максімальную шырыню 9 локцяў, незважаючы на тое, як зададзеныя параметры суадносяцца з кампазіцыяй і канструкцыяй рэальна існаваўшага збудавання. Немагчыма перакрыць яго, як паказана на малюнку, купалам — формай, па свайму зместу заўжды цэнтрычнай. Але калі тыя ж памеры памяняць месцамі і прыняць 9 локцяў за дыяметр упісанага ў шасціграннік круга, а 13 локцяў — за дыяметр круга, апісанага вакол яго, мы атрымаем правільны шасціграннік — гексагон, які лёгка перакрываецца купалам. Менавіта гэтая дакладная геаметрычная форма сімвалізуе прыгажосць, гармонію, каханне, мір, багацце, узаемнасць, сіметрыю і суадносіцца з сонцам, цэласнасцю Сусвету і г.д.
Але неаднаразова падкрэсленае ў розных крыніцах сімвалічнае значэнне, якое надавалася форме першапачатковага плана капліцы святога Рафаіла на гары Анёльскай, яшчэ не азначае, што яна была менавіта такая. У альбоме архітэктурна-будаўнічых чарцяжоў канца XVI ст. з Нясвіжа на лісце 23 змешчаны планы дзвюх капліц без надпісу. Верхні план прадстаўляе просты простакутны аб'ём з невялікай паўкруглай апсідай і падпорнымі сценкамі на галоўным фасадзе. На плане пазначаны памеры 13x9 локцяў. Ці выпадковае гэтае супадзенне? Ці не маглі ў вызначэнні колькасці граняў пэўную ролю адыграць падпорныя сценкі? Магчыма, што гэта праектныя нерэалізаваныя варыянты храма. Але гэтыя пытанні, верагодна, ніколі не будуць канчаткова вырашаны, таму што найлепшым навуковым доказам было б існаванне славутай святыні.
Шматпакутная «фара Вітаўта»
Дойлідства часта называюць мураваным летапісам гісторыі. Яскравым пацвярджэннем гэтага афарызма з'яўляецца лёс фарнага касцёла ў Горадні, які выразней, чым шматлікія гістарычныя крыніцы, адлюстроўваў усе значныя падзеі ў жыцці старажытнага горада пачынаючы з XIV ст. На працягу шасці стагоддзяў гэты храм у розных сваіх архітэктурных іпастасях нёс на сабе імя свайго заснавальніка — князя гарадзенскага, а затым вялікага князя літоўскага Вітаўта, пры якім Вялікае Княства дасягнула найбольшай магутнасці.
Палітычныя амбіцыі Вітаўта: саперніцтва з Ягайлам, імкненне да каралеўскай кароны, арыентацыя ў дзяржаўным жыцці на каталіцкае веравызнанне, спрыялі заснаванню ім першага ў Горадні касцёла, дзе дагэтуль існавалі толькі праваслаўныя храмы. Дакладная дата фундацыі фарнага касцёла невядома, але з княжацкага прывілея гарадзенскім жыдам ад 1389 г. вынікае, што ў гэты час ён ужо існаваў. У грамаце ўпамінаюцца касцельныя ўчасткі і каталіцкія могілкі каля гарадскога рынку. Ёсць, аднак, меркаванні, што гэтая грамата з'яўляецца гістарычнай фальсіфікацыяй.
Усталявалася думка, што першы будынак касцёла быў драўляны, але далейшыя звесткі аб ім да сярэдзіны XVI ст. часта не стасуюцца адна з адной. Існуюць крыніцы, з якіх становіцца вядома, што ў 1494 г. кароль Аляксандар Ягелончык пабудаваў на месцы драўлянага храма мураваны, паводле другіх, касцёл змураваны каля 1551 г. па фундацыі каралевы Боны. На вядомай гравюры Горадні 1568–1572 гг. М. Цюндта адлюстраваны будынак фары, але вызначыць будаўнічы матэрыял па гэтай выяве, зразумела, немагчыма.
А. Квітніцкая сцвярджае, што мураваны фарны касцёл быў узведзены ў 1579–1586 гг. на сродкі Стэфана Баторыя. З дакументаў Літоўскай метрыкі вядома, што ў будаўніцтве храма прымаў удзел муляр Антоні Дзікрып ці Сцігрып, які перабудоўваў таксама палац Старога гарадзенскага замка ў формах рэнесансу пад кіраўніцтвам архітэктара Скота з Пармы.
Кароль Стэфан Баторый, які зрабіў Горадню сваёй сталіцай, у перапісцы з рэгіянальным кіраўніком ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай І.П. Кампана адзначаў, што гарадзенскі фарны касцёл «самы вялікі і самы цудоўны ў Вялікім Княстве Літоўскім, але драўляны». Ён хацеў запрасіць у Горадню езуітаў для развіцця адукацыі, пабудаваць школу, калегіум і мураваны касцёл, у якім жадаў быць пахаваным. Польскі даследнік Е. Пашэнда на падставе матэрыялаў ордэна езуітаў з архіва Ватыкана яшчэ больш дакладна акрэсліў час узвядзення мураванага касцёла: 1584–1587 гг.
Першым графічным адлюстраваннем мураванай «фары Вітаўта» доўгі час лічылася яе выява на гравюры Горадні 1600 г. Т. Макоўскага. Аўтару нарыса давялося выявіць план гэтага помніка ў альбоме чарцяжоў канца XVI ст. з Нясвіжа, які захоўваецца ў Кіеве, і атрыбуціраваць яго як праектны. Паколькі аўтарам большасці чарцяжоў альбома ёсць падставы лічыць архітэктара-езуіта Дж. М. Бернардоні, мы мяркуем, што ён з'явіўся стваральнікам не толькі касцёла езуітаў у Нясвіжы, але і фарнага касцёла ў Горадні.
Велічны гмах «фары Вітаўта» размяшчаўся на ўзгорку каля Гандлёвай плошчы, да якой быў арыентаваны алтарнай апсідай. З другога боку плошчы на мяжы XVII–XVIII стст. паўстала яшчэ больш грандыёзная на памерах крыжова-купальная базіліка касцёла езуітаў, што існуе і зараз. Калі ў 1773 г. ордэн езуітаў быў скасаваны, езуіцкі касцёл стаў фарным. Пазней «фару Вітаўта» расейскія ўлады вырашылі прыстасаваць пад праваслаўную царкву, і ў 1803 г. адбыліся архітэктурныя абмеры будынка.
Пры параўнанні архіўнага чарцяжа канца XVI ст., графічнай выявы касцёла на гравюры 1600 г. і яго абмерных чарцяжоў 1803 г. можна адзначыць іх блізкае падабенства. На абодвух планах прадстаўлены трохнефавы васьміслуповы храм з выцягнутай гранёнай апсідай прэсбітэрыя і сакрысціяй з паўночнага боку ад яго. Бакавыя нефы перакрываліся крыжовымі скляпеннямі, а цэнтральны — крыжападобнымі распалубкамі.
Як сведчаць абмеры, храм меў структуру псеўдабазілікі. Гэта значыць, што сярэдні неф быў вышэйшы за бакавыя, але ў ім адсутнічала верхняе асвятленне. Усе тры нефы звонку ўтваралі адзіны суцэльны аб'ём, накрыты высокім клінчатым дахам з галоўкай у сярэдзіне вільчака, што адлюстравана на гравюры Т. Макоўскага. Апсіда прэсбітэрыя па вышыні супадала з асноўным аб'ёмам і накрывалася шматсхільным, крыху ніжэйшым дахам. Такім чынам, вышынная дынаміка аб'ёмаў паступова нарастала ад алтара да магутнай шмат яруснай вежы з фігурным завяршэннем на галоўным фасадзе, якая дамінавала ў кампазіцыі. Падобны готыка-рэнесансны тып культавага будынка ўласцівы архітэктуры Беларусі, Летувы, Польшчы і шэрага іншых краін Цэнтральнай Эўропы. Элементы мясцовай готыкі ў ім паўсюдна знітоўваліся з формамі італьянскага рэнесансу.