Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Сцены асноўнага аб'ёма, прэсбітэрыя і ніжняга яруса вежы мацаваліся контрфорсамі, вырашанымі накшталт пілястраў, якія злучаліся ўверсе лучковымі аркамі, утвараючы рытмічную рэнесансную аркаду, але з выразнай перавагай вертыкальных прапорцый у параўнанні з італьянскімі ўзорамі. У прасценках паміж контрфорсамі размяшчаліся вузкія стральчатыя вокны. На вежы некаторыя праёмы мелі выгляд байніц. Мастацкі эфект узмацняўся кантрастам чырвонага колеру адкрытай муроўкі сцен і белай тынкоўкі пілястраў і вежаў — дэкаратыўным прыёмам, характэрным для беларускай готыкі. Пазней будынак быў цалкам атынкаваны.

Аднак паміж праектным і абмерным планамі ёсць і пэўныя адметнасці, якія сведчаць, што праект не быў рэалізаваны дакладна. На чарцяжы XVI ст. уваходны аб'ём вырашаны ў выглядзе чацверыка з магутнымі сценамі, прарэзанымі паўкруглымі нішамі. Побач з ім з паўднёвага боку паказаны амаль такіх жа памераў вялікі лесвічны блок з двухмаршавай лесвіцай. Яшчэ адна лесвіца, круглая ў плане, размешчана на процілеглым баку храма, каля сакрысціі. Абедзве лесвіцы вялі на эмпоры над бакавымі нефамі.

У натуры лесвіцы былі размешчаны ў тых жа месцах, але выкананы інакш. Круглыя ў плане вітыя ўсходы ўкампанаваны ў чацверыкі невялікіх памераў. Як бачна на гравюры Макоўскага, чацвярык на галоўным фасадзе завяршаўся шмат'яруснай вежачкай, крыху ніжэйшай за асноўную. З поўначы да ўваходнага чацверыка далучыўся простакутны аб'ём, які меў, верагодна, кампазіцыйнае прызначэнне з мэтай зрабіць галоўны фасад сіметрычным.

Акрамя таго, на планах нязначна адрозніваюцца памеры і форма прэсбітэрыя і сакрысціі. На абмерных чарцяжах бачна, што з поўдня да касцёла прылягала простакутная ў плане купальная капліца, якая адсутнічае ў праекце і на гравюры. Магчыма, яна прыбудавана падчас капітальнага рамонту храма пасля пажару 1751 г.

У 1782 г. будынак касцёла зноў пацярпеў ад моцнага пажару, які знішчыў верхнія ярусы вежаў, што адлюстравана ў абмерных чарцяжах. У 1804–1807 гг. тут праведзены аднаўленчыя работы, пасля чаго храм асвячоны як праваслаўны Сафійскі сабор. Пры гэтым па праекту рэканструкцыі меркавалася накрыць будынак больш пакатым дахам з атыкам над апсідай, а вежу завяршыць паўсферычным куналам з высокім ампірным спічаком. Аднак у натуры спічак быў заменены больш традыцыйнай гранёнай вежачкай з высокім шатром. Па баках храма прыбудавалі нізкія прыдзелы. Але першая праваслаўная рэканструкцыя ў стылі класіцызму не змяніла істотна архітэктуру касцёла. Магчыма, гэта і не задавальняла артадаксальнае праваслаўе.

У 1892 г. храм гарыць чарговы раз. Пры падзенні крокваў абваліліся скляпенні, што далі магчымасць пры новай раканструкцыі значна па нізіць алтарную частку і надаць пабудове кампазіцыйны лад псеўдарускіх цэркваў. У 1896–1898 гг. акадэмік архітэктуры М. М. Чагін перабудоўвае храм у псеўдарускім стылі. Над дахам было пастаўлена пяць цыбулепадобных галовак, вежа пераўтворана ў званіцу, завершаную высокім шатром. Падобны верх паўтораны на нізкай прыбудове, далучанай да алтара. Выразную пластыку фасадаў здрабнілі бясконцыя броўкі, какошнікі, парэбрыкі і іншыя псеўдарускія дэкаратыўныя элементы.

Пры буржуазнай Польшчы адрэстаўрыраваны будынак прыстасоўваецца пад гарнізонны касцёл; але папярэдне, у 1922 г., ён зноў гарэў. Алтарная апсіда была адбудавана да ранейшай вышыні, адноўлены высокі кроквенны дах. Над ніжнімі чацверыкамі цэнтральнай вежы ўзведзены два невысокія васьмерыковыя ярусы, завершаныя сціплым шатром. У такім выглядзе помнік перажыў другую сусветную вайну. Напярэдадні «светлай будучыні», у 1961 г. «фара Вітаўта» ўзарвана па рашэнню гарадзенскага гарвыканкама. Усё адбілася ў трагічным лёсе помніка, як у люстэрку, — пажары, войны, шматвяковая палітычная нестабільнасць края, клерыкальная і атэістычная ваяўнічасць, жах бездухоўнасці.

Касцёл места Клецкага

Парафіяльны Троіцкі касцёл у Клецку — помнік са складанай і загадкавай гісторыяй. Цікавасць да яго не згасае, нягледзячы на тое, што сам храм ужо не існуе. Працягваюцца яго археалагічныя і архіўныя даследаванні, архітэктурна-мастацтвазнаўчы аналіз, што дазваляе больш яскрава высветліць працэс развіцця нацыянальнага дойлідства ў XV–XVI стст., на мяжы сярэдневякоўя і Новага часу.

З інвентарных «Апісанняў стану плябаніі Клецкай у губерні Менскай» за 1796 і 1800 гг. вядома, што мураваны касцёл «закладзены згодна даўнейшай візіце, каля 1450 г. коштам Андрэя Маствіловіча, абывацеля наваградскага, адбудаваны накладам каралевы Боны, уладальніцы Клецка, кансекраваны кім і калі невядома». У канцы 1550-ых гг. новы ўладальнік мястэчка Мікалай Радзівіл Чорны, прыхільнік рэфармацыйнага руху, адабраў храм у католікаў і перарабіў яго пад кальвінскі збор. Тут у 1560–1562 гг. быў магістрам вядомы беларускі асветнік і рэфарматар Сымон Будны. На гравюры Клецка пачатку XVII ст. захавалася першая выява касцёла, апошняя — на фотаздымках, зробленых Віленскім таварыствам аматараў навукі ў 1930-ыя гг. У час Другой сусветнай вайны касцёл значна пацярпеў, а пасля яе канчаткова разабраны на цэглу. У вышэйназваных апісаннях касцёла адзначана, што ён «старасвецкі», з адною мураванаю вежаю, купал якой у 1796 г. быў абіты драніцамі, а праз чатыры гады яна ўжо стаяла без даху і крыжа. Другі купалок над алтаром таксама патрабаваў рамонту. На вежы фасада віселі званы. Будынамеў адзінаццаць вокнаў і скляпенні «не гладкія, старасвецкія». Атынкаваныя ўнутры сцены часткова распісаны. Пад падлогай з квадратнай цэглы ў розных месцах змяшчалася чатыры ганаровыя захаванні, пад вялікім алтаром быў пахаваны фундатар касцёла. З паўночнага боку да прэсбітэрыя прымыкала сакрысція са скляпеністым перакрыццём, пад ёй знаходзілася скарбніца. Памяшканні гэтыя злучаліся люкам з прыстаўной лесвіцай. Інвентары даюць таксама падрабязныя апісанні алтароў, амбона, хораў, лавак і іншага «начыння драўлянага» выдатнай «сніцарскай работы».

На адлегласці 300 крокаў ад касцёла стаяў драўляны, атынкаваны звонку будынак шпіталя «з ганкам ад вуліцы». Ён складаўся з дзвюх «ізб з алькежамі», звязаных сенямі з каморай. У комплекс плябаніі ўваходзілі яшчэ жылы будынак, стайня, свіран, бровар, паркан з дзвюма брамкамі. Усе пабудовы зроблены з драўніны, накрытыя гонтай. Жылыя памяшканні мелі кафляныя печы з зялёнай палівай.

На сённяшні дзень застаецца спрэчным час пабудовы храма. Большасць апублікаваных крыніц адносяць яго да сярэдзіны XVI ст. Аднак археолаг А. Кушнярэвіч па фундаментах помніка датуе яго XV ст. З гэтым меркаваннем па шэрагу прычын нельга цалкам пагадзіцца. І першая з іх у тым, што знітаваная готыка-рэнесансная стылістыка збудавання ўсё ж больш адпавядае другой палове XVI ст. Яна блізкая да архітэктуры кальвінскіх збораў таго часу ў Дзераўной і Койданаве, а таксама шэрагу помнікаў так званай «калішскай» групы польскага рэнесансу. Храм меў трохчасткавую структуру, характэрную для гатычных храмаў Цэнтральнай Эўропы, і складаўся з асноўнага нефа, пяціграннай алтарнай апсіды і магутнай васьміграннай вежы над чацверыком уваходнай крухты. Чатыры ярусы вежы мелі аднолькавае сячэнне, але розную адвольную вышыню. Такая будова і прапорцыі вежы рабілі яе асабліва масіўнай, манументальнай. Відавочна, што верхні ярус і фігурнае завяршэнне вежы перароблены ў канцы XVII ст. пры перабудове касцёла. Неф і апсіду, роўныя па вышыні, накрываў агульны дах заломамі ў месцы злучэння і фігурнай вежачкай над алтаром. Вырашэнне вянчаючых мас некалькі адрозніваецца ад рэнесансных храмаў рэгіёна Каліша, дзе апсіда і дах над ёй звычайна ніжэй за асноўны і падзелены мураваным франтонам. Сцены Троіцкага касцёла былі ўмацаваны рытмічна пастаўленымі контрфорсамі пастаяннага сячэння, якія даходзілі амаль да прафіляванага карніза. Такім чынам, гатычныя канструктыўныя элементы спалучаліся з рэнесансным дэкорам, гатычная будова аб'ёмаў з рэнесанснай залавай трактоўкай інтэр'ера, што сведчыць аб больш познім з верагодных варыянтаў паходжанні помніка.

Яшчэ адзін факт. У альбоме старажытных архітэктурна-будаўнічых чарцяжоў, якія дакладна датуюцца канцом XVI ст., ёсць план культавага будынка з надпісам: «Kosciol miesta klckiego pana marshalka». Маецца на ўвазе Альбрэхт Радзівіл, ардынат клецкі (1558–1592). З 1585 г. ён з'яўляўся маршалкам Вялікага Княства Літоўскага. Гэты чарцёж — адзіны вядомы на сённяшні дзень план помніка. Але праектны ён ці абмерны, зроблены з ужо існаваўшага помніка? У цэлым план адпавядае аб'ёмна-прасторавай структуры храма, вядомага па фотаздымках першай паловы XX ст., за выключэннем ніжняга чацверыка вежы, дзе на чарцяжы пазначаны тры вялікія ўваходныя праёмы, якіх пазней не існавала. Вуглы вежы на чарцяжы заштрыхаваны больш шчыльна. Магчыма, ён выкананы ў час прыбудовы вежы да касцёла, што рабілася звычайна крыху пазней, пасля асадкі асноўнага будынка, з мэтай дакладна размеркаваць нагрузку канструкцыйна розных частак. Новыя даследаванні, як мы шчыра спадзяёмся, дазволяць нарэшце раскрыць таямніцу гэтага помніка.

Готыка ці барока?

Гэты помнік прыцягваў пільную ўвагу даследнікаў архітэктуры і краязнаўцаў Заходняй Беларусі, якія ўпершыню імкнуліся вызначыць мастацкія характарыстыкі культавых збудаванняў, уявіць працэс стылістычнай эвалюцыі нацыянальнага дойлідства. Адзін з іх пісаў, што касцёл святога Казіміра ў Стоўбцах пабудаваны ў «стылі гатыцкім, аб дзвюх вежах», другі адзначаў, што помнік гэты ўвасабляў «найпрыгажэйшае чыстае барока з аздобай інтэр'ера ў стылі ракако».

Хто ж з іх меў рацыю? А яна як раз паміж гэтымі палярнымі меркаваннямі. Помнік пабудаваны на мяжы архітэктурных эпох — сярадневякоўя і Новага часу. Касцёл закладзены ў 1621 г. па фундацыі кашталяна менскага і наваградскага Аляксандра Слушкі і жонкі яго Зоф'і з Зяновічаў. Каля 1640 г. пры касцёле быў пабудаваны вялікі двухпавярховы кляштар ордэна дамініканцаў.

У гэты час у беларускім дойлідстве складваўся самабытны нацыянальны варыянт стылю барока і азначаны помнік стаў этапным у яго фармаванні. Абарончыя вежы, якія фланкіравалі галоўны фасад храмаў беларускай готыкі, у перыяд барока страцілі сваё функцыянальнае прызначэнне і адыгрывалі толькі кампазіцыйную ролю для ўзбагачэння сілуэта збудавання і надання яму дынамічнасці і ўзнёсласці.

Казіміраўскі касцёл меў новую на той час аб'ёмна-прасторавую структуру трохнефавай базілікі, а галоўны фасад знайшоў вырашэнне ў выглядзе плоскага дзвюхвежавага аб'ема (нартэкса), шырыня якога адпавядала шырыні чацверыковых вежаў. Вось сіметрыі фасада падкрэслівала білатэральная групоўка вежаў і аздабляючых іх плоскіх лапатак. Гарызантальна, на ўзроўні карнізаў бакавых нефаў, фасад дзяліўся на два ярусы. Таму верхняя частка выглядала больш масіўнай.

Вежы мелі аднолькавае ад аснавання да верху квадратнае сячэнне, што рабіла іх асабліва манументальнымі і нават медыявістычна суровымі. Але ж агульная кампазіцыя, трактоўка фасада як самастойнага незалежнага «карціннага» элемента, выкарыстанне ордэрнага дэкору сведчаць аб тым, што гэта быў ужо ўзор ранняга беларускага барока з уяўнымі яшчэ рысамі готыкі і рэнесансу.

Поделиться с друзьями: