Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Першапачаткова старажытны палац Барановічаў нёс на сабе рысы позняга класіцызму. Пазбаўлены строгай і яснай кампазіцыі, ён адрозніваўся ўскладненай яруснасцю, шматпланавасцю. Дойлід шукаў новыя выразныя сродкі, адмаўляўся ад традыцыйных порцікаў і каланад, антаблементаў і франтонаў. Палац уяўляў сабой магутны мураваны будынак (таўшчыня сцен дасягала метра), падоўжна-простакутны ў плане, двухпавярховы ў цэнтры і аднапавярховы ў бакавых крылах. Скляпеністыя падвалы, у якіх размяшчаліся гаспадарчыя і службовыя памяшканні, выконвалі ролю высокага падмурка для верхняй часткі дома. Архітэктура будынка — моцныя плоскасныя сцены, расчлянёныя вокнамі з глыбокімі адхонамі, скляпенні падвалаў, сховішчы і патайныя праходы — сведчыць аб яго даволі старажытным паходжанні, магчыма з XVII ст.

У 1850–1855 гг. Канстанцін Незабытоўскі ажыццяўляе грунтоўную перабудову старасвецкай сядзібы па праекту архітэктара Адама Іджкоўскага. Кіраваў работамі вядомы на Гарадзеншчыне архітэктар Аляксандар Градзецкі, які пасля сканчэння ліцэя ў Крамянцы з 1832 па 1861 г. працаваў на Гарадзеншчыне. У выніку старажытны будынак барочнага стылю набыў выразныя рысы позняга класіцызму.

Яго воблік даносяць да нас дзве акварэлі Н. Орды, напісаныя ім паміж 1861 і 1877 гг. пры Канстанціне Незабытоўскім. Мастак-краязнавец паказвае рэзідэнцыю памешчыка з параднага ўязнога боку. Гэта двухпавярховы палац з цэнтральным рызалітам і тэрасай, якую падтрымлівае каланада. Франтальны фасад, рытмічна расчлянёны девяццю шырока пастаўленымі вокнамі, у цэнтральнай сваёй частцы вылучаецца невялікім трохвосевым рызалітам з порцікам на ганку. Чатыры сціплыя тасканскія калоны, якім на сцяне рызаліта адпавядаюць карынфскія пілястры, нясуць фрыз з разеткамі і метопамі і падтрымліваюць балкон. Адметнай асаблівасцю порціка з'яўляецца размяшчэнне прыступкаў ганка не знадворку, а ўнутры. Калоны тут не толькі адыгрываюць дэкаратыўную ролю, але служаць канструкцыйнымі элементамі — апорай шырокай тэрасы другога паверха, дзе знаходзіцца парадная зала. Тэрасу ганка і верхні балкон аблямоўвае ажурная арнаментная каваная агароджа. Па ўскрайках фасада порцік кампазіцыйна падтрымліваюць моцна высунутыя наперад аднавосевыя рызаліты — у мінулым, верагодна, алькежы. У дэкоры выкарыстаны традыцыйны арсенал класікі — рустоўка, пілястры, сандрыкі і інш. Участкі сцен паміж рызалітамі раскрапаваны нішамі, якія імітуюць «сляпыя» вокны, і завершаны карнізам. Дзякуючы філёнгам над вокнамі, запоўненым лепкай, высокія плоскасныя сцены не выглядаюць манатонна. Вылучаюцца пакрытыя разьбой галоўныя ўваходныя дзверы. Надбудаваныя часткі па абодва бакі сярэдняга рызаліта маюць па аднаму трохчасткаваму акну з арачным праёмам у цэнтры. Двухпавярховы корпус палаца са схаваным за глухім парапетам дахам і бакавыя крылы ахоплівае прафіляваны карніз.

Паркавы тыльны фасад акцэнтаваны моцна высунутым пяцігранным эркерам у два паверхі, накрытым гранёным дахам і дэкарыраваным пілястрамі. На першым паверсе — дзверы, па аднаму акну ў бакавых гранях, на другім — тры акны па гранях і па аднаму на бакавых сценах. Паміж бакавымі двухаконнымі рызалітамі і эркерам створаны слуповыя лоджыі. Класіцыстычную архітэктуру фасада парушае простакутная ў плане аднапавярховая, поўнасцю зашклёная прыбудова да эркера зімовага сада, прыступкі якой вядуць да парка.

Абодва шасцівосевыя бакавыя фасады па цэнтру таксама мелі рызаліты. Вуглавыя рызаліты-алькежы спярша, трэба меркаваць, з фігурнымі барочнымі завершамі, у час перабудовы набылі простыя двухсхільныя дахі.

Першапачаткова рэгулярную сіметрычна-восевую двухрадную анфіладную планіроўку палаца, характэрную для палацава-сядзібнай архітэктуры барока, у XIX ст. грунтоўна змянілі. Шэраг парадных залаў перагарадзілі, павялічыўшы такім чынам колькасць жылых памяшканняў. Згодна з крыніцамі, датаванымі да 1939 г., у сярэднім рызаліце пры ўваходзе знаходзіўся вялізны вестыбюль з аднамаршавай лесвіцай ў тыльнай частцы. З правага боку мелася два пакоі, створаныя падзелам вялікай квадратнай залы. Левы бок застаўся нязменным і быў заняты «блакітным» салонам. Адпаведна ў тыльнан анфіладзе размяшчалася вялізная, выцягнутая па папярочнай восі бальная зала, якая выступала гранёным эркерам і першапачаткова займала два паверхі. З правага боку да яе далучалася бібліятэка, з левага — «ружовы» салон. Абодва асвятляліся трыма вокнамі, што выходзілі на лоджыі. «Блакітны» і «ружовы» салоны злучаліся паміж сабой папярочным акругленым праходам, дэкарыраваным арнаментальнай лепкай. Пакоі ў бакавых папярочных крылах прызначаліся для жылля. Найбольшы з іх — абедзенная зала — выступаў на галоўным фасадзе левым рызалітам. У яго можна было трапіць з абодвух салонаў. Гэтаму памяшканню, а таксама кабінету гаспадара з паркавага боку адпавядалі крэдэнс і гасціная. Правы рызаліт займала вялізная спальня і некалькі пакояў для абслугоўвага персаналу.

На другім паверсе пасярэдзіне палаца знаходзіліся лесвічная клетка і тры малыя вузкія пакойчыкі над вестыбюлем. Два бакавыя з іх — гасціныя, сярэдні з акном-дзвярамі з'яўляўся праходам ад лесвіцы на балкон. Лесвіца вяла таксама ў авальную капліцу над бальнай залай. Два вялізныя пакоі на верхнім паверсе правага і левага крылаў выконвалі ролю гасціных.

Пакоі палаца былі абабіты шпалерамі. Іх колерам, у прыватнасці, абумоўлены назвы двух парадных салонаў — «блакітнага» і «ружовага». Падлога парадных апартаментаў укладзена ўзорыстым паркетам, набраным з разнатонавага дуба — ад светлых да цёмных адценняў. Па кутах стаялі белакафляныя грубкі XIX ст. Шэраг парадных і жылых памяшканняў ацяпляўся мармуровымі камінамі з барэльефамі. Столевыя сафіты, упрыгожаныя лепкай з матывамі акантавага лісця і вінаграднай лазы, абапіраліся на фігурныя кранштэйны. З ляпных разетак звісалі бронзавыя люстры. Бальная зала асвятлялася яшчэ і насценнымі хрустальнымі бра.

Памяшканні былі абстаўлены мэбляй першай паловы XIX ст., абітай ў тон шпалер. Сярод яе вылучаліся некалькі старажытных столікаў чырвонага дрэва з рознакаляровым мармуровым маркетры, секрэтэраў і люстраў у разных рамах. Бронзавыя кандэлябры і гадзіннікі, дзве вазы на падстаўках, фігуркі саксонскага фарфора, два агромністыя персідскія дываны на падлозе салонаў дапаўнялі абсталяванне палацавых інтэр'ераў.

Асаблівую каштоўнасць уяўляла калекцыя жывапісу — больш за сто карцін пераважна італьянскіх майстроў, у тым ліку карціны рэлігійнага зместу ў капліцы. Сабраў яе ў асноўным Канстанцін Незабытоўскі ў час сваіх вандраванняў па Італіі. Уладальнік сядзібы быў не толькі аматарам мастацтва. Ён меў таксама багатую бібліятэку ў некалькі тысяч тамоў. На жаль, мэбля ў стылі ампір і мноства карцін, якія ўцалелі ў рэвалюцыйнае ліхалецце, у 1939 г. загінулі.

Палац акружаў парк плошчай больш за 10 га. Аб яго старажытным паходжанні (XVIII ст.) сведчаць прамыя алеі і круглыя ліпавыя альтанкі, уласцівыя рэгулярнай планіроўцы. У XIX ст. парк набывае модны англійскі стыль з пейзажнай арганізацыяй навакольнага ландшафту. Яго тэрыторыя падзялялася на дзве часткі. Адна з іх — тая, што перад палацам, уяўляла сабой вялізны авальны, абсаджаны невысокімі дрэвамі газон, які агінала пад'язная дарога. Прастора перад палацам, такім чынам, заставалася раскрытай, франтальны фасад незаценены. Высокая мураваная агароджа са штыкетам абкружала ўвесь парадны двор. Арыгінальнасць арганізацыі гэтай часткі палацава-паркавага ансамбля заключалася ў размяшчэнні ўезда не па прадольнай восі палаца, а па баках ад параднага двара. Перад палацам, сіметрычна справа і злева, стаялі дзве мураваныя брамы з трох слупоў, пастаўленых паўкругам і аб'яднаных прафіляванымі шчытамі і каванымі варотамі. Левая брама служыла парадным уездам, правая вяла да агарода і пладовага сада. На краі газона па сярэдняй восі будынка змяшчаўся арыгінальнай архітэктуры свіран. Яго ніжняя мураваная частка, квадратная ў плане, была раскрапавана панелямі са «сляпымі» вокнамі гатычнай стральчатай формы. Першы ярус апяразваў арнаментальны гатычны фрыз. Другі ярус абкружала драўляная галерэя з падчэнямі на тонкіх слупах. Дах завяршала шасцігранная вежачка са «стажковым» купалам.

У глыбіні двара, за групай дрэў, хаваўся мураваны будынак стайні для выязных экіпажаў. Гэты аднапавярховы простакутны ў плане аб'ём пад гонтавым дахам з двухпавярховым рызалітам у цэнтры галоўнага фасада завяршаўся паўкруглай аркай і такой жа формы акном. Паўкруглымі вокнамі і пілястрамі паміж імі былі расчленены ўсе фасады будынка.

Другая рэгулярная частка парка прасціралася з тыльнага боку палаца ў выглядзе геаметрычнай сеткі квадратных і простакутных участкаў, размежаваных дарожкамі. Яе абкружалі тры шырокія алеі. Дзве з іх, ліпавая і арэхавая, адыходзілі перпендыкулярна ад дома, а паралельная яму, таксама ліпавая, замыкала чатырохкутны ўчастак парка. «Зялёныя альтанкі» ўздоўж гэтай алеі і ў цэнтры газона і дэкаратыўныя калоны з каменю ўпрыгожвалі прастору. На ўскраіне парка пад старой раскідзістай ліпай ляжалі два часаныя мемарыяльна-культавыя валуны. Наяўнасць у пейзажным парку гістарычна-мемарыяльных рэліквій — традыцыя арганізацыі рамантычных пейзажных паркаў XIX ст.

Летам 1895 г. тагачасны ўладальнік сядзібы Станіслаў Канстанцінавіч Незабытоўскі атрымаў дазвол на будаўніцтва бровара, праект якога склаў губернскі архітэктар Палікарпаў. На тэрыторыі фальварка былі пабудаваны дзве вялізныя гаспадарчыя мураваныя пабудовы ў рэтраспектыўна-гатычным стылі.

Анелінская сядзіба

Маёнтак Анелін (Быхаўскі р-н Магілеўскай вобл.) у другой палове XVIII ст. з'яўляўся валоданнем Сапегаў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшоў да Людвіка Выкоўскага, а потым да яго брата Мечыслава. У пачатку XIX ст. чарговы ўладальнік Аляксандар Выкоўскі збудаваў тут драўляную сядзібу, якую пашырыў яго сын Станіслаў, далучыўшы да сядзібнага дома два бакавыя кароткія крылы. У пачатку XX ст. плошча маёнтка складала каля 2000 дзесяцін. Апошнім уладальнікам існаваўшай да 1939 г. сядзібы быў Людвік Выкоўскі.

Менавіта ўвасабленне ў дрэве форм і прыёмаў стылю класіцызму мураванага дойлідства надавала гэтаму архітэктурнаму помніку своеасаблівасць і каштоўнасць. Зрубавы простакутны ў плане аднапавярховы будынак на адносна высокім падмурку накрываў высокі вальмавы дах з паўкруглымі слыхавымі вокнамі. На галоўным працяглым фасадзе сіметрычна змяшчаліся тры ганкі, сярэдні з якіх вылучаўся павялічаным маштабам і меў двухсхільны шчыт, абапёрты на чатыры драўляныя калоны. Меншыя бакавыя ганкі былі аналагічнымі, але двухкалоннымі. З тыльнага фасада вось сіметрыі адзначалася тэрасай, на якую выходзілі дзверы галоўнай параднай залы. Неатынкаваныя сцены фасаду рытмічна расчляняліся простакутнымі вокнамі ў ліштвах. Сілуэт будынка ўзбагачалі дзве зашклёныя круглыя вежачкі-бельведэры, якія асвятляліся ў час дамовых святкаванняў.

Унутраная прастора дома ўключала каля 20 рознай велічыні пакояў: прасторны вестыбюль, галоўную залу, сталоўку, абсталяваныя мэбляй у стылі бідэрмеер, заснаваным на штучным адраджэнні стыляў мінулых эпох. Дом ацяпляўся кафлянымі грубкамі і двума камінамі. Цікавасць уяўлялі бібліятэка ў 3000 тамоў, калекцыя насякомых каля 10 000 экземпляраў, нумізматычная калекцыя ў 746 манет, экспазіцыя старажытных сякер каменнага веку з навакольных курганоў, а таксама збор шклянога посуду XVIII ст.

Парка пры сядзібе не было, яго замяняў вялізны пладовы сад, абкружаны з чатырох бакоў ліпавымі і арэхавымі алеямі. Перад домам знаходзіўся адкрыты кветнік з клумбамі і рабаткамі.

Поделиться с друзьями: