Страчаная спадчына
Шрифт:
Мяркуюць, што праект сядзібы распрацаваў італьянскі дойлід Джузепе дэ Сака ці Фрэдэрык Накс. Узведзены пры Антонію Тызенгаўзу сядзібны дом ў Аўгустове ўяўляў сабой невялікі аднапавярховы будынак з мансардай у цэнтры. Будынак накрываў высокі чатырохсхільны дах над бакавымі крыламі і паўкруглы над сярэдняй двухпавярховай часткай. Сярэдняя трохвосевая частка фасада вылучалася двухпавярховым рызалітам, падножжа якога складалася з пакрытай рустам аркады. Верх рызаліта, расчлянёны трыма арачнымі вокнамі і тасканскімі пілястрамі, атрымаў багаты дэкор у стылі Людовіка XVI. Панелі над вокнамі мелі ляпныя аздобы ў выглядзе выгнутых пад прамым вуглом раслінных узораў. Фрыз над пілястрамі быў набраны з трыгліфаў і метоп. Пасярэдзіне лучковага франтона, ахопленага прафіляваным карнізам, бачылася авальнае акно, абкружанае гірляндай з каронай. Ад авала разыходзіліся кветкавыя арнаменты. Больш сціпла выглядалі плоскасныя бакавыя часткі галоўнага фасада. Над нішамі на даху мясціліся круглыя люкарны. Галоўным акцэнтам паркавага фасада стаў сярэдні трохгранны рызаліт, крапаваны пілястрамі і дэкарыраваны фрызам. Тром высокім арачным дзвярам, якія вялі на паркавую тэрасу, наверсе адпавядалі высокія простакутныя вокны. Кветкавымі гірляндамі былі дакарыраваны і надаконныя панелі. Невялікі трохкутны, ахоплены карнізам франтон запаўняў авальны вянец з ніспадаючымі кветкавымі гірляндамі, у сярэдзіне якога памяшчаліся каралеўскія ініцыялы з каронай. Усе элементы дэкору, пафарбаваныя ў белы колер, выразна вылучаліся на жоўтым фоне атынкаванага фасада.
Першапачаткова сядзіба ўключала каля дзесяці памяшканняў, анфіладна размешчаных у два рады. У цэнтры на першым і другім паверхах меліся дзве вялізныя парадныя залы. Рызалітная частка дома з боку ўезда складалася з сярэдняга невялікага хола, правага крэдэнса і левай паўкруглай дубовай лесвіцы, якая вяла на другі паверх. Па правы і левы бакі рызаліта на фронту змяшчаліся па два жылыя пакоі. З хола праход вёў у прасторны паркавы авальны салон (у мінулым бальная зала). Яго ўпрыгожваў плафон на падугах і ўзорысты паркет. Сцены пакрываў фрэскавы роспіс, які імітаваў лёгкія драпіроўкі з бахрамой колеру бардо. Залу ацяпляў просты камін з вапняку, зроблены ў XIX ст. Да першай сусветнай вайны на сценах салона захаваліся два алейныя партрэты імператрыцы Кацярыны II, прыпісваемыя пэндзлю І.X. Лампі, і партрэт Паўла І невядомага мастака. Мэбля чырвонага дрэва і дванаццацісвечныя бронзавыя жырандолі адносіліся да стылю ампір. Некаторыя пакоі былі абсталяваны вельмі старой мэбляй, прывезенай з Італіі. У доме знаходзіліся творы з фарфору і серабра, цудоўная бібліятэка і фамільны архіў. З правага боку ад салона размяшчаўся другі простакутны салон. З плафона звісала дванаццацісвечная сярэбраная люстра. Па левы бок ад авальнага салона ішлі два жылыя пакоі з простакутнымі кафлянымі печамі XIX ст. У кабінеце стаяў камін накшталт каміна авальнага салона. Другі паверх меў адзіную тэатральную залу, да бакавых дзвярэй якой уздымалася лесвіца.
Дом абкружаў першапачатковы рэгулярны, потым пейзажны парк плошчай каля 20 га, высаджаны ў асноўным за домам. З боку ўезда цягнуўся круглы газон, які агінала шырокая дарога. На галоўнай восі размяшчалася ўязная брама з двух мураваных пілонаў, дэкарыраваных пілястрамі і завершаных прафіляваным карнізам і накрытых нізкім дахам. Абодва пілоны былі прабіты простакутнымі праёмамі і завяршаліся вазамі з гірляндамі. Ад брамы да дома вяла сцежка, якая падзяляла газон на два паўкругі. Па абодва бакі газона сіметрычна стаялі пяцівосевыя аднапавярховыя флігелі пад высокімі чатырохсхільнымі гонтавымі дахамі. Правы флігель служыў кухняй і кладоўкай, у левым месціліся адміністрацыя і службы. Паўкруглая агароджа са штыкетнікам паміж мураваных слупоў аб'яднала браму з флігелямі і домам у адзіны замкнёны архітэктурны ансамбль.
Адыходзячая ад сярэдніх дзвярэй авальнага салона ліпавая алея вяла да ўскраіны парка, высаджанага елкай, сасной, асінай, грабам, клёнам, бярозай і іншымі пародамі дрэў. Бліжэй да дома знаходзіліся два невялікія чатырохкутныя газоны з кветкавымі рабаткамі. Алеі з правага боку ахоплівалі працяглую сажалку, аб'яднаную каналамі з дзвюма іншымі сажалкамі, размешчанымі паблізу гаспадарчых будынкаў за кухонным флігелем. На адной з палян расла каласальнай велічыні лістоўніца, паводле мясцовага падання, пасаджаная яшчэ каралём. У канцы парк пераходзіў непасрэдна ў лес, а па правым баку — у агароды і сад. За перыяд з 1914 па 1919 г. пасадкі парка амаль цалкам загінулі.
Прысядзібная капліца, узведзеная па правым баку алеі, якая вяла да Нёмана, стаяла таксама сярод векавых дрэў. Яе абкружала высокая мураваная агароджа. Месца насупраць увахода займала мураваная двух'ярусная брама, якая адначасова служыла званіцай. Капліца была фундавана ў 1821 г. (закладная табліца вісела над уваходнымі дзвярамі). Па задуме фундатара графа Караля Медэма капліца мусіла нагадваць базіліку святых Пятра і Паўла ў Рыме. Квадратная ў плане, унутры яна мела форму ратонды. Купал, які накрываў капліцу, завяршаўся ліхтаром з крыжам. Уваход арганізаваны пад глыбокім двухкалонным порцікам. У алтары віселі абразы Маці Божай, а па баках — апосталаў Пятра і Паўла. У склепе капліцы знаходзілася крыпта з пахаваннямі рода Ланці і яго нашчадкаў О'Брын дэ Ланці.
Пры перакрыжаванні ўязной алеі з гарадзенскім загарадным трактам стаяла старая карчма, пабудаваная ў 1794 г. Знешнім выглядам яна больш нагадвала традыцыйную класіцыстычную панскую сядзібу. Гэты аднапавярховы простакутны ў плане будынак на скляпеністым цокалі накрываў чатырохсхільны дах. У яго сярэдняй трохвосевай частцы выступаў рызаліт з прысценным чатырохкалонным порцікам і тэрасай. Над рызалітам знаходзілася невялікая мансарда з простакутным акном. Карчма пасля рэканструкцыі і высадкі вакол яе парка служыла сядзібай графу О'Брын дэ Ланці да восені 1939 г.
Барбароўская сядзіба
Размешчанае ля сутокаў рэк Салакучы і Прыпяці старажытнае паселішча Барбароў (Мазырскі р-н Гомельскай вобл., старая назва Бабічы) мела абаронны, абкружаны валам і ровам замак, аб'яднаны з наваколлем пад'ёмным мостам. Стваральнікам замка (які існаваў яшчэ ў першай палове XIX ст.) з'яўляўся князь Ерамей Вішнявецкі. У далейшым Барбароў стаў каралеўскім уладаннем, а потым адышоў да роду Аскеркаў. За ўдзел Рафала Аскеркі ў паўстанні Касцюшкі Барбароў быў канфіскаваны расейскім урадам, трапіў у рукі Ван Голстава. Ад яго маёнтак набыў Ігнат Горват, род якога асеў у Мазырскім павеце яшчэ ў XVII ст. Затым у самым канцы XVIII ст. Барбароў атрымаў у спадчыну старэйшы сын Ігната Горвата Аляксандар, рэчыцкі харунжы. Наступны ўладальнік маёнтка ў XIX ст. — сын Аляксандра, таксама Аляксандар Горват, маршалак Кіеўскай губерні. Яго сын, трэці ў родзе, Аляксандар Горват быў апошнім уладальнікам гаспадаркі ў 16 000 моргаў (1 морг — 0,71 га) лесу, лугоў і ворнай зямлі.
Да першай сусветнай вайны тут існавала сядзіба. Вядомы яе будаўнік — дойлід з Рыгі Лунэбург. Ёсць звесткі, што сядзіба ўзнікла ў час жыцця мазырскага гарадскога суддзі Ігната Горвата. Двухпавярховы дом стаяў на высокім падмурку простакутнай формы. На дзевяцівосевым галоўным фасадзе выступаў чатырохкалонны порцік, які нёс антаблемент і трохкутны франтон.
Поле апошняга запаўняў гербавы картуш фундатара сядзібы. Пад франтонам знаходзіўся балкон з жалезнай балюстрадай. Плоскасны тыльны фасад вылучаўся ў цэнтры шырокай тэрасай. Асноўным дэкаратыўным элементам фасадаў былі надаконныя трохкутныя і гарызантальныя сандрыкі. Да бакавога фасада далучалася ашклёная прыбудова зімовага сада, канцылярыі і лазні.
Інтэр'еры сядзібы вырашаны ў стылі ранняга класіцызму. Першы паверх набыў жылое прызначэнне, другі выконваў ролю параднага. Налева ад вестыбюля знаходзілася сталовая ў тры акны, а направа — салон. Вельмі эфектна ўспрымалася бальная зала, якая займала ўсю сярэдзіну другога паверха і асвятлялася вокнамі, што выходзілі на абодва бакі дома. Яна мела разнатонны паркет, узорыстую абіўку сцен, апяразаных шырокім фрызам, стукавыя ляпныя аздобы, белую кафляную печ, а насупраць яе камін каляровага мармуру, вялізную бронзавую люстру і мэблю ў стылі Людовіка XV. Два прасторныя салоны, размешчаныя па левым баку бальнай залы, ад колеру абіўкі зваліся «зялёным» і «жоўтым». У доме, акрамя бібліятэкі і архіва, знаходзілася багатая калекцыя жывапісу, сярод якой згадваюць карціны Рэмбранта і Рубенса, Лампі, а таксама палотны Бачарэлі, Ваньковіча, Дамеля, Сухадольскага. Вялікая калекцыя скульптур, пазалочаных бронзавых кандэлябраў, падсвечнікаў, гадзіннікаў, выкананых у пецярбургскай майстэрні Хопіна, наборы саксонскага фарфору, для якога прызначалася спецыяльная зала, мноства хрусталю, фамільнага серабра — гэты збор мастацкіх твораў надаваў сядзібе яшчэ большую каштоўнасць. У палацавай аранжарэі вырошчваліся экзатычныя расліны: мірты, кіпарысы, пальмы, цытрусавыя.
Блізкасць шырокай ракі і невялікага возера адразу за палацам складала эфектнае прыроднае наваколле палаца. На высокім беразе Прыпяці быў разбіты пейзажны парк плошчай каля 5 га. Яго кампазіцыя складалася з дзвюх частак: ніжэйшай паўднёвай з палацам пасярэдзіне і высокай заходняй з садам, выцягнутай уздоўж лукавіны ракі. Да дома вяла ліпавая алея з мураваным арачным мостам праз невялікі ручай (рэшткі былога рова). За мостам стаяла брама ў выглядзе двух пабудаваных з цэглы неатынкаваных пілонаў, увенчаных балюстрадкамі і вазамі з гірляндамі. На пілоны навешаны каваныя створкі варот вытанчанага арнаментнага малюнка. Месца побач займала маленькая вартоўня. Перад палацам прасціраўся круглы газон, абодва бакі якога фланкіравалі аднапавярховыя флігелі пад высокімі чатырохсхільнымі дахамі. Па фронту яны мелі двухкалонныя порцікі, што неслі антаблемент з прафіляваным карнізам і трохкутны франтон з паўкруглымі люкарнамі. Паміж Прыпяццю і палацам сярод ліп праглядваўся старажытны свіран. Па другі бок парка, на адным з узгоркаў знаходзілася фамільная капліца-пахавальня. Галоўная алея парка пралягала паблізу высокага берага ракі і яе поймы. Адсюль бачыліся рэшткі замка Аскеркаў у Юравічах. На мысе стаяла альтанка, з якой расчыняліся цудоўныя краявіды на зарэчны ландшафт Прыпяці.
Бардзілавіцкая сядзіба
Каля 1840 г. Антон Міхал Корсак (1799–1876), які страціў сваю сядзібу і маёнтак Дзярновічы за ўдзел у паўстанні 1831 г. і быў асуджаны на год турэмнага зняволення і наступны паліцэйскі нагляд, набыў маёнтак Бардзілавічы (Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.), дзе пражываў да сваіх апошніх дзён. Ад яго Бардзілавічы перайшлі ў спадчыну да сына Пятра Міхала (1859–1922), які заставаўся ўладальнікам маёнтка ў 600 дзесяцін да 1917 г.