Страчаная спадчына
Шрифт:
Набыўшы Бардзілавічы, Корсакі зажылі ў існуючым там з XVIII ст. сядзібным доме правінцыяльнага выгляду. Драўляны, размешчаны на ўзгорку паміж Заходняй Дзвіной і лесам жылы будынак стаяў на даволі высокім простакутным у плане падмурку і меў высокі гонтавы дах з двума парамі паўкруглых акон-люкарнаў. Ашаляваныя фасады былі пафарбаваны ў зялёны колер, а з боку ўезда выступаў двухкалонны белы порцік з трохкутным франтонам. Такія ж франтончыкі ўпрыгожвалі ўваходныя дзверы і вокны.
У другой палове XIX ст. адбылася перапланіроўка, у выніку якой дом атрымаў у сярэдняй сваёй частцы анфіладную арганізацыю. Праз порцік і малыя сенцы можна было трапіць у прыхожую. Пакой, што прылягаў да яе з правага боку, служыў бібліятэкай, а два наступныя з'яўляліся жылымі. Вялікі пакой з левага боку прызначаўся для сталовай, далей ішло вуглавое жылое памяшканне. Сярэдзіну дома з тыльнага боку займаў прасторны простакутны салон, асветлены трыма вокнамі. Справа да яго прымыкалі жылыя і службовыя пакоі, налева — малы салон і вуглавы кабінет гаспадара.
Высокія сцены жылых пакояў дома былі абклеены шпалерамі, мелі ўзорыстыя паркеты і белакафляныя печы. Вялікі салон, абстаўлены стыльнай мэбляй, вылучаўся, найперш, паркетам, набраным у выглядзе вялікага залацістага вянка. У прасценках акон памяшчаліся чатыры вялікія люстры ў ампірных рамах. Пасярэдзіне параднага салона стаяў абкружаны крэсламі авальны стол, дзве сафы, а таксама сакрэтнік з бронзавымі дэкаратыўнымі накладкамі, парыжскія гадзіннікі ў мармуровай аправе. Дапаўняла інтэр'ер салона печ, завершаная карнізам расліннага арнаменту. У малым салоне адчувалася эклектыка: кафляны камін з каванай рашоткай расліннага арнаменту, шоўкавыя зялёныя парцьеры з выявамі паўлінаў, падвясныя свяцільнікі ружовага колеру на японскі манер, мяккая мэбля, рэпрадукцыі вядомых мастакоў. Уздоўж сцен бібліятэкі цягнуліся стэлажы з кнігамі, сярод якіх трапляліся вельмі старажытныя пергаментныя рукапісы. Атрыманы каштоўны кнігазбор сваіх продкаў Антон Корсак і яго сын Пётр папоўнілі шматлікімі падпіснымі перыядычнымі выданнямі па гісторыі, эканоміцы, паляванню. К 1917 г. бібліятэка налічвала некалькі тысяч тамоў на лацінскай, грэчаскай, французскай, італьянскай, нямецкай, расейскай і польскай мовах.
Да сядзібы, якая стаяла на ўзгорку, падыходзіў шырокі пад'езд у выглядзе паўкруглага пандуса, абмежаванага нізкай агароджай з ланцугоў і гліняных чаш-кветнікаў. Дзве брамы, замкнутыя паўкругам, афармлялі ўезд у двор. Цэнтр двара ўпрыгожваў акруглы газон з раскідзістай плакучай івай і дэкаратыўнымі кустамі, ружамі, бузіной, язмінам, спірэяй. Да сядзібнага дома вяла высаджаная італьянскімі таполямі алея. Па абодва яе бакі раслі дубы, клёны, ясені, ліпы, рабіны, акацыі, вербы і таполі. Парк прасціраўся і за домам, а далей цягнуўся сад.
Злева ад газона стаяў працяглы флігель, справа — стары аднапавярховы свіран, крыты высокім ламаным дахам. Галоўны фасад дома з неглыбокай двухкалоннай аркадай аздаблялі чатыры панелі, запоўненыя сюжэтным жывапісам. На адной з іх была прадстаўлена пара сялян, якія неслі сноп, на другой — вяртанне з палявання, на трэцяй — рог дастатку, на чацвёртай — краявід з замкам над ракой. У фальварку стаяў яшчэ адзін цікавы будынак — аграмадная адрына. З абодвух бакоў у яе разгружаліся падводы са збожжам, якія ўязджалі па спецыяльных памостах пад самы дах будынка і там ссыпалі груз у засекі.
Бацэвіцкая сядзіба
Калісьці вялізны маёнтак Бацэвічы (Клічаўскі р-н Магілеўскай вобл.) уваходзіў у склад Свіслацкага княства і з'яўляўся маёмасцю рода Гарабурдаў. Пазней яго набылі Радзівілы, з якіх Людвіка Карына Радзівіл у 1696 г. прадала Бацэвічы Станіславу Незабытоўскаму за 960 000 злотых. У руках Незабытоўскіх маёнтак заставаўся аж да першай сусветнай вайны. Апошнім яго ўладальнікам быў Караль Станіслаў Незабытоўскі (1865–1952), пасол у расейскую Дзяржаўную Думу ў Пяцербургу, а ў міжваенны перыяд — сенатар і міністр сельскай гаспадаркі ў польскім урадзе. На працягу XVIII–XIX стст. у Бацэвічах сфармавалася вялікая панская сядзіба, якая згарэла каля 1900 г. У пачатку XX ст. маёнтак займаў плошчу 14 250 моргаў зямлі. Узорная гаспадарка ўключала некалькі фальваркаў, млын, тартак, бровар, маслазавод, запалкавую фабрыку, механічны цагляны завод, фабрыку дрэнажных труб і мэблі, прыватны шпіталь для работнікаў з добра наладжаным медыцынскім абслугоўваннем.
У 1909 г. на месцы першапачатковага драўлянага сядзібнага дома быў узведзены мураваны двухпавярховы, пад высокім вальмавым дахам палац, вытрыманы ў стылі неарэнесансу. Простакутны ў плане будынак стаяў на цокальным паверсе і меў на франтальным фасадзе тры моцна вылучаныя рызаліты. Трохвосевы сярэдні рызаліт з трайной аркадай і двухпавярховай лоджыяй завяршаўся простакутным атыкам з упісаным у яго трохкутным прафіляваным франтонам. Аднавосевыя крайнія рызаліты акцэнтаваліся атыкавымі сценкамі. Пры трохвосевай сярэдняй частцы тыльнага фасада выступала шырокая тэраса, якая ахоплівала ўвесь паркавы бок палаца і нават заходзіла на бакавыя фасады. З-за схілу рэльефа яна абапіралася на высокія слупы. Крайнія псеўдарызаліты тыльнага фасада завяршаліся трохкутнымі франтонамі з круглымі люкарнамі ў цэнтры. Падобныя трохвосевыя рызаліты меліся і на тарцовых фасадах. Ніжняя частка будынка дэкарыравана рустам, а простакутныя вокны — гарызантальнымі сандрыкамі. Паверхі адмяжоўваліся буйнапрафіляваным карнізам.
Інтэр'еры палаца, мяркуюць, адрозніваліся раскошным аздабленнем. Па захаваўшыхся фотаздымках бачна, што перакрыццё вестыбюля абапіралася на магутныя канеліраваныя слупы з капітэлямі. У апартаменты вялі дзверы, узятыя ў канеліраваныя парталы з багата прафіляванымі перамычкамі і супрапортамі са стукавымі фігурнымі барэльефамі. Сярод твораў мастацтва вылучалася калекцыя старажытных гадзіннікаў, урэцкага шкла, сеўрскага і саксонскага фарфору. Адразу за вестыбюлем змяшчалася памяшканне зімовага сада-салона, якое займала вышыню двух паверхаў і выходзіла на паркавую тэрасу. Зімой гэта памяшканне ацяплялася пры дапамозе цэнтральнага ацяплення, якое праходзіла па ўсяму дому. Сярод экзатычных раслін гадаваліся фінікавыя пальмы.
Палац стаяў сярод вялікага маляўнічага парка, над шырокай поймай р. Ольсы. Па баках палаца раслі групы старых дрэў і дэкаратыўных кустоў. З ўсіх бакоў цягнуліся газоны, а шырока расчыненая прастора адкрывала краявід на раку і зарэчныя лугі. У глыбіні парка знаходзіўся вялікіх памераў двухпавярховы свіран з галерэяй. У падобным «этнаграфічным» стылі былі вытрыманы і астатнія гаспадарчыя будынкі старажытнай сядзібы.
Бачэйкаўскі палацава-паркавы ансамбль
На паўдарозе з Лепеля ў Віцебск на правым беразе ракі Вулы размешчана старажытнае мястэчка Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), гісторыя ўзнікнення якога адыходзіць у XVII ст. На яго тэрыторыі існаваў драўляны замак, чые фундаменты можна было бачыць яшчэ ў 1880 г. У 1626 г. замак абкружаў вялікі вастракол і глыбокі роў. За гэтым умацаваннем стаяў дом з невялікім паркам. Пасля шлюбу княжны Юліаны Мсціслаўскай са стольнікам Вялікага Княства Літоўскага старостам крэўскім і мельніцкім Нікадзімам Ціханавецкім (пам. 1549) уладанне на доўгі час, аж да 1917 г., перайшло ва ўласнасць рода Ціханавецкіх. Аднак Бачэйкава не было галоўнай фамільнай рэзідэнцыяй. Толькі ў 1780-ых гг. тут часова пражываў Юзаф Ціханавецкі (пам. 1801), генерал-маёр літоўскага войска, ад'ютант яго каралеўскай вялікасці, кавалер ордэна Белага Арла і святога Станіслава. Пры ім летам 1769 г, у Бачэйкаве быў пабудаваны палац спецыяльна для прыёма караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які меўся прыехаць да генерала Ціханавецкага на паляванне. Мяркуюць, што аўтарам праекта сядзібы з'яўляўся нейкі італьянскі дойлід. Потым тут стала асеў унук генерала Павел Ціханавецкі (1815–1883). Пасля яго бачэйкаўскую гаспадарку атрымаў у спадчыну малодшы сын Уладзіслаў (1860–1910) — апошні ўладальнік маёнтка да пажара ў 1910 г.
Пабудаваны пры генерале Юзафу Ціханавецкім аднапавярховы палац стаяў на высокім простакутным у плане паўпаверсе і накрываўся высокім чатырохсхільным медным дахам з авальнымі люкарнамі. З боку пад'езда ён уяўляў сабой даволі сціплы будынак у стылі класіцызму. У цэнтры пятнаццацівосевага франтальнага фасада выступаў чатырохкалонны тасканскі порцік. У тымпане яго трохкутнага франтона памяшчаўся герб Ціханавецкіх «Дубрава», выкананы ў тэхніцы стука на шэрым фоне. Фасад рытмічна чляніўся пілястрамі і высокімі простакутнымі вокнамі, якія вылучаліся на фоне гарызантальнай расшыўкі па тынкоўцы. Больш эфектна выглядаў заходні паркавы фасад, маштабна павялічаны за кошт схілу рэльефа, і таму меўшы манументальны палацавы характар. Яго дамінуючым акцэнтам з'яўляўся сярэдні паўкруглы крапаваны пілястрамі эркер з трыма арачнымі вокнамі пад сплюшчаным купалам, барабан якога быў дэкарыраваны поясам залацістых гірлянд. Да эркера прылягала абшырная паўкруглая тэраса з двухбаковым лесвічным каскадам з балюстраднай агароджай, якая вяла ў парк. Пад тэрасай знаходзіўся ўваход у жылы скляпеністы паўпаверх. Густыя аконныя пераплёты вытрыманы ў стылі барока XVIII ст.
У першапачатковым выглядзе палац праіснаваў да 1908 г., калі ў выніку перабудовы з мэтай павелічэння жылой плошчы страціў свае прапорцыі і архітэктурны стыль. Гладкі дах змяніўся на больш высокі мансардавы жылы паверх; адбылася замена франтона галоўнага порціка на балкон; узняты падкупальны барабан дваровага эркера, а над купалам размешчаны шпіль з гербавым флагштокам. Каб умацаваць заходнюю сцяну палаца, якая дала трэшчыну, у XIX ст. да яго далучылі аднапавярховае простакутнае ў плане крыло, накрытае чатырохсхільным дахам. Яно служыла для гасціных пакояў і для фамільнага архіва.