Страчаная спадчына
Шрифт:
Анінская сядзіба
Маёнтак Анінск размяшчаўся ў Полацкім ваяводстве (Себежскі р-н Пскоўскай вобл.) у маляўнічай мясцовасці на беразе возера Малая Альбята. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай сядзіба з першапачатковай назвай Воліна перайшла да расейскага арыстакрата Бакуніна. Аднак неўзабаве ў 1798 г. маёнтак у яго адкупіў полацкі падваявода Траян Корсак ці яго сын Еўзебіюш (себежскі маршалак). Менавіта тады паселішча атрымала новую назву ад імя Анеліі, старшай дачкі Еўзебіўша Корсака. Асноўнай рэзідэнцыяй Корсакаў яшчэ з XV ст. з'яўлялася сядзіба Дзярновічы ў тым жа Полацкім ваяводстве, секвестраваная царскім урадам. Паводле легенды, прычынай канфіскацыі Дзярновіч стаў канфлікт Траяна Корсака з расейскім афіцэрам, які дазволіў сабе непаважліва паставіцца да жонкі ўладальніка маёнтка і быў выкінуты праз акно. Пасля Еўзебіюша Анінск атрымаў у спадчыну яго сын Пётр, паўстанец 1831 г., таксама себежскі маршалак. У 1914 г. яго сын Браніслаў пакінуў маёмасць сваёй дачцэ Марыі Янкоўскай.
Траян Корсак набыў Анінск з невялікім мураваным сядзібным домам, на месцы якога збудаваў новы драўляны дом, значна большы, які праіснаваў да рэвалюцыі 1917 г. Сядзіба вядома па мемуарных успамінах уладальнікаў і па двух малюнках. На адным з іх, выкананым каля 1915 г. У. Корсакам, паказаны дом з боку ўезда, на другім, больш ранейшым, Напалеона Орды, — з боку парка і возера. Увогуле дом не атрымаў выразнай стылёвай характарыстыкі, але ў аб'ёмнай пабудове меў усе рысы традыцыйнай сядзібы памешчыка сярэдняй рукі XIX ст. Простакутны ў плане аднапавярховы будынак у цэнтры меў двухпавярховую пяцівосевую частку пад двухсхільным дахам. Вынасная тэраса галоўнага фасада трымалася на чатырох масіўных слупах з вісячымі бакавымі аркатурамі і ажурнай трыльяжнай агароджай. Пад тэрасу вялі бакавыя пандусныя ўезды для экіпажаў. Другая тэраса на тыльным фасадзе была ўзнята на аркадзе. Дом, накрыты гонтавым дахам, чляніўся на фасадах простымі простакутнымі вокнамі і выглядаў даволі сціпла. Унутраная планіровачная арганізацыя дома невядома. З гаспадарчых будынкаў на панскім двары існавалі свіран, лядоўня і бровар.
Перад домам быў разбіты вялізны газон. За правым флігелем цягнуўся пладовы сад, абкружаны лесам з прагулачнымі сцежкамі і цудоўным возерам. Каля мастка на ўзгорку стаяла гранёная капліца. Тут жа, на возеры, высаджаны ліпамі востраў, які служыў месцам для адпачынку і прагулак. На завароце адной з алей размяшчалася фамільная грабніца ў выглядзе архаічнага свяцілішча з гранітным крыжам. Участак плошчай 10 га займаў так званы «новы сад».
Арэхаўнянская сядзіба
Старажытны маёнтак Арэхаўна (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.) з'яўляўся ўласнасцю Корсакаў. Дзісненскі староста Баркалап Корсак каля 1574 г. аддаў свае зямельныя ўладанні ў пасаг дачцэ Еве — жонцы Багдана Саламярэцкага. У 1591 г. яны прадалі Арэхаўна Лашмінскім, якія валодалі ім да 1693 г., калі маёнтак выкупіў Крыштаф Шчыт. Адна з пяці дачок Юзафа Шчыта адкупіла ў сясцёр сядзібу ў 1781 г. і стала адзінай уладальніцай Арэхаўна. У далейшым маёнтак атрымаў у спадчыну менскі кашталян Шымон Забела. У першай палове XIX ст. уладанне перайшло да яго малодшага сына Юзафа, які ў 1834 г. фундаваў у вёсцы царкву. Апошнім уладальнікам Арэхаўна быў Уладзіслаў Забела (1870–1932). На пачатак XX ст. ад сядзібы-крэпасці засталіся толькі равы і валы, засыпаныя падвалы і падземныя калідоры.
У другой палове XVIII ст. на ўскраіне старажытнага крапаснога рова стаяла невялікая сядзіба ў барочным стылі, збудаваная невядомым італьянскім архітэктарам. Яе сцены з моцных бярвенняў лістоўніцы былі ўзведзены на падмурку і скляпеністых падвалах, абапёртых на шасцігранныя слупы. У XIX ст. аднапавярховы простакутны ў плане дом пад ламаным дахам значна пашыраны, атынкаваны і пабелены, у выніку набыў класіцыстычны выгляд: галоўны фасад з двума чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі, на адным з вуглоў парушаўшая агульную сіметрычна-восевую кампазіцыю двух'ярусная вежа. Бакавыя лесвіцы на гладкім заходнім фасадзе вялі ў капліцу і падвалы.
Планіроўка дома была анфіладнай. Уваходны вестыбюль, аформлены ў «паляўнічым» стылі, уражваў шматлікімі мядзведжымі і воўчымі скурамі, мэбляй, аздобленай рагамі жывёлін. Направа ад прыхожай размяшчаўся шэраг спальных пакояў; налева — малая сталоўка з дубовым панельным аздабленнем. Ідэнтычнае аздабленне мела наступная ў анфіладзе вялікая сталоўка. Пакоі ацяпляліся кафлянымі грубкамі, асвятляліся каванымі люстрамі і бронзавымі сяміражковымі кандэлябрамі. Левая анфілада замыкалася вялізным кабінетам. Побач з ім з тыльнага боку дома знаходзілася капліца, злучаная шырокімі ашклёнымі дзвярамі з вялізным квадратным салонам, мэбліраваным у стылі Людовіка XIV. Над алтаром капліцы вісеў вобраз Маці Боскай Вострабрамскай, выкананы ў Вільні ў XVIII ст. Памяшканне, адведзенае пад бібліятэку, поўнасцю было зашыта панелямі чорнага дуба. Кнігазбор налічваў каля 1200 тамоў. Фамільны архіў, дзе меліся дакументы з XVII ст., і каштоўныя ювелірныя вырабы, пакладзеныя ў пачатку XX ст. у банкі Віцебска і Пецярбурга, у час рэвалюцыі 1917 г. зніклі. У арэхаўнянскай сядзібе захоўвалася каштоўная калекцыя карцін, сярод якіх творы Мурыльё, Фраганара, Дэлакруа, Вато. У зборы фарфору меліся мейсенскія і сеўрскія вырабы, фамільнае серабро, вынецыянская бронза. Цікавасць уяўляла калекцыя табакерак XVIII- першай паловы XIX ст. У канцы калідора знаходзілася лесвіца на вежу, першы ярус якой меў два жылыя пакоі, другі — вялізную квадратную залу, званую «мужчынская гасціная», дзе змяшчалася калекцыя рыцарскіх даспехаў, зброі, воінскіх атрыбутаў.
Перад домам цягнуўся вялікі травяны газон з кветнікамі і сонечным гадзіннікам. Злева ад газона стаяў драўляны аднапавярховы флігель з мансардавым гонтавым дахам, збудаваны ў XVIII ст. У ім знаходзіліся кухня, пякарня, пральня, жыллё дваровых. На адлегласці дзесятка метраў за домам стаяў свіран XVIII ст. у форме трох'яруснага шасцігранніка, накрытага гранёным ламаным гонтавым дахам. Заслугоўваў ўвагі будынак мураванай капліцы-пахавальні гетмана Юзафа Забелы, збудаванай у 1875 г. віленскім архітэктарам Віткоўскім. Яна стаяла на ўзгорку, за флігелем, на месцы старажытнай замкавай вежы. Мела трапецападобны план і гонтавы ламаны дах. Галоўны фасад завяршаў шчыт з гербавым картушам Забелаў. Інтэр'ер вызначаўся мармуровым аздабленнем.
Ва ўсходнім напрамку прасціраўся паркавы масіў, які абкружаў жылы дом і канцылярыю галоўнага ляснічага і адміністратара маёнтка. Далей у тым жа напрамку ішлі фальваркавыя будынкі: тартак, стайня, адрына, цагельня і кафляны завод, хата парубкаў. Па заходнім баку двара цягнуліся газоны з кветкавымі клумбамі, фруктовы сад. Парк плошчай каля 20 га быў спланаваны ў сярэдзіне XIX ст. Уладзіславам Марконі. З трох бакоў яго абмяжоўвалі старажытныя валы, з чацвёртага — рэчышча ракі. Пейзажны парк, раскінуты па паўночным баку жылога дома, даходзіў да маляўнічага возера з прыстанню. Сярод паркавых пасадак пераважалі бяроза, клён, ліпа, ясень, граб, бук, дуб, елка серабрыстая. На п'едэсталах стаяла некалькі беламармуровых скульптур, прывезеных з Італіі ў канцы XVIII- пачатку XIX ст., - Псіхея, Купідон, Апалон, Дыяна, Геркулес. З боку пад'язной дарогі, званай «напалеонаўскі тракт», да сядзібы вяла брама з выцесаных з каменя чатырохгранных слупоў, завершаных вазамі. У 1918 г. сядзіба была разрабавана і з часам поўнасцю знікла.
Асвейская сядзіба
Мястэчка Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.), што ляжыць на паўднёвым беразе вялізнага возера з той жа назвай, калісьці з'яўлялася цэнтрам вялікіх магнацкіх уладанняў. Упершыню яно ўпамінаецца ў дагаворы шасцігадовага перамір'я паміж каралём Аляксандрам Ягелончыкам і вялікім князем Іванам, заключаным у Маскве ў 1503 г. У 1505 г. кароль аддаў Асвею полацкаму ваяводу Станіславу Глябовічу. Затым мястэчка пераходзіць да роду Кішкаў. Віцебскі ваявода Станіслаў Кішка ў 1606 г. прадае сядзібу Льву Сапегу, нашчадкі якога ўтрымлівалі ўладанне каля 150 гадоў. У 1749 г. ад каад'ютара віленскага Юзафа Сапегі Асвея дастаецца менскаму ваяводу Яну Аўгусту Гільзену, аўтару «Кронікі інфлянцкай», вядомаму дабрачынцу каталіцкага будаўніцтва ў краі. Наступным уладальнікам Асвеі становіцца мсціслаўскі ваявода Юзаф Гільзен, які памёр у Рыме бяздзетным і таму завяшчаў маёнтак сваяку жонкі графу Казіміру Канстанціну Плятэру. Аднак той, не здольны ўтрымліваць маёнтак у 13 000 душ, адпісаў яго сваяку Яну Шадурскаму. У руках Шадурскіх Асвея заставалася на працягу стагоддзя. Ад Яна Шадурскага гаспадарка перайшла да яго сына маршалка шляхты Віцебскай губерні Ігната, а потым да сястры Ігната Казіміры. Яна ўступіла маёнтак свайму стрыечнаму брату Мікалаю, пры сыне якога маёнтак і прыйшоў ў заняпад. Перад першай сусветнай вайной Асвея перайшла ў расейскае дзяржаўнае валоданне.
Гільзены, а потым і Шадурскія жылі ў Асвеі ў вялізным палацы, які вылучаўся са шматлікіх панскіх рэзідэнцый Рэчы Паспалітай таго часу. Манументальная палацава-паркавая рэзідэнцыя была ўзведзена Янам Аўгустам Гільзенам у 1782 г. у стылі строгага класіцызму пад уплывам італьянскіх паладзіянскіх віл эпохі Рэнесансу. Непадалёк пад яго ж кіраўніцтвам узведзены прыгожы барочны касцёл місіянераў. Мураваны палац, вядомы па двух малюнках Н. Орды і фотаздымку пачатку XX ст., складаўся з галоўнага корпуса, аб'яднанага акруглымі кароткімі галерэямі-аркадамі з двума простакутнымі ў плане флігелямі. Двухпавярховы галоўны корпус палаца з нізкім ніжнім жылым і значна ўзнятым верхнім парадным паверхамі меў на галоўным фасадзе тры кампазіцыйныя акцэнты: павышаны сярэдні рызаліт і два меншыя бакавыя. Нязвычна сціплае вырашэнне набыў галоўны ўваход з невялікім выгнутым казырком. Значна больш цікава трактавана верхняя частка рызаліта, прабітая трыма вялізнымі арачнымі вокнамі, дэкарыраваная чатырма парамі прысценных тасканскіх калон на высокіх пастаментах. Яны неслі тонкапрафіляваны антаблемент з паяском сухарыкаў і трохкутны франтон у завершы. Архітэктурны дэкор абмяжоўваўся прафіліроўкамі, рустоўкай, ліштвамі простакутных акон, панелямі, міжпавярховым карнізам. Выгнутыя бакавыя галерэі першапачаткова мелі на першым паверсе прахадныя аркады, якія к канцу XIX ст. былі замураваныя.
Калі знешні выгляд палаца па-класічнаму строгі і аскетычны, дык інтэр'еры, наадварот, вылучаліся багатым дэкорам. У вялізным вестыбюлі, які займаў усю шырыню цэнтральнага рызаліта, знаходзілася парадная мармуровая двухмаршавая лесвіца. На другім паверсе размяшчалася абсталяваная ў стылі Людовіка XV люстраная бальная зала, якая блішчала адлюстраваннем соцень свечак, што звісалі з плафонаў.
Падлога залы і суседніх салонаў была пакрыта ўзорыстым паркетам, набраным з разнатонных парод дрэва. Акрамя бальнай і сталовай залаў, салонаў, кабінета і будуара ў верхнім паверсе мясцілася бібіятэка. У адным з крылаў быў створаны двухпавярховы зімовы сад, у якім раслі экзатычныя дрэвы і расліны: магнолія, пальмы, цытрусавыя і інш.