Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Перад палацам раскінуўся вялізны адкрыты газон і дзве выцягнутыя па папярочнай восі сажалкі з пад'ёмным мостам праз канал, што іх злучаў. З правага боку пры ўездзе стаяў барочны касцёл. Высаджаны за палацам вялізны пайзажны парк, арганічна злучаны з возерам, займаў плошчу больш за 30 га. Ён пераходзіў у лесапарк, які меў звярынец плошчай каля 10 га. Аснову паркавай кампазіцыі складалі маляўнічыя курціны на адкрытых палянах. Раўнінная мясцовасць абумовіла стварэнне тут двух насыпных узгоркаў з альтанкамі. Парк перакрыжоўвалі каналы і сажалкі з дэкаратыўнымі масткамі, штучнымі выспамі. Стваралася ўражанне астраўнога размяшчэння цэнтральнай часткі парка. Складаная водная сістэма насычалася ад возера праз галоўны канал. Раскоша палацава-паркавага ансамбля захоўвалася да 1914 г., калі з пачаткам першай сусветнай вайны ён быў разбураны. Зараз тут сярод парадзелага парка сіратліва ўзвышаюцца рэшткі сцен былога палаца.

Астраглядская сядзіба

Астрагляды (раней Астраглядавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.) першапачаткова з'яўляліся ўласнасцю Вішнявецкіх, потым Чарлінскіх і Ракіцкіх. Тэкля Ракіцкая прыўнесла маёнтак каля 1810 г. як пасаг ва ўладанне свайго мужа Ўладзіміра Прозара з Хойнікаў. Такім чынам агульнае ўладанне Прозара ў першай палове XIX ст. займала плошчу каля 80 000 дзесяцін. Ад Уладзіслава Прозара маёнтак атрымаў у спадчыну яго сын Мечыслаў, а потым унук Канстанцін. Апошні, даведзены да галечы, прадаў маёнтак расейскім уладам. Аднак стварэнне ў доме лазні прывяло да пажару, які знішчыў увесь будынак. У 1912 г. па найвысачэйшаму дазволу Астрагляды, а дакладней голыя сцены, набыў Альгерд Гардзіалкоўскі з Друцку.

Прозары валодалі палацавай рэзідэнцыяй у Хойніках. Уладзімір Прозар, атрымаўшы ў спадчыну Астрагляды, узводзіць тут у 1810-1820-ых гг. яшчэ адзін палац у стылі ампір па праекту дойліда Генрыха Марконі. Аднапавярховы дом меў П-падобны ў абрысе падмурак: да бакоў галоўнага фасада далучаліся кароткія перпендыкулярныя крылы. У цэнтры выступаў рызаліт з каланадай, якая несла дарычны антаблемент і тэрасу перад мансардай. Пад порцікам знаходзіліся арачныя дзверы і вокны з трохкутнымі франтончыкамі. Дэкор аднапавярховых крылаў абмяжоўваўся паўкруглымі надаконнымі, аб'яднанымі гарызантальнай цягай броўкамі і шырокім дарычным фрызам з трыгліфамі ў завершы. Пасярэдзіне тыльнага фасада размяшчалася тэраса з бакавымі сходамі ў парк, а па баках вылучаліся рызаліты. Будынак у цэнтральнай частцы накрываў высокі чатырохсхільны дах з франтонам, над бакавымі крыламі — трохсхільны.

Палац меў двухрадную анфіладную планіроўку. З боку порціка змяшчаўся дэкарыраваны ў «паляўнічым» стылі вестыбюль з кафлянай печкай, вялізным камінам і вітымі сходамі на другі паверх. Дзверы, выкананыя з чырвонага дрэва з інкрустацыяй, вялі ў прасторную сталовую пад блакітным плафонам, упрыгожаным зоркамі і маладзіком. Са сталовай направа можна было трапіць у вялікую бальную залу, якая асвятлялася парамі вокнаў ад фронту і тылу. Далей знаходзіліся чатыры жылыя пакоі. Па левы бок вестыбюля размяшчалася гасціная, будуар гаспадыні і чатыры жылыя памяшканні. Вялізны пакой другога паверха прызначаўся пад бібліятэку, за якой знаходзіўся гардэроб гаспадыні Канстанцыі Прозар. Падлога парадных апартаментаў, выкладзеная ўзорыстым паркетам з ясеню, чорнага дубу, грушы і іншых драўляных гатункаў, удала спалучалася са сценавымі панелямі, дэкарыраванымі ў тэхніцы стука; кафляныя печы і мармуровыя каміны таксама з'яўляліся дэкаратыўнымі элементамі інтэр'еру.

Уязная брама мела «ваяўнічую» трактоўку ў выглядзе навешаных на высокія мураваныя слупы каваных варот з пік і рымскіх вянкоў. Па яе баках размяшчаліся дзве вежы-вартоўні з купальным пакрыццём, завершаным чыгуннымі дэкаратыўнымі пінаклямі. Ад брамы вакол газона праходзіла шырокая ліпавая алея. Па абодва бакі газона перад палацам стаялі дзве невялікія афіцыны з чатырохслуповымі ганкамі. За палацам раскінуўся пейзажны парк, высаджаны на плошчы ў 5 га ліпай, дубам, платанам, пірамідальнай і італьянскай таполяй, мноствам дэкаратыўных кустоў. Праз гэтыя пейзажныя пасадкі ад палаца адыходзіла прамая алея, замкнёная чатырохкутным вялізным газонам. Цэнтрам складанай воднай сістэмы з'яўляўся востраў дыяметрам 200 м, абкружаны шырокім каналам, злучаным з асноўным вадаёмам. Тэрыторыю сядзібы абмяжоўвала ажурная мураваная агароджа, па фронту якой праходзіў гасцінец, высаджаны векавымі платанамі і таполямі.

Астрашыцка-Гарадоцкая сядзіба

Сядзіба графаў Тышкевічаў у Астрашыцкім Гарадку (Менскі р-н) размяшчалася за кіламетр ад вёскі на шырокім узгорку сярод маляўнічага лесу паблізу вялікага возера. Пасля смерці Міхала Тышкевіча тут жыла яго ўдава Марыя (пам. 1902). Наступным уладальнікам маёнтка агульнай плошчай каля 8500 дзесяцін стаў старэйшы сын Міхала — Юзаф Тышкевіч. Пасля смерці маці ён падарыў гэты маёнтак нявестцы Клемянціне Патоцкай. Апошнім уладальнікам маёнтка быў яе муж Альфрэд Тышкевіч.

У XVIII–XIX стст. тут існаваў апісаны ў інвентары 1650 г. драўляны замак, абкружаны абароннымі сценамі з чатырма вуглавымі вежамі, ровам і сажалкамі. Мост, перакінуты праз роў, падводзіў да трох'яруснай, фланкіраванай з двух бакоў вежамі і завершанай высокім шатром брамы-вежы «прускага муру». Злева ад брамы ўнутры замка стаяў аднапавярховы драўляны палац, за ім уздоўж сцяны размяшчаліся варыўня, кухня, пякарня, псярня, лазня, бровар. Справа ад брамы стаяў дом «прускага муру». Перад замкам знаходзіліся стайня, вадзяны млын і тартак.

У інвентары 1745 г. апісана сядзіба, у якую ўваходзілі драўляны палац (шэраг жылых, гаспадарчых, парадных пакояў з выхадам у бок звярынца), некалькі гаспадарчых будынкаў, фальварак з двума жылымі будынкамі, пякарня, стайня, абора, бровар і інш. За сядзібай знаходзілася сажалка з млынам.

Каля 1855 г. быў пабудаваны мураваны палац у стылі рэтраспектыўнай готыкі. Аднак праз некалькі гадоў пасля ўзвядзення дом згарэў, але ў 1876 г. быў адбудаваны і дабудаваны левы корпус. Праіснаваў да першай сусветнай вайны.

Адзінай ілюстрацыяй, якая дае ўяўленне аб сядзібе, з'яўляецца малюнак Н. Орды другой паловы XIX ст. На ім паказаны як адбудаваная, так і ўзведзеная побач новая частка палаца. Прыбудовы не парушаюць архітэктурнай цэльнасці будынка. Новы мураваны атынкаваны палац складаецца з двухпавярховых простакутных у плане цэнтральнага і двух бакавых аб'ёмаў, аб'яднаных паміж сабой аднапавярховымі крыламі. На галоўным фасадзе выступаюць рызалітамі бакавыя аб'ёмы, да цэнтральнага рызаліта прымыкае простакутная ў плане прыхожая з вялізнай тэрасай наверсе, якая злучаецца з параднай залай другога паверха. У палацы знаходзіцца капліца, а побач стаяць рэшткі спаленага крыла з высокай квадратнай яруснай вежай, а з другога боку далучаецца невялікі павільён у выглядзе класіцыстычнай вілы з дзвюма калонамі на ганку.

Шырокую вядомасць сядзіба набыла ў 1850- 1870-ых гг. вялікай калекцыяй твораў прафесійнага і народнага мастацтва, сабранай на працягу многіх гадоў Міхалам Тышкевічам. Да найбольш каштоўных належалі калекцыя вайсковых даспехаў XVI–XVII стст., збор жывапісу, старажытнага фаянсу, фарфору і шкла, а таксама калекцыя манет, прададзеная пазней Эмерыку Чапскаму ў Станькава (Дзяржынскі р-н).

Аўгустоўская сядзіба

У 1770-ых гг. літоўскі падскарбі Антоній Тызенгаўз пабудаваў для караля Станіслава Аўгуста ў наваколлі Горадні дзве блізкія па архітэктурнай трактоўцы сядзібкі, назваў іх імёнамі манарха «Станіславова» і «Аўгустова». Апошняя знаходзілася за 3 км ад горада на левым беразе Нёмана. У нязменным стане яна захоўвалася да першай сусветнай вайны, калі расейскае войска, адыходзячы ад Горадні, спаліла сядзібу.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэтае канфіскаванае расейскім урадам каралеўскае ўладанне перайшло ў прыватную ўласнасць. Кацярына II аддала Аўгустова генералу графу Маўрыкію дэ Ланці за яго заслугі ў час турэцка-расейскай вайны. У 1819 г. граф завяшчаў маёнтак, які налічваў з лесам, лугамі і фальваркамі каля 12 000 га, свайму пляменніку Патрыку О'Брыну — англійскаму капітану. Пасля яго смерці ўладанне перайшло да сына Аляксандра, а з 1908 г. засталося за ўдавой Габрыэляй Радавіцкай. У 1921 г. маёнтак быў падзелены на дзве часткі: сядзіба дасталася сыну палкоўніка расейскай арміі Цярэнцію О'Брын дэ Ланці, а карчма і фамільная капліца — брату Маўрыкію, які перабудаваў карчму на добрую панскую сядзібу.

Поделиться с друзьями: