Страчаная спадчына
Шрифт:
Ад сядзібы захаваўся левы флігель. Гэты будынак уяўляе сабой аднапавярховы, простакутны ў плане аб'ём, накрыты пакатым вальмавым дахам. Сцены будынка выкладзены з мясцовага бутавага каменю і атынкаваны. Іх вуглы раскрапаваны руставанымі цаглянымі лапаткамі, пад карнізам даха праходзіць пояс сухарыкаў. Ядром сіметрычнай кампазіцыі галоўнага фасада з'яўляецца масіўны чатырохкалонны порцік дарычнага ордэра, завершаны трохкутным франтонам з круглай люкарнай у тымпане. Уздоўж галоўнага фасада працягнуты фрыз, утвораны трыгліфамі. Паверхня сцен расчлянёна пілястрамі, паміж якімі высечаны простакутныя вокны з руставанымі ліштвамі. Тры ўваходы ў будынак — цэнтральны і два тарцовыя — вылучаны высокімі ганкамі. Унутраная планіроўка флігеля, строга сіметрычная адносна падоўжнай восі, мае анфіладную ўзаемасувязь памяшканняў. Пад будынкам скляпеністыя (цыліндрычныя і крыжавыя) падвалы, у якіх знаходзяцца топкі грубак жылых памяшканняў.
На тэрыторыі сядзібы перад палацам захавалася фамільная капліца-пахавальня (пад алтаром размешчаны склеп-крыпта для пахаванняў). У архітэктуры будынка ў стылі позняга класіцызму адчуваецца ўплыў нацыянальнага абарончага дойлідства. Храм унутры круглы ў плане, знадворку ахоплены дванаццаціграннікам. Простакутная апсіда накрыта двухсхільным гонтавым дахам, грані якога дэкарыраваны круглымі люкарнамі. Па баках увахода размешчаны круглыя ў сячэнні вежы з пакатымі шатрамі. Сцены крапаваны пілястрамі і апаясаны буйнапрафіляваным карнізам. Завяршае кампазіцыю галоўнага фасада трохкутны атыкавы франтон. Над простакутным уваходным парталам размешчаны ляпныя геральдычныя выявы (карона ў абрамленні гірлянд). Шматгранная прызма асноўнага аб'ёма накрыта пакатым гранёным шатровым дахам, згібы моцных сцен прарэзаны арачнымі вокнамі з глыбокімі адхіламі. Зала-ратонда капліцы перакрыта плоскай столлю. У яе прастору арачным праёмам раскрываецца памяшканне хор, арганізаваных над уваходным нартэксам. Паверхня ўнутраных сцен крапавана канеліраванымі пілястрамі. Пад столлю па ўсяму перыметру залы працягнуты лёгкі пояс сухарыкаў. Захаваліся цыліндрычныя з распалубкамі скляпенні ў апсідзе і прытворы. Па баках лучковага дзвярнога праёма ў сцяну западаюць невялікія конхавыя нішы для скульптуры. Памяшканні прытвора і апсіды аб'яднаны з залай арачнымі прасветамі, што надае ўнутранай прасторы ўрачыстасць і завершанасць.
Парк меў пейзажна-рэгулярную планіровачную арганізацыю. Вялізны газон перад палацам, ахоплены прамымі алеямі (захаваліся фрагментарна), складаў яго парадную частку. Пейзажная зона займала тэрыторыю за домам.
Лагойская сядзіба
Калісьці старажытнае мястэчка Лагойск абкружалі лясы са шматлікімі курганнымі могільнікамі і старажытнымі гарадзішчамі. Кронікі ўпамінаюць Лагойск пад 1104 г. у сувязі з расправай князя Ўладзіміра Манамаха з полацкім князем Усяславам. У братазабойчай вайне войскі князя Ўладзіміра захапілі гэта ўмацаванне. У 1128 г. Лагойск заваяваў полацкі князь Ізяслаў, узяў у палон усіх жыхароў. З той пары Лагойск пераходзіў да розных удзельных князёў і, нарэшце, дастаўся князю Скіргайлу як дарунак брата караля Ягайлы. У 1392 г. Лагойск належыць вялікаму князю Вітаўту, затым з'яўляецца каралеўскай маёмасцю. Кароль Казімір Ягелончык дарыць яго князю Аляксандру Чартарыйскаму. Пры князю Сямёну Чартарыйскім, камянецкім намесніку, у 1505 г. на Міншчыну напалі татарскія орды Махмеда Гірэя, якія захапілі і зруйнавалі драўляны, абнесены валам лагойскі замак. У 1508 г. Жыгімонт І Стары зноў пацвердзіў правы Чартарыйскіх на гэта ўладанне. Князь Сямён Чартарыйскі, страціўшы сыноў у час татарскай навалы, аддаў Лагойск у спадчыну сваім дочкам. У 1518 г. з Аляксандрай Чартарыйскай ажаніўся ваявода падляскі і маршалак каралеўскі Васіль Тышкевіч. Адкупіўшы ў 1525 г. рэшткі Лагойска ў сястры жонкі Сафіі, Васіль Тышкевіч стаў уладальнікам усёй Лагойшчыны, што і пацвердзіў сваім прывілеем ад 1528 г. кароль Жыгімонт I Стары. Васіль Тышкевіч на месцы спаленага татарамі ўмацавання паставіў новы замак і царкву. Лагойск — адзін з нямногіх беларускіх маёнткаў, які знаходзіўся ў руках 15 пакаленняў аднаго роду. Адзін з унукаў Васіля — вядомы вучоны Аляксандар Тышкевіч, прыняўшы ў Італіі каталіцызм, фундуе ў горадзе ў 1609 г. мураваны фарны касцёл, у якім ажыццяўлялася пахаванне лагойскай лініі роду Тышкевічаў. У 1706 г. шведы дашчэнту зруйнавалі новы лагойскі замак. На яго месцы ў канцы XVIII ст. Станіслаў Тышкевіч збудаваў касцёл і кляштар базыльян, зачыненыя ў 1834 г. і зруйнаваныя ў 1841 г.
Пій Тышкевіч (1756–1858), маршалак шляхты Барысаўскага павета, сябра Віленскай Археалагічнай камісіі, бацька вядомых калекцыянераў Канстанціна і Яўстафія, пабудаваў тут у 1815 г. новы вялізны ампірны палац. Будынак, узведзены на высокім паўпаверсе ў плане выцягнутага простакутніка, складаўся з трох частак: сярэдняга двухпавярховага пяцівосевага корпуса і двух бакавых рызалітаў, аб'яднаных у працяглую франтальную кампазіцыю чатырохвосевымі аднапавярховымі крыламі. Цэнтральная частка галоўнага фасада палаца была акцэнтавана шасцікалонным тасканскім порцікам. Яго калоны неслі магутны антаблемент з карнізам на дэнтыкулах і двух'ярусны атык. Фасады рытмічна чляніліся пілястрамі і простакутнымі вокнамі з сандрыкамі. Бакавыя крылы вылучаліся падвойнымі пілястрамі. Тыльны паркавы фасад адрозніваўся ад галоўнага толькі вырашэннем цэнтральнай часткі. У ёй выступаў не порцік, а трохвосевы паўкруглы эркер з шасцю калонамі ў прасценках і завяршальным атыкам з плаўнымі бакавымі выгінамі. Адсюль па сходах тэрасы спускаліся ў парк. Атынкаваныя і афарбаваныя фасады ахопліваў карніз на дэнтыкулах. Пандус служыў перад порцікам пад'ездам да будынка.
Палац быў вядомы сваёй багацейшай археалагічнай калекцыяй, размешчанай у двух вялізных залах. Паміж імі знаходзілася круглая ці авальная зала. У палацы мелася бібліятэка ў 10 000 тамоў, збор медалёў і манет (1140 экспанатаў), ваенныя рэліквіі. У галерэі жывапісу былі прадстаўлены карціны мастакоў Шымана Чаховіча, Францішка Смуглевіча, Яна Дамеля, Яна Рустэма і Аляксандра Арлоўскага. Збор замежных мастакоў уключаў творы 47 карцін Каналета, Дамініка Земпера, Ваўвермана, Саламена, І.Калота, а таксама шэраг фамільных партрэтаў.
Палац стаяў на невялікім узвышшы сярод пейзажнага парка плошчай 6,2 га, выцягнутага ўздоўж правага берага ракі Гайны. Праз парк працякаў невялікі ручай з мураваным арачным мастом. Перад ім пры ўездзе стаяў невялікі домік-вартоўня. Двор упрыгожваў газон, абкружаны стрыжаным самшытам. Дзякуючы высечанай сярод гушчару дрэў шырокай просецы, праглядвалася дальняя частка парка. Яшчэ больш цудоўны краявід адкрываўся з тыльнай тэрасы палаца. Адсюль віднеліся рака, сажалка і далей зарэчны гай. Над сажалкай стаяла зяленая альтанка ў выглядзе высаджаных па кругу ліп. У дэндраскладзе панавалі ліпа звычайная і буйналістная, клён, ясень пенсільванскі. Палац перажыў першую, але загінуў у час другой сусветнай вайны. Захаваліся толькі фрагменты парку, замшэлыя падмуркі і рэшткі сцен галоўнага фасада палаца.
Малашчытненская сядзіба
Вёска Малыя Шчытнікі, што за 17 км на поўнач ад Берасця, вядома помнікам барочнай архітэктуры — касцёлам Сэрца Ісуса XVII ст. (з 1864 г. Пакроўская царква). Насупраць яго захаваўся падмурак і частка сцен шырокага мураванага сядзібнага дома. Аб старой сядзібе нагадваюць фрагменты парка і алеяў. Галоўная ўязная алея пераходзіла ў партэр перад домам. Насупраць дома ўзвышаецца касцёл. Стайня і іншыя гаспадарчыя будынкі з бутавай муроўкі стаялі адасоблена на адкрытай мясцовасці на захад ад панскага дома. З гэтага ж боку знаходзіўся вялізны пладовы сад. Асноўны паркавы масіў пейзажнай планіровачнай арганізацыі цягнуўся паўкругам за домам з цэнтральным адкрытым газонам і спускаўся да размешчанай ніжэй сажалкі.
Рэшткі сядзібнага дома, разбуранага, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, у 1961 г., дазваляюць уявіць яго архітэктуру і планіроўку. Будаўніцтва, верагодна, адносіцца да пачатку XX ст. (1905?), аб чым сведчыць неакласіцыстычны характар яго архітэктуры. Гэты двухпавярховы простакутны ў плане будынак з балконамі на бакавых рызалітах меў працяглы франтальны фасад. Асіметрычны ўваходны партал фланкіравалі паўкалоны. Па баках галоўнага фасада вылучаліся аднолькавыя рызаліты, а з тылу дома — шэраг простакутных у сячэнні слупоў. Цокаль будынка выкладзены з блокаў вапняку, сцены — з атынкаванай цэглы. Анфіладна размешчаныя пакоі дома «разбягаліся» па баках цэнтральнага вестыбюля і параднай залы. Пад будынкам захаваліся скляпеністыя падвалы гаспадарчага прызначэння з самастойным знешнім уваходам.
Манькавіцкая сядзіба
На мяжы XIX–XX стст., у перыяд архітэктурнай эклектыкі, рамантычная трактоўка сядзібы пад сярэдневякоўе ў шэрагу выпадкаў была звязана з глорыфікацыяй старажытнага роду вяльможы. Таму не мог не з'явіцца крыніцай натхнення і прадметам пераймання буйнейшы замак Радзівілаў у Нясвіжы. Нашчадкі Радзівілаў узвялі пад Столінам у маёнтку Манькавічы буйнамаштабную палацава-паркавую рэзідэнцыю «ў стылі Нясвіжскага замка». Гэту будаўнічую ідэю ажыццявіў у 1905 г. берлінскі дойлід Венцаль. Пасля разбурэнняў першай сусветнай вайны палац быў адноўлены ў 1922 г. архітэктарам Нагурскім. Аднак ліхалецце Другой сусветнай вайны знішчыла палац, толькі яго паркавае асяроддзе служыць сёння месцам адпачынку.
У архітэктуры будынка прасочваецца імкненне ўладароў Радзівілаў сцвердзіць сваё старажытнае паходжанне, рэпрэзентаваць яго сродкамі архітэктуры. У будынку без цяжкасцей угадваюцца формы і стыль Нясвіжскага замка. Асацыяцыі са старажытным магнацкім замкам выклікалі такія ж па форме высокая гранёная вежа-дамінанта з фігурным барочным купалам, парадная ўваходная арка, пластычныя мансардныя дахі пабудаваных «глаголем» карпусоў. Характэрная для мастацкай эпохі інтэрпрэтацыя інтэр'ера на модны «англійскі густ» (гатычны). Сярэдневяковую суровасць апартаментаў падкрэслівалі шматлікія паляўнічыя трафеі, якія ператваралі кабінеты ў своеасаблівую музейную экспазіцыю. Палац быў абкружаны пейзажным паркам, закладзеным у 1885 г. і аснашчаны фантанамі, землянымі валамі, фігуркамі сфінксаў і металічнай каванай уязной брамай. Манькавіцкі парк, як і архітэктура палаца, таксама меў стылёвае адзінства з нясвіжскай княжацкай рэзідэнцыяй. Аднак у адрозненне ад яе замка, упісанага ў штучна створанае ландшафтнае асяроддзе, Манькавіцкі палац надзвычай таленавіта спалучаецца з цудоўным прыродным ландшафтам, эпічным краявідам, які раскрываецца з высокага левага берага ракі Гарыні на зарэчныя бясконцыя пойменныя лугі.
Масалянская сядзіба
Маёнтак Масаляны ў 5000 га (Бераставіцкі р-н Гарадзенскай вобл.) калісьці быў маёмасцю князёў Масальскіх, ад прозвішча якіх бярэ сваю назву сучасная вёска Масаляны. У першай палове XIX ст. ён належаў Юзафу Біспінгу. Дзве яго дачкі, якія не мелі дзяцей, каля 1850 г. перадалі родавы маёнтак свайму траюраднаму пляменніку Аляксандру Біспінгу разам з капіталам у 100 000 рублёў золатам. Род Біспінгаў паходзіў з Вестфаліі, дзе меў замак «Хаўс Біспінг», спалены ў 1651 г. У Вялікім Княстве Літоўскім яны абаснаваліся ў пачатку XVII ст. Фундатарам Масалянскай ардынацыі быў Юзаф Біспінг — палкоўнік войска княства Варшаўскага, вядомы сваім разгульным ладам жыцця і хвацкімі паляваннямі, нарадзіўшымі сярод мясцовага насельніцтва прымаўку «сабакі Біспінга заелі».