Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Цітваўнянская сядзіба

Вялікі памешчыцкі маёнтак у 15 000 моргаў Цітва (Пухавіцкі р-н Менскай вобл.) размяшчаўся ля ракі Пціч. Першапачаткова ім валодалі Швыкоўскія, пасля якіх амаль на 400 гадоў сядзіба перайшла да роду Янішэўскіх. Апошнім уладальнікам Цітвы да 1917 г. быў Мельхіёр Янішэўскі.

Прасторны драўляны дом, пабудаваны ў канцы XVIII ст. у стылі класіцызму, уяўляў сабой адзінаццацівосевы аднапавярховы будынак, узведзены на высокім цокалі простакутнай формы і накрыты высокім вальмавым дахам. Галоўны ўваход акцэнтаваны шырокім чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам. На фоне адкрытага зруба сцяны вылучаліся 10 вокнаў у белых ліштвах і пілястры з іанічнымі капітэлямі ў прасценках. З тыльнага боку дома порціку адпавядала тэраса. На мяжы XIX–XX стст. у сядзібе адбыліся грунтоўныя абнаўленні.

Анфілада дома аб'ядноўвала 14 пакояў, размешчаных у два рады. Найбольшы з іх, сталовая з дубовай мэбляй, змяшчаўся пасярэдзіне дома за вестыбюлем з боку парку і меў выхад на тэрасу. Правае крыло адводзілася пад парадныя памяшканні, два з якіх займалі невялікія гасціныя, упрыгожаныя ўзорыстым паркетам і мураванымі камінамі. Інтэр'еры пакояў насычалі творы мастацтва, фамільныя партрэты, хрусталь, старажытныя бронзавыя і драўляныя гадзіннікі. Мелася бібліятэка і архіў. Вялізны газон нерад домам абкружалі кусты і італьянскія таполі. Прагулачны парк са старымі ліпавымі алеямі пачынаўся за домам і цягнуўся ўздоўж ракі.

Чарлёнская сядзіба

Першы вядомы ўладальнік Чарлёны (Мастоўскі р-н Гарадзенскай вобл.) Міхал Масальскі, падстароста ваўкавыскі і пасол на сойм 1748 г., прадаў гэты маёнтак падканцлеру літоўскаму Міхалу Сапегу. Ад яго ў 1799 г. Чарлёну адкупіў князь Францішак Друцкі-Любецкі (1741–1802). Затым уладанне належала сыну Францішка Ксаверыю (1778–1846), вядомаму міністру фінансаў Каралеўства Польскага, а потым ужо Аляксандру (1827–1908), маршалку шляхты Гарадзенскага павета. Наступным уладальнікам з роду Друцкіх-Любецкіх быў Аляксандар Уладзіслаў (1864–1913), а апошнім — яго дачка.

Князь Францішак Друцкі-Любецкі на мяжы XVIII–XIX стст. пабудаваў тут вялізны драўляны дом, які стаў радавым гняздом больш чым на сто гадоў. Будынак уяўляў сабой аднапавярховы, шырокі і выцягнуты простакутны зрубны аб'ём, накрыты надзвычай высокім паўвальмавым гонтавым дахам. Па баках выступалі алькежы, крытыя самастойнымі нізкімі чатырохсхільнымі дахамі. Галоўны фасад у сярэдняй частцы вылучаўся ганкам на чатырох тонкіх драўляных калонах, якія падтрымлівалі шчыт з аркатурай. У яго полі знаходзіўся невялікі гербавы картуш. Да тыльнага боку дома прымыкала вялікая тэраса. Анфіладную планіроўку дома пацвярджае інвентар 1759 г. Сцены ўпрыгожвалі зялёныя атласныя шпалеры з раслінным арнаментам. Дэкор дапаўнялі люстры ў разных пазалочаных рамах, мармуровыя і драўляныя столікі, крэслы, шафы з мастацкай коўкай і распісной абіўкай. У доме захоўвалася вялізная калекцыя родавых рэліквій і твораў мастацтва. Адзін пакой служыў дамавой капліцай. Ашклёная галерэя злучала дом з суседнім будынкам кухні і пральні.

Стары «італьянскі» рэгулярны парк быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамай. На двары знаходзіўся круглы газон з кветкавымі клумбамі. У парку стаялі капліца, дзве відавыя вежы. Акрамя гэтага, сядзібны комплекс уключаў флігелі, гаспадарчыя будынкі, стайню з вазоўняй, трох'ярусную скарбніцу, накрытую гонтавым дахам, завершаным купалам.

Чарнаручанская сядзіба

Існаваўшая да другой сусветнай вайны сядзіба ў Чарнаруччы (Лепельскі р-н Віцебскай вобл.) была збудавана ў першай палове XIX ст. пры баронах Элснерах — уладальніках маёнтка да 1917 г.

Уяўленне аб сядзібе дае фотаздымак 1914 г. Гэта тыповы прыклад архітэктуры правінцыяльнага класіцызму. Аднапавярховы драўляны дом пад вальмавым дахам у цэнтры вылучаўся высокім мансардавым чатырохкалонным порцікам. Пад ім знаходзіўся балкон з каванай агароджай. Брусчаты зруб сцен чляніўся 10 простакутнымі вокнамі ў пабеленых ліштвах. Асаблівасцю аб'ёмнай арганізацыі дома з'яўлялася прыбудова да яе бакавых крылаў, перпендыкулярна звернутых у тыльны паркавы бок, ствараючы курданёр.

Дом вымалёўваўся на фоне пейзажнага парку, а перад сабой меў адкрыты круглы газон.

Чарнаўчыцкі палац

Старажытнае мястэчка Чарнаўчыцы (Берасцейскі р-н) вядома сваімі манументальнымі помнікамі архітэктуры XVI–XVIII стст. — дзеючымі царквой Параскевы Пятніцы і Троіцкім касцёлам. Але тут яшчэ існавалі замак і палац Радзівілаў. Замак складаўся з драўлянага аднапавярховага П-падобнага ў плане палаца з вялікай залай у цэнтры, быў абнесены мураванай сцяной з брамамі. Галоўны ўваход у палац вылучаўся ганкам з балюстрадай, а на тыльным мелася тэраса-галерэя. Палац абкружаў «італьянскі сад» з альтанкамі і гротамі.

У 1761 г. на тэрыторыі былога замка з'явіўся новы палац. Надзвычай арыгінальную кампазіцыю драўлянага будынка складалі асноўны васьмігранны трохпавярховы аб'ём з шлемападобным фігурным купалам і чатыры двухпавярховыя квадратныя ў плане вуглавыя крылы, аб'яднаныя аднапавярховымі перамычкамі з балюстраднымі тэрасамі на плоскім даху. Архітэктура палаца мела барочна-ракайльны характар: скульптурныя і арнаментальна-ляпныя ўпрыгожванні, сярод якіх пуцці, картушы, вазы і інш. Асабліва характэрна для стылю ракако размяшчэнне фігурнага картуша ў разрыве граняў франтона на другім паверсе галоўнага фасада і гуллівых пуцці над верхнім акном. Простакутныя вокны дэкарыраваны прафіляванымі сандрыкамі, ляпнінай, сцены — руставанымі лапаткамі, філёнгамі, карнізамі і міжпавярховымі цягамі.

Шчорсаўскі палацава-паркавы ансамбль

Магнацкая рэзідэнцыя ў Шчорсах (Наваградскі р-н Гарадзенскай вобл.) размешчана на пойменных тэрасах левага берага Нёмана. Найбольш ранняе ўпамінанне аб маёнтку звязана з заснаваннем тут каля 1265 г. князем Войшалкам Лаўрышаўскага манастыра (вёска Лаўрышава знаходзіцца за 3 км ад Шчорсаў пры ўпадзенні ракі Валоўкі ў Нёман). У Літоўскай Метрыцы Шчорсы ўпамінаюцца пад 1471 г., калі належалі роду Храптовічаў; а таксама ў інвентары сярэдзіны XV ст., якім карысталіся яшчэ ў XVIII ст. для вырашэння зямельных спрэчак у Наваградскім земскім судзе. Пасля смерці Яна Храптовіча ў 1564 г. яго маёмасць у 1583 г. пераходзіць сынам Яну і Адаму. У сярэдзіне XVIII ст. Марцін Храптовіч ліквідаваў церазпалосіцу ў маёнтку Шчорсы, выкупіў зямлю дробных уладальнікаў і да сваёй смерці ў 1766 г. сабраў вакол Шчорсаў значныя землі. У 1758 г. у Шчорсах згарэла адна са старажытных цэркваў на Наваградчыне, і М. Храптовіч фундуе на яе месцы новы храм. Але будуе яго наступны ўладальнік — Іаахім Літавор Храптовіч паводле праекта Дж. Сака пры ўдзеле Якуба Габрыэля ў 1770–1776 гг.

І.Храптовіч (1729–1812) быў канцлерам Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя актыўнага ўдзелу ў Адукацыйнай камісіі ён вядомы сваёй гаспадарчай дзейнасцю ў прыналежных яму маёнтках Шчорсы, Вішнеў, Бешанковічы. Упершыню ў Вялікім Княстве Літоўскім увёў севазварот. У Шчорсах вырабляліся колы і фурманкі, славутае піва, вялася племянная жывёлагадоўля, пераганяліся платы ў Прусію. З арандатараў ён спаганяў толькі 1/3 ураджаю з ніў і 1/2 з лугоў, а з мноства павіннасцей пакінуў толькі шарваркі, вартаўніцкую і падводную. Акрамя таго, юнакі 18–24 гадоў абавязкова служылі пры двары, дзе атрымлівалі добрае адзенне, плату за працу, харчаванне, навучаліся перадавому вядзенню гаспадаркі. Сялянскія надзелы складалі не менш чым 1/3 валокі і перадаваліся ў спадчыну старэйшаму сыну. Беззямельныя сяляне займаліся наёмнай працай пры фальварках, ганялі платы па Нёману. Умовы працы і жыцця ва ўладаннях Храптовіча прыцягвалі ў Шчорсы збеглых сялян з іншых мясцовасцей. Да 1770 г. шчорсаўскі маёнтак стаў адным з самых буйных у Вялікім Княстве Літоўскім.

Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай і падаўлення паўстання Касцюшкі ад секвестраванай і разрабаванай маёмасці ў Іаахіма Літавора Храптовіча застаюцца толькі Бешанковічы. І ўсё ж І.Храптовіч дабіваецца ад расейскага ўрада адмены секвестра, ажыццяўляе капітальны рамонт гаспадарчых будынкаў. Але, страціўшы былую гаспадарчую актыўнасць і энергію і адышоўшы ад спраў, пакідае Шчорсы сыну Адаму (1768–1844), які прадоўжыў пачынанні бацькі ў навуцы, асветніцтве, гаспадарчай дзейнасці. Адам будуе ў Шчорсах шпіталь для сялян, адчыняе для іх дзяцей некалькі школ, навучанне ў якіх аплачвае сам. У выпадку стыхійных бедстваў і няшчасных выпадкаў ён вызваляў пацярпелых ад падаткаў і павіннасцей, будаваў для іх сядзібы ў англійскім стылі.

Поделиться с друзьями: