Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Да дома вяла доўгая алея, высаджаная серабрыстымі і італьянскімі таполямі. Месца паміж брамай і порцікам дома займаў круглы газон. З усходняга боку ад яго стаяў працяглы аднапавярховы драўляны флігель, крыты чатырохсхільным дахам. У ім мясцілася кухня, кладовая і жыллё дваровых. З заходняга боку ў 1900 г. быў пабудаваны другі аднапавярховы флігель у адным стылі з домам. Першапачатковы простакутны план флігеля змяніўся, калі праз некалькі гадоў да яго сярэдняй часткі ад тыла далучылася кароткае крыло, а да паўднёвага боку ашклёная веранда. На галоўным фасадзе флігель меў двухкалонны ганак з трохкутным франтонам, а на краеніх восях адзначаныя пілястрамі псеўдарызаліты.

Шырокая тэраса, расчлянёная сцежкамі і кветнікамі, ахоплівала прастору паміж домам і ракой. Парк, закладзены пры Гераніме Кіеневічу, цягнуўся на захад ад дома адносна вузкай паласой каля аднаго кіламетра і перапыняўся ля берага Прыпяці. Невялікая частка парка, аб'яднаная з фруктовым садам, ляжала з усходняга боку дома. Тут, за шатамі дрэў хавалася невялікае заросшае возера са штучнай выспай і пастаўленай на ёй альтанкай. Галоўным акцэнтам парка была працяглая елкавая алея. Амаль на канцы пасадак, над самой Прыпяццю, стаяў драўляны аднапавярховы павільён «Бельведэр», накрыты востраканечным дахам, абапёртым на белыя калоны. Адсюль адкрываўся цудоўны выгляд на раку і сасновы лес на пагорку. Невялікую тэрыторыю займалі фамільныя могілкі з капліцай, узведзенай у сярэдзіне XIX ст. у рэтраспектыўна-гатычным стылі.

Дзярэчынскі палац

Акрамя ружанскай рэзідэнцыі, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандар Сапега меў буйны мураваны палац у мястэчку Дзярэчын (Зэльвенскі р-н Гарадзенскай вобл.), якое раней належала Капачэвічам і Палубіцкім. Першапачаткова будынак прызначаўся для навучальнай установы («Акадэміі»). Пасля смерці ў 1780 г. жонкі Магдалены Агнешкі Аляксандар Сапега пакінуў свае беларускія ўладанні і асеў у Варшаве, дзе і памёр у 1792 г. Маёмасць засталася адзінаму сыну Францішку. Ён прыстасаваў «Акадэмію» ў 1793 г. пад палац, у якім і пасяліўся пасля шлюбу з маладой жонкай. Новы ўладальнік упрыгожыў палац карціннай галерэяй, а перавезеныя сюды з Ружан бібліятэку і археалагічны кабінет узбагаціў мноствам новых паступленняў. Маёнтак быў секвестраваны ў 1831 г., і ўсе каштоўныя рэчы вывезены ў Пецярбург. У 1906 г. палац пераабсталяваны пад казарму. Разбураны паміж 1930 і 1933 гг.

Будаўніцтва палаца пачалося ў 1786 г. паводле праекта прыдворнага архітэктара Сапегаў Я. С. Бекера і дойліда Л. С. Гуцэвіча ў стылі класіцызму. Ён уяўляў сабой працяглы простакутны ў плане аднапавярховы корпус, сіметрыю якога падкрэсліваў магутны дарычны порцік з чатырох пар калон і франтонам у павышанай цэнтральнай частцы галоўнага фасада. Гэты выразны архітэктурны акцэнт будынка яскрава вылучаўся на фоне рытмічна расчлянёнага простакутнымі вокнамі ў панельным акаймленні фасада, завершанага глухім філёнгавым парапетам. Трохкутны франтон порціка запаўняў скульптурны герб уладальніка. Агульную сіметрыю будынка парушала аднапавярховая прыбудова да правага тарца. Адасоблена стаяў драўляны тэатральны будынак. Спецыяльна размаляваная мастаком К. Отэльсанам заслона на сюжэт купання Дыяны-паляўнічай у далейшым аддзяляла сцэну новага тэатра ў Вільні. Пасля 1795 г. будынак тэатра быў разабраны. Пры палацы меліся два бакавыя флігелі.

Палац акаймляў прыгожы тэрасны парк плошчай 18 га. Яго рэгулярную планіровачную структуру складалі прамыя каштанавыя і таполевыя шырокія алеі, сажалкі. Парк меў шэраг павільёнаў, аранжарэю, стайню, капліцу, свіран.

Дубайская сядзіба

Дубай (Пінскі р-н Берасцейскай вобл.) у XVII ст. з'яўляўся ўладаннем магната Альбрэхта Радзівіла, які ў 1635 г. падарыў яго пінскім езуітам пад летнюю рэзідэнцыю. Ад іх у канцы XVIII ст. маёнтак перайшоў да памешчыкаў Кужанецкіх, якія валодалі ім каля стагоддзя. У канцы XIX ст. яго выкупіў Карл Іленкер. Перад 1939 г. Марыя Выджына аддала сядзібу пад сельскагаспадарчую школу імя сваёй першай дачкі Яніны. Тут прайшлі дзіцячыя гады вядомага паэта Адама Нарушэвіча. Пасля разбурэнняў другой сусветнай вайны захаваліся сядзібны парк і капліца.

Да 1939 г. на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі існаваў раскошны сядзібна-паркавы ансамбль, сфармаваны яшчэ езуітамі ў першай палове XVIII ст. Выгляд сядзібы дайшоў да нас на акварэлі Н. Орды XIX ст. Мураваны палац — цэнтр агульнай кампазіцыі ансамбля, абкружалі флігелі, аранжарэя, цяпліца, справа стаяла капліца. Дом уяўляў сабой працяглы па папярочнай восі аднапавярховы будынак. Плоскасны галоўны фасад чляніўся чатырнаццаццю вялікімі простакутнымі вокнамі. У цэнтры над вальмавым гонтавым дахам узвышаўся мансардны паверх, завершаны трохкутным франтонам. Перад мансардай на чатырох слупах выступала тэраса. Будынак фланкіравалі дзве чатырохгранныя двух ярусныя вежы-алькежы. З боку парка дом меў гранёны рызаліт параднай залы, да якога далучаўся чатырохкалонны ганак пад аднасхільным дахам. У доме налічвалася шаснаццаць пакояў. Высокі падмурак з'яўляўся магутным скляпеністым падвалам.

Тэрыторыя парка, спланаваная на квадратным участку плошчай каля 11 га, абмяжоўвалася каналамі і сажалкамі. Першапачатковая планіроўка парка рэгулярнага сіметрычна-восевага характара ў XIX ст. пашырылася ў паўночным кірунку пейзажнай зонай. Прынцыну рэгулярнасці падпарадкоўвалася размяшчэнне палаца, флігеляў, капліцы, фантанаў, кветнікаў, баскетаў. Паркавы ландшафт уключаў аранжарэю, цяпліцы, масткі і інш. Цэнтральны ўезд у сядзібу фармавалі два руставаныя пілоны, якія падкрэслівалі падоўжную вось ансамбля. Два бакавыя пад'езды праходзілі па елкавых алеях. Асноўны зялёны масіў парка разам з ліпавымі пасадкамі з'яўляўся фонам для сядзібнага архітэктурнага ансамбля. Па абодва бакі параднага двара знаходзіліся простакутныя баскеты з пладовым садам. Прасторавая кампазіцыя парка засноўвалася на чаргаванні адкрытай прасторы палян і вадаёмаў з цяністымі алеямі. Прагулачныя маршруты пралягалі па алеях уздоўж каналаў і дамб. У парку раслі ў асноўным мясцовыя пароды дрэў: елка, ліпа, таполя, бяроза, сасна, ясень, а таксама піхта, лістоўніца, тсуга канадская, каштан, арэх грэцкі. Прынцыпу рэгулярнасці падпарадкоўвалася і арганізацыя воднай сістэмы парка: па восі за домам знаходзіўся круглы (дыяметр 30 м) стаў і шэраг простакутных сажалак, аб'яднаных каналамі з перакінутымі выгнутымі масткамі. Рыбныя садкі, выкапаныя на паўднёва-заходняй ускраіне сядзібы, пры дапамозе дамб забяспечвалі перапад вады і напаўнялі сажалкі і фантаны.

Па інвентары 1773 г. у сядзібу ўваходзіў вялізны лямус — трохпавярховы «на мураваным склепе» будынак з кругавой галерэяй. На першым паверсе мелася дзесяць памяшканняў: восем жылых, а ў цэнтры два свірны, куды ссыпалася збожжа; другі займала вялізная зала; трэцім з'яўлялася вежа.

Ад комплексу сядзібных пабудоў захавалася капліца, размешчаная ў паўднёва-ўсходнім баку ад былога палаца. Васьміграннасць архітэктурнага аб'ёму, вуглавыя пілястры, складанасць абломаў, шлемападобнае фігурнае заверша з гранёным ліхтаром надаюць капліцы барочную пластычнасць. Купал над уваходным тамбурам, вытанчаная прафіліроўка шматслаёвага карніза, а таксама вітражы і фрэскавы роспіс узмацняюць багацце аздаблення ацалелага будынка.

Дукорская сядзіба

Мястэчка і маёнтак Дукора (Пухавіцкі р-н Менскай вобл.) з даўніх часоў уваходзілі ў склад велізарных уладанняў Сапегаў. Ад іх перайшлі да Завішаў і Агінскіх. Апошні ўладальнік гетман Міхал Казімір Агінскі (1730–1800), трапіўшы ў цяжкае фінансавае становішча, прыцягнуў да абсталявання сядзібы адміністратара суседняга Смілавіцкага ключа Францішка Ашторпа і яго сваяка Станіслава Манюшку (пам. 1807), дзеда вядомага кампазітара. Менавіта гэтая фінансавая залежнасць вымушала гетмана прадаць апошнім дукорскі маёнтак. У 1791 г. па жэрабі Манюшка атрымаў Смілавічы, а Дукора дасталася Ашторпу. Францішак Ашторп ці яго сын Лявон (1786–1851) у атрыманым такім чынам маёнтку пабудаваў на мяжы XVIII–XIX стст. палац у стылі класіцызму. Мясцовае паданне захавала звесткі пра пышныя ўрачыстасці, якія арганізоўваў у палацы Лявон Ашторп, якога мясцовая шляхта выбірала сваім маршалкам з 1823 па 1846 г. Для забавы гасцей служыў прыватны цырк Ашторпа з трупай з чужаземцаў і хатняга аркестра. Сучаснікі сведчаць, што раскоша і багацце жыцця ў Дукоры ні з чым непараўнальныя. Зато для сялян Ашторпы былі жорсткімі эксплуататарамі; сялянская доля стала лягчэй пасля таго, як іх гаспадар утапіўся ў Свіслачы, упаў у раку з моста, які абваліўся. У наступныя 20 гадоў маёнтак, верагодна, з'яўляўся ўладаннем яго трох дачок. У 1874 г. ад адной з іх Леакадзіі сядзібу набыў барон Канстанцін Харцінг (пам. 1891). Яго жонка Юзэфа Несялоўская, выкарыстоўваючы свой грамадскі ўплыў, захавала маёнтак ад канфіскацыі за ўдзел мужа ў паўстанні 1863 г. Пасля іх смерці Дукора спачатку перайшла да сына Антона Харцінга, затым да роднага брата Станіслава (пам. 1913).

Уяўленне аб тым, як выглядаў палац у Дукоры, дае акварэль Н. Орды 1876 г. У плане выцягнутага простакутніка на нізкім фундаменце будынак меў трынаццацівосевы двухпавярховы аб'ём з чатырохкалонным порцікам вялікага маштаба на галоўным фасадзе. На палове яго вышыні памяшчаўся балкон з балюстрадай. Калоны са стылізаванымі капітэлямі неслі гладкі антаблемент і акантаваны карнізам з сухарыкамі трохкутны франтон. Поле франтона запаўняў ляпны герб Харцінгаў у выглядзе падтрымліваемага грыфонамі картуша, завершанага баронскай каронай. Пад картушам вылучаўся надпіс родавага дэвіза «Semper Linea recta in nomine semper». Фасады гладка атынкаваны, падзелены міжпаверхавым поясам, дэкарыраваны ліштвамі дзвярэй і вокнаў, аб'яднаных гарызантальным карнізам. Фасады ажыўляў завяршальны карніз з сухарыкамі. Палац накрываў гонтавы двухсхільны дах. Праз нейкі час пасля ўзвядзення палаца да яго пяцівосевых бакавых фасадаў былі дабудаваны вузкія ашклёныя крылы, прызначаныя для аранжарэі, зімовага сада, хатняй капліцы.

Палац меў двухрадную калідорную планіроўку з параднай залай у цэнтры (потым прыстасаваны для двухмаршавай лесвічнай клеткі). У час Харцінгаў на першым паверсе размяшчалася больш за дзесяць жылых пакояў. Сціпла аздобленыя памяшканні ацяпляліся вуглавымі кафлянымі печамі. Вялізная квадратная зала з ляпным сафітам, так званая «цэсарская», знаходзілася на другім паверсе па цэнтру левага боку франтальнага рада памяшканняў. У ёй віселі дзве карціны, адна з выявай Паўла I, які вызваляе са зняволення Касцюшку, другая — Аляксандра I, які падпісвае ў Вільні ў 1812 г. амністыю. Абедзве карціны і яшчэ дванаццаць палоцен належалі пэндзлю Яна Дамеля, блізкага сябра Лявона Ашторпа, частага госця Дукоры. З правага боку паркавага рада памяшканняў пры лесвічнай клетцы змяшчалася вялікая зала сталовай. Палацавая бібліятэка налічвала некалькі тысяч тамоў і архіў.

Поделиться с друзьями: