Страчаная спадчына
Шрифт:
Унутры будынак меў люстэркава-сіметрычнае размяшчэнне апартаментаў. Да памяшканняў «першага парадка» адносіліся квадратная бальная зала, вестыбюль і парадная двухбаковая лесвіца.
Зала і вестыбюль асвятляліся двума ярусамі вокнаў. Месца размяшчэння парадных памяшканняў на другім паверсе абумовіла падзел фасадаў на цокальны, парадны і верхні паўпаверх, аб'яднаных агульным ордэрам. У палацы меліся археалагічны кабінет-музей і аграмадная бібліятэка са сваім уласным экслібрысам, выкананым мастаком Францішкам Бальцэвічам. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэта інтэлектуальнае багацце засталося ў суседнім палацы Сапегаў у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н Гарадзенскай вобл.). Пісьменнік Ю. Нямцэвіч у 1814 г. знайшоў у адным з пакояў палаца толькі вартыя жалю рэшткі бібліятэкі. Яна разам з архівам у 1832 г. была канфіскавана расейскім урадам і перавезена да Горадні, а ў 1858 г. перададзена ў Віленскую археалагічную камісію. Адзін з пакояў дома выконваў ролю дамавой капліцы.
Адначасова з перабудовай цэнтральнага будынка фармуецца вялікі палацавы ансамбль з некалькіх, сіметрычна згрупаваных вакол параднага замкнутага двара карпусоў з уключэннем у яго рэгулярнага парка, сада, аранжарэі. Працяглыя, простакутныя ў плане двухпавярховыя бакавыя карпусы размяшчаліся перпендыкулярна да палаца і аб'ядноўваліся з ім паўцыркульнымі, шырока разгорнутымі аркадамі. Спараныя тасканскія калоны перакрывалі дубовыя бэлькі сегментнага малюнка, на якіх цягнуўся фрыз з дарычнымі трыгліфамі. Выкананыя з дуба кранштэйны таксама неслі завяршальны карніз. Ва ўпрыгожанні фасадаў палацавых будынкаў выкарыстоўваліся руставаныя пілястры, гірлянды, скульптура, разнастайнае пластыка-арнаментальнае абрамленне.
Усходні корпус, падзелены параднай лесвіцай на дзве роўныя часткі, складаўся з тэатра і манежа. Тэатр лічыўся адным з буйнейшых у Беларусі, у яго архітэктуры сумяшчаліся рысы італьянскай сцэны і новыя павевы французскіх дойлідаў XVIII ст. У 1784 г. кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі стаў гледачом балета «Літасцівасць Ціта», пастаўленага балетмайстрам М. Прэнчынскім, і музычнай камедыі Маліне «Чарадзейнае дрэва». Запраектаваная ў тэатры глыбокая сцэна з сямю планамі куліс дазваляла тройчы змяняць афармленне ў час спектакля. Да сцэны далучаліся невялікія гардэробы-артыстычныя. Падковападобная ў плане двух'ярусная зала змяшчала ў першым ярусе 14 ізаляваных ложаў, у другім — 15 з каралеўскай ложай у цэнтры. Архітэктурны дэкор залы меў рысы ранняга класіцызму: ажурныя балюстрады, калоны карынфскага ордэра. Тут магнаты ўчынялі святкаванні каралям Рэчы Паспалітай, ушаноўваючы іх з неапісальнай раскошай. І асноўным элементам гэтых святкаванняў з'яўлялася прыдворная тэатральная трупа Сапегаў, складзеная з выхаванцаў прыватнай школы прыгонных акцёраў. У рэпертуар тэатра ўваходзілі французскія і польскія сцэнічныя творы.
Заходні корпус прызначаўся для карціннай галерэі. Па восі палаца была ўзведзена ўязная брама ў выглядзе трохпралётнай трыумфальнай аркі з разнымі геральдычнымі картушамі з моранага дуба, антычнымі скульптурнымі барэльефамі, рустоўрай. Браму фланкіравалі два двухпавярховыя службовыя флігелі, фармуючы франтальна разгорнутую кампазіцыю параднага ўезда. Трыумфальная брама з'яўлялася вартым пачаткам рэпрэзентацыйнага палацавага комплексу. Уваходзячы ў арку, першапачаткова бачылася толькі цэнтральная, найбольш пластычная частка палаца з порцікам, а пасля прахода праз яе палацавы комплекс раскрываўся ва ўсёй сваёй прыгажосці. Двухпілонныя ўезды меліся і паміж флігелямі і бакавымі карпусамі палаца.
Я. Бекер праектуе і рэгулярны праменісты парк з каналамі, вадаёмамі, стрыжанымі шпалерамі. Парк спыняў паралельны палацу вадаём на рацэ Зяльвянцы. Перспектыва кожнай са стрыжаных ліпавых алей замыкалася павільёнам. Да пейзажнай зоны далучаўся звярынец у выглядзе прабітага прасекамі ляснога масіва. З прыстасаваннем палаца пад фабрыку да 1834 г. парк фактычна перастаў існаваць.
Старапескаўская сядзіба
Вёска Пескі вядома з XVI ст., калі Аляксандар Ягелончык перадаў яе Дзмітрыю Кіяніну. Яго нашчадак Пётр пакінуў уладанне сваёй дачцэ Сухадольскай. Затым сядзіба дастаецца яе дочкам Сыруцавай, Рагінскай і Альшэўскай. Дачка Сыруцавай Барбара выйшла замуж за Якуба Пуслоўскага, які з часам выкупіў долю Песак у Рагінскай. А бяздзетны Альшэўскі сваю частку маёнтка запісаў за Барбарай. Так усё ўладанне апынулася ў руках графаў Пуслоўскіх і належала ім аж да 1939 г. Казімір Міхаіл Пуслоўскі становіцца заснавальнікам выдатнай сядзібнай рэзідэнцыі. Сын Казіміра — Францішак Пуслоўскі, камергер караля Станіслава Аўгуста, таксама з'яўляўся фундатарам палаца, які згарэў у 1843 г. У 1819 г. маёнтак наведваў вядомы пісьменнік Ю. Нямцэвіч, які пакінуў аб ім успаміны. З 1950 па 1956 г. у сядзібе існавала школа брыгадзіраў, потым да 1982 г. — бальніца, з 1982 г. — турбаза працоўнага лагера Белазёрскай школы № 2.
Вялізная сядзіба размяшчалася на ўскраіне вёскі Старыя Пескі (Бярозаўскі р-н Берасцейскай вобл.), на маляўнічым беразе возера Чорнага. Малюнак Н. Орды 1865 г. перадае выгляд сядзібы з боку возера: двухпавярховы палац, флігель, вятрак, брама. Мураваны палац, цэнтрычна-крыжовы ў плане, з паўсферычным купалам і ліхтаром, трактаваны па тыпу рэнесанснай Вілы-Ратонды каля Вічэнцы ў Італіі, - твор дойліда А. Паладыа 1551–1567 гг. На галоўным фасадзе будынка выступаў чатырохкалонны порцік. Высокія простакутныя вокны першага паверха сведчаць аб яго парадным прызначэнні. На гэта ўказваюць і круглыя люкарны «другога святла» — элементы рэпрэзентацыйных памяшканняў. З тыльнага боку да палаца далучалася працяглая аднапавярховая аранжарэя, якая атрымала назву «Павільён руж». Па перыметры павільёна праходзіў шырокі фрыз з выявай харавода грэчанак-танцорак. Пасля 1863 г., калі ў будынку захоўвалася культавае начынне з зачыненага касцёла ў вёсцы Альшэва, фрыз быў збіты. Перад палацам сіметрычна стаялі два драўляныя аднапавярховыя флігелі з порцікамі-ганкамі на франтальных фасадах (захаваўся левы, прызначаны пад стайню). Гэтыя пабудовы стваралі парадны двор з круглым газонам і ўязной брамай у замкава-гатычным стылі сярэдзіны XIX ст.
Рамантычную афарбоўку архітэктурна-паркаваму ансамблю надавала галоўная ўязная брама з боку вёскі Пескі, таксама трактаваная ў замкава-гатычным стылі. Яна ўяўляе сабой дзве круглыя вежы з зубчастым завершам, паміж якімі зроблены шырокі стральчаты арачны праезд з імітацыяй рашоткі-герсы, узнятай ланцугамі. Па баках да брамы прыстаўлены нізкія вартоўні. У дэкоры будынка выкарыстаны аркатурныя паясы, геаметрычны фрыз, вузкія вокны-шчыліны, крыжы. Элемент асіметрыі ў забудову палацава-паркавага ансамбля ўносіла вежа-вятрак з левага вугла двара. За флігелем захаваўся мураваны бровар.
Будынкі сядзібы абкружаў высаджаны на мяжы XVIII–XIX стст. пейзажны парк, які спускаўся з пагорка да возера. Яго перакрыжоўвалі дзве сажалкі і каналы з бутавымі масткамі. На штучным востраве сярод сажалкі стаяла альтанка. Парадны двор і службова-гаспадарчая зона займалі найбольш прыўзнятую паўночную частку парку. У канцы ўязной алеі сярод сасновых пасадак размяшчалася мемарыяльная зона з капліцай і пахаваннямі ўладальнікаў маёнтка. Ад парку засталіся адзіныя дрэвы клёна серабрыстага, дуба чырвонага, ясеня пенсільванскага, а таксама цудоўная «зялёная альтанка» ў выглядзе высаджаных па кругу дрэў граба і дуба. Раней тут раслі дуб чарэшчаты і пірамідальны, сасна веймутава і інш. З заходняга боку парку цягнуўся пладовы сад, адмежаваны лінейнай пасадкай лістоўніцы, граба, вяза, вольхі.
У 1990 г. распрацаваны праект рэстаўрацыі гэтай старажытнай графскай сядзібы.
Туганавіцкая сядзіба
Туганавіцкая сядзіба знаходзілася ў маляўнічай мясцовасці на ўзгоркавым левым беразе ракі Сэрвач, за кіламетр ад вёскі Карчова (Баранавіцкі р-н Берасцейскай вобл.). З XVII ст. і да сярэдзіны XIX ст. маёнтак належаў памешчыкам Верашчакам, потым Туганоўскім. У 1815–1820 гг. тут, у свайго сябра па Наваградскай дамініканскай школе Міхаіла Верашчакі, у час летніх вакацый гасцяваў будучы славуты паэт Адам Міцкевіч. Тут жа ён пазнаёміўся з Марыляй Верашчакай — першым вялікім і няшчасным сваім каханнем, якое пранёс праз усё жыццё і творчасць.
Як адзначаў яго сябра Тамаш Зан, каханне прайшло па яго душы, як пажар па лесе. Маёнтак Туганавічы апісаны Міцкевічам у вядомай паэме «Пан Тадэвуш»:
«Сярод такіх палёў, прыбраных спелым збожжам, На беразе ракі, у беразняку прыгожым Стаяў калісь шляхецкі двор зусім звычайны, Яшчэ здалёк бялелі сцены ў сонца ззянні. На фоне тапалёў, пасаджаных уздоўж сада, Што баранілі дом ад бур і снегапада…»З Туганавіч паходзяць некаторыя прататыпы вобразаў іншых твораў паэта. Напрыклад, князь Туган з'яўляецца героем балады «Свіцязь». У названай жа паэме «Пан Тадэвуш» паказаны 80-гадовы «цівун» Андрэй, які служыў у Верашчакаў і расказваў паэту аб жыцці-быцці беларускай шляхты. Знаходзячыся за мяжой, паэт з цеплынёй успамінаў аб Наваградку і Туганавічах: «Нідзе на зямлі няма весялейшага жыцця, як у літоўскіх вёсках і засценках. Гэтулькі там радасці, любасці, чалавечага бясконцага шчасця… Такога жыцця шчодра ўжыў я паміж 1815–1820 гадамі, асабліва ў доме Верашчакаў (Туганавічы, Плужыны), дзе ў кампаніі Тамаша Зана і іншых я праводзіў вакацыі». З Лазаны ён пісаў: «… і вечна сняцца мне Наваградак і Туганавічы». Частымі гасцямі гаспадароў сядзібы былі паэт-рамантык Тамаш Зан, будучы фалькларыст Ян Чачот, Ігнат Дамейка. Тут Міцкевіч сустракаўся з графам У. Путкамерам — прагрэсіўным дзеячам таго часу. З сядзібай звязаны некаторыя падзеі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863–1864 гт. Уладальнік маёнтка Кастусь Туганоўскі падтрымліваў цесныя сувязі з К. Каліноўскім, дапамагаў яму ў рэвалюцыйнай дзейнасці. У сядзібе працавала майстэрня па вытворчасці зброі для паўстанцаў, якая перапраўлялася ў цэнтр паўстання Мілавіды ля Баранавіч. Сядзіба знішчана ў першую сусветную вайну.
Выгляд маёнтка вядомы па акварэлях У. Дмахоўскага (1861) і Н. Орды (1876), а таксама па фотаздымках Яна Булгака, Т. Барэцці і К. Карповіча (пачатак XX ст.). Гэта сціплая шляхецкая сядзіба з рысамі архітэктуры позняга класіцызму. Жылы дом («мураванка»), ад якога ацалеў падмурак, быў кампактнай драўлянай пабудовай у адзін паверх, падведзенай пад высокі паўвальмавы дах. Цэнтр атынкаванага франтальнага фасада ў чатыры апраўленыя ў простакутныя панелі акны вылучаўся мансардай, перад якой выступала чатырохслуповая тэраса з балюстраднай агароджай. Ва ўзнятым ганку з бакавымі прыступкамі знаходзіўся нізкі ўваход у падвальны склеп. Пазней да тарца дома далучылася бесстылёвая зрубная прыбудова. Размешчаны непадалёку флігель, таксама кампактны простакутны ў плане аднанавярховы будынак, меў на галоўным фасадзе працяглую веранду з трохкутным франтонам і паўкруглай люкарнай на ім.