Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс

У сярэдзіне XVIII ст. пры знатных дварах Заходняй Эўропы распаўсюджваюцца загарадныя палацава-паркавыя рэзідэнцыі. Манерны і гуллівы стыль ракако замест пышнай параднасці і ўрачыстасці патрабаваў забаўнага пастаральнага асяроддзя. Гэта мода не абышла і радзівілаўскага гнязда ў Нясвіжы, уладальнік якога сачыў за моднымі эўрапейскімі павевамі. Замкавы парадна-рэпрэзентацыйны, некалькі суровы парк ужо быў няздольны задаволіць новую жыццёвую філасофію. І таму Караль Радзівіл — Пане Каханку загадвае непадалёку ад замка высячы аграмадны — у 300 га лес і на яго месцы стварыць пацяшальны палацава-паркавы ансамбль. На ўскраіне таго ж леса яшчэ ў 1585 г. князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка меў летнюю сядзібу Альба.

Рэалізацыя дзівацкай задумы Радзівіла ажыццяўляецца з 1740-ых па 1780-ыя гг. пры ўдзеле дойлідаў Лявона Лутніцкага і Карла Спампані. Імі ствараецца ідылічная вёска, абкружаная пейзажна-рэгулярным паркам з геаметрычнай сеткай алей, стрыжаных шпалер, раскрытых ландшафтаў. Парк налічваў шэраг альтанак-мілавідаў, аранжарэю, цяпліцу і нават персіярню — фабрыку па вытворчасці персідскіх паясоў. На аснове ракі Ўшы фармуецца складаная сістэма сажалак і каналаў з белакаменнымі набярэжнымі, шлюзамі, плацінамі, млынамі.

Уздоўж каналаў будуецца 180 аднатыпных драўляных, крытых саломай «хатак» — імітацыя сялянскіх сядзіб з усім наборам надворных пабудоў. Кожная «хатка» з'яўлялася гасцініцай, таму што два з чатырох пакояў прызначаліся для гасцей, якія ў мностве наязжалі да князя. На падвор'і знаходзіліся вазоўня-карэтная, стайня, хлеў, цялятнік, лазня, альтанка. Усе «гаспадаркі» абнесены драўляным плотам з брамай, дэкарыраванай выявай звера ці птушкі. Насупраць кожнай сядзібы ставілася галубятня на слупе і вальер для экзатычных птушак. З тылу меўся агарод. Вялізны дом у цэнтры ансамбля займаў сам Пане Каханку. З гармат, якія размяшчаліся на яго двары, салютавалі ў дні святкаванняў. У каплічцы пры сядзібе ўладальніка кожную раніцу ў 7 гадзін служылася імша. Як і належыць сталай вёсцы, сярод забудовы насупраць дома войта ўзносіўся драўляны Троіцкі касцёл-пахавальня, ззяючы медным дахам і трыма пазалочанымі купаламі. Інтэр'ер святыні аздабляў мастацкі роспіс і дванаццаць скульптурных алтароў.

Асаблівую цікавасць уяўляла вялікая альтанка за галоўным каналам. Яна прызначалася для прыёму ганаровых гасцей. Гэта амаль першая ў гісторыі архітэктуры Беларусі эклектычная пабудова. Калі з трох бакоў успыхваў феерверк і загасаў над альтанкай, яна свяцілася ўсімі сваімі агнямі, набываючы чарадзейны выгляд. У час феерверку войт Альбы запрашаў усіх гасцей да катання на лодках — менавіта на вадзе ілюмінацыі ўспрымаліся найбольш эфектна і маляўніча.

Дзівацтва ў магнацкай рэзідэнцыі даводзіліся да абсурда: па паданню, у Альбу ад замка летам ехалі на санях па насыпанай цукрам дарозе. Па вадаёмах і каналах манеўрыравала своеасаблівая партатыўная флатылія, якую абслугоўвалі курсанты мясцовай мараходнай школы. З іх удзелам праводзіліся імправізаваныя ваенныя баталіі і марскія баі, якія суправаджаліся эфектнымі выбухамі.

Галантнае і напышлівае XVIII ст. патрабавала тэатральнасці ва ўсім, нават у арганізацыі паркавага асяроддзя. Любое мастацкае дзеянне з палацавых залаў пераносіцца на прыроду. Альбінская рэзідэнцыя таксама вядома сваім бурлівым тэатральным жыццём. На паркавых поплаўках сярод стрыжаных шпалер разыгрываліся пастаральныя п'есы, напісаныя жонкай уладальніка замка Ўршуляй Францішкай Радзівіл — адной з самых адукаваных жанчын свайго часу. Прэм'ера п'есы «Дасціпнае каханне» адбылася 13 чэрвеня 1746 г. Пад адкрытым небам ставіліся дэкарацыі, для ганаровых гледачоў і духавенства выносіліся канапы. Дробная шляхта і афіцэры гарнізона глядзелі пастаноўку стоячы. Першымі акцёрамі з'яўляліся прыдворныя і дзеці княжацкай сям'і, прыгонныя музыкі, танцмайстар Шрэтэр і нейкая «Панна Катажына» — негрыцянка. Пасля спектакля ганаровыя гледачы запрашаліся на вячэру ў «жоўтую» залу альбінскага палаца. Гравюры Жукоўскага да альбінскіх пастановак даюць нам пэўнае ўяўленне і аб парку, яго краявідах і будынках.

Набор дваранскіх забаў таго часу абавязкова ўключаў княжацкае паляванне. З гэтай мэтай ў парку быў створаны аграмадны звярынец, маштабы якога ўражліваюць і сёння: 35 пар ланяў, 65 пар аленяў, 48 пар зуброў, 70 пар серн, 32 пары венгерскіх коз, 60 пар ласёў. Меліся нават насарогі! Птушкі трымаліся ў спецыяльнай журавельні, тут існавалі вальер, кральчатнік, фазанарый. Сажалкі насяляліся разнастайнымі відамі рыб.

Экзатычныя альбінскія «хаткі» Караль Радзівіл засяляў сваёй збяднелай раднёй і сябрамі, якія на час ператвараліся ў сялян-альбанчыкаў. Дзеля забавы яны апраналіся ў бутафорскі дэкаратыўна-тэатральны рэквізіт у выглядзе блакітнага жупана, падпаясанага карамзінавым поясам, і жоўтага кунтуша. Уся гэтая тэатралізаваная грамада ўзначальвалася войтам, у якасці якога выступаў сам Караль Радзівіл.

Тут, у альбінскай рэзідэнцыі, гасцяваў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Асобы, якія яго суправаджалі, размяшчаліся ў каляровых палатках-шатрах. А ў гонар аб гэтай падзеі быў адчаканены спецыяльны медаль у колькасці 1000 штук.

Цудоўны, выключна арыгінальны, архітэктурна-паркавы ансамбль у Альбе загінуў у 1812 г.

Панямоньская сядзіба

На ўсходняй ускраіне Горадні, на высокім правым беразе Нёмана захаваліся рэшткі маляўнічай старажытнай сядзібы, якая з'ўлялася загараднай рэзідэнцыяй караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Тут, у любімым месцы загарадных прагулак караля, разам з Рэпніным і Валконскім абмяркоўваўся лёс Рэчы Паспалітай. Потым сядзіба перайшла ва ўласнасць Страінскага, князёў Друцкіх-Любецкіх, затым належала гарадзенскаму павятоваму маршалку Ляхніцкаму. Сядзібна-паркавы ансамбль, створаны ў 1771 г. паводле праекта архітэктара Ю. Аляхновіча, дабудоўваўся ў XIX ст.

Панямоньскі сядзібна-паркавы ансамбль узведзены на высокім берагавым плато, абмежаваным з паўднёвага боку ракой, а з усходняга і паўночнага — глыбокім ярам. Сядзібны дом і раскрыты перад ім партэр размяшчаліся ў глыбіні пейзажнага парку, каля абрывістага берага, які ўмацоўвалі шэраг тэрас і падпорныя сценкі. Каля ўезда стаяла капліца ў рэтраспектыўна-гатычным стылі, пабудаваная ў сярэдзіне XIX ст. З заходняга боку панскага дома знаходзіліся ўсе гаспадарчыя і службовыя будынкі.

Сядзібны дом (значна разбураны і амаль поўнасцю перабудаваны) уяўляў сабой характэрны для апошняй стадыі архітэктуры барока мураваны аднапавярховы будынак з плаўнымі вуглавымі алькежамі. Сцены мелі дэкаратыўную апрацоўку: вытанчаная і складаная прафіліроўка карнізаў і абрамленняў, крапоўка падвойнымі пілястрамі з ажурнымі капітэлямі, гарызантальная рустоўка. Галоўны і дваравы фасады атрымалі ў XIX ст. асіметрычна пастаўленыя высокія чатырохкалонныя порцікі. Перапад рэльефу з тыльнага боку будынка забяспечыў адкрыццё цокальнага паверха. Яго скляпеністыя памяшканні прызначаліся на гаспадарчыя мэты і непасрэдна звязваліся з памяшканнямі першага паверха. Планіроўка дома мела характэрную для барока анфіладу з выхадам у цэнтральную парадную залу. Будынак з'яўляўся помнікам архітэктуры позняга барока, а ў парку ўвасобіліся рысы пейзажнага стылю.

Ад сядзібы захавалася капліца. На галоўным фасадзе простакутнага ў плане збудавання ўзвышаецца шатровая васьмігранная званіца. Уваход вырашаны вялікім стральчатым парталам, бакавыя фасады чляняцца такой жа формы вокнамі.

Ружанскі палац

Адным з буйнейшых палацавых комплексаў Беларусі XVII–XVIII стст. з'яўлялася магнацкая рэзідэнцыя ў Ружанах (Пружанскі р-н Берасцейскай вобл.), рэшткі якой бачны на высокім узгорку ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага гарадскога пасёлка і быццам лунаюць над яго забудовай. Ружанамі валодалі Сапегі — багацейшыя на Рэчы Паспалітай магнаты. У 1598 г. Барташ Брухальскі прадаў канцлеру Льву Сапегу свой маёнтак Ружаны, а той у пачатку XVII ст. узвёў палац і ўжо ў 1617 г. ушаноўваў у ім каралевіча Ўладзіслава. У 1644 г. Уладзіслаў IV зноў гасцяваў у Казіміра Льва Сапегі. У гонар гэтай падзеі ў сцяне адной з залаў была ўмуравана памятная пліта. У час Паўночнай вайны тут захоўваліся рэліквіі святога Казіміра з Віленскага катэдральнага касцёла; з'явілася яшчэ адна мемарыяльная пліта.

Палац пацярпеў ад шведаў, знішчаўся войскамі канфедэратаў у 1698 г., якія разбурылі гняздо нігілістычнага магната, не прызнаўшага ўлады ні караля Рэчы Паспалітай, ні расейскіх цароў, ні мясцовай шляхты. Аднак багатыя ўладальнікі за некалькі дзесяцігоддзяў першай паловы XVIII ст. аднавілі палац. У 1784 г. канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандар Сапега ўжо прымаў у ім прыбыўшага на Гарадзенскі сойм караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з той жа раскошай, што і продкі. Аднак у 1786 г. па іроніі лёсу манументальна-рэпрэзентацыйны палацавы ансамбль выкарыстоўваецца пад суконную фабрыку. Аляксандар Сапега пад уплывам факта падзелу Рэчы Паспалітай аддаў палац у арэнду жыдоўскаму прадпрымальніку Пінасу. Але разгорнутая там ткацкая вытворчасць праз 30 гадоў занепадае і ператвараецца ў сціплую прадзільню воўны. Палацавы комплекс згарэў у 1914 г., часткова рэстаўрыраваны ў 1930 г., у 1944 г. разбураны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Захаваліся рэшткі асноўных будынкаў (галоўнага і ўсходняга карпусоў), аркады, уязная брама і флігелі па яе баках. І зараз фрагменты аграмаднага палацавага ансамбля выклікаюць незабыўнае ўражанне, горда і велічна ўзнімаюцца над паселішчам, якое распасціраецца каля падножжа палацавага дзядзінца.

Першапачаткова палац меў абарончы характар — двухпавярховы крыжападобны ў плане мураваны аб'ём дапаўнялі тры чатырохгранныя вежы. У цэнтральнай частцы палаца знаходзіліся парадная зала і вестыбюль з двухбаковай лесвіцай, у бакавых частках — жылыя пакоі, кабінет, бібліятэка. Анфілада памяшканняў на першым паверсе пакрывалася скляпеністымі, а на друтім — бэлечнымі перакрыццямі. Пад будынкам у вялізных скляпеністых падвалах захоўваліся арсенал, архіў, харчаванне.

У 1784–1788 гг. прыдворны архітэктар Сапегаў Ян Самуэль Бекер перабудоўвае старажытны палац-замак. Адначасова дойлід узводзіць у нізіне перад палацам парафіяльны касцёл і кляштар базыльян, а таксама могілкавую капліцу і заезны двор. За сваю таленавітую творчасць Бекер атрымаў ад Сапегаў пажыццёвую пенсію ў 2160 злотых. Аб стылі архітэктуры палаца ў мастацтвазнаўцаў існуюць розныя меркаванні. Вядомыя расейскія гісторыкі мастацтва Лукомскія памылкова характарызуюць яго як ампірны, польскія даследнікі — як будынак «у французскім гусце». Разам з тым, верагодна, што архітэктура палаца з'явілася натуральным і аб'ектыўным сімбіёзам адыходзячага барока і класіцызму, які нараджаўся. Больш таго, у элементах субархітэктуры і ў дэкоры сустракаюцца элементы стылю ракако (картушы, ракайлі-завіткі, люкарны даху, руставаныя лапаткі, вазы і інш.). Дзве вежы старажытнага палаца былі разабраны, а заходняя ўключана ў агульны аб'ём новага будынка, які стаў сіметрычным па кампазіцыі. Галоўны корпус набыў выгляд кампактнага двухпавярховага простакутнага ў плане будынка пад высокім мансардавым «французскім» дахам. Галоўны фасад у трынаццаць вокнаў у цэнтральнай частцы вылучаўся ўзнятым на другі паверх прысценным порцікам з двух пар калон і пілястр, завершанных высокім трохкутным франтонам, запоўненых скульптурным барэльефам і ўвянчаным па вуглах гратэскнай скульптурай. На тыльным фасадзе порціку адпавядала шырокая дзесяцікалонная тэраса, на якую выходзілі вокны-дзверы бальнай залы. Высокія, у барочна-ракайльным прафілявяным абрамленні вокны верхняга паверха сведчаць аб яго парадным прызначэнні.

Поделиться с друзьями: