Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Палац стаяў сярод старога парка, які разам з садам і гаспадарчымі будынкамі займаў плошчу каля 40 га. Яго абкружаў роў, які верагодна, застаўся ад абарончых умацаванняў старажытнай сядзібы ці замка. Парк перасякала шырокая дарога ўздоўж дома, якая адным канцом выходзіла да Ігумена, другім — да Смілавіч. З боку ад Смілавіч узведзена арачная мураваная арыгінальная па кампазіцыі ўязная брама, завершаная высокай чатырохграннай вежай са шпілем, на якім развявалася гербавая харугва. Каля гэтай брамы палацавы аркестр звычайна сустракаў вяртанне Лявона Ашторпа. Па абодва бакі дарогі стаяў шэраг гаспадарчых будынкаў: стайні, кухня, карэтная, жыллё дваровых. Перад палацам цягнулася адкрытая прастора з некалькімі елкамі. З тыльнага боку дома ліпавыя і кляновыя алеі абмяжоўвалі ўчастак фруктовага сада. Невялікая частка парка, вытрыманая ў пейзажным стылі, з сажалкай цягнулася перад палацам. Парк упрыгожвала дэкаратыўная скульптура. У 1912 г. сярод парка пастаўлена новая капліца, задуманая як пантэон для ўсіх веравызнанняў рода Харцінгаў: пратэстанцкага, каталіцкага і праваслаўнага.

Каля сядзібы існаваў мураваны прыходскі касцёл, пабудаваны пры Станіславу Манюшку. Пасля паўстання 1863 г. храм пераасвячоны пад праваслаўную царкву. У яе склепах пахаваны прадстаўнікі рода Ашторпаў.

Завосеўская сядзіба

Былы фальварак Завоссе, што за 4 км на поўнач ад вёскі Мядзеневічы (Баранавіцкі р-н Берасцейскай вобл.), лічыцца месцам нараджэння славутага пісьменніка Адама Міцкевіча (1798–1855). У 1799 г. яго бацькі атрымалі ў спадчыну частку фальварка Завоссе і пражылі там да 1801 г. Тут паэт правёў два гады дзяцінства, пазней неаднаразова наведваў родны кут. Бытуе легенда, што на адным з каменняў Адам Міцкевіч выбіў крыж у гонар свайго безадказнага кахання да Марылі Верашчакі, які і зараз ляжыць ля хутара. У 1927 г. на месцы фальварка Завоссе пастаўлены абеліск. Славутая для беларускай культуры мясціна знайшла адлюстраванне ў творах мастакоў (Н. Орда, Т. Абміньскі, Е. Паўловіч).

Невялікі панскі двор, які існаваў тут да першай сусветнай вайны, нельга аднесці да манументальных архітэктурных твораў. Гэта была звычайная дробнапамесная сядзіба з традыцыйным наборам драўляных, абкружаных жардзінным плотам пабудоў: дом гаспадароў, свіран, лямус. Дом уладароў уяўляў сабой працяглы па фронту неашаляваны зруб, накрыты вальмавым саламяным дахам і вылучаны па цэнтры двухслуповым ганкам. Дом быў на дзве паловы з сенцамі пасярэдзіне. Лямус — традыцыйная сялянская гаспадарчая пабудова ў выглядзе звычайнага двух'яруснага зруба пад вальмавым дахам, які накрываў трохслуповую галерэю з франтальнага боку. Тут схоўвалі гаспадарчыя прылады, збожжа, харчовыя прыпасы. Другі ярус нярэдка служыў летнім мезанінам, у якім у час летніх вакацый любіў адпачываць паэт.

Закозельская сядзіба

За 6 км ад Драгічына ў вёсцы Закозель (Драгічынскі р-н Берасцейскай вобл.) размешчана маляўнічая панская сядзіба ў атачэнні вялізнага пейзажнага парка. У 1863 г. уладальнікі маёнтка Ажэшкі страцілі яго. Але хутка секвестраваную маёмасць адкупіла ў расейскіх уладаў графіня Бабрынская. Пасля першай сусветнай вайны, якая не закранула сядзібы, на кароткі час яе набыў Весялоўскі. Пасля яго сядзіба перайшла ў рукі Караля Талочкі, які валодаў ёй да 1939 г. Мураваны сядзібны дом, зруйнаваны ў гады Другой сусветнай вайны, зараз непазнавальна перабудаваны і прыстасаваны пад жыллё, але страціў цалкам рысы помніка архітэктуры класіцызму. Першапачатковы выгляд дома вядомы па акварэлі Н. Орды 1863 г. Аднапавярховы будынак на нізкім падмурку складаўся з трох частак: сярэдняй пяцівосевай з ампірным чатырохкалонным атыкавым порцікам і трохвосевых бакавых крылаў, ніжэйшых, магчыма, дабудаваных пазней. Накрываў будынак адносна высокі вальмавы дах з малымі паўкруглымі слыхавымі вокнамі. Надзвычай вялізныя вокны з аканіцамі амаль ад падлогі да столі ў бакавых крылах фланкіравалі пары калон у прасценках. Пасля першай сусветнай вайны Весялоўскі надбудаваў над сярэдняй часткай фасада мансардны паверх, падняўшы на яго вышыню калонны порцік і дадаўшы балкончык. З тыльнага боку памешчык дабудаваў два пакоі, стварыўшы над імі тэрасу. Па прыгажосці афармлення вылучалася цэнтральная калонная зала-ратонда, раскрытая ў парк ашклёнымі дзвярамі. Ва ўсіх пакоях меліся масіўныя цёмныя дубовыя дзверы з бронзавай дэкаратыўнай акоўкай, паркетная падлога.

Дарога з суседніх Перкавіч пераходзіла ў цяністую ліпавую алею парка, у канцы якой бялеў панскі дом. За ім яна працягвала свой бег далей. Ля дарогі на ўскраіне парку пастаўлена мемарыяльная калона, прысвечаная падзеям 1863 г.

Сапраўдным упрыгожаннем парка з'яўляецца манументальная капліца-пахавальня ўладальнікаў маёнтка на вяршыні пакатага ўзгорка, выкананая ў рэтраспектыўна-гатычным стылі ў 1839 г. Па паданні, у невялікім патаемным памяшканні высокага шпіля капліцы хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. генерал Р. Траўгут. Помнік і сёння ўражвае гармоніяй форм і дэкору, выразнай дынамічнай кампазіцыяй. Цэнтральнае квадратнае ў плане збудаванне накрыта востраканечнымі двухсхільнымі дахамі, перакрыжаванне якіх адзначана ўзлётам высокай чатырохграннай сігнатуркі з востраканечным гранёным шпілем і строгім гатычным крыжам у завершы. Гэтая накіраванасць увышыню падтрымана вуглавымі спаранымі контрфорсамі з вежамі-фіяламі, паміж якімі па вуглах карніза размешчаны чатыры статуі евангелістаў, апраўленыя металічнымі гатычнымі парталамі. Скульптура складае своеасаблівае пластычнае ўбранне капліцы, актыўна ўдзельнічае ў стварэнні яе маляўнічай паверхні, якая фармуецца таксама востраканечнымі нішамі і цягамі.

У сярэдневякоўі няма аналагаў гэтаму будынку, але «полымя» готыкі тут настолькі выразнае, што цяжка верыцца ў яго адносна нядаўняе паходжанне. Фасады насычаны крапоўкамі, расчлянёны слаістымі стральчатымі і трохлапаснымі аркамі-нішамі. Шырокі стральчаты ўваходны партал дэкарыраваны зверху круглымі гербамі рода Ажэшкаў (мастацкае чыгуннае ліццё). Крохкая архітэктурная дэкарацыя, мноства выцягнутых па вертыкалі ніш надаюць дзівосную лёгкасць будынку, а гульня святлаценевых эфектаў на яе паверхні выклікае адчуванне вібрацыі архітэктурных форм. Каларыстычнае бачанне будынка ствараецца высакаякаснай адкрытай цаглянай муроўкай, меднымі лістамі даху, белізной элементаў дэкору.

Уражанне ад храма яшчэ больш узмацняецца пры наведванні залы, перакрытай нервюрным скляпеннем. Яно настолькі лёгкае і ажурнае, што здаецца, быццам над залай не цаглянае збудаванне, а карункавая вуаль-павуціна са спляценнем тонкіх нітак-нервюр. У вуглавых стральчатых нішах змяшчаліся скульптуры евангелістаў (не захаваліся). Стральчатыя вокны і люкарны запаўнялі каляровыя вітражы ў ажурных пераплётах чыста гатычнага маскверкавага малюнка. Вітражы з'яўляліся адным з асноўных кампанентаў мастацкага ўздзеяння гатычнага інтэр'ера на чалавека, утвараючы асаблівую атмасферу прасветленасці, рэдкі па сваёй цэласнасці, чысціні і моцы настрой духоўнай узнёсласці. Квадратны праём у падлозе залы са знікаючай у падполлі лесвіцай сімвалізуе ўстанаўленне глыбіннай сувязі паміж мінулым і будучыняй, небам і зямлёй, раем і пеклам.

З гаспадарчых будынкаў вылучаецца архітэктурай мураваная стайня, збудаваная ўладальніцай Бабрынскай. Класіцыстычнай архітэктурнай трактоўкай надзелены мураваны бровар, абкружаны па перыметры каланадай.

Косаўскі палац

Буйнейшы прамысловец граф Вандалін Пуслоўскі сцвярджаў сябе не толькі ва ўдалым прадпрымальніцтве, але і ў рэпрэзентацыйнай пабудове ў 1838 г. палацавай рэзідэнцыі, якая больш паходзіла на велічны замак, у адным са сваіх шматлікіх уладанняў — Косаве (Івацэвіцкі р-н Берасцейскай вобл.). Аднак лёс палаца даволі цьмяны: пасля паўстання 1863 г. ён пераходзіць у рукі маскоўскай арыстакратыі — да князёў Трубяцкіх і Алдэнбургскіх; у час першай сусветнай вайны палац разбураецца, пасля чаго прыстасоўваецца пад староства Косаўскага павета; пасля Другой сусветнай вайны зламаны цяжкасцю выпрабаванняў ліхалецця і зараз існуе ў руінах. Але і рэшткі будынка, у якіх лунаюць цені далёкага мінулага і духі яго гаспадароў, яшчэ больш уражваюць сваёй таямнічасцю і загадкавасцю. «Замак» быў удала ўпісаны ў панарамны паркавы краявід. Але здаецца, што, узводзячы сваю рэзідэнцыю на плоскасным рэльефе мясцовасці, Пуслоўскі больш звязваў будаўніцтва з суседняй гістарычнай сядзібай Касцюшкаў пад назвай Мерачоўшчына. Менавіта ў гэтай «садружнасці» будынкаў розных гістарычных эпох намаляваў палац мастак Н. Орда ў 1860-ыя гг. Гэта была спрыяльная магчымасць задаволіць не толькі натуральнае эстэтычнае пачуццё сродкамі архітэктуры, але і далучыцца да сапраўднай гісторыі, а значыць, і надзяліць сваё збудаванне гістарычнай аўрай, водарам славутай мінуўшчыны.

Варшаўскі архітэктар Францішак Яшчалд у архітэктуры манументальнага будынка спыняе «вялікі пост» палацава-сядзібнага класіцызму і «гурманствуе» гатычнай старажытнасцю. Шэраг даследнікаў падкрэсліваюць яго аналогію з замкам Гогенцолернаў у Камянцы-Зембавецкім (польская Сілезія) у Польшчы. У стылі сярэдневяковай готыкі інтэр'еры палаца апрацоўваюць архітэктар В. Марконі і дэкаратар Францішак Жмурка.

Гісторык архітэктуры У. Чантурыя ахарактарызаваў палац як твор дойлідства «ў духу гатычнай старыны», і гэта відавочна. Аб'ёмна-прасторавая архітэктурная кампазіцыя з пульсуючым сілуэтам яшчэ захоўвае строга класіцыстычную ўраўнаважаную сіметрыю, уласцівую адышоўшаму класіцызму — франтальна выцягнуты будынак складаецца з цэнтральнага двухпавярховага корпуса і злучаных з ім галерэямі, высунутых наперад бакавых павільёнаў. Цэнтральная ўзвышаная частка акцэнтавана ступеньчатым атыкам. Зубчасты парапет па перыметры будынка і вузкія шчыліны-байніцы на васьмігранных вежах, як вартаўнікі, ствараюць уражанне велічнай фартэцыі. Струны вуглавых вежаў узносяцца быццам азіяцкія мінарэты. Увядзенне зубчастых завершаў, шматгранных «вартаўнічых» вежаў, вокнаў стральчатага малюнку, аркатурных фрызаў, невялікіх контрфорсаў у прасценках з'явілася вяртаннем да архітэктурных форм замкавага гатычнага сярэднявечча. Арыгінальнае выкарыстанне насценных фіялаў, зубчастых перамычак вокнаў — гатычныя матывы ў стылёвай трактоўцы архітэктуры. Гатычную інтэрпрэтацыю мела і ўязная брама. Інтэр'еры «замка» былі аформлены фрэскавым роспісам і стукавым дэкорам Ф. Жмуркам, насычаны творамі мастацтва. З высокіх вокан верхніх залаў і вежаў погляд прасціраецца на велічны, некалі ўзбагачаны паркам краявід і губляецца за далёкім гарызонтам.

Распрацаваны маім сябрам, закаханым у гістарычную спадчыну, архітэктарам Г. Босакам, праект рэстаўрацыі палаца — надзея, што архітэктурны манумент адродзіцца ў сваёй першапачатковай велічы.

Кухціцкая сядзіба

Найбольш імпазантным помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры Ўздзеншчыны (Менская вобл.) з'яўлялася сядзіба Кухцічы (сучасны пасёлак Першамайскі). Зараз на тэрыторыі сядзібы знаходзіцца Ўздзенская СПТВ-10 механізатараў. У свой час гэта панская рэзідэнцыя адносілася да адной з самых вядомых на Міншчыне. Уяўленне аб першапачатковым выглядзе сядзібы дае малюнак Н. Орды. Першыя звесткі аб маёнтку Кухцічы адносяцца да 1590 г., пад якім ён упамінаецца ў «Актах, издаваемых Виленской комиссией для разбора древнейших актов». Гэта ўпамінанне звязана з судовай цяжбай «Об избиении слугами пана Гладкого подданных из села Бервище по дороге в пущу Низовскую». Ужо тады вялася міжусобіца за валоданне ляснымі і зямельнымі ўгоддзямі паміж гаспадаром маёнтка Янохам Кавячынскім і суседнімі сялянамі. Вялізныя кухціцкія ўладанні ў 1690 г. ад Барбары Хорскай перайшлі да Апалоніі Завішы, браслаўскай старосціны. З таго часу на працягу двух наступных стагоддзяў сядзіба заставалася ва ўладанні роду герба «Лебедзь». Першай вядомай гістарычнай асобай гэтага роду з'яўляўся Ян Завіша — дваранін караля Казіміра Ягелончыка. Яго нашчадак на мяжы XVIII–XIX стст. Казімір Завіша, камергер яго каралеўскай вялікасці, генерал каралеўскіх войскаў, стаў стваральнікам цудоўнай рэзідэнцыі ў Кухцічах. Адзіны сын генерала ад першага шлюбу Тадэвуш памёр у маладыя гады, і Кухцічы перайшлі да дачкі Валерыі, якая выйшла замуж за свайго дваюраднага брата, маршалка менскага Тадэвуша Завішу (пам. 1838). Іх сын Ян Казімір Завіша (пам. 1877) — вядомы ўладальнік археалагічнай калекцыі і збору разнастайных старажытнасцей. Ян Казімір Завіша акрамя Кухціч меў шматлікія іншыя маёнткі ў Беларусі і Летуве, а таксама ўласны палац у Варшаве. Потым яго ўладанні былі падзелены паміж дзвюма дочкамі. Кухцічы атрымала малодшая дачка Магдалена, якая ў 1882 г. узяла шлюб з Людвікам Красінскім (1833–1895), а пасля яго смерці выйшла замуж за князя Мікалая Радзівіла. Яна з'яўлялася апошняй ўладальніцай Кухціцкай сядзібы.

Вядомы біёграф Станіслаў Лоза называе дойліда-італьянца Карла Спампані будаўніком і праекціроўшчыкам прысядзібнай капліцы. Але ёсць усе падставы меркаваць, што ён і аўтар самога сядзібнага дома, пабудаванага ў пачатку XIX ст. у стылі класіцызму. Дом складаўся з трох частак: галоўнага корпуса і двух бакавых флігеляў, аб'яднаных па фронту калоннымі галерэямі. Некалькі ўзвышаная цэнтральная частка галоўнага корпуса вылучалася дарычным чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам, пад якім шырокія мураваныя прыступкі і бакавыя пандусы вялі да ўваходных дзвярэй. Аналагічныя, але меншыя па памерах порцікі флігеляў складалі з цэнтральным строга сіметрычна-восевую кампазіцыю. З тыльнага боку сядзібы па двух крайніх восях выступалі бакавыя крылы, якія надавалі ўсёй пабудове форму кароткай падковы, а па цэнтру — простакутны рызаліт бальнай залы з высокімі гатычнымі вокнамі (прыбудаваны пазней). Ад тарцоў галоўнага будынка да бакавых флігеляў адыходзілі калонныя галерэі. У афармленні будынка выкарыстаны абмежаваны арсенал класічнай архітэктурнай пластыкі: трыгліфны фрыз, пілястры ў прасценках, руставаныя лапаткі. Па апісанню краязнаўца Антона Ўрбанскага, унутры дом уключаў шэраг салонаў з цудоўным стукавым дэкорам, дубовымі панелямі, антыкварнай мэбляй, а таксама каштоўнымі архівамі і старажытнымі рэчамі.

Поделиться с друзьями: